Перайсці да зместу

Зацемкі аб П. Сяргіевічу і яго творстве

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Зацемкі аб П. Сяргіевічу і яго творстве
Крытыка
Аўтар: Адам Станкевіч
1936 год
Крыніца: Калосьсе. — 1936. — Кніжка 1 (5). — С. 44—46

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АД СТАНКЕВІЧ.

Зацемкі аб П. Сяргіевічу і яго творстве.

(з нагоды выстаўкі рысункаў і малярства)

Пётра Сяргіевіч — гэта адзін з найвыдатнейшых беларускіх мастакоў-маляроў у Зах. Беларусі. Імя яго ўжо шырока ведама ня толькі беларускаму грамадзянству.

Паходзіць П. С. з Браслаўскага пав., з в. Стаўрова. Радзіўся ў 1900 г. Бацькі яго незаможныя сяляне. Вучыўся сьпярша ў царкоўна-прыходзкай школе, у прытулку імені Мантвіла ў Вільні, у фабрычнай школе недалёка Стаўрова, у 1917 г. на тэхнічных курсах у Петраградзе пры фабрыцы грошаў, у 1920 г. запісваецца вольным слухачом у Віленскі Унівэрсытэт на аддзел мастацтва, у 1924/25 г. студ’юе ў Кракаве і ўрэшце ўзноў у Вільні, дзе ў 1928/29 г. канчае ўнівэрсытэт.



П. Сергіевіч

„Падарожныя“

Пётра Сяргіевіч — гэта бязумоўны талент. Ведае аб гэтым ён сам і працуе, не пакладаючы рук, каб гэнага таленту не змарнаваць, ведае аб гэтым і беларускае грамадзянства, якое так часта з ягонага таленту карыстаецца для розных культурных мэтаў, ведае аб гэтым і іншае віленскае грамадзянства, якое сьлядзіць за культурным жыцьцём Вільні.

Шырэй даўся грамадзянству П. С. пазнацца, бяручы ўчасьце выстаўках „Związku Niezależnych Artystów-Malarzy“ ў Вільні (1933-34), у выстаўцы таго-ж „Związku“ й „Zachęcie“ ў Варшаве (1933) і ўрэшце ў самастойнай выстаўцы сёлета ў Вільні, з нагоды якой і пішам гэтыя зацемкі.

Гэтая выстаўка — першая самастойная — звалася выстаўкай рысункаў і малярства. Вдбывалася яна ад 26.XII.35 да 8.I.1936; у памешканьні школы Т-ва Артыстаў Плястыкаў (Міцкевіча 7).

На выстаўцы было да сотні экспонатаў. З іх пераважалі працы алейныя і значны лік рысункаў, робленых сангвінай і вуглём. Тэматыка, форма і мастацкія спосабы творства П. С. рознародныя. Ёсьць композыцыі, партрэты, пэйзажы, студыі галоў і інш. У працах сваіх мастак наш прадстаўляе быт беларускага народу, малюе беларускую прыроду, а такжа адтварае беларускую мінуўшчыну, даючы абразы гістарычнага зьместу. З композыцыяў перадусім кідаюцца ў вочы вялікіх разьмераў абраз „Вясьляр“, які адважна, з сілай і разгонам, плыве праз усхваляваныя воды, надзейна імкнучыся да берагу, а такжа абраз „Артай“, які, наперакор няспрыяючым стыхіям прыроды, гоніць баразну за баразной, перакананы, што працай усё пераможа, вялікіх спраў даканае.

З абразоў, што малюе беларускі быт, заслужваюць на ўвагу „Калыска“, „Залёты“, „Сялянскае падворышча“ і інш.

Абразом гістарычнага зьместу, узорам эпіцкага творства, вобак з „Усеславам“ зьяўляецца „Каліноўскі“, абраз разьмерамі найбольшы за ўсе іншыя, яшчэ крыху нявыканчаны. — Лес. Грамада сялян. Пасярэдзіне К. Каліноўскі — у сьвітцы, малады, энэргічны, з агнем у вачах прамаўляе аб патрэбе барацьбы з царом. Гледзячы на гэты абраз, здаецца чуеш, як слаўны „Дыктатар Літвы“ ў беларускай мове граміць царскую тыранію над Краем, заклікае сялян да барацьбы за зямлю й волю, як прадстаўляе сьветлы ідэал незалежнасьці „Вялікага Літоўскага Княства“, у якім усе народы будуць вольныя, шчасьлівыя, у якім панаваць будзе праўда і справядлівасьць.

Творчыя магчымасьці П. С. дужа шырокія. Прабуе ён свайго памазка і алоўка так-жа й у галіне малярства рэлігійнага. І на гэтай ніве ён можа ўжо шмат чым пахваліцца. У касьцеле ў Солах, Ашмянскага павету, мастак наш намаляваў 34 вялікія абразы, а так-жа цэлы рад абразоў і фігур у прэзбітэрыі і ў сярэдняй наве касьцёлу ў мястэчку Корац, Роўненскага павету, на Валыні.

На мой пагляд — найбольшай заганай творства П. С. — гэта яго часта нявыканчанасьць, недахоп мастацкай прэцызыі. Ведае аб гэтым і сам мастак; ведае, разумее і працуе ў кірунку перамогі гэтай сваей слабасьці. Пазытыўныя вынікі яго пад гэтым узглядам працы — ўжо яўныя. Выстаўка рысункаў і малярства, аб якой тут гаворым, абымала працы П. Сяргіевіча за пяць гадоў (1930—1935). Вось-жа, хто бачыў яго творства пяць гадоў таму і параўняў яго з творствам апошняга часу, той ясна бача, як Сяргіевіч „вырас“, як шмат ён зрабіў між іншым і ў кірунку выканчанасьці сваіх абразоў, у кірунку іх мастацкай прэцызыі.

На выстаўцы можна было пачуць галасы, што аддзел мастацтва ў Віленскім Унівэрсытэце Пятру Сяргіевічу шмат даў, асабліва ў галіне тэхнікі, але ня даў тэй шырокай магчымасьці выяўляньня свайго буйнага таленту, якую яму дала-б заграніца з яе вялікімі мастакамі, з яе шэдэврамі.

Пэўна-ж, гэта ўсё шмат памагло-б нашаму мастаку. І калі-б была нагода, дык трэба было-б яе выкарыстаць. Але пакуль надзеі на паездку заграніцу няма, астаецца П. Сяргіевічу ў краі шукаць магчымасьцяў усестаронна выявіць свой талент. А гэтыя тут магчымасьці прадусім дзьве: праца, студыі.

Ёсьць спробы залічыць П. Сяргіевіча з яго мастацкім творствам да прадстаўнікоў так зван. „szkoły wileńskiej regjionalnej“. Дарэмна. Пд гэтай школы ён незалежны; ён ідзе сваей незалежнай, беларускай дарогай, ён тыповы мастак беларускі.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.