Дудка беларуская (1922, Вільня)/Прадмова

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прадмова
Публіцыстыка
Аўтар: Францішак Багушэвіч
1922 год
Мая дудка
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прадмова да «Дудкі беларускай».

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ПРАДМОВА.

Братцы мілыя, дзеці Зямлі — Маткі маей! Вам ахвяруючы працу сваю, мушу з Вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, ды і не адны мы, а ўсё людзі цёмныя мужыцкай завуць, а завецца яна „Беларускай“. Я сам калісь думаў, што мова наша — „мужыцкая“ мова і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з тэй пары я шмат і гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсьць такая-ж людзкая і панская як і француская, або нямецкая, або і іншая якая. Чытаў я цімала старых папераў па дзьвесьце, па трыста гадоў таму пісаных ў нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі, а нашай мовай чысьцюсенькай, як-бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта я часта думаў: „Божа-ж, мой Божа! што-ж мы за такія бяздольныя? — Якаясь маленьная Баўгарыя — са жменю таго народу — якіясьць Харваты, Чэхі, Маларусы[1] і другія пабратымцы нашыя і розныя чужыя маюць пасвойму пісаныя і друкаваныя кніжачкі і газэты, і набожныя, і сьмешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баечкі; і дзеткі іх чытаюць так як і гавораць, а ў нас як-бы захацеў цыдулку, ці да бацькі лісток напісаць пасвойму, дык можа-б і ў сваей вёсцы людзі сказалі, што „піша па мужыцку“ і як дурня абсьмяялі-б! А можа і запраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць ня можна? Ой не! Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам і гаворым-жа мы ёю шмат і добрага, але так ўжо мы самі пусьцілі яе на зьдзек не раўнуючы, як і паны вялікія ахватней гавораць пафранцуску, як пасвойму. Нас-жа ня жменька, а з дзесяць міліёнаў — больш і шмат больш не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар ці армян, а пакажы-ж, ваша, хоць адну кніжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцьці нашым, каб панашаму?

Ці-ж ужо нам канечна толькі ў чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба, знаць суседзкую мову, але найперш трэба знаць сваю.“ Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас такія-сякія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй, а хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсьць вечная і ад жывых людзей і ад бацькавых касьцей! А пісаць ёсьць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, так і з Польшчай зьедналася добравольная, дык усё яе „Беларусяй“ звалі, і не дарма-ж гэта! Не вялікая, не малая, ні чырвоная, ні чорная яна была, а белая, чыстая; нікога ня біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі найперш мову сваю, так як той чалавек прад скананьнем, катораму мову займе, а потым зусім замерлі, Не пакідайце-ж мовы нашай беларускай, каб ня ўмерлі. Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы: хто якую носе; ото-ж гаворка [2], язык і ёсьць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панаваньня князя Вітоўта на Літве, Беларусь разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасьцей і шмат местаў, як Полацак, прызнавалі над сабой панаваньне князёў Літоўскіх, а посьле Вітоўта Літоўскі князь Гедымін злучыў зусім Беларусь з Літвой ў адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот двадцаць гадоў таму назад ўжо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Днепру і Днестру ракі, да Нёмана; ад Камянца—места аж да Вязьмы, — у сярэдзіне Вялікарусі; ад Дынабурга і за Крамяньчуг, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зерне ў гарэху, была наша зямліца—Беларусь! Можа хто спытае: гдзе-ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мозыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Горадня, Менск, Магілёў, Вітэбск, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак…


Мацей Бурачок.




  1. Украінцы.
  2. мова.