З Радавае Беларусі. Зьмена палітычнага курсу і барацьба маскоўскага нацыяналізму зь беларускім адраджэнскім рухам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
З Радавае Беларусі. Зьмена палітычнага курсу і барацьба маскоўскага нацыяналізму зь беларускім адраджэнскім рухам
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1929
Крыніца: Наперад! — 1929. 12, 19, 24, 31 снежня.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Хто сачыў за працэсам Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады, той памятае, што яшчэ ў часе судовае расправы на сэсіі комінтэрну ў Маскве была зроблена заява, быццам сярод грамадаўцаў стаўся ідэйны раскол. З прычыны таго, што сярод саміх грамадаўцаў ніхто нічога падобнага ня чуў і ня ведаў, цяжка было зразумець, дзеля чаго была сфабрыкована і абвешчана так урачыста гэная вестка. Мэта яе выявілася толькі тады, калі частка абвінавачаных у справе Грамады была апраўдана і выйшла на волю: проці іх камуністычная партыя павяла нязвычайна рашучы наступ і зусім галаслоўна, ня маючы абсалютна ніякіх доказаў, кідала ім абвіненьні ў “здрадзе беларускіх працоўных масаў" і г. п. Адначасна з абліваньнем гразёй старых і заслужоных беларускіх дзеячоў, адзіным праступкам якіх было тое, што многалетняй працай сваёй здабылі сабе ў масах пашану,— распачата была партыяй другая акцыя: акцыя “узрываньня" беларускіх культурных устаноў, як Таварыства Беларускае Школы, беларускія гімназіі і г. д. І, калі беларускія культурныя працаўнікі далі гэнай акцыі належны адпор, гэтае іх становішча было абвешчана, як “доказ” правільнасьці загадзя сфабрыкаванага абвінавачаньня іх у “здрадзе”, „фашызьме" і т. п. Але толькі цераз год выявілася, дзеля чаго было ўсе гэта роблена.

Гэта была проста падгатоўка дзеля зьмены курсу камуністычнае палітыкі ў Радавай Беларусі (гэтак сама, як і на Украіне). Калі кіраўніцтва партыяй перайшло ў рукі Сталіна, нязвычайна высака падняў галаву пільна ўкрываны раней маскоўскі нацыяналізм. І вось, абвясьціўшы “здраднікамі”, “фашыстамі", “агентамі Пілсудскага” ўсіх актыўных беларускіх дзеячоў радыкальнага кірунку ў Заходняй Беларусі, кіраўнікі процібеларускае акцыі абвяшчаюць за “малодшых братоў Антона Луцкевіча і тых актыўных камуністаў-беларусаў, якія ў працягу 10 гадоў тварылі на Усходзе пралетарскую беларускую культуру і новы соцыяльны лад. Найстарэйшы беларускі пролетарскі пісьменьнік—Цішка Гартны (Зьм. Жылуновіч), закладчык Камуністычнае Партыі Беларусі, „аказаўся” зусім не камуністам, а... “нацыянал-дэмакратам". За іх шчырую працу ў кірунку разьвіваньня беларускае культуры і сялянскае гаспадаркі Прэзыдыум Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту Б. С. С. Р. (ясна: па трэбаванью Масквы...) звальняе: 31 жніўня 1929 г.—Антона Баліцкага з становішча народнага камісара Асьветы Б. С. С. Р.; 4 верасьня—Сяргея Карпа з становішча Намесьніка Старшыні Савету Народных Камісараў Б. С. С. Р. і Старшыні Вышэйшага Савету Народнае Гаспадаркі Б. С. С. Р.; 14 верасьня — Зьмітру Прышчэпава, былага Народнага Камісара Зямляробства Б.С.С.Р., з становішча Намесьніка Старшыні Дзяржаўнае Плянавае Камісіі і члена Энанамічнае Нарады Б. С. С. Р.; 17 верасьня—Зьмітру Жылуновіча, былага галаву першага ўраду Радавае Беларусі, з становішча Намесьніка Народнага Камісара Асьветы Б. С. С. Р.; А. Адамовіча—з стан. Намесьніка Народнага Камісара Земляробства; Міхася Кудзедьку (поэта, ведамага пад прозьвішчам „Міхась Чарот”, старшыню “Маладняка") — з становішча адказнага рэдактара „Савецкае Беларусі”; 10 кастрычніка — Ігната Масальскага з станов. Народнага Камісара Сацыяльнага Забясьпечаньня Б. С. С. Р. А 16 кастрычніка Савет Народных Камісараў звальняе В. Ластоўскага з становішча неадменнага сакратара Беларускае Акадэміі Навук і Сьцяпана Некрашэвіча—з станов. віцэ-прэзыдэнта Акадэміі. І гэтак далей. А адначасна адбываецца выкіданьне з кампартыі найбольш актыўных камуністаў-беларусаў...

Усіх іх вінавацяць у „нацыянал-дэмакратызьме". І—характэрна: дагледзілі гэта толькі пасьля дзесяцігадовае працы іх на найбольш адказных становішчах, — працы, за якую яны мелі гарачае прызнаньне з боку партыі і беларускіх работнікаў і сялян!

Хто-ж зрабіў гэтае „адкрыцьцё"?

„Адкрыўца” — нейкая таемная фігура, якая ўкрывае сваё імя пад літарамі А. І. Відаць, гэты анонімны „адкрыўца” мае вялікую сілу, калі ў выніку яго стацей у расейскай „Комсомольской Правде" распачаўся гэткі запраўдны пагром на заслужоных камуністычных дзеячоў—беларусаў. А на менскім бруку гэтаму ўсёмагутнаму А. І. ўторыць ведамая сваім масквафільствам „Звезда", якую, як сказаў публічна, на сходзе менскага гарадзкога партыйнага актыву, тав. Ерухімовіч (гл. „Сав. Бел. з 17.ІХ.1929), беларускія камуністычныя часопісі „Савецкая Беларусь" і „Полымя" за гэнае масквафільства бязкарна цкавалі на працягу некалькіх гадоў". Цяпер за гэта распраўляюцца—з імі!

