Перайсці да зместу

З роднае Сакольшчыны

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З роднае Сакольшчыны
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1938 год
Крыніца: Калосьсе. — 1937. — Кніжка 4 (13). — С. 241—245

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Краезнаўства

З роднае Сакольшчыны

Хацеў-бы з нагоды кніжкі інж. Крыштофіка[1] зьвярнуць увагу беларускага грамадзянства на Сакольшчыну. Трэба сказаць з сумам, што рознаякія ўмовы і абставіны апошніх некалькінаццаці гадоў быццам пакінулі Сакольшчыну, Аўгустоўшчыну, ды адчасьці Беласточчыну за лагвом нашага нацыянальнага жыцьця і змаганьня. Сяньня шмат хто, на’т і з перадавое інтэлігенцыі, заглядаецца на менаваныя тэрыторыі, як на мёртвую пазыцыю нашага нацыянальнага чалавечага, інтэлектуальнага і гаспадарчага білянсу, калі яны якга павінны быць дзейным жывым капіталам.

Да вайны бачылі мы ў Сакольшчыне адныя з першых спробаў масавае акцыі нацыянальнае сярод сялянства. Ці гэта былі паасобныя выезды сяброў Горадзенскага гуртка моладзі на вёску з мэтаю распаўсюджваньня сьведамасьці, ці гэта былі выезды тэатральнае трупы вышменаванае арганізацыі — усё гэта будзіла і клікала народ да новых, лепшых дзён і Сакольшчына шырока адгукнулася. З Сакольшчыны родам, сяньня забыты, хаця жывы яшчэ, аўтар сапраўды філёзофічнае, адначасна вельмі простае і практычнае кніжкі пчалярскае, вядомы пад мянюшкаю Г. Бярозкі (Кс. Г. Бэтто). Згэтуль родам Кс. Фр. Грынкевіч — пачынальнік вельмі новачасна наладжанае працы паміж моладзьдзю. Сярод Сакольцаў бачым перадавую жанчыну ў нашым грамадзянстве Л. Войцічыху ды шмат, шмат яшчэ іншых людзей…

Вайна перабазавала пункты апоры працы беларускае на новых мясцох і Сакольшчына заглохла, казаў-бы нехта — дзірваном парасла. Зрух у пару Грамады скрануў быццам часткова і расьцярушыў нейкую дрымоту. Аднак не надоўга. Глядзельнік сяньня звонку ня бачыць тае руні беларускае, якая буйна паўсходзіла пару дзесяткаў гадоў таму назад.

Аднак і пасьля вайны вёска ў Сакольшчыне змагаецца за свае правы, імкнецца да асьветы ў роднай мове, робіць спробы наладзіць свае школы. Паказальнікам сьведамасьці можа быць адчасьці распаўсюджаньне прэсы. Дзеля арыентацыі зьвярну ўвагу на такі мамэнт, што ў адной з воласьцяў на пошту прыходзіла каля 50 экзэмпляраў прэсы палітычнае розных напрамкаў, органаў гаспадарчых і г. д. Колькасьць, бяручы яе ў самой сабе, мо’ і невялікая, аднак для нашых умоваў яна многагаворачая. Пасьля ведамае, няслаўнае забароны арцыб. Ялбжыкоўскага, колькасьць чытачоў меншае да 10 прац. Не напалохаліся ксяндзоўскіх праклёнаў толькі праваслаўныя. Усё-ж і на іх знайшліся спосабы, і сяньня беларускі друк рэгулярны ў Сакольшчыне справа ня лішне частая.

Беларуская арганізаваная работа ідзе там і сяньня, толькі мае йнакшы характар, інакшую тактыку, чымся ў другіх раёнах. Дзеля гэтага і наш падыход і адносіны да людзей і тэрыторыі мусяць быць іншыя. Першым крокам да таго — ведаць народ, ведаць псыхолёгію мясцовую. Сакольшчыну сяньня трэба нам вывучыць, ня трэба аб ёй забывацца.


∗          ∗

Монографія Крыштофіка цікуе аб адной толькі вёсцы, да таго-ж з захадняе часткі павету Сакольскага. Аўтар маніцца прадставіць толькі зямельную праблему ў гістарычным аспекце, аднак сабраў столькі цікавага матарыялу гістарычнага, эканамічнага, соцыяльнага, бытавога на шырокай асноведзі псыхолёгічнай, што гэта дае нам магчымасьць пазнаёміцца ня толькі з адною вёскаю, а з цэласьцю гэнае тэрыторыі.

