Перайсці да зместу

Зацемкі аб повесьці Вінцука Адважнага «Хлапец»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зацемкі аб повесьці Вінцука Адважнага «Хлапец»
Крытыка
Аўтар: Уладзіслаў Талочка
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 2 (6). — С. 101—105

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ад. САЛАДУХ

Зацемкі аб повесьці Вінцука Адважнага „Хлапец“

Ужо бадай паўгоду, як вышла ў сьвет пад гэткім назовам беларуская повесьць. Пасьля выхаду гэтай кніжкі давялося мне чытаць і чуць вострую яе крытыку. Вось-жа з некаторым упярэджаньнем узяўся я за чытаньне „Хлапца“, а думкі, што ў мяне пры гэтым паявіліся, выражаю на паперы.

Назоў повесьці ёсьць звычайна больш-менш тым, чым ёсьць рэкляма для якога тавару. Чуў я, што адна нямецкая Hndels-akademie мае ўжо адумысловую катэдру рэклямы. Хоць патрэба адпаведнага назову повесьці ёсьць меншай у параўнаньні з патрэбай такога-ж назову газэтнага артыкулу і хоць няраз добрыя повесьці, нават выбітных аўтараў, маюць назовы малай вартасьці, — аднак можна і трэба ад маладой яшчэ беларускай повесьці вымагаць, каб яна лёгкадушна да гэтай справы не адносілася, бо вымоўны фронтавы назоў заўсёды прыдасца. Вось-жа назоў гэтай повесьці „Хлапец“ уважаю за не найгоршы, бо талоўнай у ей асобай усё-ж дыкі зьяўляецца бязсумліву хлапец Вінцук Паўловіч, а не Гануля, ці ксяндзы, і таму гэтыя назовы ня былі-б тут на мейсцы. Апрача гэтага наррацыя пачынаецца і канчаецца выразна на Вінцуку, а ўсе іншыя асобы настолькі маюць у гэтай повесьці апраўданьне свайго быту, насколькі адыгрываюць там меншую ці большую роль у Вінцуковым жыцьці.

Ці „Хпапец“ — гэта сапраўды повесьць? Так. Мае яна ў сабе ўсе аснаўныя складовыя элемэнты, якія, як гэта нават відаць з кожнага падручніка літаратуры, даюць падставу назваць яе повесьцяй. Аднак, з прычыны новасьці гэткага роду літаратуры сярод беларусаў у Польшчы, гдзе, паза спробамі М. Гарэцкага і Ст. Грынкевіча, нічога такога не спатыкаем, могбы, ясная рэч, аўтар назваць сваю дэбютовую працу неяк скрамней, напр.: нарысы, абразкі, ці як інакш. Магчыма, што крытыка тады ставіла-б Адважнаму менш вострыя вымаганьні, хоць сама рэч ўсёроўна асталася-б тым, чым яна сапраўды ёсьць, гэта знача — повесьцяй. Сяньня ўжо спрачацца аб родзе гэтага твору няма патрэбы. Як відаць з самага псэўдоніму, аўтару сьвяціла ў працы рымскае: „Sapere aude!“[1].

Адносіны маці ўдавы да свайго адзінага сына, а аўтара да галоўнай дзеючай асобы, ёсьць выбітна чуцьцявыя, аднак ня знача гэта яшчэ, што хлапца можна адразу ўважаць за Wunderkind. Ды-й ня мае права гэтак рабіць ані чытач, ані тымбольш крытык, бо кожны з іх можа праканацца, што хлапец больш старанны, як здольны і што заўсёды астаецца дзіцём, міма крыху ранейшага, як у равесьнікаў, развою, што ўзноў не належа да так рэдкіх зьявішчаў, калі справа ідзе аб адзінага сына, які, зразумелая рэч, больш прабывае з маткай ці бацькам, як з таварышамі гульняў.

