З зацемак аб характары Беларусаў
З зацемак аб характары Беларусаў Публіцыстыка Аўтар: Станіслаў Грынкевіч 1935 год Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 2. — С. 111—115 |
З зацемак аб характары Беларусаў.
Нашая публіцыстыка даволі шмат ахвяравала месца пытаньню „дзьвёхдушнасьці“ ці „двоедушнасьці“. Пытаньне гэтае мае сваю пазыцыю і на бачынах літаратуры прыгожае ў прозе і паэзіі. Сяньня аднак, прынамся ў Заходняй Беларусі, некалькі вось ужо гадоў тэмы гэтае ніхто не чапае, думаю, што на нашым Усходзе яна таксама ня існуе. На гэта апошняе ёсьць свае, усім вядомыя прычыны.
„Дзьве душы“ — гэта толькі адна старана пытаньня з галіны досьледаў псыхолёгічных і трэба думаць, што само зьявішча, у форме, у якой яно было абгаворвана ў нашай літаратуры, мае толькі дачасны характар на аснове агульнага развою суцэльнасьці народу, хаця бязумоўна зьявішча вельмі характэрнае і важнае.
Ня думаю спыняцца над аналізаю „дзьвёхдушнасьці“, яе прычынаў, асноваў, пэрспэктываў на будучыню, а хачу падчыркнуць, што тутака мы бачылі адну із спосабаў аналітычнага падыходу да праблемы нацыянальнага характару. Спробы-ж падыходу сынтэтычнага да гэнае стараны душы народу, насколькі мне вядома, надта нялікія. І трэба сказаць, што нялікасьць гэная шкодная ў першую чаргу для нас самых.
Іншая справа, ці ёсьць даволі „сырца“, з якога можна было-б пабудаваць будыніну больш менш рэальную душы народу беларускага. Кажу аб сырцы, апрацаваным навукова. Хаця зьяўляецца адначасна думка, хутчэй пытаньне, поўнае сумліваў, ці сапраўды гэныя абразы духовага быту, пабудаваныя на канве фактаў сабраных дасьледчыкамі з галіны этнолёгіі, мовазнаўства, гісторыі і г. д. больш блізкія да таго, што зьяўляецца заўсёды нечым няўяўленым ды адначасна найважнейшым, а на што мы кажам „душа народу“, ці мо’ лепш яе бачаць у вагні натхненьня людзі, што завуцца песьнярамі-прарокамі…
Тое ўсё, што мы ведаем аб Беларусе, пакідаючы на старане анэкдотычны хутчэй тып мужычка хітруна, хаця і прыбітага бядою, загнанага ўсімі, замкнёнага ў сабе ці зноў апрача таго аснаўнога тону бядульлівасьці, распаўсюджанага і праслаўленага нашымі паэтамі нядаўніх дзён, — ясна, што не адказывае поўнаму абразу чалавека.
Дык калі сяньня і немагчыма нам даць поўнага нарысу аснаўных старон характару — гэнае свомасьці чалавека найважнейшае ў сэнсе вартасьці адзінкі ў плошчы практычнага дзеяньня яго ў жыцьці, усё-ж такі можна прабаваць уявіць тое, што магло быць зафіксаванае на бачынах беларускае характэролёгіі.
Папытаем, што гэта такое наагул характар?
Адказаў пачуем шмат. Возьмем хаця-б такі сказ Гётэ: „Жыцьцё чалавека — гэта ягоны характар“… Характар, знача, зьяўляецца тою найважнейшаю пружынаю, якая вызначае ўсе шляхі, якая дае аканчальна рэалізацыю тых ці іншых ідэалаў і ідэяў, якая робіць больш ці менш вартасным самое жыцьцё.
Абойм такога акрэсьленьня вельмі шырокі, адначасна аднак рэальна паказуе, што каб сказаць нешта аб характары адзінкі, дык трэба ўзяць ейнае жыцьцё ў цэласьці. Характар — гэта свомасьць вельмі сталая, хаця адначасна быццам цякомая. Характар, як кажа адзін з вядомых псыхіятраў і псыхолёгаў (Кронфэльд), гэта нарадзіны індывідуальнае апрычонасьці ў суадносінах адзінкі з жыцьцём. Інакш кажучы, характар — гэта індывідуальная праява рэакцыі на вонкавае дзеяньне. Ня будзем уваходзіць у спрэчкі паміж адмыслоўцамі, якая розьніца паміж канстытуцыяю ў сэнсе псыхо-этнічнае асноведзі чалавецкага ці нацыянальнага „я“, а тэмпэрамантам і характарам. Адно ясна, што тэза аб працяжнасьці лініі жыцьцёвае мае сваю вялікую тутака вагу. Гэта бязумоўны факт, што бяз мінуўшчыны немагчыма нічога сказаць аб будучыні, як немагчыма добра ацаніць сучаснасьць. Гэныя ўсе праявы стульна злучаны паміж сабою.