Насельніцтва тутака мае шмат асаблівасьцяў. Да ХІV стагодзьдзя зямля тутака заселена Яцьвягамі. Толькі пад канец XIV ст. прыходзяць каляністыя і, наколькі можна судзіць з прозьвішчаў, каляністыя ідуць з усходу. Гэта тэрыторыя экспансіі беларускае. Прозьвішчы сучасныя Клімушко, Церэшко, Аўсейко, Карпеня, Сапко, Кулак, Крагель, Андрэйчык і г. д. паказываюць на чыста беларускае іх паходжаньне. Прозьвішчы такія, як Ровдэлі, Жымелі, Шыпіто, Сампляс, Кімшало, Шаргяло і г. д. — што шмат іншае крыві — яцьвяскае ды літоўскае — ўлілося і зьмяшалася са славянскаю — беларускаю. Ёсьць магчыма і сьляды татараў. Родная мова насельніцтва, як аўтар лёяльна пацьвярджае, — беларуская. Мова ваколіцаў Ясяноўкі крыху мягчэйшая. Найбольш ярка бачым гэта ў такіх формах, як „сьмяецьця“… бярэцьця“ і т. п. Веравызнаньне мяшанае, з большасьцю каталікоў. Суадносіны паміж вернікамі розных веравызнаньняў добрыя, ня гледзячы на ўсякія падзеі ў мінуўшчыне ды сучаснасьці. Яшчэ дасюль прымета канфэсыйная: „вера руская і польская“ — зьяўляюцца лініяю падзелу ў шмат якіх галінах грамадзкага жыцьця.

Ясяноўка — характэрны прыклад долі ці лепш нядолі нашага народу. У ХVІІ ст. жыло ў вёсцы 31 сем’яў — каля 255 душ. У XVIII ст. было толькі каля 90 жыхароў. З раней асеўшых людзей мала хто астаўся, сустракаем у сьпісках усё новыя прозьвішчы. Розныя войны дзяржаўныя і „няціхоты“ хатнія паміж панамі, розныя пошасьці пакідалі парожнія вёскі, а народ нейдзе прападаў. Сьлед пасьля такіх войнаў быў заўсёды пэўны адзін, што работа на землях каралеўскіх ці панскіх аставалася меншай колькасьці людзей. Галіта прыганятых, культурная адсталасьць — гэта прыметы, без якіх ня можна сабе ўявіць колішняга селянініна беларускага.

Не ўваходзячы ў прычыны, якія выклікалі акт 1861 г., канец паншчыны быў і ў Ясяноўцы пачаткам новае пары. Яшчэ ў 1823 г. на 30 хатаў у вёсцы ў 14-ці жыло больш чымся 5 асобаў, а ў пяці хатах больш чымся 9 людзей. Яшчэ ў 1862 г. толькі дзьве жанчыны маюць больш чымся 60 гадоў, няма ніводнае старэйшае за 70 гадоў. Хаты найчасьцей курныя, халодныя. З лесам у Сакольшчыне скупа ўжо ў пачатку XIX ст. З канцом прыгону — можна сказаць яркая перамена ўва ўсіх галінах жыцьця. Праўда, за апошніх 40 гадоў мала павялічыўся лік насельніцтва ў вёсцы. Шмат народу йшло ў Амэрыку на эміграцыю. Эміграцыя з Сакольшчыны тым вызначалася, што вялікі працэнт эмігрантаў аставаўся назаўсёды ў чужой старане, з прычыны перанаселенасьці свае тэрыторыі. Сяньня на 1 кв. клм. жыве тутака 54 людзей, а сярэдне на адзінку выходзіць 1,85 гэктара зямлі. Пры ніжэй сярэдняй якасьці зямлі, пры ніскай культуры земляробскай цяжка жыць. Эміграцыя не парывае лучнасьці са сваімі. Эмігранты сваім капіталам, ці лепш казаць, апошнімі грашамі, заробленымі на амэрыканскіх фабрыках, спрычыняюцца да амаль поўнае ліквідацыі буйнае ўласнасьці ў Сакольшчыне. Сяньня, можна казаць, панскіх двароў амаль што зусім няма ў Сакольшчыне.

