Перайсці да зместу

И. И. Лаппо: Литовскій Статутъ 1588 года (Грыб)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
И. И. Лаппо: Литовскій Статутъ 1588 года
Артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 1. — С. 47—50

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




И. И. ЛАППО: Литовскій Статутъ 1588 года.

Том I. Изслѣдованіе. Часть первая.

Kaunas, 1934, бач. XVI—476.

Аб Літоўскім Статуце існуе ўжо даволі багатая літаратура. Пісалі рускія і польскія вучоныя, а ў апошнім часе, з ростам і пашырэньнем нацыянальнай сьведамасьці сярод Беларусаў, Літоўцаў і Украінцаў, пачалі займацца навуковым досьледам і вывучэньнем гэтага вельмі цікавага гістарычнага помніка беларускія, літоўскія і ўкраінскія вучоныя.

Агульны падрахунак і ацэнку ўсёй дацяперашняй гістарычнай літаратуры, якая прысьвечана Літоўскаму Статуту, знаходзімо ў працы У.Пічэты, выдатнейшага гісторыка Беларусі, першага рэктара Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску: „Распрацоўка літоўска-беларускага права XV—XVI стагодзьдзяў у гісторыяграфіі“ („Полымя“, Менск, № 8 за 1926 і № 2 за 1927). У.Пічэта ўважае, што сапраўднае навуковае вывучэньне Літоўскага Статуту яшчэ толькі пачынаецца. І нельга з гэтым не пагадзіцца: ў дацяперашняй гістарычнай літаратуры награмаджана ёсьць столькі розных супярэчнасьцяў у пастаноўцы і вырашэньні пытаньняў аб узьніку Літоўскага Статуту, што прыходзіцца ўсё пачынаць спачатку, трэба ўздымаць цаліну, каб выкрыць і выявіць гістарычную праўду. Гэта мабыць і мае на ўвазе І. Лаппо, калі ўважае патрэбным адзначыць, што ў сваей працы ён рад пытаньняў, зьвязаных з Літоўскім Статутам, вырашае іначай, чымся гэта ёсьць прынята ў гістарычнай літаратуры (бач. VIII).

Першае і аснаўное цьверджаньне аўтара палягае на тым, што Трэці Літоўскі Статут зьяўляецца завяршэньнем кодыфікацыйнай працы, якая адбывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім у XVI стагодзьдзі, зьяўляецца тым зборам законаў, з якім Вялікае Княства Літоўскае перажыло эпоху злучэньня з Польшчай паводле Люблінскай вуніі 1569 г. Статутовае права, за выняткам з яго констытуцыйных законаў Вялікага Княства Літоўскага, перажыло падзел злучанай Польска-Літоўскай Рэчыпаспалітай і заставалася дзейным правам пасьля далучэньня да Расіі аж да 1840 году; у значнай меры было прынята і расейскім законадаўствам (бач. VI).

Вось-жа: І. Лаппо рашуча запярэчывае распаўсюджаны ў гістарычнай літаратуры пагляд, што Вялікае Княства Літоўскае перестала істнаваць, як самастойная дзяржава, пасьля падпісаньня акту Люблінскай вуніі. Сваё цьверджаньне аб дзяржаўнай самастойнасьці Вялікага Княства Літоўскага пасьля Люблінскай вуніі абапірае на гэткіх фактах: 1) Вялікае Княства Літоўскае было прыведзена да Люблінскай вуніі проці яго волі, таму і ўмова аб вуніі павінна быць прызнана не дабравольнай, а змушанай; 2) Вялікае Княства Літоўскае захавала паводле Люблінскай вуніі свой дзяржаўны тытул, свой асобны ўрад, усе свае дзяржаўныя прывілеі сваіх станаў; умова аб вуніі 1569 году не зьлівала Вялікае Княства Літоўскае з Польшчай у адну унітарную дзяржаву, але стварала іх фэдэрацыйны саюз, у якім фэдэрацыйнай уладаю для абедзьвух дзяржаў зьяўляўся супольны кароль і аб’еднаны сойм і сэнат; супярэчнасьці ўнутры самога акту Люблінскай вуніі, як і тыя абставіны, у якіх ён быў падпісаны, ня толькі не ўнясьлі прымірэньня ў адносіны паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, але яшчэ больш абвастрылі іх узаемную нездаволенасьць; 3) умова аб Люблінскай вуніі зьяўляецца міжнародным актам; 4) гэта ёсьць акт недасканалы і ўнутрана супярэчлівы, але найбольшы яго дэфэкт у тым, што зусім не ўстанаўлівае ўзаемнаадносіны абедзьвух дзяржаваў у часе бескаралеўя (бач. 277—289).

Цьверджаньне І. Лаппо аб тым, што Вялікае Княства Літоўска-Беларускае ня страціла сваей дзяржаўнай самастойнасьці пасьля падпісаньня акту Люблінскай вуніі 1569 году ня ёсьць новае: у беларускай гісторыяграфіі гэта пытаньне ўважаецца вырашаным і не выклікае ніякіх сумліваў. Дакладны і ўсебаковы разгляд гэтага пытаньня знаходзімо ў працы В. Друшчыца: „Палажэньне Літоўска Беларускай дзяржавы пасьля Люблінскай вуніі“ („Працы Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту ў Менску“, Менск, 1925, № 6—7, бач. 216—251).

