Каваль (Жылка)
Выгляд
Каваль Аўтар: Уладзімір Жылка Крыніца: http://old.knihi.com/bk/zylka/zylka1.html |
Горан мехам раздзьмухаю,
Палажу на горан сталь.
Што рабіць, я знаю, знаю,
Нездарма куе каваль!
Падзялілі чужаніцы,
У няволі старана.
Не скую у плуг паліцы -
Не прыдасца мне яна.
Закаваны люд мой, волат,
Крыўд нязлічаных цяжар.
Вышай, вышай, верны молат,
Нестрыманы ў сэрцы жар…
Хлопцы, хлопцы, — на змаганне!
Гэй, крыўдзіцель, вораг, — прэч!
Нездарма каваў я зрання,
Недарма навостран меч.
(?)