Дык дасьледжываючы беларускі характар, трэба нам зьвярнуцца да гісторыі і ў мінуўшчыні шукаць адказу на пытаньне. У гісторыі мы наглядна пабачым, што сапраўды гэнае нешта невагомае вызначае рэакцыю адзінкі і згуртаваньня большага ці меншага людзей.
Ігнат Абдзіраловіч у кніжыцы „Адвечным шляхам“ падчырківае аснаўную лінію характару беларускага народу, а мяноўна „ваганьне“ паміж Усходам і Заходам. Гэнае ваганьне ня будзе хістаньнем паводле аўтара, гэным тэрмінам хоча ён назваць нейкую асаблівую собскую лінію, якое трымаюцца Беларусы на сваім шляху гістарычным. Ужо першы вучоны беларускі, д-р Францішк Скарына, вызначаўся тым, што духова не належаў ані да заходу ані да ўсходу, і гэта магло паказываць, што не здаволівала яго культура ні рымская ні візантыйская, ён шукаў свае арыгінальнае лініі. Адно цікаўнае зьявішча трэба падчыркнуць у думках аўтаравых, што ваганьне, аб якім ён гаворыць, трэба разумець, як асаблівую кансэрватыўнасьць. Беларус неахвотна прымае новае, усёроўна, адкуль яно ідзе і хто яго прыносіць з сабою.
Другая рыса характару, якая кідаецца ў вочы, спыніўшысь на мамэнт толькі на падзеях гістарычных Беларусі, гэта ейная міралюбівасьць, антымілітарызм, як мы казалі-б сяньня. І вось антымілітарызм і кансэрватызм пакідаюць яркія сьляды ад самага раньняга жыцьця Беларусі, як асобнае псыхо-этнічнае адзінкі. Кансэрватызм — гэта свомасьць да некаторае граніцы агульначалавецкая. Заўсёды можна судзіць аб чалавеку, якім ён будзе, мяркуючы паводле таго, якім ён быў дагэтуль. Рэвалюцыі мае кожны чалавек, аднак рэвалюцыя астаецца заўсёды рэвалюцыяю, значыцца нечым вынятковым, з чым трэба рахавацца пастолькі, пасколькі. Сяньня маем ужо навучны грунт дзеля разуменьня гэнага кансэрватызму.
Беларусы, як адзінка дзяржаўная, выступаюць на арэну гістарычную даволі позна, хаця не пазьней, як іншыя славянскія пляменьні, асабліва славяне ўсходняе групы. Пляменьні, з якіх аканчальна вырас народ беларускі, значыцца Крывічы, Радзімічы, Дрыгавічы і Севяране, былі параськіданы сярод балотаў і лясоў, дык ня мелі быццам на першы пагляд ніякіх граніцаў і мелі яны іх адначасна ў гэных самых лясох і балотах, якія баранілі іх ад усялякіх навінак, што маглі лучыць з далёкага сьвету. Гэныя ўмовы геаграфічныя пакінулі, зразумела, сьледамкі на псыхіцы людзей. Тутака крыніца неспагаднасьці ўсяму новаму, неспагаднасьці хутчэй пасыўнае, дзеля таго, што ў гісторыі нашай нідзе не наглядаем больш яркага пратэсту. Гэта між іншым пакінула свае сьледамкі на ўсім, што толькі бачым у Беларусаў: у распарадкаваньні жыцьця ўнутранага і арганізацыі вонкавае, ці ў сэнсе рэакцыі на небясьпеку (вайна абаронная) ці імкненьня да карысьці (прыкладам вайна зачэпная).
