З жыцьцёпісу Янкі Купалы (Бабарэка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсці да навігацыі Перайсці да пошуку
З жыцьцёпісу Янкі Купалы
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1925
Крыніца: „Маладняк Янку Купалу“ (Менск, 1925)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У фармаваньні мастацкага „я“ паэты не апошняе месца, калі ня першае, займаюць факты з яго асабістага жыцьця. Часта гэтыя факты вызначаюць сабою тыя прынцыпы творчасьці, якімі паэта карыстаецца пры аб’ектывізацыі свайго „духоўнага капіталу“ ў форме мастацкага слова, у форме песьні. Так, Янка Купала ў вершы „Мая навука“ кажа:

Мне мудрасьці кніжнай ня даў бог пазнаці,
Мой бацька ня мог даць раскошаў такіх —
Наўчыўся я слоў беларускіх ад маці
І дум беларускіх бяз школы і кніг.

І праўда, Янка Купала (радзіўся ў 1882 г. у Віленскай губ.), сын арандатараў панскай зямлі, якія праз усё жыцьцё ня мелі пэўнага прытулку, ня мог дастаць такой асьветы, якая насьцеж была расчынена для панскіх сынкоў. Нават грамату і то пазнаў, як кажа сам Я. Купала, нейкім няўцямным для самога спосабам. Грамаце на польскай мове вучыў вандруючы з хаты ў хату „дарэктар“. А грамату „гражданку“ вывучыў сам па календару з дапамогаю аднэй панскай служанкі, якая „знала ўсе тайны грамадзянскага альфабэту“. Потым зноў два–тры „дарэктары“ і некалькі месяцаў у народным вучылішчы — вось якія „ўнівэрсытэты“ прайшоў паэта ў маленстве.

І тут жа зараз недастаткі да няхваткі перакінулі паэту ў суровую школу жыцьця, прымусілі, як кажа сам Я. Купала, узяцца за другую навуку — „чытаць сумную кніжку панскай службы і пісаць тужлівую повесьць свайго гора сахою ды касою“. „Беларускі абшар, усходы палеткаў і гоманы ў сёлах“ — вось што становіцца настаўнікам паэты. Прырода, вакольнае жыцьцё з яго „жальбамі скрыўджаных душ“ — усё гэта, уплываючы на чуткае сэрца паэты, зьяўляецца першым і асноўным тым фактарам, які вызначае сабою і прынцып творчасьці.

Бурлівая рэчка і млын гутарлівы
Адмерным, раскоцістым плюскатам вод
Складалі мне рытму мастацкія зьвівы,
Парадквалі складаў раскоцісты ход[1].

Але Янку Купалу не здавольвае адна „прыродная“ навука. Ён потым у вадным сваім вершы казаў:

На небе свабода, сьвятло і прывольле, —
А думцы замала: няма там людзей;
Людзей на зямельцы спаткае даволі,
Дык сонца і воля ня сьвецяць тут ёй...

І ў паэты яшчэ з маленства зараджаецца вось гэта думка, каб сынтэзаваць „сонца і волю“ далёкіх прастораў з „вялікім морам людзкога, забытага шчасьцем, жыцьця“. Гэтай думкай прасякаюцца ўсе яго песьні. Гэтая ж думка яшчэ ў маленстве праяўляецца вялікай прагнасьцю да ведаў. І паэта, днём працуючы на гаспадарцы, ноччу ўсёй душою і сэрцам аддаецца кнігам, перачытваючы ўсё, што пападалася пад рукі. Але й тут не абыходзілася ўсё гладка. Бацька глядзеў на такія заняткі сына непрыхільна і лічыў падобнае захапленьне лішняй раскошшу для селяніна і бескарыснай тратаю газы. Паэту даводзілася трымацца з кніжкамі на старожы і нават газу замяніць лучынаю альбо вогнішчам на начлезе. А тут і яшчэ бяда — цяжка даставаць кніжкі ў глухіх кутках. Толькі ўжо на 16 — 17 годзе жыцьця яму ўдаецца браць кніжкі ў пана Чаховіча, ды потым знаёмства з Ядвігіным Ш. у першы раз прыводзіць яго да беларускай кніжкі, якія робяць на паэту вялікае ўражаньне.

Так „у пацёмках“ прыходзілася Я. Купалу шукаць навукі. Ясна, што такія абставіны не маглі ня выклікаць нязьмернай любасьці да роднага слова, бо яно „душу мне затрэсла пагудкаю новай“ і „песень наўчыла мяне“. А песьні:

Для роднай зямелькі вы — сьветлыя зоры,
Для роднага краю вы — райскія гымны!

