Заклік

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Заклік
Апавяданне
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: http://old.knihi.com/rodzievic/zaklik.html


Брат мой мілы! Ты хмарней хмары, чарней зямлі. Вочы, поўныя слёз, няпэўна, трывожна перабягаюць даль. Ты блудзіш!

Брат мой мілы! Падарожны нашых непраходных пушчаў. Грозныя буры цябе аглушылі. Халодная цемра асляпіла. Знемагла цябе галодная бяда.

Які ліхадзей адважыўся кідаць каменнямі і так параніў тваё цела!

Якое ж гэта ліхалецце загнала цябе ў гушчар, нетры, на бездарожжа!

Спыніся, брат мой, прысядзь на прызьбе маёй хаты вясковай, пахілай і дай пачуць сваё новае слова аб мудрай задуме засеянага поля, аб прарочым гомане векавечнага бору, аб нашым, блізкім, родным... Распелянай душу сваю ад залатых кос сонейка і сінявы нябеснай. Хай здаровая нагата яе будзе ўміленнем у сумную часіну.

Калі ж ты шукаеш Бога, каб напоўніць, сагрэць і асвяціць душу сваю, што, як бажніца без Бога, пустуе ў забыцці, дык увайдзі, брат мой, у маю хату вясковую, пахілую. Там ты, без малітвы і слоў, усёй істотай сваёй пачуеш, уразумееш Бога. І будзеш радасны.

Калі ж ты ачмучаны крыклівай праўдай, якой чураўся, ашуканы багатымі абяцанкамі, якія шкодны табе, калі ты сярод фальшывага бляску не пазнаеш сябе, сярод чужога горада згубіў сябе, дык увайдзі, брат мой мілы, у маю хату вясковую, пахілую. Там пазнаеш глыбіню і чыстату душы сваёй. І будзеш радасны.

Калі ты, безнадзейны, няўсцешны, нічога не шукаеш, бо дагэтуль знаходзіў толькі церні і роспач, калі цень смерці заступіла красу і ўцеху жыцця, а небыццё вабіць у бяздонную цемру, дык схамяніся, брат мой, і ўвайдзі ў маю хату вясковую, пахілую, дзе багуе каханне і гаспадарыць праца-весялуха. Там на стале, адліваючы срэбрам, красуе даматканы абрус, на ім ляжыць пушаны, пахучы хлеб, соль у бяроставай ступачцы, а ў паліваным жбанку сыта сытная. Адтуль відаць, як ружавее бела-ліловы золак. Там на Вялікдзень абразы на покуці ахарошваюцда дзеразой, а на Сёмуху пахне яірам пасыпаным. Там скуголенне злой снежнай мяцеліцы разбіваецца аб паважны спакой дабрадзейкі печы, якая змярканнем затуляе ў цёплую драмату. Там, брат мой мілы, аддыхнеш душой, падужэеш целам і праславіш музыку жыцця.

Дык увайдзі, брат мой мілы, у маю хату вясковую, пахілую, а будзеш дарагім госцем і ўзрадуеш мяне, засмучонага ад жудаснай сучаснасці.

Увайдзі!