Толкі нядаўна ў Вільню папалі выразкі з савецкіх часопісяў, на страніцах якіх адбіваецца ўся тая барацьба маскоўскага нацыяналізму і “услугуючых” яму беларусаў на менскім бруку— з павадырамі беларускага камунізму. З іх мы падамо больш характэрныя выемкі, каб нашы чытачы мелі яснае прадстаўленьне аб утвораным у Радавай Беларусі палажэньні і новым — “сталінскім"—процібеларускім курсе.

„Грахі" Наркамзема Прышчэпава.

Падаем даслоўна галоўную частку “акту абвінавачаньня” і рэзалюцыю аб выключэньні з камуністычнае партыі “вычышчанага" нар. камісара зямляробства Прышчэпава—паводле тэксту, зьмешчанага ў "Сав. Беларусі".

Пастанова Прэзыдыуму і Падкалегіі
Ц К. К. К. П (б) Б.
Ад 19 верасьня 1929 г. аб выключэньні з КП (б) Б. Прышчэпава З. П.

„Прышчэпаў З.П., член К. П. (б) Б. з 1918 г. служачы настаўнік, быў у партыі эсэраў у 1917-18 г., парт-спагнаньням падпаў: у 1923 г. пастановай Віцебскай Губ. К. К. за няўплату членскіх узносаў на працягу году абвешчана вымова з папярэджаньнем, у 1928 г, пастановаю ПК Ц. К. К. К. пастаўлена на від за няправільны прыём на працу ў Н. К. З. асоб, вычышчаных з другіх устаноў, былы Нарком Земляробства Б. С. С. Р.

„Абвінавачваецца ў тым, што будучы Наркомам Земляробства, на працягу шэрагу гадоў праводзіў кулацкую, праваапартуністычную лінію ў кіраўніцтве зямельнымі органамі і дапушчаў сыстэматычныя выкрыўленьні клясовай лініі партыі, што выявілася ў правядзеньні лініі па насаджэньні моцных хутарскіх гаспадарак, дзеля чаго былі выпрацаваны НКЗ спрыяючыя разьвіцьцю кулацкіх гаспадарак нормы землякарыстаньня; наперакор дырэктывам партыі выдаваў адміністрацыйныя дырэктывы, якія супярэчаць палітыцы партыі; аб падтрыманьні хутарызацыі, як напрыклад: сакрэтны абежнік, выданы асабіста Прышчэпавым, быў утоен ад парторганаў і быў накіраваны на забарону будаўніцтва буйных пасёлкаў і на рашучае разьвіцьцё хутараў і адрубаў, і дырэктывы аб забароне прыстасаваньня іншых форм землякарыстаньня, акрамя хутароў, напр. Полацкім Земорганям, ня гледзячы на пратэсты мясцовых арганізацыяў, была дадзена дырэктыва аб абавязкавым разьвіцьці хутарскай формы і забароне пасёлкавай, выходзячы з таго, што быццам мясцовыя ўмовы спрыяюць толькі хутарскай і адрубной сыстэме. Гэтая лінія, якая ня спынілася і пасьля XV зьезду партыі зьяўлялася нічым іншым, як супраціўленьнем разгортваньню калектывізацыі і наагул сацыялістычнай рэканструкцыі сельскай гаспадаркі, калі апарат земорганаў па лініі земляўпарадкаваньня і аграноміі ў значнай колькасьці выпадкаў праводзіў актыўнае падтрыманьне хутарызацыі і да апошняга часу ня быў правадніком калектывізацыі на вёсцы. Гэтая лінія праваапартуністычнай палітыкі НКЗ атрымала свой адбітак як у выданьні палітычна-шкодных законадаўчых актаў, напр. аб парадку землякарыстаньня служыцеляў рэлігійных культаў і былых абшарнікоў, так і ў праекце пяцігодкі па сельскай гаспадарцы, які потым быў адхілены, і ў якім абгрунтоўвалася выключна надворная форма землякарыстаньня са спасылкамі на традыцыі, „з часу Сігізмунта Аўгуста", пры адначасовым указаньні на немагчымасьць разьвіцьця калектыўных форм гаспадаркі. Актыўнае супраціўленьне дырэктывам XV зьезду выказалася і ў тым, што дырэктывы партыі аб калектывізацыі і сацыялістычным наступленьні на капіталістычныя элемэнты ўсялякім чынам затрымліваліся ажыцяўленьнем у законадаўчым парадку, і калі партыйныя органы паставілі пытаньне аб скажэньні клясовае лініі, з бокў НКЗ і яго кіраўнікоў рабіліся ссылкі на тое, што скажэньні ёсьць вынік неперапрацаванага законадаўства.

„На падставе вышэйпаказанага прэзыдыум і парткалегія ЦКК КП (б) Б пастанаўляюць: За праваапартуністычную дзейнасьць і сыстэматычнае скажэньне клясавай лініі ў кіраўніцтве зямельнымі органамі і як выказаўшага сябе ідэолёгічна няздольным да ажыцьцяўленьня палітыкі партыі, а таксама за ўкрыцьцё ад партыі свайго палітычнага мінулага, неэтычныя ўчынкі, адрыў ад мас і сувязь з клясава-чужымі элемэнтамі

Прышчэпава З. П. выключыць з шэрагаў партыі”.

Як відаць з гэтае пастановы, Прышчэпаў бараніўся тым, што зямельны кодэкс (законы зямельныя) ня быў яшчэ адпаведна перапрацаваны, і нар. камісарыят земляробства ня мог на сваю руку зьмяняць палітыку сваю ў кірунку, нязгодным з меўшым яшчэ сілу старым кодэксам. З докладу Гамарніка на верасьнёвай сэсіі пленуму Ц.К.К.П.Б, бачым, што тлумачэньне Прышчэпава запраўды-ж абаснована. Гамарнік кажа (гл. № 207 „Сав. Бел. з ІІ/Х. 1929), што Ц.К. партыі ў сваёй пастанове 13 мая с. г. гаворыць аб патрэбе зьмяніць зямелную палітыку і праектуе толькі ўвосені с. г. перагледзіць зямельны кодэкс; што 7 чэрвеня с. г.была зроблена пастанова Ц.К.К.П.Б. аб забароне хутарскага і дробнапасялковага зямляўпарадкаваньня. А — „яшчэ раней, у сакавіку с. г., Ц К. — там быў зьняты з работы наркамзем Прышчэпаў”. — Пастаўце побач даты, і стане ясна, што Прышчэпаў вінават у тым, што не прадугледзіў замены ленінскае лініі ў зямельнай палітыцы новай лініяй—„сталінскай”, скіраванай проці хутароў і да колектывізацыі зямельных гаспадарак, і вёў далей старую хутарскую палітыку.

