Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/VI/А. Луцкевічу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ворагам А. Луцкевічу
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Змаганьнікам за кастрычнік
Іншыя публікацыі гэтага твора: А. Луцкевічу (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




(А. Навіне)

Заціхла лета, засыхалі краскі,
А ў лясох у нашых воўк зубамі ляскаў.

Прала восень ніці, навівала кросны,
А па нашым полі гойсаў вецер злосны.

Пазіралі дзіка цёмныя трушчобы,
А па нашых хатах чуліся жалобы.

Замірала-ж скарга, млелі ў вуснах словы —
Вартаваў нас пільна арол двухгаловы.

Ты-ж, араты дбалы, малады, руплівы,
Вышаў сьмела ўзорваць гоні „Нашай Нівы“.

А ты, сейбіт слаўны, шчыры і сумленны,
Сеяў шчодра поле, родны грунт каменны.

Зарунелі гоні засевам жычлівым,
Толькі-ж ты, араты, ты ці быў шчасьлівы?

Дзяўкалі сабакі, гракалі вароны,
Слугі цемры чорнай расьцягалі плёны.

Шпегі і жандары, вобыскі, бадзяньне,
Па глухіх закутках вечнае туляньне…

Ды арол драпежны з двома галавамі
Не ўсядзеў, скалоўся на тэй Вострай Браме.

Налучылі край наш іншыя два лёсы:
Запалілі ўсход наш залатыя косы,

Дзе ратаі вольна падымаюць ролі,
А на захад зьбегла панская сваволя.

Сеў на Вострай Браме панскі „ожэл“ белы
І дзяўбе, як царскі, чалавечча цела…

Заціхае лета, засыхаюць травы,
А той „бялы ожэл“ прагне царскай славы.

Бедны-ж ты, араты, дружа, сейбіт дбалы,
Сеў табе на раме панскі „ожэл бялы“.

Засеў твой жычлівывы забіваюць церні,
Але й «ожэл бялы» галавой наверне.

1927 г.