Перайсці да зместу

Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства (1919)/7/Я ад вас далека

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пажалей мужыка Я ад вас далека
Верш
Аўтар: Янка Купала
1919 год
Мой край
Іншыя публікацыі гэтага твора: Я ад вас далёка…

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я ад вас далека.

Я ад вас далека, бацькаускія гоні, —
На чужое небо ужо гляджу сягоння.
Але думкай, сэрцам толькі вас я знаю,
Як і жыу, жыву я у сваім родным краю.
І німа на сьвеце так вялікай меры,
І німа на сьвеце так каваных дзьверау,
Каб хоць на часіну у будні, ці у нядзелі —
Беларусь са мною разлучыць пасьмелі!
Я ад вас далека… скажуць гэтак людзі…
Але хто заглянуу у чужые грудзі,
І паняу хто шчыра той агонь і мора,
Што гарыць, бушуе і аб чым гавора,
Пойме толькі гэта, хто аж да сканання
Ні пазнау спакою, ні пазнау прыстання;
Каго доля ведзьма ад самай калыскі
Кідала па сьвеце, як той лісьць вятрыскі.
Я ад вас далека… А дзе ні гляджу я,
Дома толькі думка днюе і начуе;
Знаю толькі пушчы Белавежскай гоман,
Знаю толькі рэчку — с плытнікамі Неман.
Дзе у чужыне будзе сад так гадаваны,
Дзе такі там хорам важна збудаваны, —
Што мне замянілі-б хату і бярозкі,
Хату і бярозкі беларускай вескі…
Я ад вас далека… Дзеліць нас паусьвета, —
А жыву-ж я з вамі і зіму і лета:
Чую з вамі у восень ніпагоды песьню
Цешуся с праталін вольнаго прадвесьня.
І ці сонцэ узойдзе, і ці сонце зайдзе, —
Вечна з думкай там я, мой спакойны край дзе;
З выраю-ж як толькі сустрэчаю гусі,
Весьці у іх пытаю з роднай Беларусі.
Я ад вас далека… Жыву меж чужымі.
Чую-ж вашы песьні — вотклік шлю сваімі;
Дабываю песьні ад душы, ад сэрца,
Аж-бы сам за імі к вам ляцеу, здаецца.
Ні зрабіць нікому гэткай дамавіны.
І ні вырыць яму гэтакай глыбіны,
Каб у іх з вачэй мне Беларусю-маці,
Як людзей хаваюць, гэтак пахаваці.
Я ад вас далека… Боже ты мой мілы!
Ніразлучны з вамі да самай магілы, —
Ні пакіну думаць сьветам і у пацемку:
Як там жывеце вы, як жыве старонка.
А хоць дасьць мне доля у дамавіне мейсца, —
Устане цень з зямлі мой, на крыж абапрэцца,
І у той бок глядзеці будзе век нізводна,
Гдзе ляжаць загоны Беларусі роднай.