Перайсці да зместу

З песьняў сумнага жыцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З песьняў сумнага жыцьця
Сатыра
Аўтар: Баляслаў Друцкі-Падбярэскі
1926 год
Крыніца: Газэта «Беларускае Слова», № 10, 19 красавіка 1926 г., б. 4, № 11, 24 красавіка 1926 г., б. 4

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!





З песьняў сумнага жыцьця.


(Адрыўкі з паэмы).

I.

Ня жывем мы, пакутуем,
А за што—ня можам знаць…
Усьцяж адно навокал чуем:
Вось „наказ“: podatki płać!

Абмалоціш крыху хлеба,
Чуць прыбраць пасьпееш статак,
Бач: ўжо на рынак трэба
Хлеб цягнуць і—на падатак!

Так й салома з стрэх хацёнкі
Хутка пойдзе ўсьлед за хлебам.
Застануцца дзеткі, жонкі
Без страхі, пад голым небам!

І сяляне чуць-чуць дышуць.
Прадаюць дзядоў абразы,
А у гміне яшчэ пішуць,
Усё новыя „наказы“…

II.

Усюды гора, ўсюды сьлёзы…
Сэрца ажно жах бярэ…
І як на розум ўзяць цьвярозы —
Жыцьцё хай чорт сам забярэ!

Усе нас гнэнбяць, абіраюць,
Ня хочуць зваць й чалавекам,
То „апекаюць“, то „караюць“
У залежнасьці ад „духа века“.

І ад гэтых усіх „векаў“
Ледзь па сьвету лазім мы.
Нечым ўжо набіць і бруха…
Затое вольна: дьзвер… турмы…

III.

Усім найбольш мы сольлю ў воку,
Што ўжо пачалі ажываць,
Што ў палітыцы мы кроку
Хочам іншым дадзяржаць.

Што жадаем зямлі, волі,
І праў належных чалавеку.
Крычым у гневе: „ўжо даволі,
Мы пратэстуем проці зьдзекаў!“

Што ў барацьбе за зямлю-матку
З нас кожны й на сьмерць гатоў.
Што хочам ладу і парадку,
Не сваевольля чужынцоў…

IV.

Ня знаў мужык наш добрай долі,
Калісьці — пан яго смактаў;
Далей—ад дзён маскоўскай „волі“—
Пад бот урадаўцаў папаў.

Заўсёды быў ён паднявольны,
Апекуноў меў як дзіця,
Ці крэпастны ён быў, ці „вольны“
— Ня меў спакойнага жыцьця!

Заўсёды з працы яго й поту,
Карысьць меў нехта, а ня ён.
Заўсёды меў адну клапоту:
— Як не папасьць-бы „пад закон?“

Йшло жыцьцё ўсё пад прынукай.
За ўсіх рабі, не разсуждай!
Усёй яго было навукай:
„Павінен“, „мусіш“ ды — „давай“.

І бралі ўсе, без ўсякай меры,
А ён даваў… дый як не даць?
Да „пакі“ трапіш, да халеры,
Паспробуй толькі адказаць!..


Б. Друцкі.