Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938)/4
← 3. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў | 4. Старонка з маіх успамінаў Успаміны Аўтар: Дзмітро Дарашэнка 1938 год |
5. Багушэвіч і Арэшчыха → |
Старонка з маіх успамінаў.
(Сьветлай памяці Франціша Багушэвіча).
Я вучыўся ў 1890-ых гадох у Віленскай I-ай Гімназіі; «зубрыў» лаціну й грэку, пацеў над альгебрычнымі задачамі, але думка мая была далёка ад гэнае навукі: яна ляцела на Украіну, на ціхі хутар майго дзеда ў Чарнігаўшчыне, дзе я звычайна праводзіў летнія вакацыі і пасьля цэлы год жыў уражэньнямі і ўспамінамі ад тых двух летніх месяцаў. Мой бацка быў «украінафіл». Ён выпісаваў сабе ўкраінскія кніжкі, любіў пяяць песьні ўкраінскія, хадзіў на прадстаўленьні ўкраінскіх тэатральных трупаў, якія часта заглядалі ў Вільню. Ён прышчапіў мне рамантычную любоў да ўсяго ўкраінскага, і гэтая любоў, праз фактычную адарванасьць ад роднага нраю, прыймала характар ідэалізацыі Украіны, яе народу, гісторыі, мовы, літаратуры. Любячы свае ўкраінскае, бацька з пашанаю ды спагадам адносіўся да польскага элемэнту: прыехаўшы на службу ў Вільню ( — ён быў вайсковым вэтэрынарным лекарам), ён зразу пачаў вучыцца польскае мовы і мяне малога прымушаў навучацца напамяць адрыўкі з «Marji» або з Сыракомлеўскага перакладу «Кобзара» Шэвчэнкі ( — к слову, выданага ў Вільні ў 1863 годзе). Гэтая пашана да польскае нацыянальнасьці, якую тады перасьледавалі ( — памятую, як на пошце і ў іншых урадовых установах у Вільні віселі ў тыя часы таблічкі з надпісам: «Строго воспрещается говорить попольски»!), прыдбала бацьцы шчырых прыяцеляў сярод мясцовых палякоў, каторыя вельмі цанілі, што расейскі ўраднік гаворыць папольску, цікавіцца польскай літаратурай і з шчырым спачуваньнем адносіцца да польшчыны. Ведаючы, што бацька — украінец, яны стараліся зрабіць яму нешта прыемнае, — прыкладам, дарылі яму рэдкія кніжкі пра Украіну ( — адзін знаёмы падараваў нам экзэмпляр «Kozaczyzny w Turcji» Садыка-Пашы-Чайкоўскага), або малюнкі: раз на мяніны бацькі адзін знаёмы паляк падараваў яму копію абраза Ю. Коссака «Багдан. Хмельніцкі й Тугай-Бэй пад Жоўтымі Водамі», у прыгожай залатой раме. Пазьней адзін малады пан, што вучыўся ў Львове ў політэхніцы, кожын раз, як варочаўся на фэрыі ў Вільню, прывозіў нам у кішані забароненыя тады ўкраінскія выданьні: Эвангельле паўкраінску, ўкраінскія пераклады з Шэкспіра, «Фаўста» Гетэ ды іншыя кніжкі. — Адносячыся з сымпатыяй да польскага элемэнту, бацька гэтак сама адносіўся й да беларусаў дый ліцьвіноў, але ня меў з імі бліжэйшых адносінаў, апрача адносінаў падчас сваей службы, дый то з людзьмі простымі, найбольш — з салдатамі.
