Збор твораў (Колас, 1928—1929)/I/1/I/Моладасьць

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ня пытайце, не прасеце… Моладасьць
Верш
Аўтар: Якуб Колас
1928 год
Вясна
Іншыя публікацыі гэтага твора: Моладасьць (Колас).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




МОЛАДАСЬЦЬ

Чым успомніць цябе, моладасьць,
Жыцьця сьветлага ты раніца?
Пралятае вясна мілая,
Ды вясна мая туманіцца.

Дзе вы, думкі мае чыстыя,
Майго сэрца дзеткі мілыя?
Як лёгка жылося з вамі мне
У дні шэрыя, пахілыя!

І ня раз мяне вы цешылі
Ў ночку цёмную, бяссонную,
Хоць на момант засланялі вы
Ад вачэй нуду бяздонную.

Дзе ты, краска, зорка ясная?
Між народу ты сьвяцілася,
У глухім кутку забытая,
Па жыцьцю ты ўсё смуцілася.

Ці цьвяцеш ты, ці засохла ты
У краі тым адзінокая?
Ці ёсьць іскра агню божага,
Мая ластаўка далёкая?

Чым-жа ўспомніць цябе, моладасьць,
Мая раніца ты хмурная?
Незаметна ты ўсё тлелася,
Як лучына тая курная.

1906 г.