Перайсці да зместу

З зацемак аб тэатры

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З зацемак аб тэатры
Публіцыстыка
Аўтар: Станіслаў Грынкевіч
1935 год
Крыніца: Калосьсе. — 1935. — Кніжка 3. — С. 171—173

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДР. СТ. ГРЫНКЕВІЧ.

З зацемак аб тэатры

Роля тэатру вельмі важная ў жыцьці чалавека і народаў. Ёсьць некаторыя, што кажуць, быццам само жыцьцё гэта бязконцы, значыцца ад пачатку існаваньня чалавека да ягонага канца, тэатр.

Ці правільна гэта ці не спрачацца ня будзем, адцемлюючы толькі, што бязумоўна значэньне і роля тэатру вельмі важная і гэта выявілася ў надта далёкай ужо мінуўшчыне, калі ледзь-ледзь чалавек пачаў арганізаваць першую грамаду, калі сышлося некалькі чалавек, каб супольна бараніцца перад зьвяром ці перад благім чалавекам. Дык усюды, дзе ёсьць грамадзкае жыцьцё, усюды ёсьць і тэатр.

Незаўсёды завем тэатральнае запраўдным імем — значыцца тэатрам. Возьмем народныя абрады, возьмем хрэсьбіны, возьмем хаўтуры, успамянем задушкі, дзядоў, ці возьмем вясельныя, жніўныя ці іншыя абрады — усюды ў іх мы знойдзем магутныя доказы тэатральнага інстынкту паміж Беларусамі. Гэта ведама, свомасьць шмат шырэйшая і не абмяжоўваецца выключна Беларусамі і тэрыторыяю Беларусі. Аб тэатры чуем у надта далёкай мінуўшчыне, да сяньня яшчэ глядзельнікі захопліваюцца трагэдыямі старых Грэкаў, столькі ў іх зьместу багатага, агульна чалавецкага.

Тэатр — патрэба натуральная і вельмі важная ў жыцьці грамадаў людзей. Тэатр ня толькі мілая гульня, гэта магутны нахіл адзінкі ўявіць праўду, абычаі, спасьцярогі пры помачы канкрэтных абразоў. Бяз помачы гэных пачуцьцёў, якія выклікае тэатр, няпрывыкшаму да абстрактнага думаньня некаторыя паймы астаюцца чужымі, ён ня можа ўявіць сабе іх зусім.

Дзеля гэтага наглядаем ува ўсіх культах рэлігійных гэткі развой тэатральнасьці. Духоўнікі, людзі пакліканыя, каб некаторыя праўды паказываць, распаўсюджываць, былі прымушаныя дэманстраваць Найвышэйшую Істоту абразна, каб думаючы аб Ёй было лягчэй уявіць, каб гэная Істота была нечым, каб гэта ня быў толькі адзін парожні гук.

Адначасна тэатральнасьць мае іншыя жаролы ў чалавеку. Кожны чалавек мае свае думкі, настроі, кожны імкнецца па меры магчымасьці падзяліцца з імі са сваім асяродзішчам; выказываючы свае, яшчэ мо‘ ня зусім уяўленыя думкі, чалавек пачынае лепш бачыць іх у сабе. Толькі вось ня ўсенька можна выказаць словам. Іншым разам аж нешта сьціскае пад сэрцам, а ня ведаеш, што яно там сапраўды, нечага чалавек хоча, за нечым тужыць, аб нечым лятуціць. Гэта ведае кожны, адзін больш, другі менш, аднак гэта свомасьць надта характэрная ў людзей. Маладыя маюць „настроі“ больш ярка падчыркнуты, у іншых да познага веку астаюцца яны вельмі моцнымі і жывымі.

