Закаханая (Салагуб)
| Закаханая Апавяданьне Аўтар: Алесь Салагуб 1927 год Крыніца: «Родныя гоні» — Чэрвень 1927. — Кніжка 4 |
А. С.
Закаханая.
— Добры дзень!
З такім прывітаньнем увайшла да свае сяброўкі Марыля.
— Вось, я дык не магу інакш, усё разьяжджаю ды разьяжджаю.
Была цяпер у Вільні...
Пры гэтых словах на твар сяброўкі наляцела хмарка суматы і нейкага нездаволеньня.
— Ізноў Вільня! Божачка! За што? падумала.
— Што-ж чуваць там новага? папыталася ледзь дрыжачым голасам.
— Ой, усіх нашых слухачоў бачыла! Бачыла Стасіловіча, Акімца, Вярыгу бачыла! Усе кланяюцца... І Вярыга кланяецца ўсім...
— Прывезла фатаграфію; мяне, ведаеш, пасадзілі радам з Бугаём. —
— А мяне? —
— Чакай!... ага, ты-ж радам з Вярыгай...
Хоць Іры і вельмі хацелася схаваць перад Марыляй сваё ўзрушэньне, але не здалела перамагчы сябе і папыталася: — Навошта-ж мяне пасадзілі з Вярыгаю? Яго цярпець не магу!
— Маніш! мусіць здаволена! Ен мне сам казаў, што ты ў ім закахаўшыся.
— Ен казаў, кажаш, казаў, ха-ха-ха! Што-ж яшчэ ён табе казаў?
— Ен казаў, што за нейкую гутарку з ім ты яму не спадабалася.
Кроў выцяла Іры ў твар. Уся пачырванеўшы, заламала рукі. Хацелася ёй плакаць і стагнаць.
— Марыля мілая, яму здаецца, што ў ім усе кахаюцца.
А Люсі ён так сама казаў.
— Ня ведаю, але ён казаў, што за адну гутарку ты яму не спадабалася.
— За якую?
— Не казаў за якую. Ну, дабранач, ужо зусім сьцямнела.
— Марыля, мілая, не ўцякай, пагутарым.
— Не, не, ужо пайду.
— Ня йдзі, ня йдзі! Пабудзь яшчэ крыху. Я не магу застацца цяпер адна! Што я буду рабіць?...
— Ты, Іра, моцна закахалася ў Вярызе!...
— Не, сур‘ёзна пакачала галавой Іра, а можа й закахалася! Нікому праўды не скажу...
— Ну, дабранач, і, нязграбна павярнуўшыся, Марыля выйшла.
Іра засталася адна. Хутка падышла да стала і ўпілася вачыма ў групу, што ей пакінула сяброўка.
— Вярыга, Вярыга, як гэта магло стацца, што я пакахала цябе? І што мне цяперака рабіць? Куды мне кінуцца?...
— Ха-ха-ха, думала дзеці вучыць. Думала ў працы патапіць сваю любоў! Дзе-ж тая школа? Дзе тыя дзеці?
Перад сабой бачу адну даўгую зіму. Даўгую, адзінокую.
Павокал ані воднае жывое душы! Усе здаволены, адна я, чаго я жадаю!... Якая гэта Марыля нячулая... Ен сьміяўся з мяне!... Ен!....
— Але досыць! Трэ, класьціся спаць.
Прыстаўляе да ложка стол. На стол ставіць фатаграфію. Перад фатаграфіяй сьвечку.
Разьдзяваецца. Хоча ўжо загасіць сьвечку. Але падумаўшы, падносіць сьвечку бліжэй да групы і глядзіць і глядзіць на Вярыгу, быццам прабуючы адгадаць ягоныя думкі.
Прайшло поў-гадзіны. Сьцюдзёная дрыготка прабегла па яе целе. На голыя плечы ўскінула хустку. Глянула ў люстра.
