Зялёны месяц над ракою…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Зялёны месяц над ракою…
Верш
Аўтар: Валеры Маракоў
1926
Крыніца: http://old.knihi.com/marakou_v/



 * * *

Зялёны месяц над ракою
Ўстае ў крыштальных пералівах,
І ночка сінім васільком
Схіліла твар свой сіратлівы.
Ой, ночка!.. ночка!.. Над акном
Рабіна блішча пазалотай,
І устаюць жаданні зноў
Пайсці на рэчку, на балота.
Пайсці і песняй маладой
Зноў ажывіць жыццё дубровы,
Што голле нізка над вадой
Схіліла ў полымі сталёвым.
І, дзе вясны жыццё цвіло,
Дзе вецер песні кідаў срэбрам,
Яна разгонам шчырых слоў
Ізноў мо скажа: «Ты патрэбны…»
Ой, месяц!.. месяц над ракой
Ўстае, смяецца, б’е паклоны,
І ночка сінім васільком
Схіліла твар свой на загонах.

(1926)