Думкі (Грышкевіч)
Думкі Абразок Аўтар: Францішак Грышкевіч 1928 год Крыніца: Студэнская Думка. — Студзень—люты 1928. — №1 (8). — С. 25—26 |
ДУМКІ.
Усяк бывае ў студэнскім жыцьці… Здараюцца дні, тыдні й месяцы, калі з раскошаю сядзіш над стараславянекаю граматыкаю, або грызеш індыйскія філёзофічныя сыстэмы Міманса, Вэданта і. інш., чуеш і разумееш, што гэтак трэба, так быць мусіць… Так бывае часта і сам цешышся сабою, і, здаецца, кахаеш самога сябе моцна, моцна. Мінае месяц, другі, а нават, часта, трэці і так забыўшыся аб усім, забыўшыся аб назове і даце дня, — жывеш нечым даўным і далёкім, а так мілым і блізкім. — Ці-ж могуць і чым могуць цікавіць думкі Індыйцаў з часу тысячы гадоў прад Хрыстом? Ці-ж мала перадумана пасьля іх, ці-ж мала зроджана новага і цікавейшага? Аднак, калі возьмеш прад вочы мніха — філёзафа Санкару, нейкая таёмная сіла цягне да яго. Можа толькі таму, што ён жыў прад 3000 гадамі, якія робяць на чалавека непераможанае ўражаньне. І калі, апрача ўсяго, абавязак студзнта-філёзафа змушае заглянуць да ягонае працы, то пры першым слове пералятаеш ў ягоны час і разам з ім паўтараеш: „што ёсьць — ёсьць Брама, а тое, чым ня ёсьць Брама, ёсьць нічым“. Так праходзяць дні…
То зноў часам спужаешся сябе самога і кінеш працу, і божышся самому сабе, што „зашмат філёзофуеш“, зашмат „губіш дарэмна“ часу, што трэба толькі „мэханічна навучыцца“.., каб здаць экзамен, а пасьля не заглянуць ужо ніколі. — „На ліха думаць?“, „яшчэ адурэць можна!“. І па такім „рацыянальным разважаньню“ годзішся з сабою і „мэханічна“ пераходзіш да другога аддзелу.
Адчыняеш „Кіеўскія лістоўкі“, бярэш граматыку стараславянскую Вэйнгардта і сьпісваеш словы паводле „у — родаў“, „о — родаў“ і „а — родаў“; цешышся, што гэта праца ўжо „мэханічная“, „для экзамену патрэбна“. Здаецца, крышачку сталася лягчэй, „меней філёзофіі“ і больш „рацыі“, а пры гэтым разуменьне працы, падобнае да пайма работы, нечага „позытыўнага“ робіцца больш і больш блізкім і ацэненым.
Так праходзіць тыдзень і месяц…
Раптам нешта, як нажом па горле, зашчэміць, апіража і зацісьне; кідаеш кнігу, як нешта абрыдлае і нягоднае… Думку парывае нейкая бурлівая хваля і нясе яе чым далей ад кнігі і надыходзіць знаная ўжо добра „студэнская хвіліна“. „Зарэж — вучыцца немагчыма“. Што робіцца, што дзеецца? Дзе сіла, якая магла-б перамагчы гэтую „хвіліну?“ Скажуць — гэта гультайства, абломаўшчына. Скажуць: нямецкі студэнт гэткіх „хвілін“ ня знае і не патрабуе, гэта славянская духовая анармальнасьць. Пардон! Знаюць яе ўсе студэнты сьвету, знаюць яе ад залажэньня першага ўнівэрсытэту і будуць яе знаць да разбураньня апошняга. Тут няма выняткаў, гэта адзінае правіла бяз іх. Пісаліся анкеты — адказы былі аднолькавы, Пачынаючы кляшторнаю школаю, а канчаючы амэрыканскім „унівэрсытэтам“ — усюды гэты закон.
— Аб чым думаеце, калега, чаго сумуеце, чаму ня вучыцеся?
Заўсёды пачуеш адзіны адказ:
— Ліха яго ведае, што гэта сталася; ужо трэці дзень не магу вучыцца, думкі мучаюць…
Гэтае глыбокае „думкі мучаюць“ знае кожны студэнт. Нямілым робішся для ўсіх і сам іх усіх ненавідзіш. Заўсёды злы і кіслы, як воцат, заўсёды адзінокі бадзяешся і бадзяешся…
Мінае дзень і другі… Думкі мучаюць…
Думаецца і думаецца…
— Дакуль гэта ў беларускіх газэтах і літэратуры будуць пісаць, што славянскі апостал Кірыл стварыў і пісаў, „кірыліцаю“? — Чаму працы Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту ў Менску выдаюць парасейску? — Чаму Беларускае Навуковае Таварыства не выдае, хаця-б у год адзін раз, свае часопісі? Чаму аб ім мала хто чуе, калі аб украінскім, славацкім і сербалужыцкім усюды чытаць можамо? Чаму нашыя школьныя падручнікі выдаюцца паводле перажытае сыстэмы, калі мы ўжо ў Вільні маемо людзёў, якія добра знаюць пэдагогічны мэтад школы нашых дзён? Чаму гэта ўсё так робіцца? Чыя тут віна?
Думаецца і думаецца…
— Чаму ў нас што асоба з сярэдняю, ці вышэйшаю асьветаю — то ўжо асобная палітычная партыя? Чаму спосаб партыйнага змаганьня ў нас ёсьць такім брудным і нялюдзкім? — Чаму ў нас няма камітэту апекі над магіламі памёршых Апосталаў нашага Адраджэньня? Мільён залатых рублёў таму, хто сягоньня знайдзе магілу Алеся Гаруна! — Чаму ў Краі няма камітэту помачы беларускім студэнтам на эміграцыі, калі ведама добра ўсім, што яны гінуць ад сухотаў, як мухі? — Ніхто аб гэтым ня думае, нікому не баліць гэта. Чыя тут віна? Хто тут вінен? Ціха… Няма адказу, бо няма згоды!
Думаецца і думаецца…
Весялее ў вачах, прачынаешся з задумы, канец сну й мукі — „студэнская хвіліна“ праходзіць. — Кідаеш сырыя і дымныя вуліцы, прашчаешся з бліскучымі вітрынамі і прэшся каб спаткацца з некім з жывых людзёў. — Вяртаешся зной у час дамоў, бярэш кнігу і цалуеш яе. Зноў філязофія, знощ стараславянская граматыка і гісторыя літэатураў… Чуеш, што сябе зноў кахаеш і кахаеш старыя „еры“ і „тітлы“, усё гэта робіцца мілым і блізкім.
Забываешся „мэханічнага“ для экзаміну і пачынаецца мілая філязофія…
А думкі зноў чакаюць свае чаргі, зноў ідуць на спатканьне…
Прага, Сьнежань, 1927.

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.