Зімовая радасць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зімовая радасць
Верш
Аўтар: Юрка Лявонны
1924
Крыніца: http://knihi.com/Jurka_Lavonny/Zimovaja_radasc.html (Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ёсць настроі… А ў іх — пералівы.
Ёсць часіны — здаюцца сном.
Толькі той на свеце шчаслівы,
Хто узімку жыве, як вясной!
Я стаю адзінокі на полі, —
Ціха сыплецца золкаў пясок…
Распрануўся вецер — і голы —
Па раллі — ў карагодны скок!..
Дуб галлё пабялелае звесіў,
І не ведаю — можа, ўва сне —
Паваліўся зялёны месік
На калені ў срэбны снег…
Вецер шэпча ліхія пагрозы —
Колькі злосці… Куды ж яе дзець?..
Прытулілі б мяне вы, марозы,
Да асмужаных беллю грудзей!..
Я раздумаў — не вылью слязамі,
За мяне — хай скрыгоча зіма…
Ой ты, замець — сівая замець, —
Прыгажэй за цябе — няма!..

(1924)