Мы падалі тут гэтыя даныя затым, што такі-ж абраз бачым і ў іншых пытаньнях, у тым ліку — ў пытаньні аб разьвіваньні беларускае культурнае працы. Бо і ў гэтай апошняй галіне вінаваты беларускія камуністы тым, што шчыра працавалі ў духу „ленінскай лініі, не спадзяючыся, што Сталін так хутка зьменіць курс у нацыянальнай палітыцы і павядзе яе ў кірунку, любым маскоўскаму нацыяналізму.

Аб гэтым — у наступных нумарох.

Ані КПБ, ані Камсамол ня бачылі „правага ўхілу" і „нацыянал-дэмакратызму".

Паход, распачаты ў Радавай Беларусі проці беларускіх камуністаў і беларускіх дзеячоў наагул, „сталінаўцы” тлумачаць „правым ухілам”, быццам-то выяўленым беларусамі. Аднак да выступленьня ў „Комсомольской Правде” нейкага маскоўскага „апякуна” беларусаў, таемнага А. І., ніякага „правага ўхілу” ня бачылі ані Камуністычная Партыя, ані—Камсамол. „Пабачылі” тады, як выйшаў прыказ „бачыць”—з Масквы. А тады паднялі галаву ўсе маскоўскія шавіністы ў Кам. Партыі, якім гадамі сэрца балела, гледзячы на росквіт беларускае культуры, якім улада беларускіх работнікаў і сялян ня раз “біла па лапах” за паскудную зьвягу на ўсё беларускае.

Мы падаем ніжэй цэлы рад выступленьняў “патэнтаваных” камуністаў расейскае і жыдоўскае нацыянальнасьці, якія мімаволі сьцьвярджаюць справядлівасьць вышэйсказанага.

Вось, выняткі з іх прамоваў на сходзе менскага партактыву згодна з справаздачай „абноўленае” „Савецкае Беларусі” з 17.ІХ. 1929:

Тав. Мар’ясін, гаворачы аб саматужнапрамысловай каапэрацыі, паказвае на тое, што арцелі, якія захапляюцца сампрамкаапэрацыйным аб’яднаньнем, былі засьмечаны да 1927 году, г. зн. да таго часу, калі там былі ранейшыя кіраўнікі. У рабоце саматужна-прамысловай каапэрацыі,—кажа прамоўца,—ня было сьвядомага ажыцьцяўленьня права-апартуністычных тэорый у практычнай рабоце, а было дапушчана на пэўным адрэзку часу рад палітычных памылак. Гэтыя памылкі мы зараз з усей сілай і павінны выпраўляць пры дапамозе ўсяе партарганізацыі.

А вось — на фроньце культурна-нацыянальным:

Тов. Челядинский лічыць, што т. Гамарнік у сваім дакладзе, націскаючы на праявы правага ўхілу на эканамічным фроньце (Наркамзем, саматужна—прамысловая), ня спыніўся як трэба на праявах правага ўхілу і на культурна-ідэалёгічным фроньце.

Мы цярпелі гадамі прапаганду контрэвалюцыйнай нацыянал-дэмакратычнай ідэалёгіі праз часопіс „Полымя”, „Савецкую Беларусь”, праз некаторыя падручнікі... У свой час ня лічылі патрэбным рашуча змагацца з гэтым.

Ці займаліся мы як трэба вывучэньнем цэлага раду важнейшых у вашых умовах гэтых зьявішч, ці ведама, як належа, партыі, аб гэтых працэсах, ці мабілізаваны масы на рашучую барацьбу з нацыянал-дэмакратызмам? Трэба прызнацца, што не: спазьніліся, як адзначала перадавая „Зьвязды" і адозва верасьнёўскага пленуму ЦК КП(б)Б. Адзіная толькі „Зьвязда” сыгналізавала аб небязьпецы. У часы тэатральнай дыскусіі “Зьвязда” і перад усімі сарвала „самабытную” маску, за якой хаваўся доўгія гады нацыянал-дэмакратызм, рынулася на рашучую барацьбу з ім, але... трэба шкадаваць, што трымала ў гэтай барацьбе „рубцы” ня так ад ворага, як ад свайго прыяцеля... „Савецкая Беларусь”— апынулася зброяй у руках нацыянал-дэмакратаў для барацьбы са „Зьвяздой” супроць лініі КП(б)Б. Зараз вышаў з друку чарговы (ліпеньскі) нумар „Полымя" і рэдакцыя (ужо абноўленая) ні адным словам не абмовілася аб памылках часопісі, аб тым, што яна асуджае старую нацыянал-дэмакратычную лінію часопісі, і што гэтую лінію бярэцца выправіць пабальшавіцку.

Наша Акадэмія Навук, створаная ў выніку кастрычнікавае рэвалюцыі, у выніку ўмацаваньня дыктатуры пралетарыяту, павінна быць лябараторыяй для вырабу на аснове марксісцка-ленінскага вучэньня нам навуковых сродкаў для пабудовы Соцыяльнай Беларусі. Ці так яно ёсьць сёньня на справе? Ня зусім. Мы павінны ўлічаць „пляску" нацыянал-дэмакратаў Зах. Беларусі, ксяндза Станкевіча і К-о, якія сьцьвярджаюць, што акадэмія „іх”—нацыянал-дэмакратычная.