Фабула сусім няцікавая — кажа адзін крытык. Вось-жа знаў я і знаю людзей, якія не маглі дачытаць да канца „Боскай Камэдыі“ Дантэ, або адзначаных нагародай Нобля „Chłopów“ Рэймонта. Гэтак адноснымі ёсьць паняцьці: цікавае і няцікавае. Калі-ж ідзець аб повесьць, дык сапраўды, ці ня болш у ей знача як (id quo), чымся што (id quod). Праціўны для вока і смуродлівы сьметнік можа аднак быць адмаляваны на палатне памазком геніяльнага маляра сапраўды памастацку і малюнак гэны будзе творам мастацкім. З повесьцяй бывае так, як з прамовай, у якой аб уражаньні рашае — паводле нямецкага рэцепту: Vortrag, Vortrag і яшчэ раз — Vortrag, што знача — спосаб, як яна была сказана. Ведама, вялікі пісьменьніцкі талент патрапіўбы фабулу „Хлапца“ змаляваць без параўнаньня больш памастацку, выкарыстаўшы ўсе, якія ў ей знаходзяцца, — Адважным-жа прапушчаныя — магчымасьці, збудаваўбы повесьць лепш архітэктонічна, стварыўбы плястычнейшую галерыю тыпаў, даўбы повесьці больш жывую і цікавую акцыю, цікавейшыя дыалёгі, далікатнейшыя паглыбленьні псыхолёгічныя, больш колерныя апісаньні прыроды і стараннейшую мову. Наш-жа Адважны толькі яшчэ дэбютуе ў повесьці, стаўляе першыя крокі, ня маючы бадай ніякіх родных папярэднікаў і ўзораў. І расейская літаратура мела раней Ламаносавых, а толькі пасьля Пушкіна. Няхай-бы хто з крытыкаў повесьці „Хлапца“ папрабаваў выступіць з уласнай, дык і яго праца была-б толькі пэўным этапам на дарозе натугаў, спробаў і нічым больш. Ніякаму народу лёгка ня прыходзяць яго шэдэўры. Патрэба доўгай, нарастаючай працы і да таго многіх калейна людзей.

А ці-ж вінаваціць нам Адважнага за тое, што ён у сваю повесьць увёў элемэнт нацыянальны і рэлігійны? Не забывайма, што ўся акцыя адбываецца ў першых гадох XX ст., калі ўжо ў нас бруняў беларускі рух, а рэлігія нашага сяла мела характар патрыархальны, дык як-жа мог-бы аўтар усё гэта ў повесьці памінуць, якой акцыя адбываецца выключна на сяле, ці — што тады было сусім тое самае — ў малым беларускім мястэчку? Ці мог маўчаць аб уніятах і аб іх падзеях? Нават камуністычны пісьменьнік ня могбы ў такой прадваеннай повесьці замаўчаць аб гэтым. А калі Адважны сусім не падаў у сваей повесьці колёрыту нацыянальнага, дык узноў спаткаў-бы яго закід з нацыяналістычнага лагеру, што не дацэньвае важнасьці гэтай праблемы, пашырае ў гэтай справе роўнадушнасьць або й проста нейкі рымскі космополітызм.

Нуднага маралізатарства ў аўтара повесьці бадай сусім няма, з выняткам таго выпадку, калі ён няміласэрна заўзяўся на курцоў.

З гумарам, а гэта такжа ня лёгкая рэч, удалося Адважнаму раз лепш, а другі раз горш. Сям-там ён занадта прымітыўны і наіўны. Памятаваць аднак трэба, што гэта повесьць мае сваей мэтай хутчэй адтварыць гумар народу, паколькі гэты знашоўся пад абсэрвацыяй аўтара, і такім, якім ён ёсьць, чым стварыць нейкія самастойныя тыпы à la Заглоба, або жартаўлівыя „кавалкі“, якія жылі-б далей сілай творчай сугестыі пісьменьніка на чытача.

Акцыя ў повесьці „Хлапца“ спачатку сапраўды крыху сонная і заўсёды занадта палітая сьлязьмі („безконечныя слёзы!“), у дальшым аднак цягу ажыўляецца і асягае ў канцы твору тэмп цалком нармальны. Мала інтрыгі, мала руху — можа нехта сказаць, хто хацеў-бы, каб повесьць чыталася лёгка і хутка. Вось-жа, хто чытае повесьць толькі каб заспакоіць даволі прымітыўную сваю цікавасьць, можа тут сапраўды дазнаць свайго роду расчараваньня. Трудна! Кожны пісьменьнік мае сваю пісьменьніцкую індывідуальнасьць і сваю мэтоду працы. Іншую Крашэўскі, іншую Арэшчыха і яшчэ іншую Кожэнёвскі (Conrad). De gustibus non est disputandum… Нават Сэрвантэс, Юго, Хашэк і інш, ужывалі няраз ліцэнцыяў і „стрікаў“, як наш Адважны, калі піша напр.: „Ну, але аб гэтым скажу другім разам“; дык і гэты закід хутчэй трэба залічыць да прычэпкі крытыкаў.

