Жыла сабе бедная ўдава…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
(Пасля перасылкі з Жыла сабе бедная ўдава...)
Жыла сабе бедная ўдава...
Казка
Аўтар: Леапольд Родзевіч
Крыніца: http://old.knihi.com/rodzievic/kazka1.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыла сабе бедная ўдава. І былі ў яе тры сыны. Адзін быў валакіта, марнатраўца, а працы баяўся, як чорт крыжа. Не прапускаў ёй ні аднаго кірмаша, на якіх п'яны любіў пабуяніць, напракудзіць местачковым і кірмашуючым. Шукаючы лёгкага хлеба і распусных асалод у жыцці, пачаў ён валэндацца па чужых старонках, аддаючы свае ўслугі шальмоўству, роскашы і душагубцам. Але ж ведама, што хлеб найміта не здаровы і не салодкі, і сын-валакіта кідаўся з месца на месца, прызываючы на помач злыя, шкодныя сілы, а дрыгва жыцця штораз глыбей загортвала яго ў свае абоймы. Не адгукнулася сэрца валакіты-найміта на заклік кахаючай маці вярнуцца пад родную страху, не чурацца свайго роду і простых звычаяў. Ані музыка, ані песня не акрылялі яго струхлеўшай душы. Прыкра было з ім маўчаць, а гутарка злой сваркай канчалася. І людзі здалёку абміналі яго, як вужаку ядавітую, як залом вядзьмарскі.

Болем балела сэрца маці за блудным сынам. Плакалі яе вочы, узіраючыся ў сінюю даль, а крыж на расстайных дарогах часта-густа чуў яе слёзны стогн. А колькі намалілася і наваражылася, і ахвяры клала, і пакутавала! І мілей бы ёй смерць была за жыццё, каб не другі сын - рабачай ад раллі, яе хлебадаўца і апора старасці. Спакойны, рахманы, працавіты, як мурашка, шанаваў хвалу гаспадара, а значыць, і гаспадарка яму спрыяла, рупіла. Карыстаўся пашанай у вёсцы, бо быў добры сусед - нікому, як кажуць, вады не замуціў, ды і на Бога не забываўся. Кожнага жабрака надзеліць, госця прывітае, чым хата багата, а хай зазвініць у якім вуху - дык перажагнаецца і тройчы плюне. І нечысць да яго не магла прыкараскацца. Ніколі не пахаяў малодшага свайго брата Янука, празванага статэчнымі гаспадарамі дурным. Цэлымі днямі пралежваў Янук на печы, вытылінкваючы на жалейцы «Былі ў бацькі тры сыны...». Дарма ён еў хлеб, бо каб памагчы што ў гаспадарцы - ніколі. Толькі ж дурната яго была незразумелая, бо часам як аб чым скажа, дык як звяжа, адразу ўсё стане ясна, і ўся вёска падхопіць, і доўга перакідваюцца гэтым сказам. Слыў Янук і добрымі вачмі і лёгкай рукой. Каб вельмі добра ручыла навароджаная жывёліна, дык трэба было на яе Януку першаму паглядзець. Каб ураджайная была ніва, дык Янук павінен быў рассеяць хоць адну жменю. Летам Янук рэдка дома сядзеў: любіў ён бадзяцца па лясах і слухаць шум-гоман лясны, пяянне птушак. Стане ў гушчары проставалосы, нерухомы, галаву крыху набок зверне, вочы быццам нічога не бачаць, як у непрытомнага, і слухае цэлымі гадзінамі. І птушкі яго не баяліся - садзіліся на калматую галаву ды весела чырыкалі кругом. Тады ніяк не скажаш, вар'ят ён ці святы.

Наслухаўшыся сакавітае музыкі прыроды, спрабаваў ён зрабіць новую жалейку, каб пераліць уражайна-даспелую душу ў чулагучнае гранне. Тольжі ж жалейкі такой яму не ўдавалася зрабіць, і песня «Былі ў бацькі тры сыны...» ізноў кацілася пявучымі хвалямі з печы.

Занемагла раз удава і напоўніла хату стогнам - хворасць на доўгі час кінула яе на ложак. Бяда расселася на покуці, журба стала пры парозе. Не адзін маладзік мінуў, перапробавалі розных зёлак, прыпарак, загавораў, а папраўкі не было.

Цэлы век свой удава не знала радасці ў жыцці. Гора вадзіла яе па сцежках жыццёвых, цярпенне сачыла па слядах. Нялёгка было ўтрымацца пад цяжарам непамернай працы. І ўрэшце занядужала і звалілася.

