Запісы Беларускага Навуковага Таварыства (1938)/3
← 2. Канец існаваньня друкарні дому Мамонічаў | 3. Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў Літаратуразнаўчая праца Аўтар: Антон Луцкевіч 1938 год |
4. Старонка з маіх успамінаў → |
Жыцьцё і творчасьць Фр. Багушэвіча ў успамінах ягоных сучасьнікаў.
Няма ніякага сумлеву, што Франціш Багушэвіч, гэтак популярны сярод беларусаў пад мянюшкай Мацея Бурачка, адыграў надта важную волю ў беларускім адраджэнскім руху: гэта-ж на ягонай творчасьці ідэйна вырастала тое пакаленьне беларускіх адраджэнцаў, якое выкавала для беларускага руху арганізацыйныя формы ды зрабіла яго цяглым і масавым.
Ужо дзеля аднаго гэтага асоба Багушэвіча заслугуе на асаблівую ўвагу гісторыкаў беларускае літаратуры. Але й паміма гэтага, знаёмства з асобай паэты, з ягоным жыцьцём і з ягонай ідэолёгіяй прадстаўляе нязвычайна ўдзячнае заданьне для кожнага дасьледчыка жыцьця Беларусі ў канцы XIX стагодзьдзя: ідэйная эвалюцыя Багушэвіча, які ад паўстанчых настрояў 1863 году дайшоў да беларускае нацыянальнае ідэалёгіі, гэтак ярка выказанае ў ведамай перадмове да ягонае „Дудкі Беларускае“, вельмі характэрна для ідэолёгічных плыняў, што панавалі сярод грамадзянства нашага краю ў вапошняй чэцьверці мінулага стагодзьдзя.
На вялікі жаль, біаграфія Багушэвіча страшэнна бедная і — не заўсёды згодная з праўдай. Усё, што аб ягоным жыцьці было дагэтуль ведама, сабраў [[Аўтар:|Максім Гарэцкі]] („Гісторыя беларускае літаратуры“, Масква-Ленінград, 1924) — літаральна на палове старонкі[1].
Гарэцкі на самым пачатку кажа, што Фр. Багушэвіч „паходзіў із дробнае шляхты Ашмянскага павету, са спольшчанай сям‘і“. Але ўжо ў гэтым ёсьць няточнасьць, выкліканая праўдападобна жаданьнем „савецкае грамадзкасьці“ зрабіць популярнага паэту, каторы выйшаў із буржуазнага асяродзьдзя, магчыма больш блізкім сьвету фізычнае працы ( — тое-ж робяць некаторыя гісторыкі беларускае літаратуры і ў вадносінах да „Цёткі“!). Дробная шляхта, як ведама, прадстаўляе ў нас элемэнт працоўны, бо ўласнымі рукамі ўрабляе зямлю, — тым часам сям‘я Багушэвічаў была сярэдняе заможнасьці, мела добры кусок зямлі і сама фізычна не працавала.
Далейшыя інфармацыі Гарэцкага здаюцца больш блізкімі да праўды і паважнейшых засьцярог не выклікаюць. Нарадзіўся Франціш Багушэвіч, як паказана і на крыжу над ягонай магілай, 9 сакавіка 1840 году, памер 15 красавіка 19 году (ст. ст.). Сярэднюю школу скончыў у Вільні і нейкі час вучыўся на фізыка-матэматычным факультэце пецярбурскага ўнівэрсытэту. Навука ў Пецярбурзе трывала, мусіць, вельмі нядоўга, бо, паводле Гарэцкага, перад паўстаньнем 1863 году Багушэвіч вярнуўся дамоў і быў нейкі час народным вучыцелем у Доцішках, а ў мамэнт выбуху паўстаньня меў няпоўныя 23 гады і, значыць, на пецярбурскім груньце пасьля сканчэньня гімназіі доўга жыць ня мог. У паўстаньні прыймаў дзейнае ўчасьце. У нейкай бітве (дзе — няма ведама) быў ранены ў нагу і пэўне ня мінуў-бы сьмерці, калі-б яго не паратаваў нейкі беларускі селянін. Факт гэты сам па сабе паказвае на асаблівую прыхільнасьць сялян да Багушэвіча, што ў тыя часы ў вадносінах да паноў здаралася ня часта. Пасьля Багушэвіч пакінуў свой край і апынуўся на Украіне. Вучыўся ў Нежыне — у юрыдычным ліцэі, які скончыў у 1868 годзе. „Посьле — інфармуе далей Гарэцкі — жыў ён у розных месцах Расеі ( — якіх?), ажно дзесяць год пражыў на Украіне, быў сьледчым судзьдзёю ў Канатойскім павеце, навучыўся ўкраінскае мовы і пазнаў украінскае народнае жыцьцё. Пазьней быў адвакатам пры акружным судзе ў Вільні, пад старасьць жыў у хвальварку Кушлянах Ашмянскага павету. Перад сьмерцю загадаў ня ставіць над яго магілай ніякіх помнікаў. Пахавалі яго ў м. Жупранах Ашмянскага пав. на агульным магільніку“.
Аб адносінах польскага абшарніцтва да Багушэвіча даведаваемся ад Гарэцкага, што паны называлі яго „здрайцам і рэнэгатам“. Мамэнт гэты нязвычайна важны: ён сцьвярджае, што паэта ў старэйшым веку запраўды далёка адыйшоўся ад юнацкіх ідэалаў 1863 году, ды што пазьнейшая беларуская праца Багушэвіча была ў супярэчнасьці з гэнымі ідэаламі. Яле аб гэтым будзем гутарыць далей.