А вось—„найстрашнейшая” праява „правага ўхілу” на культурным фроньце: акадэмік С. Некрашэвіч, працуючы над старой беларускай літаратурнай мовай, вывучыў і напісаў расправу аб мове рукапісу ХVІІ ст. нейкага Касьяна Ераміты. На няшчасьце, гэны Касьян быў—манахам. І за гэты „грэх” Касьяна дастаецца С. Некрашэвічу, хаця той вывучаў не „божэственны” зьмест твору Касьянавага, а выключна—асаблівасьці мовы яго! Паслухайце-ж, як гаворыць аб гэтым „праступку” „товарищ Челядинскій”:

А паглядзіце, чым займаюцца акадэмікі „савецкае” маркі, скажам як С. Некрашэвіч, за „савецкасьць” якога некаторыя нашы адказныя таварышы гатовы пабіцца. Вось перад вамі таўшчэразная кніга—Запіскі Аддзелу Гуманітарных Навук Акадэміі. Якая роскаш, выдана на лепшай паперы, з клішэ і рознастайнымі шрыфтамі. У ёй выдрукавана праца С. Некрашэвіча. Праца акадэміка С. Некрашэвіча прадстаўляе сабою „салідны” досьлед нейкага „сьвятога пісаньня прападобнага айца Касьяна Вераміты” XVII стагодзьдзя.

Ня будзем сароміць сябе, гаворачы аб гэтай працы памінам аб марксызме, што пры крытыцы гэтага „навуковага” досьледу Некрашэвіча трэба карыстацца цытатамі Маркса ці Леніна, даказаць, што для сучаснасьці ў палітычным сэнсе гэты „досьлед” „сьвятой пісаніны” „отца” Касьяна Вераміты—непатрэбная рэч, ён і ў навуковым сэнсе грошу—ня варты!

Кажуць, што гэта робіцца для узбагачаньня культуры беларускае мовы—дык вучэцеся, та- таварышы, беларусізуйцеся па „сьвятому пісьму прападобнага отца Касьяна Вераміты".

Сур‘ёзна, таварышы, трэба ставіць пытаньне аб рабоце вашай Акадэміі. Там слабы партыйны комуністычны асяродак. Там амаль адсутнічаюць навуковыя марксыцкія кадры. Пара ў Акадэмію накіраваць жывую крыніцу вылучэнцаў, навуковых працаўнікоў камуністых. Пара ЦК. КП(б)Б. паставіць пытаньне аб мобілізацыі якой небудзь сотні, ці больш камуністых на вучобу ў марксыцкія ВНУ Савецкага Саюзу. Трэба ўмацаваць культурна-ідэалёгічны фронт.

А вось яшчэ два характэрныя галасы,—галасы ізноў-жа небеларускія:

Тав. Шапіра. Задачай партактыву зьяўляецца гарантаваць сваёй актыўнай працай поўнае выкананьне пастаноў апошняга пленуму ЦК. КП(б)Б., якія зьяўляюцца бязумоўна правільнымі і сваячаснымі.

Ні ў дакладзе тав. Гамарніка, ні ў артыкуле ў „Звязьдзе” (ад 8 га верасьня) няма адказу на адно з важнейшых пытаньняў, якія мы павінны задаць ЛКЦК., так і „Зьвязьдзе", як гэта здарылася, што ў важнейшым пытаньні клясавай барацьбы ў Беларусі, у пытаньні аб барацьбе з нацыянал-дэмакратызмам патрэбавалася дапамога? Што „Камсамольская Правда" адказала дапамогу ў гэтым пытаньні, сьцьвярджае і артыкул „Зьвезды” і тав. Гамарнік. Няўжо-ж без дапамогі „Камсамольскай Правды" ніяк нельга было абайсьціся?

Таварыш Ерухімовіч. Я лічу патрэбным і карысным для партыі назваць тыя скажэньні, якія мелі месца ў БССР, сваім поўным імем. Запраўды, хто адказвае за хутарызацыю Беларусі? Хто адказвае за гэты „пасьпех" Наркомзему, які змог за пяць гадоў „абагнаць і перагнаць” Сталыпіна? Ці адзін былы нарком Прышчэпаў? Не. Адказвае і ЦК. КП(б)Б. Факты гавораць аб гэтым. І ад гэтых фактаў не схавацца. Яшчэ ў 1926 годзе камісія ЦК. КП(б)Б. па гаспадарчым будаўніцтве, заслухаўшы даклад Наркамзему, пастанавіла „лічыць неабходным падтрымаць у БССР. пасёлкавую форму „землякарыстаньня”.

У лютым 1928 г., ужо пасьля 15 партзьезду, пленум ЦК. КП(б)Б. адзначыў, што „практыка арганізацыі пасёлкаў паказала, што гэта форма зьяўляецца жыцьцёвай".

Тое самае адносна нацыянал-дэмакратызму. Чым тлумачыць, што ён так абнаглеў? Ці толькі „аб'ектыўнай” умовай—тым, што, бачыце, кулак вырас? Нельга ўсё ўзваліваць на „аб'ектыўныя" ўмовы. Нацыянал-дэмакратызм вырас, умацніўся і абнаглеў і яшчэ таму, што з ім, па сутнасьці, вельмі мала змагаліся. Гэта таксама факт, які нельга абвергнуць.

Хіба-ж аб апартуністычнай палітыцы Наркамсавета Баліцкага ЦК КП(б)Б. нічога ня ведаў? Хіба-ж з нацыянал-дэмократычнай інтэлігэнцыяй, з нацыянал-дэмакратамі тыпу Жылуновіча, якія залезьлі ў партыю, змагаліся? Не! З імі цацкаліся, з імі насіліся, супроць іх у БССР нельга было і выступаць! Цэнтральны орган КП(б)Б. „Зьвязда" ня раз атрымлівала па руках за спробу даць адказ на атакі нацыянал-дэмакратаў супроць бальшавізму.

„Зьвезда", гэта трэба проста сказаць, часта была адзінкай у гэтай барадзьбе. ЦК. КП(б)Б. ахвотна падстаўляў сваю газэту пад удар, але не даваў у крыўду „багоў” з лягеру Жылуновіча, Баліцкага і іх партыйных, а галоўным чынам, безпартыйных прыяцеляў. Тыя матэр’ялы, якія ёсьць у маім распараджэньні, сьведчаць аб тым, што ўзмацненьне нацыянал-дэмакратызму мае сувязь ня толькі з актывізацыяй кулацтва, але і з тым, што ў нашым пролетарскім лягеры зроблены буйнейшыя памылкі. Чым вытлумачыць тое, што камсамол, найважнейшая палітычная арганізацыя, стаяў на баку ад барацьбы з нацыянал-дэмакратызмам?