Глыбокі сум агарнуў яе добрых сыноў. Нечаканая бяда збіла з панталыку хлебароба - работа стала з рук вывальвацца, не ручыла і ў гаспадарцы, бо апякунчыя думы гаспадара змяніліся ў тугу-сум кахаючага сына. Спахмурнеў і Янук. Заціхлі яго песні і гранне. Кідаўся нехаця з кута ў кут і думаў адну думу: як выратаваць дарагую матулю. А як выратаваць? Маліцца Янук не ўмеў, новыя песні не складаліся, лекаў ніякіх не знаў, меў толькі гарачае, кахаючае сэрца і чулую душу. Дык нічога дзіўнага, што Янук браў гарачыя вугельчыкі ў жменю і трымаў, аж пакуль тыя не гаслі, і шаптаў, каб толькі выздаравела. Нічога дзіўнага, што ён цэлымі начамі прыслужваў хворай, без слоў разумеў яе жаданні, сваім поглядам прытупляў яе востры боль. Толькі як певень запяе, а зарніца адаб'ецца ў яго бяссонных вачах, тады ён клаўся на печ і засынаў трывожным сном.

Аднаго разу, калі змярканне напоўніла хату, недзе на загуменні завыў сабака, а ў сенцах сама па сабе звалілася каса са сцяны, Янук прабудзіўся, з трывожным непакоем стаў туліць да сябе хворую, як бы баронячы яе ад грознай, нявідзімай сілы. Усцешвала яго маці кахаючай гутаркай, гладзіла ласкавай рукой, але Янук быў поўны трывогі. Ёй расказаў, што яму ў час сну пачуўся выразны голас, які казаў, што маці датуль не выздаравее, пакуль яе сыны не раздабудуць слёз радасных, слёз ад шчасця.

Сын-хлебароб, пачуўшы гэта, заайкаў, ківаючы галавой, махнуў зняверана рукой, бо дзе ж відана, каб у нашай старонцы, спавітай злой ноччу, мог хто плакаць ад шчасця.

Затое Янук прысягнуў хворай, што хоць пад зямлёй, але дабудзе, не вернецца без гэтых надзвычайных лекаў, што ён сярод зла і гора здолее знайсці нешта светлае, радаснае, пазнаўшы якое, людзі заплачуць ад умілення, што калі яму смерць перашкодзіць дайсці да мэты, дык ён шчасліў будзе ўжо тым, што жадаў, дабіваўся, што даказаў сваё бязмернае каханне да маці.

Была цёмная ноч, а віхор злосна стукаўся ў трухлявыя сцены ўбогай хаціны ўдавы, трывожыў скрыпучыя вербы і скуголіў па шчэлках і ў коміне. Куры на куроснах будзіліся ад трывожных перасцярог пеўня. Сабака, заціснуўшыся ў кут будкі, ветрыў носам і жаласна скомліў. Каля восеці галёкала сава. Немарасць і страх апанавалі ўсё жывое, толькі блуднаму сыну ўдавы было хоць бы што. Зужыткаваўшы здароўе і ўсё заробленае на распусту, вяртаўся ён дахаты, прыслухоўваючыся да гідкіх нагавораў рознай нечысці, якой у гэтую страшную ноч было ўсюды паўным паўнюсенька. Увайшоўшы ў хату, ён ударыўся галавой у касяк, бо адвык ад сваіх парогаў, і брыдкай лаянкай перабіў малітву хлебаробу, які збіраўся ўжо ночку начаваць.

- Ціха, браце, матулю разбудзім...

- А што, яна яшчэ не струхнела? Жывучая, як руды кот... І далей гэткай прыкрай гаворкай найміт пачаў дамагацца грошай, сваёй часці ад гаспадаркі, казаў, што браты яго крыўдзяць, што трэба маці прагнаць, бо яна дармаедка і лішніца ў хаце.

- На, браце, хлеба кусок, калі ты галодны, і не будзь пустадомкам. Не забывайся, што пакуль маці жыве, яна - гаспадыня. Мы павінны яе слухаць і шанаваць, - сказаў хлебароб і палажыў перад наймітам хлеб.

Дзіка заблішчэлі вочы найміта, злосна пырнуў ён хлеб са стала і, схапіўшы тапор, зашыпеў, як гад падкалодны:

- Калі яна нам перашкодзіць, дык...

І замахнуўся на матку тапаром. У адзін міг хлебароб вырваў тапор і, крыкнуўшы на брата: «Юда!», хацеў адным ударам прыбіць яго.

- Каін! - сіпла прахрыпеў найміт.

Пачуўшы гэтае страшнае найменне, хлебароб аж здрыгануўся, з абяссіленай, апушчанай рукі высунуўся на падлогу тапор. Яго рыданне прарвала часовую маўчанку.