Гаворачы аб паэтыцкай спадчыне Багушэвіча, Гарэцкі называе толькі два друкаваныя зборнічкі вершаў паэты: „Дудку беларускую“ ды „Смык беларускі“ — і адзін ненадрукаваны п. н. „Беларуская скрыпачка“; апрача гэтага адзначае „розныя творы, як ананімныя рэвалюцыйныя апавяданьні й вершы“. якіх ані называе канкрэтна, ані паказвае, скуль мае весткі аб іх,[2] — ды прозаічныя апрацаваньні жартлівых народных сюжэтаў („Палясоўшчык”, „Сьведка“, „Дзядзіна“), друкаваныя, як ведама, ў „Нашай Ніве“ і беларускіх календарох.
Вось і ўсё, што падаў Гарэцкі. Ня шмат гэта дый не дае магчымасьці адтварыць больш менш — поўна аблічча паэты і ягонае жыцьцё. Некаторыя-ж мамэнты вымагаюць крытычнае праверкі й карэктуры.
На вялікі жаль, за жыцьця Багушэвіча ніхто не парупіўся здабыць ад яго біаграфічныя даныя, а сам ён, відаць, і найбліжэйшым прыяцелям неахвотна апавядаў аб сваім. жыцьці. Сям‘я-ж Фр. Багушэвіча, якая варожа адносілася да ўсяе беларускае і „хлопоманскае“ працы паэты ( — аб гэтым апавядалі акалічныя сяляне спад Кушлян дырэктару Беларускае Вучыцельскае Сэмінарыі ў Барунах, Сымону Раку-Міхайлоўскаму, падчас экскурсіі вучняў Сэмінарыі на магілу Багушэвічаву ў 1921 годзе), глыбака хавае ягоны архіў і ня хоча нікога дапусьціць да азнаямленьня з ім. Зробленая праз пляменьніцу Фр. Багушэвіча, Родзевічыху, мая спроба дабіцца перадачы гэтага архіву — капі ўжо не Беларускаму Навуковаму Таварыству, дык хоць-бы адпаведнай польскай установе. (Biblioteka Wróblewskich, T-wo Przyjaciół Nauk), не дала позытаўных вынікаў. Сын паэты, Тамаш, якога я знаў добра асабіста (памер ён у канцы дваццатых гадоў), ненавідзіў усё беларускае і аб бацьку гаварыць не хацеў; дачка, каторая памерла ўжо пасьля напісаньня гэтага артыкулу, адмаўлялася даць якія-колечы інфармацыі аб бацьку, навет — аб учасьці яго ў паўстаньні… зё
У гэтым пункце ўласныя мае інфармацыі зыходзяцца з інфармацыямі, паданымі кс. Ад. Станкевічам у ягонай популярнай брашуры п. н: „Franciš Bahušewič. Jaho žyćcio i tworčaść“, выданай у Вільні к трыццатым угодкам сьмерці паэты (1930 г.). Кс. Станкевіч паўтарыў тое, што мы ўжо даведаліся ад Гарэцкага, з усімі абмылкамі апошняга, дадаўшы ад сябе два ўласныя, на об‘ектыўных даных не абапертыя, дапушчэньні: адносна матываў учасьця Багушэвіча ў паўстаньні 1863 году і адносна ўплыву на паэту — падчас жыцьця на Украіне — твораў „сьвежа памершага (1861) вялікага ўкраінскага адраджэнца песьняра Т. Шэвчэнкі“. Апошняе — як пабачым далей — зусім трапнае. Але першае здаецца плодам чыстае фантазіі аўтара, каторы ўва ўсіх сваіх досьпедах аб беларускіх дзеячох XIX ст. грашыць імкненьнем прадставіць іх, як беларускіх незалежнікаў у цяперашнім разуменьні гэтага слова, што колідуе з тагачаснымі паглядамі, настроямі і адносінамі. Кс. Станкевіч піша гэтак: „Калі возьмем пад развагу беларускі народніцка-сацыяльны дух ягонай (Багушэвічавай) творчасьці, а такжа магчымасьці знаёмства з равесьнікам сваім, паўстанцам Кастусём Каліноўскім, лятуцеўшым аб палітычнай незалежнасьці нашага краю, — не без падставы можам думаць, што Фр. Багушэвіч, ідучы проці царскае няволі, сьніў салодкія сны, між іншым, і аб палітычнай незалежнасьці беларускага народу і з гэтай мэтай далучыўся да паўстаньня“. — Беспадстаўнасьць гэтае дагадкі кс. Станкевіча выясьніцца зусім чыста з далейшага.
Шукаючы матырыялаў да біаграфіі Фр. Багушэвіча, я зьвярнуўся пару гадоў таму назад паўперад да найбліжэйшага прыяцеля паэты з віленскага пэрыёду, Зыгмунта Нагродзкага (памёр у 1937 г. ў Вільні), і — за парадай апошняга — да пляменьніцы Багушэвіча, Родзевічыхі. Ад Нагродзкага атрымаў нязвычайна цэнныя інфармацыі, некалькі фатаграфіяў і цэлую жменю нідзе не друкаваных вершыкаў — беларускіх і польскіх[3]. Пляменьніца паэтава, Родзевічыха, дала некалькі дробных вестак, якія памогуць нам разабрацца ў некаторых датах, і дарэмна пробавала атрымаць ад дачкі Багушэвічавай адказ на рад пастаўленых мной пытаньняў. Урэшце, праф. Дмітро Дорошэнко, выдатны ўкраінскі палітычны дзеяч і навуковец, крэпка зьвязаны з Вільняй у маладыя гады свае, прыслаў прыгожа апрацаваны ўспамін аб сваіх сутыках з Фр. Багушэвічам на віленскім грунце. Успамін гэты, як асобная закончаная цэласьць, друкуецца далей in extenso.
