Думкі і разважаньні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Думкі і разважаньні
Публіцыстыка
Аўтар: Янка Станкевіч
1923 год
Крыніца: Часопіс «Крывіч», № 1, чэрвень 1923 г., б. 39-42
Артыкул быў падпісаны псэўданімам «Брачыслаў Скарыніч»


Думкі і разважаньні.
Дзьве праўды.

У паасобных людзей і цэлых грамадзкіх груп рожных народаў існуюць два праціўныя й няпрыязныя сабе перакананьні. Адны кажуць, што ў адносінах да чужое, на‘т варожае нацыі трэба кіравацца таею-ж этыкаю, якая вымагаецца ў адносінах паміж людзьмі аднаей тэй-жа нацыі. Другія даводзяць, што ў адносінах да няпрыязнае, непрыяцельская сабе нацыі этыка ня можа забавязывацб, што тут усялякія спосабы барацьбы добры.

У каго-ж праўда і якімі спосабамі павінны мы карыстаццца ў сваёй нацыянальнай працы й барацьбе за адраджэньне і вызваленьне свайго народу з-пад чужацкага ярма. Адказ на гэтае пытаньне знойдзем найлягчэй, калі заглянем у сваю душу. Што-ж пасьля векавога сну й рабскага служэньня чужнікам зрадзіла першага сьвядомага Беларуса? Пасьля страшнага нацыянальнага ўпадку Беларусы страцілі нацыянальную ідэйнасьць (якая цяпер проста ў нас завецца сьвядомасьцю), жаданьне агульна для ўсяго беларускага народу дабра. Страціўшы нацыянальную ідэйнасьць і маючы агульную, хоць вельмі ня ясную, расплыўчатую, часта толькі інстыйктыўную, сьвядомасьць свае нацыянальнае асобнасьці, Беларусом не аставалася нічога іншага жадаць, як толькі свае асабістае карысьці. А дзеля таго што кожды, думаючы толькі аб сабе, быў адзінокім і слабым, то дзеля гэнае асабістае карысьці мусілі пайсьці на службу да розных „паноў“, гаспадароў палажэньня, прадаючы ім сваю энэргію розум, чэсьць, сумленьне — ўсё. Не пярэчыць гэтаму тое, што гэткія прадажныя рабы адны „любілі“ больш аднаго, а другія другога пана, бо й найгоршыя рабы розна адносяцца да розных паноў. А што служба Маскалём і Паляком запраўды ў нас была гэткім рабскім прадажніцтвам больш ці менш прыкрываным рознымі „поглядамі“, „пераконаньнямі“, „узгадаваньнямі“ й г. д. можа сьведчыць як найлепш той, здавалася-б надзвычайна дзіўны факт, што тыя, якія яшчэ некалькі год назад з пенаю баранілі Расійскія патрэбы, цяпер пад польскай акупацыяй ахвотна пераходзяць да гэткае-ж абароны польскіх нацыянальных інтарэсаў у Беларусі. Ці-ж не найлепшай ілюстрацыяй зьяўляецца гэткі факт: залетась на адным грамадзкім сходзе ў Навагрудзкім павеце адзін зоолёгічны Беларус, абруселы інтэлігент, заявіў: „Мы Беларусы былі пад маскоўскаю ўладаю добрымі Маскалямі, цяпер можам быць добрымі Палякамі, калі палякі будуць да нас добра адносіцца (калі будуць іх рабіць польскімі ўраднікамі, афіцэрамі, паліцэйскімі й г. п.). Нам ўсё роўна“.

Па меры таго, як у Беларусаў, загразшых у гэткае маральнае балота праяўлялася пачуцьцё сумленьня, чэсьці этыкі, пачуцьцё сваей людзкай годнасьці яны рабіліся сьвядомымі (ідэйнымі) Беларусамі. У першым нацыянальным гымне „А хто там ідзе“, на пытаньне „А чаго-ж, чаго захацелася ім (Беларусам), — адказуецца „Людзьмі звацца“. У другім, пазьнейшым нашым гымне, выказуецца вера наагул у людзей і адначасна вера ў сваіх беларускіх людзей: „Не пагаснуць зоркі ў небе, пакуль неба будзе, не загіне край наш родны, пакуль жывуць людзі. Беларускаю рукою, сьветлай праўды сіла, долю лепшую гапіша Беларусі мілай. Зацьвіце наш край, як сонца, паміж ўсіх народаў“. Заўсёды чэснасьць, сумленнасьць, этычнасьць, ідэалізм, павіннасьць працы дзеля свайго народу радзілі сьвядомых Беларусоў, наадварот эгоізм і матэрыялізм удзержвалі несьвядомых паміж чужымі. Беларус, захоплены нат, ідэяй, якой чужы нацыянальны дух, раней ці пазьней прыходзіў да нацыянальнае сьвядомасьці, а матэрыялісты або неэтычны сьвядомы Беларус з часам астыгае або здраджае справу і пераходзіць да чужнікоў. Толькі этычнасьць, ідэалізм, пачуцьцё грамадзкае павіннасьці й жаданьне агульнага дабра могуць вытварыць і ўдзяржаць сьвядомасьць і салідарнасьць такога вялікага грамадзкага арганізму, якім ё Народ. Але гэтых варункаў не дастанем бяз веры ў людзей і пачуцьця насамперш сваей людзкай годнасьці, што зьвязана з аднолькава этычнымі людзкімі адносінамі, як паміж людзьмі розных на‘т, непрыяцельскіх паміж сабою нацый. Гэта адна праўда, якой мы ніколі не павінны забывацца.

