З асеньніх напеваў (Купала — Не гудзі так, восень…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
З асеньніх напеваў
Верш
Аўтар: Янка Купала
1905—1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/661


Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
Зь нядолі вялікай.

Цяжанька марнеці
У жыцьця паняверцы;
І восень на сьвеце,
І восень на сэрцы.

Штогод вясну бачым,
Гуляючы ў полі,
Дый вясны на сэрцы
Ня знаў я ніколі.

Ня даў ты мне, Божа,
Зазнаць шчасьця, волю, —
Забяры ж ты, Божа,
І маю нядолю.

Моладасьць, вясёласьць
Не жылі са мною;
Пейце ж хоць вы, песьні,
Зь няшчаснай душою.

Не гудзі так, восень,
Непагодай дзікай;
Не крываўся, сэрца,
Зь нядолі вялікай.

(1905—1907)