Інфармацыяў Гарэцкага аб жыцьці Багушэвіча да паўстаньня 1863 году мне не ўдалося нічым узбагаціць. Адносна-ж жыцьця на Украіне Родзевічыха паінфармавала мяне, што Багушэвіч жыў не ў Канатопскім павеце, а ў самым Канатопе, — прынамся там яна, яшчэ малая дзяўчына, першы раз пабачыла свайго дзядзьку. Было гэта ў 1875 ці 1876 годзе. Тады Багушэвіч здаўся ёй вельмі панурым, і дзеці баяліся яго. У Канатопе Багушэвіч ажаніўся ў 1874 годзе з цёткай Родзевічыхі — Габрыэляй Шкленьнічанкай, родам з Менску. Знаёмства між імі завязаласа ў Канатопе, куды суджаная паэты прыехала да сваёй сваячкі Міцкевічыхі. У канцы 80-ых гадоў Багушэвіч жыў ужо ў Вільні, і тут Родзевічыха йзноў з ім сустрэлася, прыехаўшы з Пецярбурга, дзе жыла з мужам. Паводле яе слоў, Багушэвіч тады, відаць, яшчэ ня зусім наладзіў свае жыцьцё ў Вільні, бо да яго хадзілі й гасьцініцу. Тады зрабіў на яе зусім іншае ўражаньне: быў больш ветлівы, больш вясёлы. Пазьней, калі Родзевічыха сама асела ў Вільні (ад 1890 году), яна спатыкалася з Багушэвічам часьцей. Характар паэта меў быццам наагул цяжкі, і гэтым Родзевічыха выясьняе факт, што настрой дома быў благі, не ўспамінаючы зусім аб магчымасьці існаваньня іншае прычыны: канфлікту ідэйна-нацыянальнага. Багушэвіч меў братоў і сястру. Адзін брат быў зусім хворы ( — спараліжаваны) і жыў пры Францішку. Другі быў Апалінары; сын апошняга цяпер натарыюсам у Вільні.
Інфармацыі Нагродзкага адносяцца наўперад да віленскага пэрыёду жыцьця Багушэвіча, часткова такжа да апошніх гадоў жыцьця паэты ў родных Кушлянах. Інфармацыі гэтыя — даволі багатыя і зьмяшчаюць мамэнты проста рэвэляцыйныя, нязвычайна цэнныя дзеля выясьненьня пытаньня аб псыхіцы паэты і аб нацыянальным абліччы яго. Падаю іх памагчымасьці поўна — разам з тымі вывадамі, якія з іх беспасярэдна выплываюць.
Нагродзкі пазнаёміўся з Фр. Багушэвічам у Вільні ў 1893 ці 1894 годзе.
Жыў тады Нагродзкі на Бэльмонце. Непадалёк ад Бэльмонту, на ўзьбярэжжы Вялейкі, было месца консьпірацыйных спатканьняў Нагродзкага з рэвалюцыйнымі дзеячамі, у — тым ліку — з Язэпам („Зюкам“) Пілсудскім. Раз падчас такога спатканьня Пілсудскі сказаў Нагродзкаму, які здаўна цікавіўся беларушчынай, што мае для яго навінку, і дастаў з кішані толькі што прывезеную із заграніцы „Дудку беларускую“. Нагродзкі з вялікім зацікаўленьнем кінуўся на беларускія вершы і папытаўся ў Пілсудскага, хто іх аўтар? — „Ot, taki sobie adwokacik, nazywa się Bohuszewicz,“ — адказаў „Зюк“. — Нагродзкі папрасіў Пілсудскага, каб пазнаёміў яго з Багушэвічам, і „Зюк“ абяцаў яму зрабіць гэта. Але знаёмства завязалася іначай.
Групка дэмакратычнае інтэлігенцыі, да якое належыў і Нагродзкі, зьбіралася сыстжматычна ў розных мясцох на вечары літаратурна-музыкальна-дыскусыйныя. На гэтых вечарох мела месца і беларушчына: адна паня вельмі хораша пяяла беларускія народныя песьні, дэклямаваліся адрыўкі з беларускіх вершаў Дунін-Марцінкевіча. На адным із такіх вечароў у кватэры Дмахоўшчыхі выступіў неўспадзеўкі нейкі няведамы датуль Нагродзкаму грамадзянін і прадэклямаваў беларускі верш, каторы пачынаўся словамі: „Хмаркі цёмныя, мае братанькі…“ Нагродзкі быў вельмі захоплены дзкламацыяй… — „Хто гэта?“ — пачаў ён выпытавацца. Гэта быў Багушэвіч, і Нагродзкі тут-жа з ім пазнаёміўся.
Яны вельмі здружыліся. Спатыкаліся прынамся раз у тыдзень — у нядзелю, калі Нагродзкі быў вольны ад працы. Калі-ж здаралася, што Нагродзкі ў нядзелю ня мог заглянуць да Багушэвіча, дык той сам да ято даведаваў ся ў месцы працы Нагродзкага.
Ужо з гэтае жмені, інфарнацыяў Нагродзкага відаць, што Багушэвіч у Вільні контактаваў, з элемэнтамі радыкальнымі: калі Пілсудскі прывозіў „Дудку беларускую“ із заграніцы, дык трэба думаць, што і друк яе заграніцай быў наладжаны тым-жа шляхам. У выбары-ж знаёмстваў Багушэвіч быў вельмі пераборлівы. Паводле слоў Нагродзкага, Багушэвіч, займаючыся адвакацкай практыкай, ані з адвакатамі, ані наагул з грамадзянствам асабіста бліжэй ня зыходзіўся. Апрача Нагродзкага, адваката Адама Карповіча ды сваяка свайго Родзевіча больш ні з кім блізка ня жыў. Стараўся браць справы вылучна сялянскія, бо крэпка быў зьвязаны з беларускім народам.