Каб добра ацаніць павагу гэнага зьявішча, трэба ўмець глянуць на сваю гісторыю так, як яна была ў сапраўднасьці, трэба мець свае „акуляры“, каб добра бачыць. Мы лішне часта глядзімо вачыма дасьледчыкаў ці афіцыяльных гісторыкаў расейскіх ці польскіх. Возьмем прыкладам факт, як трэба ацаніць слабасьць дзяржаўную чыста беларускіх твораў з пары полацкае? Ці гэта была няўмеласьць арганізавацца самым? Чаму-ж тады гэныя самыя князі ў пару літоўска-беларускую нашае гісторыі ўмеюць гэтак складна і вясьці войны і будаваць шырока культуру ў галіне правадаўства і пісьменства? Адказ на гэта знаходзім уявіўшы сабе, што маса беларуская заўсёды ўмела вясьці сваё арганізацыйнае ўнутранае жыцьцё. Сям’я, вёска, грамада (як найніжэйшая адзінка адміністрацыйна-самаўрадавая) стаялі заўсёды надта высока і новыя ўмовы з мамэнтам новага правапарадку пасьля скасаваньня паншчыны зноў выявілі, што лепш як дзе ў іншым месцы Расейскае Імпэрыі — этнаграфічная Беларусь умела правясьці распарадкаваньне валасное гаспадаркі.
Гэны вось антымілітарызм побач традыцыяналізму, як мы сяньня казалі-б, паясьняе нам тую эпоху сужыцьця ў камплексе Літоўска-Беларускае гаспадарсьцьвенасьці. Літоўскія князі сарганізавалі гэны новы дзяржаўны камплекс. Адначасна бачым мы крыху нечаканае зьявішча. Ліцьвіны заваявалі бяскроўна Беларусь, а Беларусы, быццам падняволеныя, пачынаюць кіраваць гэнаю дзяржаваю. Паясьніць гэта нехта хацеў-бы вышынёю культуры тагачаснае Беларусі і ніжэйшым роўням яе на Літве. Але ці гэтакі адказ можа нас поўнасьцю задаволіць? Некаторыя падзеі сучаснасьці, якія адбываюцца на нашых вачох, паказуюць, што незаўсёды вышэйшая культура перамагае ў жыцьці. Ня буду паклікацца на праслаўлены ўжо сказ аднаго з польскіх прэм’ер-міністраў аб ліквідацыі беларускага пытаньня ў працягу 50 гадоў. Сучаснасьць зьяўляецца найлепшым адказам на натугі полёнізацыйныя. Суадносіны паміж чужым элемэнтам і масаю беларускаю паказываюць, што гэны загнаны гаротнік селянін умее зашчапіць свой сьветапагляд, свае абычаі насланаму з культурнаю місіяю да яго асадніку.
Дык ёсьць тады ў нявыразнасьці „хістаньня“ беларускага нейкая суцэльнасьць, сіла і трэба папытацца — ці гэта сапраўды нявыразнасьць, ці гэта мо‘ толькі іншыя адносіны да жыцьця? У гэтай сіле асыміляцыйнай ёсьць мо‘ нешта, што мерыць трэба мерамі ня розуму, а катэгорыямі рэпрэзэнтаванымі ў паэзіі… Новая пара ў развою падзеяў гістарычных на тэрыторыі беларускай у сувязі ўжо з Польшчаю вызначаецца адыходам вярхоў грамадзянства, якія губляюць свой твар нацыянальны і ў працягу некалькі стагодзьдзяў прытуляюцца да чужое ім псыхікі мазурскае. Ясна, што гэта ня была суцэльнасьць нацыі беларускае, што адкалолася ад свайго камля, — маса, шырокія сфэры грамадзянства асталіся пры берагу гэнае хвалі. Ня гледзячы на гэта „панскія“ сфэры, усе тыя вяльможы і магнаты, да канца Рэчыпаспалітае пачувалі сваю апрычонасьць. Лішне далёкаю была псыхіка людзей, якія гаварылі на тую пару аднолькаваю моваю, значыцца польскаю, у Беларусі і ў Польшчы. Няма што ўжо казаць аб мяшчанстве і сялянстве.
Я не ўваходжу ў прычыны, якія выклікалі гэныя працэсы, ці яны былі абаснаваныя і на чым былі абаснаваныя. Бязумоўна тутака, у гэнай плошчы матар‘ялістычная дыялектыка магла-б трыумфаваць, яна паказала-б і даказала-б, што шляхта беларуская імкнулася да тых здабычаў сацыяльных і клясавых, якія мела на тую пару шляхта польская.