Думаем, што гэтыя заявы „патэнтаваных" камуністаў гавораць самі за сябе. Паўтараем: яны паказваюць, што „правы ўхіл" і „нацыянал-дэмакратызм" беларускіх камуністаў сьвядома сфабрыкаваны запраўды-ж абнаглеўшым пад дыктатурай Сталіна маскоўскім нацыяналізмам, каб апраўдаць паход проці ўсяго беларускага, а перад усім— проці беларускіх культурных працаўнікоў, без якіх будаўніцтва беларускае культуры зьяўляецца пустым гукам.

„Правы ўхіл" і беларускасьць

Як мы ўжо адзначалі ў папярэдніх нумарох, маскоўскія арганізатары процібеларускага паходу тлумачаць „правы ўхіл” у камуністычнай партыі на Беларусі—выключна “беларускім нацыяналізмам”. Так зусім цьвёрда заявіў і агент Сталіна А. І. ў сваіх артыкулах у “Комсом. Правде”. І гэта зьяўляецца ўсей падставай дзеля напасьці на камуністаў-беларусаў.

Хаця дакладчык на верасьнёўскай сэсіі пленуму Цэнтральнага К-ту Кам. Партыі Беларусі, Гамарнік, „в угоду начальству” лічыць усе закіды А. І. беларускім камуністам “наагул правільнымі”, але і ён ня здолеў “ператравіць” гэную яўную ману. І вось, што ён заявіў у сваім дакладзе (гл. „Сав. Белар.” № 207 з ІІ кастрычніка с. г.):

А. І. выводзіць зямельную палітыку з аграрнай праграмы „Н.Н.“ [1] толькі таму, што ўсе праяўленьні правага ўхілу ў Беларусі ён зводзіць да аднаго толькі беларускага нацыянал-дэмакратызму. Замест таго, каб паказаць, як зямельная палітыка і практыка, што вынікалі з праваапартуністычных установак на “пашыраны нэп” і „ўзбагачайцеся”, спрыялі ўмацаваньню кулака, а адсюль—і росту нацыянал-дэмакратызму, А. І., пяравёртваючы ўсё на галаву, выводзіць зямельную палітыку з праграмы “Н. Н.”.

Зусім відочна, што нацыянал-дэмакратызм цесна пераплятаецца з права-ўхілісцкімі ўстаноўкамі і што правы ўхіл у Беларусі часта афарбоўваецца ў нацыянал-дэмакратычныя калёры. Але пагоня А. І. за „самабытнымі” карэньнямі правага ўхілу ў зямельнай палітыцы Беларусі толькі адхіляе партыю ад сапраўднай падаплёкі гэтага ўхілу, ускладняючы гэтым перамогу над ім”.

Сказана вельмі далікатна. Але-ж для кожнага, хто думае сваімі ўласнымі мазгамі, а не “па прыказу начальства”, ясна, што так-званы „правы ухіл” у кампартыі вырас не на Беларусі, а ў Маскве, што ў правым ухіле абвінавачаны такія тварцы сацыяльнае рэвалюцыі і блізкія да Леніна людзі, як Бухарын і Луначарскій! Ці і яны—вынік „інтрыгаў” беларусаў?

Ня гледзячы на ўсю абсурднасьць лучэньня „правага ўхілу” з беларушчынай, Масква гэтак загадала,—і вось за ёй паўтараюць гэта ўсе тыя маскоўскія нацыяналісты, што ахварбаваліся ў чырвоны колер і нават „беларусізаваліся”. Найярчэй выявілася гэта ў справе „чысткі” закладчыка Кам. Партыі Беларусі Зьмітра Жылуновіча (Цішкі Гартнага). „Абноўленая" рэдакцыя “Сав. Беларусі", гаворучы аб гэнай “чыстцы”, піша, што партыя мае на мэце

„ачышчэньне" сваіх радоў ад чужых элемэнтаў, якія прымазаліся і разлажыліся, ад усіх тых, хто сьвядома перашкаджае нам у справе разгортваньня будаўніцтва соцыялізму".

Інакш кажучы, і закладчык партыі аказаўся „чужым”, „прымазаўшымся” дя яе... Ці-ж хто можа паверыць у гэта? — Аднак, „угоднікі” свайго партыйнага “начальства” ў Маскве робяць від, што вераць у гэта.

Ці-ж усе, аднак, стаяць гэтак нізка моральна, каб згадзіцца без пратэсту рабіць тое-ж? О, не. І вось вам голас ідэйных беларусаў-камуністаў.

Голас беларусаў.

Мы на-жаль ня маем тэкстаў прамоў тых беларусаў-камуністаў, якія пры „чыстцы" Жылуновіча мелі адвагу адкрыта запярэчыць узьведзенай на Жылуновіча бязглузьдзіцы. Мы карыстаемся адно толькі пераказам „абноўленае” „Сав. Беларусі” (з 1 лістапада 1929 г. № 251), а ў якім духу гэты пераказ зроблены, можна сабе прадставіць, прачытаўшы адзін з падзагалоўкаў адноснае стацьці: “Арганізаванай вылазцы разьюшанай нацыянал-дэмакратыі партыя дасьць рашучы адпор”...

Што-ж гэта за “разьюшаныя нацыянал-дэмакраты”? Ні болей, ні меней, як сябры камуністычнае партыі—Ільлючонак, Марук, Ів. Цьвікевіч, М. Гарэцкі, адважыўшыяся сказаць некалькі слоў праўды.

Вооь выемкі з памянёнае стацьці „Сав. Беларусі"—з дробнымі пропускамі:

Брыкнуўшы такім чынам чыстку, ён павёў атаку супроць тых, хто абвінавачваў Жылуновіча ў нацыянал-дэмакратычным ухіле. Усе захады, да „зьвілін мазга” ўключна, Цьвікевіч ужыў, каб давесьці адваротнае—іменна, што ніхто іншы, як Жылуновіч, і зьяўляецца першым барацьбітом супроць нацыянал-дэмакратызму, а тыя, што выступаюць супроць Жылуновіча, толькі зводзяць з апошнім асабістыя рахункі. „Трэба адкінуць асабістыя рахункі"—гаворыць Цьвікевіч.

