Перайсці да зместу

Збор твораў (Купала, 1925—1932)/I/Жалейка/Думкі (з украінскага)/Нашто-ж чорныя мне бровы…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Аўтарцы „Скрыпкі Беларускай“ Нашто-ж чорныя мне бровы…
Верш
Аўтар: Янка Купала
1925 год
Арыгінальная назва: Нащо мені чорні брови…
Пераклад: Янка Купала
За думаю дума роем вылятае…
Іншыя публікацыі гэтага твора: Нашто чорныя мне бровы… (Шаўчэнка/Купала).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДУМКІ

(З украінскага. Т. Шэўчэнкі)

Нашто-ж чорныя мне бровы
І чорныя вочы,
Нашто леты маладыя,
Нашто твар дзявочы?

Леты мае маладыя
Марна прападаюць,
Вочы плачуць, чорны бровы
Ад ветру ліняюць.

Сэрца вяне, нудзіць сьветам,
Як птушка бяз волі;
Нашто-ж мне, краса мая, ты,
Калі няма долі?

Цяжка, цяжка сіратою
На сьвеце мне жыці:
Свае людзі — як чужыя,
З некім гаварыці!

Няма каму распытаці,
Чаго плачуць вочы!
Няма каму расказаці,
Чаго сэрца хоча!

Чаго сэрца, як галубка,
Дзень і ноч варкуе, —
Ніхто яго ня пытае,
Ня знае, ня чуе!

Людзі-ж мяне ня спытаюць,
Дый на што-ж пытаці? —
Няхай плача сіраціна,
Няхай леты траце!

Плач-жа, сэрца, плачце, вочы,
Пакуль не заснулі,
Плачце моцна, галасіце,
Каб ветры пачулі!

Каб занесьлі ветры буйны
За сіняе мора
Маю цяжкую нядолю,
Маю бяду-гора!..