Асьветы публічнае ў раёне Ясяноўкі да канца XIX ст. ня было. Нармальную школьную акцыю бачым пачынаючы толькі з 1900 г. Да вайны дзяўчат у школу хадзіла вельмі мала. Хлапцы, і тыя, лучалі найчасьцей у паваротны анальфабэтызм. Прыватныя „школы“ былі лепш наладжаны. Патрэба ўмець маліцца з кніжкі (папольску) вяла да таго, што кожная вёска мела свайго „дарэктара“, які вучыў дзяцей. Дырэктарам быў найчасьцей пастыр, які ўлетку ў той самай вёсцы гнаў авечкі ў поле. Ад пары да пары дырэктарам быў чалавек бывалы па сьвеце. Абойм навукі ў такіх прыватных школах быў абмяжованы і вуска „спэцыяльны“. Найчасьцей вучань умеў чытаць выключна на сваёй кніжцы да набажэнства. Школьны прымус пасьляваенны паправіў сытуацыю. Сяньня Ясяноўка мае 35,3 прац. анальфабэтаў. Асьвета публічная пасьляваенная даволі аднабокая. Хопіць сказаць, што ў павеце няма ніводнае сельска-гаспадарчае школы, няма школы гандлёвае, няма ўмоваў да таго, каб моладзь магла знайсьці выхад з вёскі. Эміграцыі пасьля вайны няма. Пры комасацыі ўжо зробленай, ці якая сяньня рэалізуецца, няма ніякае гутаркі аб надзеле зямлёю. Няма скуль яе ўзяць. Пэрспэктывы эканамічныя вёскі на будучыню вельмі цяжкія. Перанаселенасьць кліча аб патрэбе шырокіх плянаў і неадкладнае іх рэалізацыі.

Сьведамасьці нацыянальнае беларускае масамае няма. Няма затое ніякае іншае. Няма, можна казаць, і сьведамасьці палітычнае. Ясяноўка, як і ўся Сакольшчына, жджэ, быццам тая зачараваная каралеўна, свае пары і таго слова, якое скране да поўнага жыцьця. Дагэтуль народ жыве з дня на дзень, цікуючы аб вельмі дробных праблемах, ня выходзячы за межы свае вёскі ці парафіі. Народ ня верыць у свае сілы, глядзіць з недаверам на ўсё навакольнае. Змаганьне палітычных партыяў польскіх ня выклікае рэха. У найбольш гарачую пару калатні соймавых партыяў людзі кінуўшы картачку на адзін са шматлікіх нумароў больш ня цікавіліся, каго выбралі, які лёс сабе яны нарыхтавалі.

Дзівіцца ня будзем з такіх адносінаў. Народ вякамі стагнаўшы ў паняволеньні, прыгоне не перажыў патрэбнага ўздойму пачуцьцёвага, не ўяўляе рэальнасьці сучаснага палітычнага ладу. Аб адносінах да ўлады, аўтар гаворыць даслоўна: „могуць уладзе падпарадкавацца ці проці яе бунтавацца, не разумеюць яе“… (бачына 203).

З дзейнікаў, якія беспасярэдне ўплываюць на перамену такога становішча, аўтар спыняецца над школаю, асьветаю зашкольнаю і прэсаю. Нічога ня кажа аб адным яшчэ магутным дзейніку — касьцёле і царкве. Агулам, аўтар не дацэнівае ролі гэных конфэсыйных установаў. Мы мусім сказаць, што шлях нармальнага разьвіцьця ўсіх чатырох дзейнікаў працуе на першы пагляд проці нас. Будучыня пакажа, наколькі мы будзем жывучы ці на колькі зможам проціставіцца ў плошчы канкрэтнае саліднае работы культурна-асьветнае.

Народ у Ясяноўцы вельмі ашчадны. Ашчаднасьць між іншым праяўляецца ў шмат якіх хатніх абычаях, вопратцы, ежы і г. д. Церазпалосіца ад вякоў прымушае да канкрэтнага ладу жыцьцёвага. Аснаўным пасілкаваньнем будзе не абед, як гэта прынята ўсюды, а сьнеданьне. На абед было-б лішне далёка варочацца з поля да хаты, часта за 4—5 клм., дык гаспадыня варыць адзін раз раніцаю, а палуднуюць у полі. Лета — гэта аснаўны сэзон, сьляды якога наглядаем у агульным ладзе хатнім і гаспадарчым.

Ашчаднасьць дрэва, форма печак вось яшчэ прычыны такога, а ня іншага ладу. Кухня вельмі скромная і аднабокая. Стравы мала мяняюцца ў розных сэзонах. Кухня багатых гаспадароў (багатым завецца ўласьнік 8—12 гэктараў) аднолькавая з суседзямі бяднейшымі.