Новае і сапраўды цэннае ў працы І. Лаппо ёсьць тое, што ён сабраў дужа многа фактычнага матарыялу аб паходжаньні Літоўскага Статуту, асабліва да гісторыі яго направы — другой і трэцяй рэдакцыі (1566 і 1588 году); гэта ёсьць плодны вынік яго 22 х гадовай працы. Але нельга не адзначыць, пры гэтым, што ў монографічнай працы І. Лаппо аб Літоўскім Статуце, як і ў ліку іншых яго гістарычных прац аб В. К. Літоўскім, увесь сабраны ім фактычны матарыял падлягае такой ідэолёгічнай апрацоўцы, такой сыстэматычнасьці і стылізацыі, што, нарэшце, зусім нават губляецца лёгіка фактаў і поўнасьцю замяняецца сваеасаблівай лёгікай суб’ектыўных уяваў аўтара.

У аснову направы Статуту 1529 году, кажа Лаппо, паложана была ідэя шляхэцкай вольнасьці: шляхціц ёсьць вольны чалавек, які жыве на кошт сваей „аселасьці“ і нясе павіннасьці дзеля абароны дзяржавы ад вонкавай небясьпекі. Галоўныя крыніцы направы былі дзьве: судовая і адміністрацыйная практыка ўрадаў В. Кн. Літоўскага і чужаземнае заканадаўства. Лаппо крытычна ўзіраецца, пры гэтым, на вельмі пашыраны ў гістарычнай літаратуры пагляд аб выключным уплыве польскага законадаўства. В. Кн. Літоўскае ня жыло ізалявана ад вонкавага сьвету. Яго зьвязкі з культурным сьветам сягалі далёка на Захад і на Усход. Маглі быць розныя ўплывы. На першым мейсцы ставіць уплыў рымскага права: гэта адбывалася ня толькі спосабам уплываў канонічнага права і нямецкага гарадзкога права, але таксама і непасрэдна, бо нямала ў той час было ў В. Кн. Літоўскім адукаваных людзей, якія атрымлівалі асьвету ў замежных унівэрсытэтах, дзе мелі змогу дакладна і ўсебакова пазнаёміцца з рымскім правам, як у тэорыі, так і на практыцы. Апрача таго мела ўплыў грэка-рымскае права, якім кіравалася праваслаўная царква ў В. Кн. Літоўскім. Вялікае значэньне мелі таксама ўзаемаадносіны В. Кн. Літоўскага з Чэхіяй і Нямеччынай. Усё гэта разам ператварылася ў Трэцім Статуце ў нацыянальнае права В. Кн. Літоўскага (бач. 134).

Але што ляжала ў яго аснове, з якіх карэньняў вырастала гэта нацыянальнае права В. Кн. Літоўскага?

І. Лаппо зьвяртае ўвагу на звычаёвае права, якое глыбока ўпілося ў народнае жыцьцё і выяўлялася ў судовай практыцы нават у часе дзейнасьці Другога і Трэцяга Статуту, але адзначае пры гэтым, што гэны звычай ня быў адзін і той самы на ўсіх землях В. Кн. Літоўскага: побач з літоўцамі жылі беларусы і ўкраінцы. Якому з гэтых трох народаў належыць Літоўскі Статут, як нацыянальнае права В. Кн. Літоўскага? — Гэта пытаньне рубам ставіцца ў сучаснай беларускай, літоўскай і ўкраінскай гістарычнай літаратуры. Лаппо, аднак, ухіляецца даць выразны адказ на гэта пытаньне, але ўкосна робіць пробы разьвязаць і гэты складны вузёл, які пакінула нам у спадчыну гісторыя.

У расейскай гісторыяграфіі істнуе пагляд, што ў аснове Літоўскага Статуту ляжыць старое рускае права. Лаппо гэтаму не пярэчыць і абяцае нават, што ў другой часьці сваей працы ён дасьць падробнае высьвятленьне, як і ў якой меры ўплывала гэна старое рускае права на ўзьнік Літоўскага Статуту. — На першы пагляд, маўляў, можа здавацца, што Трэці Літоўскі Статут зьяўляецца кодэксам Беларуска-Літоўскай дзяржавы, таму, што пасьля Люблінскай вуніі ў склад В. Кн. Літоўскага не ўваходзілі ўжо ўкраінскія землі. Але межы гэнай дзяржавы пасьля 1569 году далёка не супадалі з этнографічнымі межамі расьсяленьня „южной и западной ветвей русскаго народа, т. е. малоруссовъ-украинцевъ и бѣлоруссовъ”. Такім чынам, уважае Лаппо, і паводле тэрыторыі, на якую пашыралася моц Літоўскага Статуту, нельга назваць яго кодэксам якой небудзь аднэй „южной или западной ветви русскаго народа”. Нельга ўважаць яго так яшчэ і дзеля таго, што „старое русское право, легшее въ его основу, было правомъ, вырабатывавшемся на протяжении всѣхъ русскихъ земель, которыя въ себя вобрало Великое Княжество Литовское“ (бач. 135—136).

Лаппо імкнецца даказаць, такім чынам, што Літоўскі Статут, маючы ў сваей аснове „старое русское право“, зьяўляецца нацыянальным кодэксам „русскаго народа". Але ўзьнікае пытаньне: што маемо разумець пад гэтым крылатым словам: „старое русское право“? Гэта паняцьце вельмі часта сустракаецца ў рускай гісторыяграфіі, ужывае яго і Лаппо, але, паколькі ведама, ніхто яшчэ ня даў належнага тлумачэньня яго канкрэтнага зьместу: ужываецца як нейкая мэтафізычная ўява. Трэба, аднак, спадзявацца, што ў другой часьці працы Лаппо „Литовскій Статутъ 1588 года“, якая ў незабаве мае выйсьці з друку, знайдземо адказ на гэта пытаньне, бо ў праціўным выпадку ў нішто распадзецца ўся яго складная будоўля гісторыі ўзьніку Літоўскага Статуту.

Др. Т. Грыб.


Гістарычна-Архэолёгічны Зборнік № 1. Выд. Інстытуту Беларускае Культуры. Менск 1927 г., бач. 389.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.