Забытая карчма (Купала — Ля дарогі, ля далёкай…)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Забытая карчма
Верш
Аўтар: Янка Купала
1907
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/246


Ля дарогі, ля далёкай,
      Каля крыжавой,
Сьпіць карчма там адзінока
      З злупленай страхой.

Пахілілась на старонку,
      Прылягла к зямлі;
Невясёлыя карчомку
      Думы прыгнялі.

Аб мінуўшай славе, дзівах -
      Як была п’яна, —
Аб дзяньках былых шчасьлівых
      Думае яна.

Як ня думаць пра былое,
      Поўнае прыкрас!
Перайшло, і ўжо ня тое,
      Ўжо ня той, ох, час!

Калісь гоманам шумела,
      Людна ў ёй было,
Падарожных многа мела, -
      Ўсё ня раз сяло.

І жылося, і вялося,
      Гэй, інакш карчме! —
Рэха рогату няслося
      Улетку і ўзіме.

Адбывалісь вечарынкі
      І вясельлі ўраз,
Захапляючы дзянінкі
      Ў ночны добры час.

Рэжа музыка званліва,
      Топат ног такі!
Разгуляліся надзіва
      Дзеўкі, дзецюкі.

Кругам старшыя пры чарцы
      Селі, люлькі цьмюць,
Аб пагодзе, гаспадарцы
      Гутаркі вядуць.

А гарэлка рэчкай льецца,
      Бегае шынкар,
Песьня ўдалая нясецца,
      З твару сыпле жар.

Ой, дзянёк так кожны праве
      У карчме шум, крык…
Шчэ зла доля пазабаве!
      Час вясёлы зьнік.

Усё прапала, згібла недзе,
      Як сон, як туман;
У карчму ўжо не заедзе
      Ні мужык, ні пан.

У стадоле ня ржуць коні,
      Коз ня бэчыць зброд,
Не гамоніць пры шынкоўні
      Выпіўшы народ.

Косьці парыць у магіле
      Ўжо шынкар даўно,
Аб нячыстай людзі сіле
      Баюць на адно.

Кажуць: поўнач як настане
      І сяло засьне, —
Адбываецца гуляньне,
      Як здаўна ў карчме.

Чэрці, ведзьмы, ваўкалакі
      Сходзяцца гуляць;
На стол зьявяцца прысмакі,
      Музыка чуваць.

Бліск сьвятла заблісьне яркі,
      Пойдзе ходам клум,
Звоняць міскі, пляшкі, чаркі…
      П’янства, скокі, шум.

Жэняць ведзьму з ваўкалакам,
      Сватае шынкар,
Попам — рабін, ведзьма — дзякам,
      А чорт — гаспадар.

Так гуляюць, покуль недзе
      Ня кігне пятух…
Гіне ўсё, і па бяседзе
      Пуста, сумна ўкруг.

Цень са сьцен плыве пануры,
      Як зь якой турмы,
Кот зьдзічэлы ловіць шчуры
      У сянях карчмы.

Крыльлі ў цемнаце лапочуць
      Кажаноў, начніц;
Віхры ў коміне хіхочуць —
      Жудка без граніц.

Жах карчма ўвесь чуе гэты
      І думу снуе
Пра мінуўшыя дні, леты
      Лепшыя свае.

(1907)