— Якая я сёдня харошая — праняслося ў яе галаве.
Загасіла сьвечку. Стала маліцца: „Божа, пашлі супакой маёй душы“. —
Нараніцы маці разбудзіла яе. — Уставай аглядацца! Мы пойдзем бульбу капаць. — Іра ўстала, узялася за працу, і не агледзілася, як ізноў прыйшоў вечар. А з вечарам прыйшла і туга.
Прыехалі з поля ацец, маці, сёстры; пачалі ссыпаць бульбу ў склеп. Доўга чула Іра, як сыпалася бульба і думала: „На цэлую зіму хопе бульбы і ўсяго, а ці хопе ў мяне сілы перажыць гэтую зіму“.
Селі вячэраць. Гутарылі аба ўсім.
— Чаму гэта Аня засталася такой, як была, а ты, Іра, усё-роўна, як чужая.
— Яшчэ, мама, не аддыхнула пасьля Вільні...
— Кінь Вільню, ня думай, у нас ляпей: і малачко ёсьць, і мяса, і хлеб“.
...............................................................
— Ах, мама, я і ня думаю зусім.
Ізноў Іра адна. Села на ложку, падперла твар рукамі і думае.
Успомніла яна, як прыехала зкурсаў улетку пабачыцца з бацькамі.
Вылезла з чыгункі. Адразу пахнула на яе сьвежым сялянскім паветрам. Ад стацыі да вёскі ня было балей поўвярсты, Ішла яна міма палёў. Жыта было ўжо пажата. Затрымалася каля свае палоскі. Бача, ляжыць падкова, новая бліскучая.
— Маё шчасьце, ускрычэла, падняла. — Але далёка цягнуць, падумала, палажу пад мяжу. Мо‘ шчасьце ад мяне не ўцячэ. Я-ж на дарозе ня кідаю. Заўтра прыйду, прынясу.
Пайшла далей. Вось і вёска. У млыне людзі. Сьпяшаецца...
Ужо яна і на панадворку.
..........................................................................
Днём Іра ўсё хадзіла ў гарод. Навакол такая цішыня
Сонца пячэ ўжо не па летнему. На душы ў Іры так сама цішыня і ўпакой. Яна садзіцца на мяжу.
— Як прыемна, як прыемна, шапоча! Ня хочацца думаць ані аб курсах, ані аб Вярызе.
Хадзіла з сястрой купацца. Апавядала ёй пра Вільню, пра курсантаў, пра жыцьцё ў інтэрнаце.
Адноўчы, так сама пайшла з сястрой на раку. Купаліся хлапцы, трэ, было чакаць. Лягла на траву. Заснула. Ува сьне бачыць, быццам ужо вярнулася ў Вільню. Прыйшла на лекцыі. Усе так радасна сустракаюць яе. Вось ходзе яна па калідоры з сяброўкай. Бача — на сустрэчу ёй ідзе Вярыга.
— Скажа, „дабрыдзень“, ці не, падумала.
Але глянуў на яе сваймі, поўнымі жыцьця й сілы вачыма, — і нічога не сказаў...
Іра прачнулася.
— Хлопцы ўжо пакупаліся, пойдзем, сказала сястра.
Але ні купаньне, ні сьмех не маглі разварушыць Іры.
Яе пацягнула ў Вільню. Пастанавіла ехаць назаўтрае.
Ехала з ёй сяброўка і два знаёмыя хлапцы. — Селі ў вагон.
— Вечаром будзем у Вільні, абачу Вярыгу, падумала.
Вочы яе сталі блішчэць, вусны радасна ўсьміхацца.
— Ня ведаю, кажа да яе Сяргей, што гэта з вамі, Іра, сталася. У вас такі выгляд, як быццам вы ніколі бяды ня бачылі.
— „Вярыга, Вярыга, пяяла нешта ў душы Іры, а радасьць набягала на твар.