Але ё яшчэ другая праўда, ня менш важная за першую як для кождага паасобнага чалавека, так і для Вялікага Чалавека — Народу. Праўда гэтая, як закон прыроды, прынята ўсімі рэлігіямі сьвету і ўсімі цывільнымі правамі і выражаецца гэтак: калі на цябе хто нападае, хочучы забіць, ты, каб абараніцца ад сьмерці, маеш права (няма грэху й ня будзеш караны) яго забіць. Прырода, даўшы чалавеку інстынкт самазахаваньня, на‘т цьвярдзей кажа: твая павіннасьць ёсьць бараніцца ўсімі дадзенымі табе мною (даступнымі табе) спосабамі ад сьмерці і, калі інакш нельга, ты мусіш, павінен забіць нападаючага. Няма сумлеву, што той народ, які ўсімі даступнымі яму спосабамі ўціскае другі народ, каб ня даць яму магчымасьці разьвівацца й жыць, той народ, які, пачынаючы ад акупацыі і далей пры помачы школы, адміністрацыі, яўнае й патайнае паліцыі, жандармэрыі, усякіх гатункаў вялізарнага, прыведзенага ў край войска й сыстэматычнага грабаваньня патрэбных для існаваньня народу прадуктаў і г. п. і канчаючы сумысным давядзеньнем да сьмерці масаў варочаючыхся уцякачоў, колёнізацыяй, мусіць быць разгляданы, як нападаючы з мэтаю забіць. Калі пануючы народ у асобе сваей ўлады не прызнае на‘т быцьця ўцісканага ім другога народу або не дае яму нацыянальнае школы (расійцы й палякі ў ад- носінах да Беларусоў). Такі народ ё нападаючым з мэтаю забіць. Або ці-ж можа быць ярчэйшы прыклад нападаючага народу з мэтаю забіць, як заява прадстаўніка пануючага народу, што дзякуючы ўціску за якісь час уцісканы народ будзе зьніштожаны. (польскі міністр Скульскі заявіў: „За. 50 г. ня будзе ніводнага Беларуса”). Бяда нападзенаму, які пры гэткай небясьпечнасьці выбіраў-бы калі, дзе й пачым выцяць нападаючага разбойніка, гора, яму, бо ён быў-бы забітым. Нападзены ў такім прыпадку мусіць сабраць усе сваё сілы, усе свае думкі, усю ўвагу зьвярнуць на абарону, а выбіраць спосабы тут няма калі, ўсе спосабы добры якімі можна бараніцца, і кожды спосаб тым лепшы, чым лепш ім можна бараніцца. Бараніцца ўсімі магчымымі спосабамі ад сьмерці — гэта ё другая праўда, якая зьяўляецца адначасна й абавязкам кождага чалавека й кождага Народу. Дзьве гэтыя праўды не пярэчаць адна аднэй, наадварот, другая выплывае з першае бо людзкая годнасьць ня толькі дазваляе, але й вымагае, каб загрожаны сьмерцьцю бараніўся ўсімі даступнымі яму спосабамі ад другога нападаючага на яго разбойніцкага (культурнага ці някультурнага ўсё, роўна) Народу.

Ці пярэчыць.

