Журба

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Журба
Верш
Аўтар: Алесь Гарун
Крыніца: http://rv-blr.com/vershu/view/71963


Сэрца болей не сьмяецца,
Сэрца плача жаласьліва.
Ці дасьць Бог, ці давядзецца
Быці там, дзе наша Ніва?
         Думкі, праца – ўсё далёка!
         Песьні, казкі ў пазабыцьцю...
         Прад сабой я толькі вока
         Бачу страшнага нябыцьця.
Волі, думак, шчасьця, сьмеху
Дайце мне! Хоць пакажыце!..
Але не... Мне на пацеху –
Вока страшнага нябыцьця.
         Я б узяў матыку ў рукі,
         Карчаваў бы, чысьціў поле,
         Але – там... Я тут бязрукі,
         Я бясьсільны... Я бяз волі.
Сэрца плача, і я плачу;
Плачу з сэрцам галасьліва.
Дзе ты, дзе ты, краю родны?
Край далёкі, маці-Ніва?