Вось у гэтай атмасфэры, я-б сказаў, толеранцыі й пашаны да кожнае нацыянальнасьці, сярод апавяданьняў аб польскім паўстаньні 1863 году, аб Сымону Канарскім ды Ромуальду Траўгуту ( — мой бацька. дружыў з Ляндсбэргам, з сям‘ёй Пілсудскіх, з Касмоўскім ды іншымі людзьмі, у якіх сьвежыя былі традыцыі паўстаньня 1863 г.), складаўся мой нацыянальны сьветапагляд. Ужо ў 3-4 клясе гімназіі я сьведама пачуваў сябе ўкраінцам. Я адкладаў грошы, што даваў мне бацька на дробныя выдаткі, і выпісаваў сабе новыя ўкраінскія кніжкі з Кіева, або вышукаваў старыя ў віленскіх букіністых. Быўшы ў 5-ай клясе, я падпісаўся на «Зорю», із Львова; яна прыходзіла ў заклееных канвэртах, бо ў Расеі была забаронена. Але я ня меў з кім дзяліцца сваімі інтарэсамі, сваімі лятуценьнямі сярод маіх таварышоў: са мною ў клясе вучыліся вылучна расейцы, палякі й жыды. Некаторыя з іх, асабліва спасярод жыдоў ( — маім таварышам і даволі блізкім прыяцелем у малодшых клясах быў Міх. Гольдман, ведамы пазьней пад імем «М. Лібэр» дзеяч Бунду), цікавіліся ўжо нелегальнай рэвалюцыйнай літаратурай і давалі мне чытаць, прыкладам, «Рабочее Знамя»; але маіх украінскіх інтарэсаў не разумеў і не падзяляў са мной ніхто, а былі й такія, што сьмяяліся з майго ўкраінства і дражнілі мяне, паўтараючы розныя дурныя выдумкі, што пускала расейская прэса аб украінскай мове й літаратуры. Гэта былі мае таварышы — расейцы;
У 6-ай клясе гурток маіх калегаў надумаў выдаваць рукапісны, а пасьля й гэктаграфаваны журнальчык «Гимназистъ». Я прыняў блізкае ўчасьце ў гэтым часопісе і даваў «стацьці» аб украінскай літаратуры ды пераклады з украінскіх аўтараў. І вось у вадным з нумароў вучань 5-ае клясы Сямашка зьмясьціў маленькае апавяданьне ў беларускай мове. Гэта мяне вельмі зацікавіла. Трэба адзначыць, што дагэтуль мне не даводзілася спатыкацца ні з кім, хто-б сьведама цікавіўся беларушчынай;, — дый аб існаваньні нейкае літаратуры ў беларускай мове я блізу нічога ня ведаў. Памятую, — неяк у 1895 ці 1896 годзе, — што, як быў улетку колькі дзён у хвальварку гр. Тышкевічаў пад самым Маладэчнам, дык пабачыў у ваднаго з тамашніх служачых ( — называўся ён Антон Буйла і служыў раней у бацькі, як унтэр-ахвіцэр,) кніжачку „Дудка”, надрукаваную пабеларуску лацінскімі літарамі ў Кракаве. Буйла хаваў яе, як нешта сьвятое, і ня кожнаму паказаваў; але да мяне меў давер і даў прачытаць. Кніжка зрабіла на мяне вялікае ўражэньне, але хто быў аўтарам яе, я тады йшчэ ня мог даведацца. Крыху пазьней я купіў у кнігарні Стракуна ў Вільні паэму «Сынок» (Ельскага). Вось і ўсё, што бачыў дагэтуль з беларускае літаратуры, і вось цяпер у васобе Сямашкі я ўпяршыню сустрэў, як мнё здавалася, «сьведамага» беларуса. Аднак аказалася, што аб якім колечы беларускім руху Сямашка ведаў ня болей за мяне і напісаў свае апавяданьне пабеларуску проста дзеля таго, каб даць нешта такое, што мела бы «мясцовы» характар. Ня болей мог мне сказаць ёб беларускай літаратуры і мой таверыш Вацлаў Ластоўскі[1], які — пад уплывам зьяўленьня ў журнале «Гимназистъ» ўкраінскага й беларускага эпемэнту — прызнаў сябе беларусам ды пачаў перакладаць на беларускую мову Шэўчэнку ( — памятую, ён пераклаў даволі ня блага «Русалку» і «Утопленую»).
Ажно вось вясною 1898 году давялося мне пазнаёміцца з самым Францішом Багушэвічам. Сталася гэта вось якім спосабам. Раз, вярнуўшыся з свайго службовага падарожжа некуды ў бок Менску, бацька з захапленьнем расказаў мне аб дужа цікаўным знаёмстве з адным панам, якое завязалася ў яго ў вагоне на чыгунцы: ён пазнаёміўся з панам, каторы некалькі гадоў служыў на Украіне, як судовы сьледавацель ( — у Канатопскім павеце ў Чарнігаўшчыне), вельмі добра навучыўся паўкраінску і вось цяпер у дарозе ўвесь час гаманіў з бацькам ў гэтай мове, апавядаючы шмат цікаўнага з сваіх успамінаў пра Украіну. Гэта быў Багушэвіч. У нас у Вільні ня было йшчэ тады нікога з знаёмых украінцаў ( — былі толькі «малороссы»), і новае знаёмства вельмі зацікавіла бацьку. Ён пайшоў да Багушэвіча з візытай дый папрасіў яго да нас. І вось за колькі дзён прыйшоў да нас ўвечары пан сярэдняга росту, з падстрыжанай барадой і даўгімі вусамі, з добрымі, крыху сумнымі вачыма, які гутарыў ціхою, роўнаю моваю. Разгутарыліся. Я паказаў госьцю «Зорю»; відаць, яна была яму ведама, і ён зразумеў, што значыць факт выпісаваньня забароненага часопісу малым гімназістым дзесьці ў Вільні. Ён пацалаваў мяне ў галаву і сказаў, што кожын чалавек павінен любіць свой народ, шанаваць сваю мову і працаваць дзеля свайго краю. Гэта былі першыя словы, пачутыя мной у жыцьці (апрача слоў майго бацькі) ад вырослага, «соліднага» чалавека аб нацыянальным абавязку, і гэтыя словы навекі ўрэзаліся ў маю памяць, як свайго роду багаслаўленьне ці запавет. Наш госьць пачаў гутарыць аб беларускім народзе ( — і тут мы даведаліся, што ён прызнае сябе беларусам), аб цяжкім жыцьці гэтага народу, аб заняпадзе ў яго асьветы й культуры. Ён прачытаў нам адзін верш — гэта была ведамая яго «Праўда». Чытаў ціхім голасам, памалу, але ў ягоным чытаньні было гэтулькі пачуцьця, гэтулькі глыбокае любові, гэтулькі непадробленае шчырасьці, што чытаньне зрабіла на нас вялізарнае ўражэньне. Мы з бацькам былі глыбака ўзварушаны і некалькі часін сядзелі моўчкі. Толькі цяпер зразумелі мы красу беларускага слова. Мы спыталіся: хто-ж аўтар гэтых цудоўных вершаў? Але Багушэвіч ня прызнаўся, што гэта ён напісаў іх. Ён прачытаў нам яшчэ некалькі паэзіяў, — мабыць усё гэта былі ягоныя творы. Яны гэтак сама нам спадабаліся, як і «Праўда».