Пры такім “об‘ектыўным” спосабе пераказу прамоваў камуністаў-беларусаў, пэўне-ж, не заўсёды можна зразумець, што гаварыў нямілы “начальству” прамоўца. І мы запраўды-ж ня можам разабрацца ў пераказе прамовы М. Гарэцкага. Бачым толькі, што новых рэдактароў “Сав. Бел.” да шалу давяла адна думка, вызказаная гэтым прамоўцай:

„Ці ня могуць быць у гісторыі такія мамэнты, калі асобы, якія адносяцца да пэўных нацыянальных пластоў, павінны ўмець увязаць гэтыя пытаньні (аб клясавых і нацыянальных інтарэсах.—Рад.), бо ў тактыцы ў іх гэта мае іншы выгляд?”

Вось, гэтая думка, на якой была збудавана ўся ідэолёгія і тактыка Беларускае Сялянска-Работніцкае Грамады ад самага яе заснаваньня, і выклікала такое абурэньне „Сав. Бел.”, што газэта “тлумачыць” іх на свой язык у такой форме, як прамоўца ня мог сказаць.

Ужо з самага пачатку яго праверкі, якая праходзіла амаль 4 дні пры самай напружанай увазе партыі і працоўных, можна было заўважыць кансалідацыю варожых нам нацыянал-дэмакратычных элемэнтаў, якая адбывалася навокал праверкі тав. Жылуновіча. Гэта кансалідацыя мела сваю падставу яшчэ і ў тым, што, папершае, у асобе тав. Жылуновіча нацыянал-дэмакратычныя колы бачылі свайго правадыра і ідэёвага кіраўніка, а, падругое, што тав. Жылуновіч сваімі паводзінамі ў часе чысткі падштурнуў іх на тое, каб выйсьці і даць партыі бой па радзе пытаньняў.

„Ашалелыя дробныя буржуа" з нацыянал- дэмакратычнага лягеру арганізавана выступілі ў часе праверкі тав. Жылуновіча, выкарыстаўшы для гэтай мэты т. т. Ільлючонка, Марука, Ів. Цьвікевіча і М. Гарецкага. У сваіх прамовах гэтыя апошнія абралі мэтад адкрыта разьюшанай атакі на партыю, на яе кіруючыя органы. Яны імкнуліся скампрамітаваць ідэю чысткі партыі, паклёпніцкі падтасоўваючы факты ў некаторых выпадках, вядучы шалёнае наступленьне на тых, хто змагаўся за лінію партыі. Аб тым, што гэтае выступленьне было арганізованым, сьведчыць рад фактаў. Апошнія тры прамоўцы адначасова запісаліся на прамовы і зьмест іх прамоў быў аднолькавы.

У сваёй прамове Ільлючонак заявіў: „Ня трэба абвастраць адносін”. Паміж кім і кім—ён не сказаў, але гэта і ня было патрэбна. Было зразумела, што ня трэба абвастраць адносін паміж партыяй і нацыянал-дэмакратызмам. Пасьля гэтага ён перайшоў у атаку. Ён абвінавачвае усіх, хто задае Жылуновічу пытаньні, у вялікадзяржаўным шавінізьме і, нарэшце, кінуўшы „тут не даюць гаварыць пабеларуску”. дэманстратыўна пакінуў залю.

Пасьля Ільлючонка, якому не далі гаварыць пабеларуску (да чаго абнаглеў маскоўскі шовінізм!), бралі слова Ів. Цьвікевіч, Максім Гарэцкі і Марук.

А тое, што яны гаварылі, сьведчыла аб нянавісьці іх да тых, хто выступаў супроць нацыянал-дэмакратызму, супроць палітычных памылак Жылуновіча. Першай заявай, з якою выступіла гэта група, быў пратэст супроць ператварэньня чысткі Жылуновіча нібы ў „паказальны над ім працэс". Яны адразу ўзялі пад сумненьне напрамак чысткі, прасякнуты ідэяй непрымірымасьці, бальшавіцкай рашучасьцю змаганьня з усялякімі ўхіламі ад ленінскай лініі. „Уся крытыка т. Жылуновіча была накіравана выключна на яго адмоўныя бакі"—заяўляе Цьвікевіч. “Адчуваецца вострасьць атмасфэры".

А вось, што кажа „Сав. Бел.” аб прамове Марука:

Цяжка ўявіць сабе больш варожую прамову. Уся яго прамова была прасякнута нянавісьцю да чысткі і пагардаю да камуністых, агідай да самакрытыкі. Ён, як і Іван Цьвікевіч, пачаў з ацэнкі характару чысткі, знадворнага яе боку, так сказаць. „Праверку тут ператварылі ў паказальны судовы працэс”. Над нацыянал-дэмакратызмам?—Не, над Жылуновічам! Унутраны зьмест гэтае праверкі: „ляжачага ня б‘юць“, тым больш не абліваюць памыямі. А тут таварышы стараліся выліваць памыі на тав. Жылуновіча. „Камуністыя і безпартыйныя, якія выступаюць з крытыкай, ствараюць „казённыя выступленьні”. Вядомая рэч! Раз „казённыя”, дык, значыць, яны рабіліся па нейкім загадзе. Нацыянал-дэмакраты тут разумеюць „лапу Масквы”, тую самую, аб якой іх браты з замежнай прэсы пішуць больш адкрыта. Але і гэта досыць зразумела. „Казённыя", г. зн. маскоўскія, антыбеларускія. Характарызаваўшы такім чынам праверку, Марук таксама пераходзіць да высьвятленьня сваіх поглядаў і на іншыя рэчы. „Як мы павінны расцэньваць нацыянальны рух да 1922 году,—пытаецца ён і адказвае:—беларуская інтэлігэнцыя хісталася. Многія былі за Польшчу. Да Масквы цягнуліся толькі адзінкі, асабліва т. Жылуновіч”. І далей: „рукамі т. Жылуновіча партыя праводзіць беларусізацыю, будуе беларускую культуру. З т. Жылуновічам зьвязана ўсё наша будаўніцтва. Праз т. Жылуновіча партыя праводзіла тое, што зрабіла.

Маскоўскі шозінізм.