Як вытварылася ў Багушэвіча ягоная беларуская ідэалёгія?
Паводле Нагродзкага, яна мела дзьве падставы. Перадусім ужо падчас паўстаньня (а мо‘ і раней, калі быў вясковым вучыцелем!) Багушэвіч меў ідэалёгію радыкальную[4], і ягоны сацыяльны радыкалізм, ягонае „хлопоманьства“, як тады называлі, ужывалася згодна з польскай палітычнай незалежніцкай ідэалёгіяй. Багушэвіч належыў да тыпу Каліноўскага і наагул „чырвоных“. Ці пад час паўстаньня спатыкаўся беспасярэдна з Каліноўскім, няма ведама: сам Багушэвіч ніколі аб гэтым Нагродзкаму не ўспамінаў. І гэта йзноў, на мой пагляд, даволі паказальная акалічнасьць: калі-б ужо ў 1863 годзе Багушэвіч меў беларускую ідэалёгію і супрацоўнічаў з Каліноўскім, дык паміж тагачаснай ідэалёгіяй Багушэвіча і ідэалёгіяй з часу пісаньня „Дудкі“ была-бы арганічная сувязь, і ў гутарках з Нагродзкім Багушэвіч мусіў-бы гэту сувязь неяк адзначыць хоць-бы мімавольна. Відаць, аднак, 90-ых гадох Багушэвіч вельмі далёка адыйшоўся ад старое ідэалёгіі, каторая мусіла быць у супярэчнасьці з новай — ведама, у галіне нацыянальнай.
Другой падставай, на якой вырастала беларуская ідэалёгія Багушэвіча, былі ўкраінскія ўплывы. Мае, здаецца, поўную рацыю і Гарэцкі, і Карскі, і Піотуховіч, і ўрэшце кс. Станкевіч, зварачаючы на гэты мамэнт асаблівую ўвагу. Бо-ж, паводле Нагродзкага, Багушэвіч пачаў шсаць вершы, як жыў на Украіне, і пікаў іх спачатку паўкраінску. Калі-ж вярнуўса да краю, дык тады ўжо аставалася яму зрабіць толькі адзін крок, каб перайсьці да беларускага самаўсьведамленьня. І Багушэвіч гэты крок ўчыніў. Тут, у краю, Багушэвіч пачаў пісаць вершы пабеларуску, а старыя ўкраінскія пісаньні свае спаліў, як нічога ня вартыя. Тут, у краю, — кажа з глыбокім перакананьнем Нагродзкі, — у гэткай працы Багушэвіч „знайшоў сябе“ і — „unarodowił się“, што аднак — засьцярог мой інфарматар — не зьмяншала яго польскіх гаспадарсьцьвеных сымпатыяў.
Аднак, судзячы з далейшых слоў Нагродзкага, гэтыя сымпатыі выплывалі ў Багушэвіча з антыпатыі да Расеі і ўсякае маскоўшчыны. Апошняе, памиж іншымі, пацьвярджае адзін характэрны факт з жыцьця Багушэвічавага, аб якім будзе гутарка далей. — Паводле Нагродзкага, Багушэвіч быў гарачым прыхільнікам адбудовы Польшчы — у шырокіх межах, лятуцеў аб тым, каб і Беларусь была з Захадам (у яго польскім аспэкце!) і „дрыжэў на думку, што яна магла-б астацца пад Расеяй, калі-б ад апошняе адарвалася Польшча“. — Відаць, Багушэвіч, як і шмат хто з беларускіх адраджэнцаў ажно да сусьветнае вайны, не ўяўляў сабе поўнага ад‘асабненьня Беларусі, як асобнага, ні з кім гаспадарсьцьвенымі сувязямі ня зьвязанага, незалежнага гаспадарства…
Наагул, паводле Нагродзкага, палітычная дзеяльнасьць Багушэвіча закончылася ў 1863 годзе і пасьля ўжо ні ў чым не выяўлялася. На віленскім грунце ён узыйшоў на шлях вылучна культурна-нацыянальнае беларускае працы. На маё пытаньне, ці ня было ў Багушэвіча нейкае лучнасьці з народавольцамі, Нагродзкі адказаў нэгатыўна. Дый здаецца, што пацьвярджэньне гэтага дае заўсёдная варожасьць Багушэвіча да ўсяго расейскага, якую Нагродзкі асабліва падчыркавае.