Усё гэта бачыла прабуджаная крыкам маці. Незаслужаная крыўда і пякучы жаль прыдалі ёй моцы і яна, зышоўшы з ложка, бледная, як палатно, напаўжывая, працягнуўшы к небу кастлявыя рукі, пракляла пракляццем маці абодвух сыноў: аднаго як вырадка за паняверу бацькаўшчыны, за жудасны намер забіць родную матку, а другога - што не здолеў з чэсцю абараніць яе, бо праз жаласць яго астаўся жывым страшны праступак, і ён, такім чынам, загідзіў асвячоныя працавітым жыццём сцены прадзедаўскай хаты. Ах, яна не можа жыць з імі пад адной страхой і пойдзе жабраваць у чужых людзей змілавання. Лепш згінуць ёй у полі, непахаўтуранай, як дамучваць свае апошнія дні ў лагве немачы і агіды.

І выйшла, хістаючыся, прыбітая горам, удава з сваёй хаціны, выйшла ў свет шырокі шукаць свайго сына апошняга, сваю надзею і радасць. Цяпер Янук стаў ёй найдаражэйшым, наймілейшым. Яна мусіць яго знайсці, каб прыгалубіць яго, пажальбаваць у горы, яна выпрасіць у Бога сабе здароўя, каб не засмучаць свайго Янучка. Ах, каб толькі ёй знайсці дарагога сыночка! Інакш і пасля смерці не будзе ёй супакою.

Вось так заўсёды чалавек у горы шукае, прыдумвае сабе ў нечым збаўлення, а фальшывае гэтае збаўленне няпэўна падтрымоўвае і памагае кульгаць па шляху, аж пакуль...

Але ж адна бяда не ходзіць, другую за сабой водзіць. Толькі ўдава пакінула сваю хату, як паднялася небывалая навальніца. Гудзела неба, стагнала зямля. Святло і цемра з сыканнем і скрыгатам перапляталіся ў злосным змаганні. Гатавалася, хвалявалася паветра. І сярод гэтай страшнай непагоды і бездарожжа чуваць быў крык пакрыўджанай, пакінутай маці: «Сынку, дзе ты?..» І недзе ў глыбіні бурлівай ночы, якочучы, пералівалася рэха: «Сынку, дзе ты?..»

Доўга хадзіў Янук, шукаючы такіх рэдкіх лекаў. Але не толькі слёз ад шчасця, ды і самога шчасця нідзе не мог знайсці. Усюды ён чуў толькі скрыпучы стогн і нараканне, якія зусім не былі падобны да пявучага шуму-гоману лесу і палёў. Янука штораз мацней пачаў апутваць дратаваны сум, штораз глыбей упівалася ў сэрца журба. Тут успомніў Янук, як ён, будучы яшчэ юнаком, еў з братамі з адной міскі, і калі браты адганялі яго ад заціркі, каб ім больш аставалася, дык Янук ішоў у лес, рабіў сабе жалейку і ў гранні забываўся аб голадзе. Вось і цяпер зрэзаў ён прыдарожную вярбіну, старанна зрабіў жалейку ды і зайграў.

А калі кончыў гранне, дык пачуў сябе радасным, светазарным - такая чароўная, жыццядаўчая была гучнасць жалейкі. І не дзіва, бо з жалейкі адклікалася, пяяла душа яго матулі - жалейка была зроблена з вярбіны, якая вырасла на магіле без часу загібеўшай удавы. Толькі ж Янук гэтага не ведаў. Узяўшы жалейку, ён пайшоў да людзей з пэўнай надзеяй, што цяпер сваім граннем дастукаецца ў сэрцах людскіх слёз ад шчасця.

Ой, вельмі жорсткія сэрцы людскія, каб іх чулымі гукамі ўзварушыць, вызваць рэха з затаёных куточкаў. Ой, лішне шмат уплыло слёз на бяду бедаваную, каб імі можна было асвяціць нечаканае шчасце; ой, шмат яшчэ сонца зробіць дарог, пакуль людзі глянуць душой і ўцямяць сэрцам.

І Янук, змучаны няўдачай, вынес сваю няўтомную веру ў бязлюддзе, у глуш лясную, на заімшэлую руіну. Там, сеўшы пад аграмадным каменем, усёй істотай сваёй аддаўся творчасці, пераліўся ў чулагучнае гранне, забыўся ў хмельных лятунках. Так было хораша гэтае гранне, што на камяні, пад якім сядзеў Янук, выступіла брыльянцістая раса - камень заплакаў. Камень ажыў, загаманіў:

- Я, акамянелы велікалюд, плачу ад радасці, ад шчасця, ад хвалы, што моц мая магучая, моц важкасці зямной не загінула, а стала легкакрылай, красатворчай, славіць славу талакі, мэціць к сонцу свой узлёт...

Не слухаў больш велікалюда Янук, а паспяшыў збіраць слёзы ад шчасця. Як толькі чапнуў іх сквапнымі рукамі, дык сталася тое, што людзі называюць цудам. Янук стаў знікаць: спярша перамяніўся ў празрыстую сіняву, пасля ў светлы слуп, а ўрэшце зусім знік.

Так бывае з тым, чый творчы дух збірае плады - слёзы шчасця, - ён уваходзіць у вечнае, сусветнае.