Далей, пасьля сьмерці бацькі, потым брата і дзьвёх сясьцёр, ад беспрытульнага жыцьця, Янка Купала ад гора й смутку йдзе ў сьвет. Служба нелегальным настаўнікам, канцэлярыстым, памочнікам агранома і найбольш практыкантам у бровары — усё гэта зьвязваецца з адным жаданьнем: цаною гэтых службаў дастаць сабе магчымасьць чытаць кніжкі і пісаць вершы. Але даць жаданага служба не магла, толькі шчыльней падвяла паэту да непрыглядных малюнкаў „мора людзкога, забытага шчасьцем жыцьця“. Усё гэта яшчэ з большай сілаю штурхала паэту на дзейнасьць, антытэзную той рэчавістасьці, якая яго абкружала. Формаю гэтай дзейнасьці стала мастацкае слова, песьня. Гэтым якраз і вызначаецца новы прынцып творчасьці, а іменна прынцып такога клічу, каб „выклікаць водклік у сонным сяле“, — каб „усю Беларусь — неаб’ятну, як мора, убачыць у ясным, як сонца, сьвятле“.

Нарэшце, больш шчасьлівы фактар. У 1908 г. Я. Купала пераяжджае ў Вільню і дастае службу ў бібліятэцы — месца, аб якім марыў паэта з маленства. Тут ён супрацоўнічае і ў газэце „Наша Ніва“. Потым у 1909 годзе пераяжджае ў Пецярбург „за навукаю“, дзе на курсах Чарняева папаўняе сваю асьвету, сам сабе зарабляючы на хлеб. У гэты ж час Янка Купала піша шмат. Выдае такія зборнікі, як „Жалейка“ (1908 г.) — вершы ад 1905 г., „Гусьляр“ — 1910 г., паэму „Адвечная песьня“ (1910 г.) — напісана ў 1908 г., „Сон на Кургане“ (1913 г.) — напісана ў 1910 г., драму „Паўлінка“ (1913 г.) — напісана ў 1912 г., „Шляхам жыцьця“ (1913 г.) — вершы за 1910–13 г. У гэты ж час напісана драма „Раскіданае гняздо“ (1913 г.) — выдана ў 1919 г. Гэты пэрыяд паглыбляе сьвядомасьць і талент паэты.

З 1913 г. да 1915 г. Я. Купала жыве ў Вільні, супрацоўнічае ў беларускім выдавецкім т–ве „Наша Ніва“. У 1916 г. нейкі час слухаў лекцыі ва ўнівэрсытэце Шаняўскага ў Маскве. Потым быў забраны на вайсковую службу. У часе рэвалюцыі працаваў у Смаленску ў савецкіх установах, а з 1920 г. жыве ў Менску. На апошнія гады прыпадаюць выданьні яго зборнікаў „Спадчына“ (1922 г.) і „Безназоўнае“ (1924 г.). Гэты апошні пэрыяд прывёў паэту ўжо да сьвядомасьці, што

Цяпер маймі скарбамі — думы–саколы,
Цяпер беларускай я песьні ўладар.

Тут ужо некалькі адбіваецца трэці прынцып творчасьці Янкі Купалы, а іменна: песьня — гэта зброя змаганьня за лепшую будучыну роднага краю. У форме гэтай зброі паэта й матэрыялізуе свой „духоўны капітал“ ужо сьвядома, у той час як у першы пэрыяд творчасьці песьні ліліся самі сабою:

Думкі, думкі весялушкі!
Скуль вы узяліся,
Што у мысьлях, нібы птушкі,
Песьняй азваліся?

Гэтым усім, ясна, ня вычэрпваюцца ўсе прынцыпы творчасьці паэты. Яны багаты й разнастайны, як багата і само „я“ паэты, якое матэрыялізавана ў мастацкім слове. Мы гэтым хочам толькі адзначыць, што яны вызначаюцца некаторымі фактамі з асабістага жыцьця. Імі ж да некаторага стопню вызначаецца й агульная накірованасьць сьветагляду паэты, які характарызуецца імкнённасьцю ––

З цэлым народам гутарку весьці
Сэрца мільлёнаў падслухаць біцьця...


  1. Глядзі ўвесь верш „Мая навука“, зьмешчаны ў гэтым жа зборніку.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.