Дудар (Пшэрва-Тэтмаер/Ластоўскі)
Перайсці да навігацыі
Перайсці да пошуку
ДУДАР Вацлаў Ластоўскі
Памёр стары Дудар, вясковы музыка, і душа яго, узяўшы дуду за пазуху, пайшла ў неба. Падышоў ён да неба – глядзіць: зачынена. “Ну, – думае, – спяць”. Сеў на калодачку каля брамы і чакае дня. Доўга сядзеў, і стала яму маркотна. Дастаў з-за пазухі дуду, папрабаваў пішчык і давай памаленьку іграць. Пярвей ціха, пасля ямчэй, а там і падпяваць пачаў. Ажно чуе голас з-за брамы: – Хто там? “Мабыць, святы Пётра”, – падумаў Дудар, але адказвае смела: – Я! – Хто – “я”? – Дудар! – Чаго глотку дзярэш? – Саўсім не дзяру – пяю. – Каб цябе... А чаму ж гэтак позна прыйшоў? – Ніяк нельга было раней: памёр пад самы вечар. – Пад вечар? – здзівіўся за брамай. – Дык на добры лад табе трэба было б яшчэ на палавіне дарогі быць. – Ага, святы Пётра. Я дасужы – беларус, ведама. – А адкуль ты? З-пад Барысава? – З таго боку. – А з якой вёскі? – Дык хоць і скажу табе, ты ж усё роўна не ведаеш. – Кажы, кажы, я ўсё ведаю. Сказаў Дудар і вёску. – Як тваё імя? – дапытваў далей голас. – Янка. – А па прозвішчы? – Дудар. – Ну, добра, Янка Дудар, пакуль развіднее, пасядзі каля брамы ды глядзі не гамані тут. Стаў Дудар дня чакаць. Сядзеў, сядзеў, ізноў маркотна зрабілася, да таго ж перад раніцай холадам пацягнула, хоць гэта і летам было. Ізноў дастаў ён сваю дуду, чуць-чуць наігравае, каб за брамай не пачулі. Зірк – а на частаколе нейкія галоўкі паказаліся – адна, другая, трэцяя... Анёльчыкі. – Слухайце, слухайце, – кажа адзін, – вось хораша іграе! Тут ужо Дудар не вытрымаў і пачаў іграць на ўвесь голас. – Ах, як хораша! Вось хораша! І што гэта за музыка такая? – дзівуюцца анёльчыкі. – Гэта барысаўская, – сказаў Дудар. Раптам загрымелі ключы ў замку і адчынілася брама. У браме стаяў нябесны ключар, святы Пётра. – Дудар! – Чаго? – Пойдзем! А па небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў музыка з Беларусі і дужа хораша іграе на дудзе. Дайшло гэта і да самога Бога, каторы, выйшаўшы з пакояў, сеў на ганку прахаладзіцца: за работу не браўся дзеля таго, што нядзеля была. Не паспелі Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькі не такі, як папярэднія – маленькія, у белых кашульках, з белымі крыллечкамі, а вялікі, у сярэбранай адзежы. – Янка Дудар! – сказаў пасланец. – Што, паночку?.. – Праўда, што ты ўмееш іграць? – Праўда! – А пайграў бы? – А чаму ж не пайграць! Перад кім? – Перад Богам Святым! Пачухаў Дудар патыліцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы – народ смелы. – Пайграю, – кажа. – Ну, дык пойдзем! – кажа анёл. Пайшлі. Анёл спераду, Янка ззаду. Глядзіць, дзівуецца. Абапал дарогі сярэбраныя хаты, а жывуць у іх святыя. У канцы вуліцы пабачылі самога Бога, каторы сядзеў на ганку і чакаў. Дудар далікатненька пакланіўся – быў ён чалавек бывалы і ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кіўнуў галавой. А кругом ужо сабраліся анёлы – малыя і вялікія, арханёлы ў залатых і сярэбраных адзежах, святыя і проста так справядлівыя душы - мужыкі і бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасці, і ўсе хочуць паслухаць музыкі. - Ну, Дудар, – сказаў Бог, – іграй! А Дудар ізноў пакланіўся і кажа: – Пакорна кланяюся вяльможнаму Пану Богу, і выбачайце, што я спытаю: ці няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскіх, толькі каб з маладых? – А нашто табе? – Пад танцы іграць лаўчэй. Усміхнуўся Бог і даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнуліся, кажуць: – Знайшлі двох барысаўцаў, толькі дужа старых. – Старыя няздатны, – сказаў Дудар, – не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды ж падзеліся маладыя? І маладыя ж іншы раз паміраюць. А святы Юр'я на гэта кажа: – Маладых трэба ў чысцы шукаць. – А і праўда, – сказаў Дудар, – не йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы. На маёй памяці колькі таго народу перамерла: Мікіта Гарбуз – той, што ад гарэлкі задохся, Сцяпан Крук з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалі, Арцём Лыка з-пад Зембіна і Антось Прычэпка з-пад Дзядзілавіч – добрыя танцоры былі: прыбілі іх на ігрышчах. Дудар доўга б яшчэ вылічаў памёршых маладымі барысаўцаў, але Бог кіўнуў рукой: – Іграй! – Якую? – Якая лепшая. Вясёлую! – Вясёлую, дык вясёлую... Настроіў Дудар пішчыкі, надуў мех, заграў. Добра ці дрэнна іграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захваціла ў яго дух ад радасці, што годзен стаўся іграць перад самім Богам. Толькі калі кончыў, бачыць – Бог ківаець галавой: здаволен. А анёлы і святыя, дык тыя не нахваляцца: – Ах, як добра! Во дык добра! І калі Бог пайшоў у свае пакоі, яны пачалі прасіць Дудара, каб яшчэ пайграў. Пасля папяяў. А музыка і рад гэтаму – іграе ды пяе так, што па ўсім небе гул раздаецца. Слухалі, слухалі справядліўцы, а пасля і самі пачалі падпяваць – спярша ў паўголаса, а пасля і ад Дудара не адстаюць:
Ох ты, дудка мая, ух-я! Весялі ты мяне, ух-я! На чужой старане, ух-я!
