Зьезд расейцаў у Вільні/Кірылізацыя

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зьезд расейцаў у Вільні
Публіцыстыка
Аўтар: Уладзіслаў Казлоўскі
1934 год
Крыніца: Часопіс «Новы шлях», № 4 (6) ад 18.VII.1934 г., б. 6-7
Іншыя публікацыі гэтага твора: Зьезд расейцаў у Вільні

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Зьезд расейцаў у Вільні

Сёлета ў пачатку ліпня адбыўся ў Вільні зьезд гэтак званай „расейскай меншасьці“ у Польшчы. На гэтым зьезьдзе расейцы праявілі свой нявольніцкі сэрвізм у адносінах да сільнейшых і расейскае захопніцтва ў адносінах да слабейшых.

У „вернопадданных“ тэлэграмах, высланых зьездам Пану Прэзыдэнту і некалькім міністрам, запэўніваецца, што кіраўнікі зьезду будуць працаваць над „затесьненіем уз.“ лучачых расейцаў з палякамі. (Ня так даўно гэтых апошніх яны называлі „мятежнікамі.“)

Старшыня „Віленскаго Рускаго Обшчэства“ пан Крэстіянов так далёка зайшоў у сэрвілізьме, што сваіх-жа братоў рускіх назваў акупантамі: „слово „Вільна“ накінулі нам акупанты—должно быць „Вільно“—тлумачыў ён на зьезьдзе“

Ня будзем уваходзіць у тое, як правільней: Вільно ці Вільна, бо панашаму яно Вільня, але варта зьвярнуць увагу на сказ „рускія акупанты“.

Гэты сказ адпавядае праўдзе, і ў вуснах беларуса, паляка або літоўца ён быў-бы зусім нармальным, але ў вуснах „істінно рускаго“ ёсьць трагічна—сьмешным.

Паміма праявіўшагася на зьезьдзе сэрвілізму ў бок палякоў, адначасна з гэтым з‘езд выказаў сваё маскоўскае захопніцтва адносна да беларусаў.

Прамоўцы заклікалі працаваць „в гушчах русскаго населенія“, „перед русскімі масамі“… і г. д.

Другія прамоўцы ізноў тлумачылі дзе ёсьць тыя „рускія гушчы“ „рускія масы“: „В Пінске масса не знает СРМО. А в этой массе в посьледнее время наблюдается адыход от понятія „тутэйшій“ к русскосьті“……„одін за другім перед с‘ездом проходят аредставітелі… Гродна, Баранавіч, начавшых работу в деревнях“, кажа справаздаўча зьезду.

Арганізатарамі і кіраўнікамі зьезду былі паны Пімоновы, стараверы, паслы з Б.Б. (бацька санатар, сын пасол), ведамыя ў Вільні багачы капіталісты, нічога ня маючыя супольнага ня толькі з рускімі масамі, якіх у нас няма, але наогул з кожнымі працоўнымі масамі.

Мы прыпамінаем паном расейцам, што яны нямаюць чаго шукаць у масах Зах-Беларусі, бо апрача старавераў і ўцекачоў ад расейскай рэвалюцыі, эмігрантаў з С.С.С.Р. — іншых маскалёў у нас няма. Тым-жа былым рускім чыноўнікам—абруселым выхадцам з беларускай праваслаўнай вёскі — радзім працаваць у кірунку яго нацыянальнага адраджэньня.

Шкада часу і энэргіі на русыфікатарску работу.

Ня змог беларусаў абмаскаліць праз шмат гадоў маскоўскі ўрад са сваімі Мураўёвымі, дык цяпер калі беларускі народ прабудзіўся да нацыянальнага жыцьця—ніякая сіла яму ўжо ня стане на дарозе.

Кожнаму расейцу хацеўшаму працаваць у кірунку нацыянальнага адраджэньня свайго народу, радзім ехаць у Маскоўшчыну. Там цяпер якраз ёсьць нацыянальны заніпад—поле да працы вялікае.

Тут-жа беларускія масы кожнаму чыжунцу дадуць належны адпор.

Ул.