Цікавімся мы аднак зусім не аб тым. Мы хочам знайсьці толькі адказ на тое, чым зьяўляецца і якім зьяўляецца характар Беларуса не як адзінкі, а як народу. Дык адыход цэлае клясы народу мае свой тутака асаблівы зьмест. Пасыўныя адносіны масаў паказываюць дужа добра на характар полёнізацыі. Гэта быў выплад дзяржаўнае толькі палітыкі, а ніколі нейкае вышэйшасьці, перамогі багацейшае культуры. Што вышэйшасьць культурная мела ды мае ў такіх сытуацыях адноснае значэньне — паказвае хаця-б прыклад падзеяў на польскім Шлёнску. Вялікая і багатая культура нямецкая не магла перамагчы інэртных адносінаў польскага работніка і селяніна. Калі ўжо гутарка аб вышыні культураў, дык можна папытацца, дзе яна была большая ў XIV—XV стагодзьдзях — на Беларусі, з ейнымі жывымі і сьвежымі традыцыямі з Візантыі, ці ў сярэднявечнай тагачаснай Польшчы?.. Які настрой доўга яшчэ вітае сярод сполёнізаваных сфэраў шляхоцкіх — бачым яшчэ ў Міцкевіча, прарока новае польскае эры, у сказе: „Літва, зямелька родная“…
Прыходзіць падзел Польшчы. Дзеля вышэй прыведзеных прычынаў, зразумела, што гэны мамэнт не закрануў глыбей масаў беларускіх. Астаюцца яны чужыя на лёзунгі інтэлігенцыі польскае ці расейскае, якія хадзілі ў народ з рознымі заклікамі. Селянін беларускі не лавіў паўстанцаў у 1863 г., як гэта было нат‘ мясцамі ў каранной Польшчы. Мясцамі ён спагадна паглядаў на натугі шляхты прагнаць маскалёў, найчасьцей аднак аставаўся інэртным. Усё гэта ня была ягоная справа. Павадыры тагачасныя ішлі да народу з лёзунгамі далёкімі і чужымі, што ня ўмелі закрануць душы. Тыя павадыры і народ ня мелі супольнага языка. Яшчэ адзін прыклад з адносінаў масы і ейнае рэакцыі з апошніх дзён. Думаю тутака аб Грамадзе. Магутны ўздойм, шуканьне свае формы ўскалыхнула народам і паклікала армію ў рады сялянска-работніцкае арганізацыі. Ці гэта быў сапраўды волат на гліняных нагах, ці ў Грамадзе мо‘ было яшчэ за шмат чужога?.. Адказываць на гэта было-б сяньня захутка, сяньня маем лішне мала фактычнага матар‘ялу ў руках, каб рабіць станоўкія прысуды.
Характар адзінкі зьяўляецца выпладам спадчыны па продках з судзеяньнем асяродзішча. Тое самае трэба сказаць аб характары народу. Асяродзішчам будзе ён сам і ягоныя суседзі. Адначасна падзеі гэнага-ж чалавека ці цэлага народу паказацівамуць на ягоны характар.
Дык што можна казаць аб нашым нацыянальным характары? Апрача вышэй названых і падчыркнутых нахілаў да спакойна-кантэмпляцыўнага жыцьця і любасьці да свайго старадаўняга, трэба сказаць, што не паказаў ён аканчальнае свае формы, у якой ён быў-бы зусім сабою. Паасобныя ўздоймы рэвалюцыйныя — гэта толькі паказальнік, што ёсьць туга, шуканьне свайго шляху. Калі дагэтуль народ беларускі не праявіў у шырэйшым маштабе свайго твару, дык бязумоўна дзякуючы сваім аснаўным рысам, а перадусім вонкавым умовам жыцьця, у якіх ён дасюль знаходзіўся.
Ці гэныя аснаўныя рысы часам ня маюць у сабе прысуду на будучыню, інакш кажучы, ці ня будуць яны тым дзейнікам, дзякуючы якому народ не астоіцца перад азброеным сьветам, асабліва гэным блізкім сьветам суседзяў? Дасюлешняя практыка казала-б нам хутчэй аб тым, што гэная вонкавая нядужасьць мае ў сабе таёмную сілу апору. Жыцьцё цячэ; новыя надыходзячыя хвормы дадуць калісь і Беларусу паказаць сябе, заняць сваё месца паміж іншымі народамі.
Цяжкі шлях Беларуса быў дагэтуль, ня лёгкі ён будзе ў бліжэйшай будучыні. Мы лішне далёкія і іншыя ад сумежных з намі народаў, каб маглі лёгка знайсьці сябе самых. Зарука нашае будучыні ў дзеяньні ў сваёй собскай форме, адказываючай нашаму характару.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.