З пункту псыхолёгічнага повесьць вытрымана і, як на першую пробу, здаваляюча. Папяровых людзей аўтар сусім не паказаў. Усе тыпы — гэта жывыя асобы, добра падгледжаныя і адтвораныя, часамі з дакладнасьцяй люстра. Такой, ня іншай была прадваенная беларуская вёска ў нашым краю. Зналі мы гэткіх Гануляў і Тамашоў, а таксама Вінцукоў і яго таварышаў. Расейскія школы з іх вучыцелямі, клябаніі з ксяндзамі эндэкамі, беларусамі, літоўцамі, вясковыя расейскія ўстановы і інш. таксама адтварыў Адважны дасканальна і праўдзіва. Толькі чалавек, які не памятуе добра — або і сусім — часаў з прад 30—40 гадоў таму, толькі праваслаўны, які ніколі ў жыцьні ня быў у лацінскай клябаніі, у кватэры вікарага, арганістага, у касьцельным „шпіталі“ і дзеля таго ня знае іх жыхароў, можа рызыкаваць проста недарэчнае цьверджаньне, што гэта ўсё тыпы… з фантазіі. Ахвотна згаджаюся, што Адважнаму горш удаліся тыпы благачыннага, сэмінарыстаў і дзяка, хоць і тут стараўся ён сьвятло і цень разлажыць роўнамерна і, як гэта відаць з усей повесьці, сусім не ідэалізуе духавенства каталіцкага, што сьцьвярджаецца на прыкладзе несымпатычнага ксяндза Марціноўскага.

Аднаго крытыка повесьці дужа так-жа зьдзівіла тое, што аўтар повесьці ўсю трагэдыю старога Марцука зьвёў быццам да… нястачы тытуну. Адкажу і на гэта: бываюць такія глядзельнікі ў тэатры, якіх прыводзіць да вясёласьці сцэна, калі шэкспіроўскі маўр Отэльлё, у найбольш патэтычным мамэнце ўспомненай трагэдыі таго-ж назову, у пачуцьці шалёнай зайздрасьці з прычыны падазрэньня ў нявернасьці сваей жонкі Дэсдэмоны, дамагаецца… насаткі, якую яна згубіла, а якая мела быць доказам яе здрады. Тымчасам, як там тытун, так тут насатка не зьяўляюцца яшчэ галоўнай прычынай усей трагэдыі. Няма наіўных! Рэальнасьць яшчэ ня выключае таго, што, наперакор лацінскай пагаворцы, часта іменна мыш гару родзіць. Чытаў я нядаўна, што аўто, едучы праз афрыканскую пустыню, раптам затрымалася дзеля таго, што іголка ад грамафону, якую нехта вытрас на пясок, пракалола гумовае кола. Гэткім ёсьць жыцьцё і гэткія бываюць яго дзівосы.

Здалося так-жа некаторым крытыкам непраўдападобным тое, што разважная Гануля няраз пыталася рады ў справе сына ў ворага школьнай асьветы старога Матусэвіча. Але-ж гэты закід адразу упадае, як толькі мы сабе ўпрытомнім, што ўся справа дзеецца ў патрыархальнай сялянскай сям’і, дзе гутарлівыя старычкі ахвотна і многа гавораць дарэчы і адрэчы. Сяло так-жа мае сваіх рэзанэраў і дзівакоў.

Яшчэ дзіўней выглядае прэтэнсія крытыка, чаму слабы і хваравіты Вінцусь астаўся пры жыцьці, як-бы такі развой здарэньняў ужо згары быў непраўдападобны.

Моднай ёсьць сяньня „уплыволёгія” ці шуканьне ў кожным літаратурным творы чужых уплываў і залежнасьці ад чужых. Такім чынам лірычныя адступленьні Адважнага могуць быць насьледаваньнем Т. Гушчы, апісаньне расейскай школы — насьледаваньнем „Сызыфовых працаў“ Жэромскага, зьверхняе прадстаўленьне жанчыны носіць на сабе ўплыў Каз. Сваяка.

Адчуваюцца ў повесьці ноткі аўтобіографічныя і спатыкаюцца рэальныя асобы, як біскуп высланы пад Урал (Зьвяровіч), рэктар віленскай сэмінарыі (Ушыла), кс. дзекан Кішкеліс (літовец кс. Бурба, што часам гаварыў беларускія казаньні) і інш.

