Дыямэнты беларускага прыгожага пісьменства (1919)/10/Малітва малога Габрусіка
| ← Сымон | Малітва малога Габрусіка Апавяданьне Аўтар: Змітрок Бядуля 1919 год |
Сэрца прароча → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Малітва малога Габрусіка. |
Малітва малога Габрусіка.
А ведаеш што, сынок — казау Ігнат свайму маленькаму Габрусіку: рыхтуйся! Абувай новыя лапці, бо паедзем на імшу! Ніхай сягоння Настуля ганяе у полі, — патрапіць ужо, а мы с табой, каток, у цэркву паедзем.
Гэта было у нядзелю раніцай. Бацькі Габрусіка жылі далека ад мястэчка, ладны кавалак ад вескі, на адзіноці, над рэчкай, ля цемнага лесу. Ігнат служыу палясоушчыкам у блізкаго пана і цялюсенькія дні швэндауся па лесі са стрэльбай на плечах. Маці хадзіла у двор на падзенную работу; сястрыца Настуля аставалася няньчыць маленькаго Міхаська, а Габрусік с торбачкай на плечах пасьвіу на балоці, ды па асоцы бурую кароуку, цялушку, парасе і пяток гусей.
Надта усьцешыуся Габрусік: ніколі ен яшчэ ні быу нідзе. Паддеушы аладкам, насербаушыся заціркі, надзеу ен новую кашулю, бацькаускую суконную камізэльку, новыя лапці з белымі анучамі і паехау з бацькам на худой кабылцы у мястэчка.
Новым і дзіуным паказалася яму на дарозе усе: і вялікая веска, дзе дяцюкі ігралі на гармоніцы, дураючы з дзеучатамі, і шырокія вуліцы мястэчка з вялікімі хатамі, і народ, каторы кішеу на рынку. Але ен маучау, вытрашчаушы вочы, быццым дзікі зьвярок.
— Пастой! — кажа яму бацька, тпрукаючы кабылу, — пайду куплю абаранкоу!.. І, выняушы з-за пазухі капшук з махоркай, дастау адтуль некалькі медзякоу і купіу у жыдоукі для Габрусіка абаранкау; але той і ні думаў іх есьці…
Вось і цэрква… Яны ужо стаяць у сярэдзіне, і дзіуна блішчаць Габрусевы вочы. Бачыць ен: поп у рызі, шытай золатам, стаіць на амбоне і пяе… Шмат аганькоу сьвеціць, як зоркі у небі, а людзі без шапак стаяць і шэпчуцца, быццым вецер у бары… Зьвіняць званы пад вялікай брамай, як-бы грымоты у час страшэннай навальніцы на лузе.
Маучыць Габрусік, — маліцца ні можа ен: ніхто его не выучыу; але у яго маладым сэрцы ужо дауно Бог жыве… Дауно душа Габрусіка моліцца яму без слоу…
Помніць ен, як канау стары дзядуля, Антон, с шырока расплюснутымі вачыма; угледзіуся ен, як хавалі на магілках старога, і пазнау, што есьць Бог на сьвеце…
Помніць ен, як радзіуся на сьвет яго маленькі брацітка. Міхаська, і быццым зірнуу на Бога…
Бывала раніцай, калі ешчэ усход, чырвоным морам калыхауся над сонным лесам, птушкі пеялі над речкай, а вецер шэптауся у кустах і калыхау залатыя хвалі на панскам жыце, — тады нешта яго быццым рукамі хапала, і ен пускауся бегчы, падбрыківаючы, або клау у губу пальцы і так моцна сьвістау, ажна сам апасьля пужауся зычных отклікау шырокай і прасторнай ваколіцы…
О, ен пазнау, што Бог над зямлей пануе! душой прачуу…
Моляцца людзі старыя і маладыя, і бедныя, і багатыя усе с паднятымі да неба вачыма… Моліцца і бацька яго, а Габрусік і ні чуе, як абаранкі высыпаюцца у яго з рук: глядзіць ва усе бакі і маучыць.
— Та-та, тата! кажа ен раптам. Бацька ні чуе.
— Та-а-та, ні вы-ы-трымаю!…
Ігнат штаухае яго у бок, каб ен маучау, і моліцца зноу.
Людзі апускаюцца на калені, хінуцца усе у адзін бок, як кветкі да сонца…
— Та-а… тачка! сьвіс-ну!…
Ігнат зноу штухае яго у бок і злосна кажа: „ціха“!
Гул ідзе у церкві… Габрусік на усіх і на усе пазірае вялікімі сінімі вачамі, а белая, як лен, галоука яго ні кратаецца, ні ківаецца, як у усіх.
Ціш у цэркві…
Украдкам, каб бацька ні убачыу, улажыу Габрусік па два пальцы кожнай рукі у губу і… зычны закацісты сьвіст раздауся пад высокім скляпенням цэрквы…
Перапужаліся людзі: поп перестау маліцца.
Што гэта? Хто гэта?
Але Габрусік ужо дауно сарвау лапценкі з ног і барджэй кінууся на уцекі дамоу…
А хрысьціяне і ні дагадаліся, што гэта была першая малітва малога Габрусіка у церкві…