Казка парвалася…
Казка парвалася… Абразок Аўтар: Вольга Сахарава 1927 год Крыніца: Родныя гоні. — Май 1927. — Кніжка 3. — С. 6—7 |
ПАЛАЧАНКА.
Казка парвалася…
За ракой на гары хата стаіць. Там Янку чакае Мар’яна. Вочы ў Мар’яны сінія быццам неба ў пагоду, косы быццам кужэль залацісты.
Яшчэ рана, будзе пары до…
Я яшчэ не зрабіў працы свае, Мар’яна, не закончыў справы, распачаў яе толькі, будзе пары до…
Бачу цябе праз сотні вёрстаў. Бачу: сядзіш ля вакна і тчэш кросны. Серабрыста-белая тканіна, даўгая, як шлях мой жыцьцёвы паўзе ў ставох. Бачу: вось устаеш і ставіш крыжык на сьцяне, бо дзень ужо скончыўся і ўжо бліжэй да часіны нашага спатканьня…
Сонца гасьне за лесам. Сьпі салодка, Мар’яна, заўтра ізноў дзень працы будзе.
Паглядзі, рукі мае дужыя, як з зялеза выкаваныя, вочы мае зоркія, як у зьвера ляснога, а сэрца мае б’ецца, як птушка ў клетцы на волю просіцца, і каханая мая пануе У ім…
Працу маю распачаў я і давяду да канца.
Дзень панура замірае. Дрыжаць бярозкі ад сьцюжы, да зямлі прыгібаюцца.
Стаіць за ракой на гары хатка, а ў ёй дзеўка тчэ кросны. Белыя рукі ня знаюць спачыну. Прыйдзе час — прыйдзе Янка. Не, ня борзда яшчэ, бо цяжкая праца ягоная, але будзе канец.
Вецер вые за вуглом, несупакойна лес шуміць.
Дрэме чакае сэрца дзявоцкае, а ў ім спачывае Янка.
Сонца схавалася за бор, цямнота спадае на хатку і векі дзеўкі прычыняюцца.
Вецер дзьме й стукае ў ваконца. Не, ня вецер гэта стукае, гэта Янка прышоў. Мар’яна, адчыні дзьверы!
Як вецер рванулася дзеўка, кінулася да вакна. Прышоў? Ня вытрываў?
Пацямнелі вочы пагодныя, як неба хмарай абложанае, у іх маланкі замігцелі.
Пусьці мяне, Мар‘яна!
Адна часіна — даўгая вечнасьць. Пагасьлі агні ў хмарных вачох. Моўчкі стаіць дзеўка.
— Яшчэ ня час!..
Рукі твае яшчэ моцныя, як зялеза, а сэрца тваё гарыць агнём. Маеш час, Янка, працу скончыць трэба. Ідзі, Янка!..
Як ціха на сьвеце! Толькі муха зьвініць у цямноце, гэта павук смокча яе кроў. Ціха на сьвеце. Імгла засьцілае вочы.
Ізноў стукае. Янка? Ах, не, гэта беднае сэрца дзявоцкае стогне й жаліцца й просе вярнуцца Янку, а вусны кажуць: ідзі. Ціха.
Хата стаіць на гары, скрывіўшыся. Там дзеўка тчэ кросны, Янку свайго чакае. Сонейка веснавое ўстае, ласкава, як матка, грэе. Па руні раса дыямантамі рассыпалася.
Янка ідзе. Выйдзі, спаткай, Мар’яна! Дай руку сваю, дзеўка, бо сілы меней ужо ў жылістых руках здаецца дый сьвет цямнее ў ваччу. Памажы, Мар’яна, Янцы, гдзе ты?
Вецер дзьверы рашчыніў прыветна. Пуста ў хаце. Гдзе, Мар’яна? Рана?..
Не, ня рана, але…
…позна — шапочуць бярозкі плакучыя.
Авадзень гудзіць: позна!..
Позна, — скрыпнула старая хаціна.
Не дачакала свайго каханага. Мо’ памерла? Не, другі прышоў, дужшы і з дужшым пашла дзеўка.
Ах, пагасла зорка пуцяводная! Сілы няма. Дамавіна ў сэрцы Янкі, у дамавіне дзеўка сьпіць.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.