Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/2/V/У вастрозе (Нудна Сьцёпку за рашоткай…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
У няволі У вастрозе
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Сьцёпкаў сон
Іншыя публікацыі гэтага твора: У астрозе (Нудна Сцёпку за рашоткай…).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У ВАСТРОЗЕ

Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы да дому.

Дома жонка, дома дзеткі…
Бог сьвяты іх знае,
Як жывецца небаракам
Там, у родным краю!

Ходзіць Сьцёпка з вугла ў вугал
Ды зірне ў ваконца.
За рашоткай відно неба,
Хмарак валаконцы.

Эй, хмарынкі! плывяце вы
У старонку тую,
Дзе пакінуў я сямейку,
Хатачку старую!

Ох, паплыў-бы я, здаецца,
Хмаркі, разам з вамі!
Каб на вёску сваю глянуць
Нуднымі вачамі.

Там, далёка, за дамамі,
Разьляглося поле,
Лес, узгоркі і курганы…
Эх, прастор там, воля!

Дзесь у полі дым сінее —
Бульбу люд капае.
Сьцёпка-ж бедны так марнее,
Долю праклінае…

Ляжа Сьцёпка спаць на „нары“,
І праз цэлу ночку
Ўсё аб роднай вёсцы сьніцца,
Аб сваім куточку!..

Нудна Сьцёпку за рашоткай,
Нудна, эх, старому!
Плачуць думкі, рвуцца думкі
Сьцёпкавы да дому.

1908 г.