Зіма (Колас, 1909)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зіма
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1909
Крыніца: http://rv-blr.com/literature/show/3023#158


Белым сьнегам замятае
Вецер чорныя палі,
Нібы вопратку ўзьдзявае
Шыр прасторная зямлі.

Мяккі сьнег лятае пухам,
І канца яму няма,
І нясе сярдзітым духам,
Дзікім сіверам зіма.

Зачыняйце шчыльна хату,
Каб ня дзьмулі халады,
На вакно пляціце мату,
Каб ня клаў мароз сьляды.

Даставайце з вышак сані —
Гайда сьцежкі праціраць
І па белым акіяне
Ўдоўж і ўпоперак гуляць!

Ды кладзіце рукавіцы —
Дзе з марозам жартаваць!
Рады белай мы зіміцы,
Рады зь ёю ваяваць.

Гэй вы, коні, гэй, малыя!
Што заснулі? Весялей!
Гэй, у скочку, залатыя!
Варушыцеся жывей!

(1909)