Чураючыся расейшчыны й расейцаў, ня ўходзячы ў бліжэйшае асабістае сужыцьцё і з палякамі, Багушэвіч, аднак, цікавіўся ўсімі справамі польскага культурна-грамадзкага жыцьця. І гэта рэч зусім зразумелая: беларускага грамадзянства, беларускага культурнага жыцьця тады йшчэ ня было, і Багушэвіч, як чалавек культурны, мусіў шукаць сабе „аддушыны“ ў польскім культурным асяродзьдзі, але заўсёды на грунце краёвым. Багушэвіч карэспандаваў з блізкой яму, відаць, духова Элізай Ожэшковай (Арэшчыхай), якая ў свой чарод вельмі цікавілася паэтам і ягонымі творамі (асабліва беларускімі, бо, як мне ведама з іншае крыніцы, польскія вершы Багушэвічавы лічыла слабымі). У 1896 ці 1897 годзе Арэшчыха папрасіла Багушэвіча ў Горадню, дзе ён і правёў некалькі дзён ды блізу ўвесь час праседжваў у Арэшчыхі, якой чытаў свае творы. Паміж іншымі — адумысны верш да Арэшчыхі, каторы канчаўся словамі: „Прыймі, як адзнаку тваёй чэсьці ў вёсцы!“ ( — верш гэты быў першы раз надрукаваны ў „Варце“, Менск, 1918, № 1, і паўтораны ў „Часопісі“, Коўна, 1920, № 2).:
У 1897 годзе — у ліпні месяцы (пасьля арганізацыі ў Вільні выстаўкі абразоў, абслужанае польскімі малярамі — пераважна з Варшавы) — была наладжана экскурсія лодкамі ў Коўну, каб даведацца да „ліцьвіноў“. Ведама ( — і гэта асабліва характэрна для нацыянальнае тэрміналёгіі гэных часоў наагул!), справа йшла аб ковенскае польскае грамадзянства, якое толькі тэрыторыяльна называлася літоўскім, бо-ж этнаграфічна літоўскае, як і этнаграфічна беларускае, тады яшчэ не існавала, і толькі лічаныя адзінкі спасярод нацыянальна сьведамых ліцьвіноў у Вільні процістаўляліся і нацыянальна, і палітычна паляком (д-р Дамашэвіч і інш.). — На лодках паплылі: Фр. Багушэвіч, ягоны сваяк Габрыэль Родзевіч, Зыгмунт Нагродзкі, Алясандра Давідоўскі (мянюшка „Ротмістр“), Станіслаў Булгароўскі, Наполеон Роўба, Зыгмунт Пацкевіч, урэшце — два матурысты: Балеслаў Швэнгрубэн і Вацлаў Макоўскі. Едучы спыніліся ў Кернове ў арт.-маляра Русецкага, дзе прылучыўся да экскурсіі вучыцель Сьлівінскі з Пецярбурга. Адначасна з экскурсіяй на лодках, прыехала ў Коўну цягніком каля 20-ёх віленскіх польскіх дзеячоў. Ковенскае грамадзянства вельмі горача прыняло гасьцей. На гары Наполеона (непадалёк ад места) быў зладжаны пікнік, на якім прывітаў прыезных гарачай прамовай ковенскі адвакат Міхал Юновіч. Адказаў яму вельмі прыгожа Наполеон Роўба. Тады шмат хто прамаўляў на бягучыя нацыянальма-палітычныя тэмы, а калі за нейкі час ковенцы рэвізытавалі сваіх гасьцей у Вільні, дык ім зладзілі выезд у Трокі і там — на востраве, у замку — зрабілі пачастунак, гэтак сама з палітычнымі прамовамі. — Ясна-ж, усе гэтыя прамовы мелі чыста польскі нацыянальны характар, і ўчасьце ў гэных прадпрыемствах Багушэвіча паказвае, што пры ўсёй сваёй беларускасьці ён лічыў блізкімі сабе і справы польскія.
Прабыўшы ў Коўне 2-3 дні, экскурсія лодкамі паплыла далей — у Юрбург, але Багушэвіч туды не паехаў.
Экскурсія пакінула свой сьлед у творчасьці Багушэвіча. Вярнуўшыся з Коўны, — кажа Нагродзкі,[5] — ён напісаў тры вершыкі беларускія і адзін польскі, апісваючы ў іх сваё падарожжа і гасьціннасьць „ліцьвіноў“, ды ўпісаў у альбомы сёстраў Пятровічанак, бацькі каторых асабліва гасьцінна прыймалі віленцаў. Вссь гэтыя вершыкі — з захаваньнем Багушэвічавае лацініцы і ўсіх асаблівасьцяў ягонага правапісу:
Koŭna (r. 1897, d. 20. lipca). Sabraŭszysia na try czoŭna Franciś Bohuszewicz. |
(З альбому Алёны Пятровічанкі,
пасьля па мужу — Нагродзкае).
18 20. VII. 97. Chto nad żaleznaj strunoj zapanuje, Fr. Bohuszewicz. |
Kamu dudka pasłuszna Fr. Bohuszewicz. |
R. 1897. dnia 20 lipca, Kowno, dom P. p. Piotrowiczów. Życie zwą podróżą na wątłej łodzi, (З альбому Марыі Пятровічанкі). |
Вярнуўшыся з Юрбурга, экскурсія яшчэ пару дзён забавілася ў гасьцінных „ліцьвіноў“ і ўрэшце паехала назад у Вільню. Паехаў і Багушэвіч.
Экскурсія гэтая мела для здароўя Багушэвіча фатальныя вынікі. Едучы ў Коўну, учасьнікі яе перажылі цяжкі мамэнт: матурыста Швэнгрубэн чуць не ўтануў. Гэты выпадак страшэньне падзеяў на Багушэвіча, у якога зрабіўся як быццам нэрвовы „шок“. А ўсьлед за гэтым, у той-жа дзень, сталася такая рэч. Прыстаўшы да берагу на начлег, усе пайшлі спаць у нейкую пуньку. Але Багушэвіч не хацеў спаць у душнай пуні і пастанавіў легчы пад голым небам — на лужку. Хаця пакрапываў дожджык, і Багушэвіча адгаварывалі ад гэтага, ён сказаў: „У 1863 годзе мы спалі і ў горшых варунках“. Закруціўся ў бурку ды праспаў ноч на траве. Ад гэтага застудзіўся, і ў яго зрабілася хвароба нырак, да якое пасьля прылучыўся тубэркулёз. У рэзультаце здароўе яго было зламана, і гэта давяло да перадчаснае сьмерці.