Яд гэтага часу пачалося нашае знаёмства. Багушэвіч яшчэ некалькі разоў даведаваўся да нас, і мы дзяліліся з ім навінамі з украінскага літаратурнага жыцьця, каторыя я вычытаваў із „Зорі“. Было відаць, што гэта яго цікавіла. Ён-жа, калі бываў у адпаведным настроі, чытаў нам свае вершы, прызнаўшыся ўканцы, што аўтар іх — ён сам. Апавядаў такжа сёе-тое із свайго жыцьця, і гэтак мы даведаліся, што Багушэвіч быў учасьнікам паўстаньня 1863 году. Раз я быў у ягонай гасподзе. Меў ён невялікі дварок у Ашмянскім павеце, — калі не памыляюся, непадалёк ад Барун. Увосені 1898 году Багушэвіч перастаў да нас даведавацца, — здаецца, быў хворы; дый ужо тады, як мы з ім пазнаёміліся, быў ён ня зусім здаровы. І толькі шмат пазьней я даведаўся, што ён памер у 1900 годзе і быў пахаваны ў Жупранах.
Пазнаёміўшыся з Багушэвічам, пачаў я больш пільна шукаць нейкіх сувязяў з беларускім рухам. Але ня шмат давялося мне аб ім даведацца. Ад некаторых з маіх знаёмых із судовае сфэры чуў я аб Аляксандру Пшчолцы, як аб аўтары беларускіх апавяданьняў. Але мае знаёмыя казалі, што Пшчолка — гэта чалавек вельмі правага кірунку і што свае беларускія апавяданьні піша дзеля таго, каб пасьмяшыць публіку дый пазьдзекавацца над „дурнотай“ беларускага мужыка (гэтак сама, як у ўкраінскай літаратуры зьдзекаваўся над тэй-жа „дурнотай“ Раеўскі). Гэта адбіла ў мяне ахвоту пазнаёміцца з Пшчолкай. Адзін вэтэрынарны лекар, Турцэвіч ( — брат колішняга вучыцеля гісторыі ў віленскіх сярэдніх школах А. О. Турцэвіча), каторы ў сярэдзіне 90-ых гадоў скончыў харкаўскі вэтэрынарны інстытут, дзе вучыўся некалі й мой бацька, апавядаў мне, што, як быў студэнтам у Харкаве, дык належыў да „беларускага зямляцтва“. Здаецца, аднак, што гэнае зямляцтва мела чыста тэрыторыяльны характар, і нічога нацыянальна-беларускага ў ім ня было. Гэтак, пакуль я вучыўся ў віленскай 1-ай гімназіі (я скончыў яе ў 1901 годзе), мне й не давялося бліжэй зьвязацца з беларускім рухам, катораму я ўсей душой сваей спагадаў. Пазняёміўся з дзеячамі беларускага нацыянальнага адраджэньня ўжо пазьней — у 1906—1907 гадох. Але сьветлы абраз Франціша Багушэвіча я хаваю ў душы, як адзін з найдаражэйшых успамінаў: я ўдзячны Багушэвічу за тое, што ён падтрымаў у маей дзіцячай душы парываньне да працы на карысьць майго роднага ўкраінскага народу, і з гэнага часу доля беларускага нацыянальнага адраджэньня зрабілася для мяне ня менш дарагой, як і доля адраджэньня ўкраінскага.
Прага, 10.IX.1933.
- ↑ Асоба Вацлава Ластоўскага, з якім вучыўся аўтар „Успаміну“, ня мае нічога супольнага з ведамым беларускім дзеячом — таксама Вацлавам Ластоўскім родам з Дзісьненшчыны. — Рэд.