— „Гляджу я на вас і не магу згадаць, чаму гэта вы так шчасьліва ўсьміхаецеся.
— „Ня ведаю, ня ведаю, адказавала Іра, а ў душы нешта пяяла: зара абачу, зара абачу.
— „Вашыя вочы дзьве шчасьлівыя зоркі, вашыя вусны — рожа чырвоная, хто гляне на вас, на вашыя вочы, адразу забудзецца свае нягоды.
— Што ў вас на душы? Аб чым вы думаеце?
Іра закрывае твар рукамі і шчасьліва ўсьміхаецца, а ў ёй нешта пяе: „Вярыга, Вярыга, зара абачу. Абачу, ня вытрываю, памру ад шчасьця“.
На першую лекцыю Іра спазьнілася. Ходзе па калідоры пад руку з сяброўкай. Гутараць. Падымае Іра вочы — насустрэч ей ідзе Вярыга. Стройны, дзёрзкі, харошы, як заўсёды. Вачоў з Іры ня спушчае. Прайшоў, ані слова не сказаў.
.......................................................................
Ішла Іра па вуліцы. Раптам чуе, як нешта сьвідруе яе да касьцей. Абарочуецца — стаіць за ёю Вярыга, глядзіць, быццам хоча спаліць сваймі вачыма.
.......................................................................
Сядзіць Іра на лекцыі. Прыслухаецца да выкладу профэсара. Раптам чуе, як нехта кратае яе за каслаўкі валасоў. Вярыга... Пачырванела. Хоча раззлавацца..., але сядзіць, як скамянелая. Слова ня вымавіла.
.......................................................................
І гутарыла і жартавала Іра з усімі слухачамі. Не магла толькі пазнаёміцца з Вярыгай.
Харошы, стройны,... вочы, як ноч неразгадная,... валасы чорныя, кучаравыя... у руках мандаліна... Дзёрзкі, мілы і вельмі прынадны, быў Вярыга Іры богам, якому пакланялася здалёку.
Таіла Іра сваю любоў ад усіх..., але ўсе аб ёй загаварылі...
І ўспамнела цяпер Іра, седзячы на ложку, сваю адзіную гутарку з Вярыгай. Гутарка была кароткая, шорсткая, ня вельмі прыемная абаім. Пастанавіла высьцерагацца яго. Толькі тады падымала на яго вочы, калі ён ня ведаў аб яе прысутнасьці. Любоў усё балей захоплявала яе душу. Сумна й цяжка было ёй.
Перастала хадзіць на лекцыі.
Забывалася крыху Іра толькі ў гутарках з адным слухачом курсаў, Керчэцам. Родам із Слуцка, быў Керчэц вялікім патрыётам-беларусам. Сваімі апавяданьнямі начаў ён будзіць у Іры другую вялікую любоў, што драмала ў ёй — любоў да Бацькаўшчыны і патрэбу ўсе сілы свае душы аддаць на карысьць свайго народу. Іра горача ўхапілася за гэтае пачуцьцё. Бачыла ў ім свой ратунак. Ведала, што толькі ў такой працы знойдзе забыцьцё і будзе чэрпаць сілы на далейшае жыцьцё. Як даўней із страхам, так цяпер з радасьцяй чакала канца курсаў. Хацелася ёй хутчэй у вёску, хацелася школы й працы... Хацелася хутчэй пазбыцца чараў-каханьня...
.......................................................................
Іра ачхнулася. Чорная запраўднасьць ізноў стала прад вачыма.
— Трэба ходацца, трэба шукаць выхаду, сказала Іра сама сабе.
Але ці знойдзе? Ці не зламаецца яе крохкая душа аб перашкоды, каторыя заўсёды стварае жыцьцё?
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі і ЗША, бо тэрмін абароны выключнага права, які доўжыцца на тэрыторыі Беларусі 50 гадоў, скончыўся.
Падрабязней гл. у дакументацыі.