Ня гледзячы на блізкасьць духовых заінтарасаваньняў з польскім грамадзянствам, Багушэвіч адносіўся да апошняга наагул вельмі крытычна і вострай сатырай кляйміў яго за нястачу дэмакратызму ды іншыя агульна ведамыя заганы. Гэтыя сатыры, пісаныя папольску і пабеларуску, выклікалі абурэньне сярод палякоў, і адносіны іх з Багушэвічам псаваліся з кожным годам, а ў канцы зусім парваліся. Да гэтага, паводле Нагродзкага, спрычынілася некалькі акалічнасьцяў.
Пад той час старшынёй адвакацкае рады ў Вільні быў адвакат Тадэуш Буйка. Якраз насьпела 25-лецьце ягонае адвакацкае працы. Адвакатура сабралася віншаваць Буйку — ў яго на прыватнай кватэры. Пераважалі палякі, але было й некалькі жыдоў дый адзін расеец, Белы, каторы пачуваў сябе ў душы паляком ( — мо‘ гэта быў, судзячы па прозьвішчу, беларус?). Быў і Багушэвіч. Ад імя адвакатуры пачаў гаварыць прывітаньне адв. Шастакоўскі ( — быў ён сасланы ў Сібір разам з Врублеўскім), але — у расейскай мове. Гэта страшэнна абурыла ўсіх палякоў, але ніхто з іх на гэта не рэагаваў. За тое зарэагаваў Багушэвіч: ён дэманстрацыйна выйшаў із пакою, бразнуўшы дзьвярыма. Гэты паступак ужо настроіў варожа да яго „угодовых“ палякоў. Але на гэтым справа ня скончылася. У кракаўскім журнале „Przegląd Wszechpolski“ зьявілася грамавая стацьця, скіраваная проці паступку Шастакоўскага. Апошні абвінаваціў у аўтарстве стацьці Багушэвіча і публічна назваў яго грэблівым у вачох паноў імем „хлопа“: „Czego można było od tego chłopa się spodziewać?!“ У гэтым сказе Шастакоўскага вылілася ўся варожасьць віленскага грамадзянства да „chłopomaństwa“ Багушэвічавага. Багушэвіч пусьціў тады сярод адвакатуры востры вершык — штось на тэму аб гэрбах сваім і Шастакоўскага.
За Шастакоўскага заступіўся адвакат Т. Врублеўскі, у квартэры каторага зьбіралася група віленскіх „Шубраўцаў“, узноўленых Врублеўскім. Врублеўскі ў вельмі ядавітай форме кпіў на адным сходзе „Шубраўцаў“ з Багушэвіча. Той даў адказ Врублеўскаму ізноў-жа вершам — пабеларуску. Пачатак гэтага вершу, страшэнна напастлівага й запраўды вельмі крыўднага для Врублеўскага. Нагродзкі пераказаў мне з памяці:
Малімончык наш Тадэўка |
У адвакатуры пачаліся вострыя сваркі. Шмат хто з Багушэвічам і шмат з кім Багушэвіч ня вітаўся. Жыцьцё ў Вільні рабілася для паэты ўсё цяжэйшым.
А тут здарыўся яшчэ адзін выпадак.
Надыходзіў 1898 год — сотыя ўгодкі нарадзінаў Адама Міцкевіча. У Вільні паўстала думка наладзіць грамадзкае сьвяткаваньне. Сабралася нарада ў кватэры Багушэвіча, злажыўся камітэт, які пастанавіў зрабіць табліцу з адпаведным надпісам і зьмясьціць яе ў касьцеле сьв. Яна. У склад камітэту, побач з іншымі, уходзіў Багушэвіч і граф Антон Тышкевіч. Гэны Тышкевіч меў у Вільні млын і пякарню. Дзеля прадажы сваіх вырабаў ён пазакладаў у розных пунктах места крамкі і абвясьціў, што кожын сталы купец хлеба й булак у гэных крамках дастане адумысловую кніжачку дзеля запісу кожнае куплі і пасьля будзе даставаць нейкі процант ад закупленае колькасьці тавару. — Шмат хто абураўся на гэты спосаб прывабліваньня кліентаў, кажучы, што гэта дэмаралізуе хатнюю службу. Абураўся і Багушэвіч і, як звычайна, сваё абурэньне выліў у вершу бальлядзе „аб замучаным дукаце“. Вось гэты верш, польскі загаловак каторага быў: „O dukacie umęczonym historja najprawdziwsza“.
Szlachcic, co się nazywa, Fr. Bohuszewicz. |
Хаця нічога крыўднага для Тышкевіча ў гэтым вершу няма, аднак ён выклікаў неспадзяваны эфэкт. Тышкевіч страшэнна быў абурыўшыся на паэту і адмовіўся бываць на паседжаньнях камітэту міцкевічаўскага сьвяткаваньня, бо камітэт зьбіраўся ў кватэры Багушэвічавай…
Багушэвіч усё гэта вельмі балюча адчуваў, і гэта-ж — побач з хваробай, каторая разьвівалася ў яго, — прымусіла яго ўканцы пакінуць Вільню ды перабрацца на вёску — у Кушляны.
Нагродзкі ад часу да часу заглядаў у Кушляны, каб даведацца да прыяцеля, якому шчыра спагадаў ува ўсіх ягоных віленскіх прыкрасьцях. Знаў усю ягоную сям‘ю: жонку, дачку, сына. Дачку Канстанцыю („Туню“) Багушэвіч, дастаўшы спадчыну па браце, вучыў на сьпявачку, бо яна мела вельмі добры, багаты й моцны голас — альт. Вучылася яна заграніцай і мелася выступіць у знамянітым мілянскім тэатры La Scala. Але з ёй сталася бяда: перад самым выступленьнем яна захварэла на горла, а ў выніку хваробы зусім страціла голас. — Ведама, бацька вельмі балюча перажыў гэтае здарэньне.