Пяюць усім небам, падбіваючы ў далонькі. Праходзіць міма святы Яззп. Глядзіць, што за дзіва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлівыя душы нябесных спеваў, сядзіць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы – мужчынскія і жаноцкія – хорам адхватваюць свецкія песні. – Матухна Ты Святая! – крыкнуў святы Язэп, схапіўшы за галаву, і пабег да святога Пётры. А туды якраз прыходзіць і сам арханёл Гаўрыла, гэтаксама жаліцца. – Так і так, – кажа. – Ніхто не хоча вучыцца нябесных спеваў, усе пяюць беларускую “дудку”. Дудар вучыць. Што рабіць? Выйшаў Пётра на вуліцу, прыслухаўся – праўда: па ўсім небе лунаюць беларускія песні. – Гэтага нельга дазволіць, – кажа тады святы Пётра арханёлу Гаўрыле. – Ці не паклікаць нам сюды Дудара? – Можна. Ідзе Дудар, дуда пад пахай, пакланіўся. – Дудар, – кажа святы Пётра, – а ці не лепей было б табе пайсці адгэтуль куды-небудзь у другое месца? – З неба? – Ну, ведама. – А куды ж мне йсці? – Хм, вось аб гэта ж – куды? – Святы Пётра задумаўся. – Чаму ж вы хочаце, каб я адгэтуль пайшоў? Я ж нічога благога не зрабіў тут: не ўкраў, не скрыўдзіў... – Ведаю, ведаю... Справа, братка, вось якая, на небе свецкія песні пачалі пяяць, – сам ты рассудзі – нягожа. – Ну што ж, калі гэтак, то я пайду сабе. – Толькі во бяда – куды цябе адправіць?.. А можа, дуду кінеш? – Не, лепей я ўжо пайду адгэтуль. – Куды пойдзеш? – Я знайду сабе месца. Пайду туды, адкуль прыйшоў. – У Барысаўшчыну? – А то ж куды? – А я думаў на якую-колечы звязду цябе паслаць. – Нашто на звязду? Пайду ў Барысаўшчыну. – Саўсім з раю? – Э... што там рай? Наша Беларусь – гэта не неба. У Беларусі без песні нельга. Там людзі працуюць, а з песняй чалавеку ўсякае гора ў палавіну. Буду хадзіць са сваёй дудою па лясох і палёх. Будзе сядзець каля скаціны пастушок з жалейкай, нячутна падыду да яго і зайграю яму над вухам; пачне пяяць дзяўчынка, задумаўшыся над светлым руччом, навучу і яе, – няхай не заміраюць у Беларусі песні. Пойдуць мужы з тапарамі ў лес, я прытаюся за соснай і зайграю ім, каб спарней ішла ў іх работа. А не знайду людзей, буду слухаць, як шуміць цёмны бор, як бульчыць вада, пераліваючыся ў руччу, і падыграю ім. Эх, цяжка ў нашай старонцы, ды і добра ў ёй... Я яшчэ, як жыў, дык прасіў Бога, каб дазволіў мне па смерці ў Барысаўшчыне астацца. На ніякі рай не прамяняю яе. – Ну, добра, калі так, ідзі сабе з Богам, – сказаў святы Пётра. – А то ты ўсё неба нам папсуеш. Толькі глядзі ж не крыўдуй! – Якая тут крыўда? Пакланіўся Дудар апосталу і выйшаў з райскіх варот на вялікую нябесную дарогу. Была ноч. Стаў Дудар спускацца па птушынай дарозе ўніз. А калі пачуўся на волі, крыкнуў: – Гэй, гэй! – і пачаў дуць з усёй моцы ў дуду. І гэтак ішоў ён, усё ніжэй і ніжэй, спускаючыся ў барысаўскі бок, пакуль не схаваўся ў пушчы...
[1913]