Не бяз іроніі прабавала неспагадная крытыка падсунуць думку, як разьвязку ўжо паза граніцамі повесьці, што Вінцусь напэўна станецца ксяндзом, уступіць у партыю БХД і можа будзе лаіць беларускую санацыю… Вось-жа ў беларускім жыцьці хватае прыкладаў і адваротных: што Вінцусі траплялі спачатку ў Грамаду, а пасьля і ў Скарынію…

А як вышла ў повесьці Адважнага прырода? Некаторыя кажуць, што павярхоўна і слаба. Я так-жа далёкі ад захопленьня. Аднак у вымаганьні глыбіні і сілы трэба так-жа мець нейкую меру. Сколькі-ж напрыклад лекцыяў мае апісаць аўтар, каб яго не спаткаў закід павярхоўнасьці пры адтварэньні расейскай пачаткавай і гарадзкой школы?! Ці-ж повесьць толькі тады дасьць дакладнае апісаньне беларускага мястэчка ў нас, калі аўтар намалюе ў ей адначасна сыльвэты: ксяндза, бацюшкі, рабіна, настаўніка, лекара, вэтэрынара, аптэкара, фэльчэра і г. д., нікога ня мінаючы?! Геніяльная якая повесьць можа і змагла-б даць іменна такі абраз, такую візію мейсца і людзей, але не пачынаючы пісьменьнік, які яшчэ як-бы вучыцца пісьменьніцкага рамясла.

Закіды дыдактызму і тэндэнцыі былі больш актуальнымі прад вайной, а сяньня яны ўжо сталіся звычайным анахронізмам, бо дыдактызм і тэндэнцыя, хоць троха ў адменнай форме, уліліся сяньня магутным руч’ём у сусьветную літаратуру і знайшлі многа староньнікаў, як справа (фашызм), так і злева (камунізм). Гдзе-ж сяньня літаратура вольная ад дыдактызму і тэндэнцыі?! Дарэмна мы шукалі-б яе.

Апісаньні прыроды ў Адважнага сапраўды маглі-б быць лепшыя, стараньнейшыя і больш выканчаныя. Аднак недахопу адчуцьця і прыязьні з красой прыроды Беларусі я не адважыўся-б яму закінуць. Аўтар разумее яе пасвойму і любіць сапраўды, але, як той земляроб, не забаўляецца ў захопленьні і ў апісаньні. Прырода з усей сваей красой, гэта нешта так для яго зразумелае, што шкода яму слоў на гэта траціць.

Душы беларускага земляроба даволі нявыказаных скарочаньняў яго ўнутраных перажываньняў. Апісаньняў прыроды даў Адважны ў сваей повесьці сусім даволі, іншая толькі рэч, што яны маюць няраз характар іменна гэтых скарочаньняў. Смакуны літаратуры і дэкляматары, зразумелая рэч, ня будуць з іх здаволены.

Мова Адважнага мала мае ў сабе поэзіі і ня носіць на сабе сьлядоў большай мастацкай аброскі. Некаторыя вобразныя звароты, як анёла мэханіка, віленскага каралевіча (сьв. Казімера) і інш. зьвіняць даволі дзівосна.

Часамі здараюцца непатрэбныя і дражнячыя паўтараньні прозьвішчаў (бабскі стараста, Бугава і інш.). Спатыкаюцца так-жа выражэньні чужыя, як квадратура, распаложаны і інш.

Урэшце некаторыя сытуацыі ў повесьці выглядаюць непраўдападобнымі: тлумачэньне вершаў і баек ксяндзом Галузам падчас разьвітаньня з моладзяй, высыланьне тэлеграмы так-жа ксяндзом і сьвяшчэньнікам да губэрнатара, сумнівы ксяндза Марціноўскага, ці вольна хаваць таго чалавека, што прыпадкам утануў, спатыканьне бацькі свайго адным папай з рэлігійнай працэсіяй…

Канчаючы гэтыя ўвагі для характэрыстыкі Адважнага, як аўтара повесьці, скарыстаю з наступнага параўнаньня: Вінцук Адважны сяньня яшчэ гэта пачаткавуючы фотограф — аматар, які здраджае даволі прыгожыя мастацкія магчымасьці. Дык няхай застасуе ў сваей працы новую тэхніку, як зрабіў гэта Ян Булгак у фотографіцы, а тады зможа стацца праўдзівым мастаком-пісьменьнікам повесьці.

Гэтага сардэчна яму жадаю.



  1. Мей адвагу быць мудрым! (прып. рэд.).

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.