На вёсцы ў Багушэвіча Нагродзкі спатыкаўся з тымі людзьмі, з якімі паэта жыў бліжэй, а наўперад з Лявонам Ваўчацкім (двор Тэнчына), каторы любіў дэклямаваць пабеларуску, Карловічам Янам, выдатным філёлёгам (бацькам кампазытара Мечыслава Карловіча), ды йшчэ з нейкім суседам з двара Каменкі, прозьвішча якога Нагродзкі не запамятаваў. Бывалі і два вучыцялі — расейцы (адзін з іх называўся Панамароў), але Нагродзкаму здавалася, што Багушэвіч дружыў з імі больш з увагі на сына, каторы вучыўся тады ў школе, дзе Панамароў выкладаў.
Наагул-жа Багушэвіч быў у забыцьці: з віленскіх знаёмых рэдка хто да яго даведаваўся. У лістох да Нагродзкага паэта жаліўся, што аб ім усе забываюцца, і ўплятаў на гэту тэму вершыкі — пабеларуску і папольску. Два з іх з памяці падаў мне Нагродзкі:
Вецер дзьме і вые, |
Kupka drewek dogorywa |
Такія сумныя настроі перажываў наш паэта ў вапошнія перад сьмерцяй гады…
Яшчэ ў Вільні — перад выездам на вёску — Багушэвічу часта нехапала тэмаў да вершаў і апавяданьняў, а патрэбу пісаць ён меў. Дык ня раз прасіў Нагродзкага даваць яму тэмы. Гэтак паўсталі два маленькія апавяданьні прозай: „Сьведка“ і „Дзядзіна“. З ініцыятывы Нагродзкага Багушэвіч пераклаў на беларускую мову ведамы й некалі вельмі популярны сатырычны вершык Бартэльса п. з. „Сьвіньні і бараны“ (ён быў надрукаваны падчас нямецкае акупацыі ў віленскай газэце „Гоман“, № 54, 18. VIII, 1916.
Дзеля таго, што віленская дэмакратычная моладзь, ладзячы часта экскурсіі на ўлоньне прыроды, ня мела што пяяць, Нагродзкі абвясьціў конкурс на песьню, словы каторае адпавядалі-бы тагачасным настроям моладзі. У конкурсе прыняў учасьце Багушэвіч і — выйшаў пераможцай: конкурсны суд выбраў ягоны верш, каторы сваім зьместам ёсьць антытэзай ведамае песьні з часоў Міцкевіча: „Precz, precz smutek wszelki, zapal fajki, staw butelki!“… „Piosnkę tę — кажа Нагродзкі — umiłowaliśmy nad wszelkie inne; stała się ona jakby naszym sztandarem, i ją właśnie najczęściej i najchętniej śpiewaliśmy. Zresztą, śpiewaną ona była nie tylko przez nas i nie tylko w Wilnie. Była ona również popularną wśród młodzieży polskiej w Kownie, której przewodził niedawno zmarły w Wilnie Zygmunt Rewkowski“. — Падаю поўны тэкст песьні Багушэвіча (падпісаўся аўтар пад ёй псэўданімам „F. Bur.“ і датаваў 20. VII. 97.), бо-ж вельмі цікаўная тая эвалюцыя настрояў моладзі, якая ў ёй адбілася, раўнуючы з за стольнай песьняй шляхоцкае моладзі дваццатых гадоў мінулала стагодзьдзя:
|
Паміж іншым, Нагродзкі прасіў Багушэвіча напісаць якую беларускую п‘еску дзеля народнага тэатру. Багушэвіч ахвотна абяцаў папрацаваць над п‘ескай, але ізноў-жа ня мог знайсьці адпаведнае тэмы. Нагродзкі абяцаў абдумаць тэму і даць Багушэвічу, але, пакуль абдумаваў, паэта памер у Кушлянах.
Paźbirać usie manatki,
З недрукаваных вершаў Багушэвічавых, напісаных у 90-ых гадох, Нагродзкі даў мне копію яшчэ аднаго, напісанага з прычыны чутак аб блізкім канцы сьвету, каторыя тады шырака хадзілі ў народзе Вось гэты верш:
Otoż, bracie, dawiadzietsa Wilno. F. Bahuszewicz. |
Калі з Кушлянаў прыйшла ў Вільню сумная веста аб сьмерці Фр. Багушэвіча, Нагродзкі ня меў магчымасьці паехаць на пахавіны свайго прыяцеля. За тое ён з‘арганізаваў дэлегацыю з чатырох асобаў — пераважна із сфэры працоўнае — з краўцом Закрэўскім на чале. Дэлегацыя павезла з сабой вялікі вянок з яліны; замест істужкі быў тонкі белы сялянскі ручнік з беларускім надпісам: „Змоўклі песьні тыя, што іграў на дудцы…“ (словы ўзятыя з перадсьмертнага вершыку паэты). Вянок быў ўзложаны на магілу і нейкі час ляжаў тамака, — але пазьней, калі Нагродзкі туды прыехаў, дык беларускага надпісу ўжо не знайшоў: ён — „шчэз“…
Нагродзкі характарызуе Багушэвіча гэтак:
„Jako człowiek — wcielona szlachetność, niezmiernej moealnej wartości, strasznie wrażliwy na wszelkie zło. Oburzała go do głębi duszy każda nieprawość, na którą inni nie zwracali nawet uwagi“.