Што ў-ва ўсей гэтай справе запраўды-ж мы маем дзела з маскойскім няцыяналізмам, які, выкарыстаўшы адпаведны мамэнт скажэньня Сталіным запраўднае ленінскае лініі, рынуўся ў атаку на ўсё беларускае,—аб гэтым мімаволі гавораць самі-ж учасьнікі гэтае атакі. І перад усім сам за сябе гаворыць факт, што сябру камуністычнае партыі Ільлючонку не далі гаварыць пабеларуску.

А вось што гавораць самі „сталінаўскія” беларусы-камуністы ў Менску ў справе маскоўскага шовінізму. На сходзе менскага гарадзкога партыйнага актыву, справаздача з якога надрукована ў „Сав. Беларусі” з 17 верасьня с. г., камуніст Галавач заявіў:

У справе аўладаньня партыяй, пралетарыятам працэсамі будаўніцтва нацыянальнай культуры—асноўным ворагам зьяўляецця русацяпства сярод значнай часткі членаў партыі і камсамольцаў, якія ня выконваюць дырэктыў партыі па нац. пытаньнях. Есьць такія ў партыі і ў камсамоле псэўда-інтэрнацыяналістыя, якія адмаўляюць нац. палітыку партыі на тэй аснове, што яны інтэрнацыяналістыя, а па сваёй сутнасьці зьяўляюцца вялікадзяржаўнымі расійскімі шавіністымі, адгэтуль задача рашучай барацьбы і з вялікарускім шавінізмам.

Нельга прайсьці міма заявы і дакладчыка на верасьнёвым пленуме Ц. К-ту партыі, успамінанага ўжо Гамарніка. Зрабіўшы закід А. І., што ён “на працягу шасьцёх сваіх артыкулаў у „Комсомольской Правде” ніводнага слова не сказаў пра расійскі, яўрэйскі, польскі шовінізм", Гамарнік дае характэрыстыку ўсіх трох гэтых шовінізмаў:

“Абвастрэньне клясавай барацьбы ўнутры краіны і ліхаманкавая работа міжнароднага, у першую чаргу польскага, імпэрыялізму, па падрыхтоўцы ваеннага нападу на Савецкі Саюз, прымушаюць нас на даным гістарычным этапе ўсямерна ўзмацніць барацьбу з усімі шовінізмамі, зброяй контр-наступленьня на нас клясавага ворага і сканцэнтраваць галоўны агонь на найбольш актыўным, найбольш небязьпечным у даны момант нацыяналізьме. Вялікадзяржаўны расейскі шавінізм у БССР., які доўгі час панаваў, адкрыта і актыўна выступаў супроць нацыянальнай палітыкі КП(б)Б, дзякуючы энэргічным нашым мерапрыемствам, зараз прытаіўся, рэдка выступае адкрыта, дзейнічае цішком. Удары расейскім нацыянал-дэмакратам і зьменавехаўцам, што наносяцца ў РСФСР, адчувальна і для расейскіх шавіністых на тэрыторыі БССР.

Але паколькі аснаўная база для развіцьця вялікадзяржаўнага расейскага нацыяналізму на ўмовах РСФСР, застаецца ўсё яшчэ вялікай, паколькі з абвастрэньнем клясавай барацьбы вялікадзяржаўны расейскі нацыяналізм актывізуецца і ў сваю чаргу, узмоцнена харчуе вялікадзяржаўныя імкнені расейскіх шавінізмаў у нацыянальных рэспубліках, пасколькі нам, у БССР, ня толькі ня прыходзіцца ў якой небудзь ступені паслабляць нашу ўвагу да барацьбы з гэтым шовінізмам, але трэба гэтую барацьбу ўсяк узмацняць, выцягваць гэты нацыяналізм з усіх прытульных куткоў, дзе ён зараз прытаіўся, выкрываць яго праяўленьні, як-бы яны старанна ня былі замаскованы.

Яўрэйскі нацыяналізм, зьяўляючыся ідэолёгіяй гарадзкіх і мястачковых нэпманаў, а таксама нацыяналістычнай часткі яўрэйскай інтэлігенцыі, сплятаючыся з ваяўнічым клерыкалізмам, прадстаўляе ў даны момант ва ўмовах БССР., у звязку з узмацненьнем сацыялістычнага наступленьня больш актуальную небясьпеку, чым раней. Абвастрэньне клясавай барацьбы адбілася на актывізацыі яўрэйскага нацыяналізму. Ідэолёгія яўрэйскага „адзінства нацыянальнага фронту” прывяла ўжо да прарыву на паасобных вучастках нашай работы (кулацкая палітыка сампрамкаапэрацыі, засьмечаньне некаторых яўрэйскіх калектываў клясава-чужым элемэнтам).

Польскі шавінізм у сучасных умовах таксама актывізуецца. Вельмі часта гэта яго актывізацыя зьяўляецца вынікам ня толькі агульных соцыяльных прычын, але і падмацоўваецца непасрэдняй работай агентуры польскай дэфэнзывы. Невыстарчальная клясавая дыфэрэнцыяцыя і некаторая нацыянальная замкнутасьць і абасобленасьць польскага насельніцтва ў БССР. паказвае, што націск ідэалёгіі польскага “адзінага нацыянальнага фронту” даволі моцны. Гэтаму націску могуць падавацца (і падаюцца ў паасобных выпадках) таксама і некаторыя камуністы—палякі. Няма патрэбы даводзіць усю небясьпеку польскага нацыяналізму ў БССР. у зьвязку з ваеннымі плянамі пілсудчыны”.

Які-ж з усяго гэтага вывад? Вывад такі:

„Мы павіны мабілізаваць вакол пытаньняў узрастаючай небясьпекі усіх відаў нацыяналізму і шавінізму, асабліва на данным этапе—беларускага, як самага небясьпечнага, грамадзкую ўвагу шырокіх партыйных і рабочых мас”.

Коратка кажучы: трэба змагацца ня з тымі шовінізмамі, якія зьяўляюцца гэткімі магутнымі і грознымі, а—з „шовінізмам” беларускім (як называе цяпер „казённая” камуністычная прэса ўсё беларускае), хаця сам-жа А. І. ў сваіх „рэвэляцыйных” артыкулах зьбіраецца „пакончыць” з ім— „адным ударам”!

