Як вісельнік, зьвісла галіна адна,
Бы цэпам калоціць ў камель,
І сьведчыць, што некалі, вельмі здаўна,
На гэтай галіне…
Як шмель,
Шумела, гудзела карчма усю ноч,
Музыка рваў струны і смык;
Бяда і нуда адыходзілі проч,—
Рашаў гаспадарку мужык.
Вось поўнач…Звон чарак…Сьмех, крыкі, кляцьба…
Ня сьцяміш, дзе свой, дзе чужы…
Гахх!..цьвякнуў тапор…Міг, зьнямела гульба…
Ляжыць труп, як крыж на мяжы…
—Мярцьвяк!!.—загудзеў разбуялы народ
І рынуў з сьвятліцы пад тын…
—Дзе ўбіўца?..На горкай асіне, бы кнот,
Хістаўся нябошчыкаў сын…
Мінула гулянка…Замёрла жыцьцё…
Канае карчма у журбе;
Навокала блудзіць зданьнё, страхацьцё,
Па шчылінах вецер скрабе.
І толькі упоўнач адзін раз у год
Карчма ажывае на міг:
Музыка іграе, гамоніць народ,
Кружыць за кяліхам кяліх.
І ў саму гульню, наганяючы жах,
Зьяўляюцца госьці туды:
Стары—з тапаром у кастлявых грудзях,
На шыі з пятлёй—малады…