Ці ня з гэтага вырас і ўвесь сацыяльны й палітычны радыкалізм Багушэвіча? Зьмест цэлага раду вершаў паэты як-быццам пацьвярджае гэту дагадку.
Паводле Нагродзкага, беларуская праца Багушчэвічава не абмежавалася пісаньнем вершаў: з даручэньня Яна Карловіча ён паважна заняўся працай над укладаньнем беларускага слоўніка ( — адзначым мімаходам, што ў гэным часе ўжо існаваў адзін беларускі слоўнік Насовіча). У Багушэвіча былі спэцыяльныя скрыначкі, куды ён складаў картачкі з асобнымі словамі. Бывала, што падчас гутаркі ён пачуў нейкае новае ці прыпомніў старое слова, даўно чутае, дык зараз-жа яго запісаваў на картачцы і клаў у скрыначку. Ці сям‘я захавала гэты цэнны з навуковага гледзішча матэрыял, няма ведама.
На канчатак Нагродзкі паінфармаваў мяне аб гісторыі друку і пашыраньня „Беларускае дудкі“ і іншых твораў Багушэвічавых. „Дудка“ была вельмі ходная. 3.000 надрукаваных у першым выданьні экзэмпляраў хутка разыйшліся. У шырэньні іх Нагродзкі прыймаў вельмі дзейнае ўчасьце. Нагродзкі працаваў тады ў каапэратыве (на Татарскай вуліцы), і да яго часта прыходзілі людзі з вёскі, каторых ён надзяляў Багушэвічавымі творамі. Апрача «Дудкі» і «Смыка» была йшчэ трэйцяя кніжачка: зборнічак вершаў (паводле Нагродзка — слабейшых) «Тралялёначка», аб існаваньні якое цяпер ужо мала хто ведае, дый яна нідзе не захавалася.[6]. Ня ведалі аб ёй ані М. Гарэцкі, пішучы сваю «Гісторыю Беларускае Літаратуры», ані кс. Станкевіч. калі апрацоўваў успомненую ўжо свою популярную брашурку аб Багушэвічу.
Калі «Дудка» вычарпалася, Нагродзкі надумаў перавыдаць яе сваім коштам. Якраз меўся ехаць у Кракаў — адвезьці сваю дачку і наладзіць друк кніжкі аб ведамым працэсе за «бунт у Крожах» — Аляксандра Лапінскі, каторы і згадзіўся адвезьці ў Кракаў 100 руб. ад Нагродзкага, каб Анчыц перадрукаваў «Дудку», — што і было акуратна выпаўнена. Але цяжка было кольпортаваць яе да краю — праз «зялёную граніцу». Спачатку — з памогай Яз. Пілсудскага — везьлі да краю 200 экз. «Дудкі». Далейшыя транспорты меліся ісьці кантрабандай — з аплатай па 40 руб. за пуд. Увесь наклад быў з гэтай мэтай узяты ад Анчыца, але чамусьці прывоз на доўгі час спыніўся. Толькі шмат пазьней Іван Луцкевіч, як быў у Кракаве, вышукаў гэты наклад, і кніжкі былі часткамі перасыланы да краю, гдзе вельмі хутка разыйшліся. Пасьля «Дудку» перадрукавала Суполка «Загляне Сонца і ў наша ваконца» ў Пецярбурзе, закупіўшы ад сям’і Багушэвічавай права на выданьне ўсіх твораў паэты, у тым ліку і пакіненае да сягоньняшняга дня ў рукапісе «Беларускае скрыпачкі». Апошняя перахоўвалася ў архіве Браніслава Эпімаха-Шыпілы і разам з усім архівам перайшла да Беларускае Акадэміі Навук у Менску.
- ↑ Дзеля точнасьці адзначаю, што тыя-ж інфармацыі з біаграфіі Багушэвіча падае Е. Карскі, Беларусы, т. III, вып. 3. стр. 194—195, а за ім і за Гарэцкім паўтарае М. Піотуховіч, „Нарысы гісторыі беларускай літаратуры“, частка першая, Менск, 1928, стр. 86—87.
- ↑ Карскі („Беларусы“ т. III, вып. 3), а за ім Піотуховіч („Нарысы гіст. бел. Літ.“, ч. 1) прыпісаваюць Багушэвічу напісанае ў форме праклямацыі апавяданьне аб зачыненьні касьцёлу ў Крожах у 1893 г., але пэўнасьці адносна аўтарства яго ня маюць.
- ↑ Інфармацыі, даваныя Нагродзкім падчас гутарак з ім 3.IX, 35 і 10.X, 35, я запісаваў, пасьля дома апрацоўваў і ў рукапісе даваў Нагродзкаму дзеля праверкі. У запісе першае гутаркі інфарматар мой зрабіў сваей рукой некалькі паправак — А. Л.
- ↑ М. Піостуховіч („Нарысы гіст. белар. літар“. ч. I, стр. 94) бачыць пачатак радыкалізму Багушэвіча ў часе ўнівэрсытэцкае навукі ў Пецярбурзе, дзе сярод студэнцтва панавалі ідэі Гэрцэна і Бакуніна ды „моцна гучэў Колокол“ Гэрцэна“.
- ↑ З формы напісаньня і датаваньня выглядзе, што вершы пісаны ў Коўне.
- ↑ Карскі („Беларусы“ т. III, вып. 3) а за ім і Піотуховіч (Нарысы гіст. белар. літар.) называе — „Тралялёначку“ „апавяданьнем у прозе“, чаму Нагродзкі пярэчыць, кажучы, што гэта быў зборнічак вершаў.