Гэныя вось настроі ўяўляюцца найлепш у вершах, музыцы, скоках, адным словам у абразным прадстаўленьні. Ясна, хворма гэтага прадстаўленьня будзе розная, залежна ад роўня культуры, ад багацьця хвормаў, якімі карыстаецца і якімі валадае дадзенае згуртаваньне людзей. Аснаўны аднак характар астаецца ўсюды той самы, і настолькі нам накідаецца, што нават часта зусім нам далёкае і адлежнасьцю геаграфічнаю і ўмовамі жыцьця самога гаворыць да нас абразамі кожнаму блізкімі і зразумелымі.

Заўсёды, думаючы на гэту тэму, накідаецца мне на памяць абразок з жыцьця маляйскае вёскі. Некалькі гадоў таму назад адзін з нямецкіх цыркаў вандроўных (цырк між іншым сусьветнае славы „Hagenbecka“) вазіў з сабою горбу гэных, як мы кажам, „дзікуноў“, напалову апранутых, заўсёды зьмерзшых, ня гледзячы на гарачую летнюю пару. Гэныя людзі паміж розных сваіх штукаў паказвалі перад глядзельняю свае абычаі вясковыя ў хворме быццам карагодаў, песьняў супольных грамадзкіх. І калі-б заплюшчыць вочы, каб ня бачыць чужых твараў, ці каб прынамся апрануць гэных людзей у выабражэньні ў нашыя шэрыя сьвіткі, дык была-б абсалютная ілюзія беларускае вёскі, з яе сумнымі матывамі хаўтурнымі ці на‘т жніўнымі.

Дык тэатр гэта зьявішча незалежнае ад эканамічных мамэнтаў, незалежнае ад змаганьняў соцыяльных, незалежнае ад злыбядаў грамадзкіх і прыватных, гэта ў пэўным сэнсе зьявішча ўнівэрсальнае, прысутнае на кожным пункце кулі зямное. Кажу незалежнае зьявішча, маючы на ўвеце аснаўныя рысы тэатру, бо ў працягу вякоў тэатр апранае розныя хвормы, ён багацейшы ці бяднейшы, ён пакідае па сабе большыя ці меншыя сьледамкі ў сэнсе ўзгадаваньня, бо-ж тэатр узгадоўвае, што зразумець вельмі лёгка, гэта ўсенька залежна ад таго, якія агульныя канюктуры, якія магчымасьці грашовыя, якімі праблемамі жыве чалавецкая грамада і г. д.

Ёсьць пэрыяды заняпаду тэатру, хаця не прападае ён ніколі; ён патрэба душы, як хлеб патрэба цела. Побач з хлебам будуць рознаякія стравы, ад пары да пары тая ці іншая страва мо‘ вельмі смашная будзе на нашым стале, аднак да хлеба заўсёды мы вернемся.

Пэрыядам заняпаду тэатру, праяваў тэатральных, быццам на‘т інстынкту тэатральнасьці, былі нядаўнія ў нас гады, калі чужое ў нас духавенства, асабліва каталіцкае, у сваём змаганьні (што за парадокс!) з „брэднюшкамі“, як гэта яны казалі, пачалі выганяць з хатаў старыя абычаі, песьні, абрады.

Некаторыя сяньняшнія воласьці нашае заходняе тэрыторыі няшчасныя, зусім „глухія“ куткі, дзе сумна і мляўка пляцецца дзень рабочы, дзе народ пачынае быццам стогнучы дзень і канчае яго бяз ніякае радасьці. Яны ня маюць хвормы прыгожае дзеля сваіх перажываньняў, а ня маючы хвормы вонкавае, ня маюць тае глыбіні, шчырасьці і тае простае радаснасьці гэтак карыснае дзеля агульнага ўздойму, бадзёрых адносінаў да жыцьцёвага току.

Тэатр, песьня, музыка — усенька стульна злучана з сабою і адно з аднаго выходзіць, дапаўняе адно адное і дае тое каліва шчасьця і радасьці, да якое гэтак пражна імкнецца жывая адзінка.

Гэтак разумеючы вялікае значэньне тэатру і іншых праяваў мастацкасьці ў жыцьці адзінкі й грамады, лёгка ўявім сабе, якія могуць быць нашыя адносіны да іх.


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.