Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Якую карысць прыносяць нам птушкі
| ← Адлёт птушэк | Якую карысць прыносяць нам птушкі Абразок Аўтар: Якуб Колас 1909 год |
Позная восень → |
Гуляў вучыцель с сваімі вучнямі ў полі. Вышоўшы з душнае школы на прывольле, на прастор, дзеці весела бегалі, крычалі, даганялі адзін аднаго. Іх маладые галасы радасна разьліваліся ў полі.
Вось адзін вучэнь спужаў птушку. Ён падняў ужо камень, каб шпурнуць ім у яе. Ў яго не было ні злосьці, ні жаданьня забіць бедную птушэчку, а проста так хацеў кінуць каменем, бо рукі сьвярбелі, і магло стацца, што камень гэты папаў бы ў невіннае Божае стварэньне. Вучыцель заўважыў і стрымаў вучня.
— „Кінь камень!“ — сказаў вучыцель.
Вучэнь кінуў камень на зямлю.
— „Ну, а цяпер ты скажы нам, за што ты хацеў забіць птушэчку?“
Вучэнь маўчаў, апусьціўшы вочы. Ён і сам ня мог растлумачыць сабе, за што ён хацеў забіць птушку.
— „Птушкі — нашы добрые прыяцелі“, сказаў вучыцель: — „і не ганяць і біць іх трэба, а трэба старацца даць ім прытулак, апеку, любіць іх. Птушкі бароняць нашы сады, поле, гаі, лясы ад шкодных чарвей і мошэк. Каб не было птушэк, то развялося б так многа чарвей і мошэк, оўр ад іх пагінула б уся праца гаспадара. Ці за гэта штоба ганяць і зніштажаць птушэк?“
„А колькі ажыўленьня і хораства прыдаюць яны нашэй прыродзе? Ўспомніце, як ахвотне вы слухаеце вясною дзіўную песьню салаўя, як заліваецца ён у ціхі, цёплы вечэр вясны ў кустох над ручайком; срэбраные трэлі жаваранка ў высокім небе, мілы шчэбет ластаўкі, чыліканьне ўсякіх птушэк, ад каторых гамоніць кожны кусьцік, гай і лес.
«Кожны з вас, дзеці, любіць жыцьцё, і яго трэба любіць, бо гэта любоў скрашывае чэлавеку самые цяжкіе і трудные мінуты яго жыцьця. Ня толькі чэлавек, а і птушка, і ўсякае Божае стварэньне мае гэту любоў, усім роўна хочэцца жыць на сьвеце, і ўзяць ад жыцьця і радасць, і горэ, і ўсё тое, с чым спатыкае яно кожнаго. Чэлавек — тое ж Божае стварэньне, толькі самае разумнае меж усімі, і кожнае стварэньне мае такое ж права на жыцьцё, як чэлавек. І той чэлавек, каторы адбірае права гэта ад другіх, уніжае сам сябе. Дык не адбірайце ж, дзеці, таго права, каторае дано і вам, і іншэму стварэньню Божэго
сьвета. Ніколі не марнуйце чужога жыцьця і шчасьця.
«Старайцеся вучыцца ня толькі ў школі па кнізе, а вучыцеся і на кнізе Божае прыроды, каб знайсьці свае мейсца меж другіх Божых твораў“, — закончыў сваю мову вучыцель.