Каму-ж яшчэ ня ясна істота падзеяў, якія разыгрываюцца цяпер у Радавай Беларусі? А калі есьць яшчэ ў каго сумлівы, няхай прачытае пісьмо трох беларускіх пісьменьнікаў, прымушаных выступіць з Беларускага Дзяржаўнага Унівэрсытэту— з прычыны цкаваньня іх зьвіўшымі сабе ў гэтай установе гняздо маскоўскімі шовіністамі.

Раскрытыя карты.

Маскоўскія нацыяналісты ў камуністычнай скуры і іх беларускія прыслужнікі, пускаючы ў ход свае абвінавачаньні проці лепшых прадстаўнікоў беларускага камунізму на Усходзе і проці радыкальнае беларускае інтэлігенцыі на Захадзе, грунтаваліся на сьвядомай ілжы і, ашуківаючы працоўныя масы, стараліся ад імя апошніх брудзіць маральна ўсіх тых, хто рашуча дае адпор наскокам Масквы. Каб аканчальна раскрыць гэтую ілжу, мы даем тут у заключэньне маленькі, але вельмі яркі прыклад гэных чыста шулерскіх прыёмаў.

Камуністычная партыя пусьціла вестку, быццам грамадзяне Астроўскі і Луцкевіч зьвярнуліся да польскага ўраду з просьбай аб памілаваньні засуджаных у працэсе Белар. Сялянска-Работніцкае Грамады былых паслоў Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага і іншых. — ды зрабілі яны гэта супраць волі засуджаных. Апошнія далі гэтай “правакацыі” належны адпор і — асталіся ў вастрозе.

Пусьціўшы гэткую веcтку, партыя склікае ў Менску цэлы рад мітынгаў і організацыйных сходаў (пленум сэкцыі навуковых працаўнікоў БССР, сход менскае філіі Беларускага Аб’яднаньня Пісьменьнікаў і інш.), і на гэтых сходах сталінаўскія “малайцы” абліваюць гразёй Астроўскага і Луцкевіча, устанаўліваючы іх ідэйную лучнасьць з перасьледаванымі беларускімі камуністамі, вінавацяць іх у... “змаганьні з беларускімі працоўнымі масамі”, у дапамаганьні “польскім акупантам” уціскаць і апалячываць беларускае сялянства Заходняе Беларусі і — ўрэшце — ў падгатоўцы (разам з марш. Пілсудскім!) аруж- нага нападу на ССРР.... І ўсе гэта абаперта выключна на гэнай вестцы аб паданай быццам то Астроўскім і Луцкевічам просьбе да польскага ўраду аб памілаваньні засуджаных грамадаўскіх паслоў: ніякіх іншых „фактаў”, якія бы даказывалі „здраду інтэрэсаў беларускіх працоўных масаў”, як „падтрымліваньне апалячываньня” беларусаў і — “падгатоўкў нападу на ССРР“, партыя не падае.

А колькі-ж праўды ў гэнай гутарцы аб звароце Астроўскага і Луцкевіча да польскае ўлады з „лякайскай просьбай”?

Для кожнага проста граматнага і лёгічна думаючага чалавека ясна, што ўся гэная вестка сьвядома выдумана сталінаўскімі агентамі і прадстаўляе найчысьцейшую ілжу. Навет малаграматнаму селяніну, калі хто з яго блізкіх быў калі засуджаны, ведама, што падаваць да ўлады просьбы аб памілаваньні засуджаных могуць у Польшчы толькі: 1) самі засуджаныя, 2) адвакаты — абаронцы іх, дый тыя без паразуменьня з сваімі кліентамі звычайна гэтага ня робяць; 3) найбліжэйшыя родныя засуджаных (бацькі, жонкі, дзеці). І хіба павадыры камуністычнае партыі ня могуць гэтага ня ведаць: лішне многа сяброў партыі засуджвацца польскімі судамі, каб яны маглі апраўдывацца няведаньнем. Не маглі так-жа ня ведаць, што Астроўскі і Луцкевіч не зьяўляюцца яні адвакатамі засуджаных грамадаўскіх паслоў, з якімі разам доўгі час сядзелі ў вастрозе і на лаве падсудных, (абодва яны — вучыцялі, а не юрысты), ані роднымі іхнімі. Дык Астроўскі і Луцкевіч проста ня мелі-бы ніякае юрыдычнае падставы для свайго выступленьня, калі-б запраўды захацелі прасіць польскую ўладу аб памілаваньні іх засуджаных таварышоў. І грам. Астроўскі ўжо публічна запярэчыў гэтай ілжы — пісьмом у рэд. “Kur. Wil.”. з кастрычніка с. г., а грам. Луцкевіч, які зьяўляецца сталым супрацоўнікам нашае часопісі, просіць нас на гэтым месцы пераказаць перад беларускімі працоўнымі масамі яго рашучы пратэст проці гэтага ілжывага паклёпу на яго.

Гэтак міф аб падачы грамадзянамі Астроўскім і Луцкевічам просьбы, каб польскі ўрад памілаваў Тарашкевіча, Рака-Міхайлоўскага і інш., разьвейваецца. А разам з тым валіцца і ўся хітра складзеная на гэткай ілжывай падставе тэорыя аб „нацыянал-фашыстах”, як Масква ахрысьціла беларускіх радыкальных дзеячоў. А за ёй валіцца гэтаксама і тэорыя аб „нацыянал-дэмакратызьме” Жылуновічаў, Баліцкіх і іншых камуністаў-беларусаў, якія вінаваты адно тым, што цьвёрда верылі ў вызваляючую ролю камунізму адносна да ўцісканых чужацкаю ўладаю нацыянальнасьцяў. Сталін, імя якога ўжо зьвязана з ганебным фактам разгону ў Менску Усебеларускага Кангрэсу 31 сьнежня 1917 году, павёў новую нацыянальную палітыку, якая імкнецца зрабіць рабамі чырвонае Масквы ўсе народы ССРР і вядзе рашучую, непрымірымую барацьбу з усімі, хто можа стануць гэтым плянам на перашкодзе, можа даць ім адпор. Карты Масквы раскрыты. Яна ўжо нікога не ашукае, — хіба толькі тых, хто сам хоча быць ашуканым — дзеля матэрыяльнае ці іншае асабістае карысьці.

Ганьба такім!

  1. Гэта знача—„Нашае Нівы”.