Дубок/З асенніх матываў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Дубок З асенніх матываў
Дубок
Аўтар: Сяргей Крывец
Аднойчы



З асенніх матываў

Ой, не хмара градавая
Ў полі ніўку косіць,—
Секвестратар за падаткі
Нечы пот выносіць.

Ой, не вецер гэтак стогне
За гарой ў лагчыне,
Не зязюлька так заводзіць
Па сваёй судзьбіне,—

Гэта скарга б’е пад неба
Роднае краіны,
Гэта ные галасочак
Маладой дзяўчыны:

— А ці я таго чакала,
Ці я варажыла?
Колькі сілы, колькі працы
Я сюды ўлажыла.

Я ж сама лянок палола,
Сама яго рвала,
Рассцілала і сушыла,
У снапкі вязала.

Я ж сама яго ў крынічнай
Вадзіцы мачыла,—
Ці ж не гэтак мяне змалку

Матуля вучыла?

Ці ж не так я свой ляночак
Цёрла ітрапала,
Ці ж на маіх белых ручках
Мазалёў замала?

Ці ж не так, як усе людзі,
Я кудзельку прала,
Ці ж замала цёмных ночак
Я недасыпала?

Ці ж не так я аснавала
І красёнцы ткала,
Ці ж не гэтак панажамі
Я пераступала?

Дзе ж, саколік ты мой ясны,
Дзе ж ты, адзавіся,
Паглядзі на маю крыўду,
Прыйдзі заступіся!

Я ж, лянок свой гадаваўшы,
Па табе ўздыхала…
Ах ты, доля, мая доля,
Бадай ты прапала!

Ды няма каму ўступіцца
За маю сястронку,
Лямант, плач яе дзявочы
Паляцеў старонкай.

Яе мілы хоць пачуе
3-за сцяны высокай,
Ды не вернецца так хутка

К сваёй сінявокай.

Толькі вецер пералётны
Гаманіў за плотам:
Не бядуй, не плач, галубка,
Пагаворым потым.

1929 г.