У бесканечных гутарках, стацьцях, протэстах і інш. проці польскіх уціскаў і зьдзекаў над паняволенымі беларускім і украінскім народамі блізу што заўсёды чуецца: „Палякі нам павінны былі-б спагадаць, бо яны самі былі пад няволяю ў чужнікоў“, „Ледзь толькі самі вырваліся з чужога ярма, а ўжо над іншымі зьдзекуюцца“ і г. п. Дзіўна, што гэтак кажуць людзі ня толькі далейшых географічна ад Польшчы народаў, якія могуць добра ня ведаць, як зяпраўды Палякі былі ўцісканы, але гэта звычайна кажуць нават Беларусы й Украінцы.[1] З усіх трох гаспадарстваў, пад якімі апынуліся часьці падзеленае Польшчы, толькі ў Прусах Палякі запраўды былі ўцісканы і адначасна самі ніякага іншага народу не ўціскалі. Але нават і ў Прусах уціск Прусакамі Палякоў быў шмат меншы за той нячуваны ўціск, які церпяць пад палякамі Беларусы й Украінцы. Што-ж да Палякоў, якія былі-пад аўстрыяцкай і расійскай ўладаю, дык першыя мелі аўтаномію, а другія, праўда, былі уцісканы, але і ў сотай часьці ня былі ўцісканы й перасьледаваны так, як цяпер уцісканы й перасьледаваны Палякамі Беларусы. Але ў вырабленьні псыхолёгіі гвалту і зьдзеку над іншымі народамі галоўную ролю мае ня тое, ці даны народ быў уцісканы, але ці адначасна ён не уціскаў іншых. Дыкжэ, Палякі ў Аўстрыі уціскалі Украінцаў у Галіччыне, а ў Расіі Беларусоў ўсёй заходняй палавіны Беларусі, а так сама Украінцаў у Холмшчыне, на Валыні і Падольлі. Да падзелу Польшчы палякі ўціскалі Беларусоў, пачынаючы ад Люблінскае уніі 1569 г., а Украінцаў у Галіччыне яшчэ раней. Ад прылучэньня, пасьля падзелу Польшчы, Беларусі да Расіі, польскі ўціск над Беларусамі ня толькі ня зьменшыўся, але яшчэ ў многа разоў павялічыўся. Будучы ўсе пад Польшчаю, Беларусы бараніліся ад полёнізацыі ўсёю сваёю масаю, цяпер-жа вялікшая часьць іх была ўзята Расійцамі Маскалямі-сабе на абрусеньне, а другая-меншая каталіцкая часьць аддадзена на зьежу Паляком. Расійскі ўрад проста памагаў Пялякам палячыць Беларусоў каталікоў. Бо ці-ж можна было лепш памагчы полёнізадыі Беларусоў-каталікоў, як забаронаю беларускае мовы ў касьцеле царскім указам 1839 г., або забаронаю беларускага друку 1865 г. Гэныя перашкоды, якія рабіў Расійскі ўрад у справе палячаньня Беларусоў, запраўды зьяўляліся Паляком дарагою падмогаю. Праўда, Расійцы нё дазвалялі спалячаным паном заводзіць польскія школы для беларускага каталіцкага насяленьня, але адначасна не дазваляючы Беларусом і беларускіх школ, а накідаючы ім расійскую школу, гэтым пхнулі Беларусоў каталікоў у абоймы полёнізаці. Тыя перашкоды ў апалячываньні Беларусоў, якія расійцам мо здаваліся праўдзівымі, запраўды ня былі такімі. Маскалі прыбілі. Беларусь і, стаўшы на яе сваёй цяжкой ступой дапушчалі да яе Палякоў, дазвалялі ім нават добра ласаваца ёю, але не выпушчаючы Беларусоў з-пад свае нагі, яны адначасна прыдзержвалі Палякоў, дражнячы і вырабляючы ў іх надзвычайную прагавітасьць. Я бачыў калісь гэткі абраз. Паляўнічы дзяржаў аднэй рукой, прыціснуўшы да зямлі, злоўленую птушку, а другой рукой дзяржаў на рэмяні сабаку. Птушка яшчэ была жывая й, трапечучыся, старалася вырвацца; сабака, відаць ужо пакусаўшы птушку (на зямлі было пер‘е), ірваўся да яе з прагавітымі вачыма. Гледзячы на гэны абраз чалавек ня ведаў, што падумаць: ці паляўнічы хоча ўратаваць ад сабакі птушку, ці наадварот ён удзержывае для сабакі птушку, хоць пакуль што з ім дражніцца. І мернае злосьці сабака, навязаваны час ад часу, робіцца злым, а паўпанак і аканом, стаўшыся самі панамі, заўсёды будуць горшыя за сваіх ранейшых паноў.

Польскія адносіны да нас цяпер ня толькі не пярэчаць мольскай мінуўшчыне, але наадварот прыродна выплываюць з яе. Гутаркі аб тым, што Палякі цярпелі і дзеля гэтага маглі-б лепш да нас аднасіца, ў вуснах Беларуса маюць тую самую прычыну, што і беларускае бедаваньне над пакрыўджанай вайной Бэльгіяй. Беларус, пахаваўшы памершую з голаду ў часе вайны і ўцякацтва жонку й некалькіх дзяцей, затаіўшы ў грудзёх сваіх боль і жаль усьцешае сябе тым, што не з адным ім так сталася. Наслухаўшыся-ж або начытаўшыся аб зруйнаванай Бэльгіі, ўздыхае: „Ах, бедная Бэльгія!” Прычына ўся ў тым, што мы думаем, гукаем і робім ўсё так, як гэта робяць іншыя чужнікі, нат не стараючыся прытарнаваць гэнага да свайго жыцьця прычына ў тым, што мы дагэтуль яшчэ ня жывём собскім жыцьцём і собскімі патрэбамі.

Браніслаў Скарыніч.
 

  1. Ад Украінцаў я чуў толькі ад тых, якія з Вялікае Украіны