Форма гаспадаркі прымітыўная. Можна казаць, што лад заведзены валочнаю ўстановаю з 1557 г. датрываў да нашых дзён. Сучасная комасацыя заводзіць новы лад, які ў шмат у чым розьніцца на лепшае ад таго, што было дагэтуль. Сяньняшні гаспадар розьніцца ад свайго прадзеда, што не гарэ валамі ды сахою, а карыстаецца плугам ды канём, што мае спранжыноўку замест ці побач дзераўлянае бараны ды мо’ яшчэ тым, што сее лубін і сэрадэлю. Ясна, што і гэта поступ, толькі што як трохпалёўка заядала 100 і 200 гадоў, гэтак заядае яна і сяньня. Сыстэма гэная раўняла гледзячы на горшых і на горшае, а не на лепшых.

Рабочую вопратку шыюць з самадзелу. Сьвятам маладое пакаленьне апранаецца ў фабрычныя „гарнітары“. Хусьця нацельнае і пасьцельнае сваё кужэльнае. Зьверхняя цёплая вопратка саматканая, са свае воўны, а кажухі са сваіх авечак.

Адным з характэрных рысаў у людзей, паводле аўтара, што быццам кідаецца ў вочы, гэта малы культ традыцыі, нахіл прымаць усё чужое. Гэная свомасьць праяўляецца ў мове, абычаях, вопратцы ды агулам усюды. Гэтым аўтар хоча паясьніць, чаму Сакольшчына бедная песьнямі. Чужое, хай мала зразумелае, трымаецца, паводле яго, вельмі моцна, яно, думаюць, нейкае лепшае. Побач слоў выказываючых такі пагляд, гаворыць зараз далей, што ў важнейшых мамэнтах вясельле, хрэсьбіны, памінкі і г. д. — толькі старадаўнія песьні здаволіваюць пачуцьцёвыя патрэбы народу. Новыя ні зьместам, ні рытмам, ні агульным характарам ня могуць знайсьці тых нясьведамых, таёмных шляхоў, што адчыняюць душу і сэрца чалавека.

Лішне мала складаным прыдаецца аўтару характар людзей, калі ён робіць вывад з міралюбівасьці, лагоднасьці аб безхарактарнасьці. Аб прысутнасьці характару гаворыць вельмі красамоўна тое, што гэны народ астаецца верным сабе. Часта гэнае „сваё“ яшчэ нявыяўлена, яшчэ не перажыта, агульна аднак стаіць на старожы якга ўсіх найважнейшых традыцыяў. Прысутнасьцю гэнага „нечага“ можа паясьніць і „аполітычнасьць“ і „грамадзкасьць“ і тыя абыякавыя пагляды на навакольнае жыцьцё.

Аўтар гаворыць, што Ясяноўчане не салідарныя, што любяць яны пасьмяяцца адны з адных г. д. Паклікаецца тутака на рознае этнічнае паходжаньне жыхараў, а адсюль ідзе нейкая расавая варожасьць.

Асабіста ведаю добра іншыя раёны Сакольшчыны, з тым самым складам насельніцтва, што ў Ясяноўцы. Ня мог-бы дзеля гэтага падзяліцца з Крыштофікам, каб этнічна розныя элемэнты былі дасюль нечым характэрным для Сакольшчыны. Суседзкія спрэчкі, калатні, часамі суды — гэта выплад абставінаў, у першую чаргу гаспадарчых, між іншым тае самае няшчаснае церазпалосіцы, якая мо’ больш як дзе нязносная. Вёскі скамасаваныя, дзе такім чынам „высахлі“ крыніцы спрэчак, — доказам добрых суседзкіх суадносінаў.


∗          ∗

Спыніўся я над некаторымі праблемамі з кніжкі інж. Крыштофіка. Як казаў я вышэй, аўтар цікаваў прадусім аб праблеме зямельнай і ў першай чарзе аб комасацыі і ейных сьледамках на зямлі і гаспадарцы. Сам Крыштофік сын вёскі, аб якой піша. Трэба сказаць, што найчасьцей добра ён яе разумее і хаця ўважае сябе за Паляка ўмее шчыра і аб’ектыўна расказаць усё аб сваёй старане ад самае далёкае мінуўшчыны, наколькі дазваляе на гэта гістарычны матарыял. За праф. Шраммам, у якога пісаў сваю працу інж. Крыштофік, трэба згадзіцца, што асабліва беларусам пры складзе нашае нацыянальнае гаспадаркі зьяўляецца небходнасьцю разбудова новае галіны — соцыёлёгіі сельскае гаспадаркі. А мы нажаль так вельмі мала ведаем аб сабе.

Др. Ст. Грынкевіч.


  1. Inż. Krystofik „Jasienówka — wieś powiatu Sokolskiego“. Poznań 1934.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.