Перайсці да зместу

Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Родные абразы/Палесская вёска

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пахаваньне Палесская вёска
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1909 год
Вечэр на Палесьсі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Палесская вёска.

Цялежка яшчэ разы два прагрукала на грэблях, перашла бродзік і ўскацілася на горку. Лес расступіўся, і глянула круглая палянка, на краёх каторай цягнулася чорная стужка невысокаго, рэдкаватаго лесу. Гдзе-не-гдзе паразсыпаліся кусьцікі бярозак, лазы і нізенькіх хвоек. На самай сярэдзіне палянкі прытулілася палесская вёска. Хаты так густа зьбіліся ў кучу, што здалёк здаваліся злітымі пад адну стрэху. Высокіе гарбатые жураўлі студней, як панічы у храках, стаялі то там, то сям у вёсцы высока над стрэхамі хат. У бок ад вёскі стаялі могілкі з высокімі крыжамі. Старэнькая дрэўляная каплічка нудна назірала з могілак і кідалася ў вочы сваею фігураю. Дах на ёй у многіх мейсцох прагніў, аброс белымі бародкамі густога моху, і там і сям зіялі на ім чорные дзюркі. Высокі зялёны клён стаяў над капліцай і кідаў на яе вежу доўгіе тонкіе галіны і аплятаў яе жывою сеткаю, скрозь каторую выбіваўся, пахіліўшыся ад ветру, дреўляны крыжык. З другога боку капліцы расла кучка вязоў; воддаль адзінока расла хмурная хвоя, раскінуўшы вершыну сваю на прасторы. За вёскаю два ветракі чуць варочалі сваімі крыльлямі, гатовымі спыніцца кожную мінуту. Укруг вёскі густа тоўпіліся стожкі зложэнаго збожа, абгароджаные ў дзьве жэрдкі, стоячы на высокіх патстаўках, як гаршкі.
Цялежка тым часам ўежджала ў вуліцу. С краю вёскі, каля самай дарогі, прытулілася вялізная, як адрына, старая, с пагнутаю стрэхаю, крытаю гонтамі, карчма. На кожным перакрэстку вуліц стаялі высокіе крыжы, павязаные хвартушкамі с чырвонаю стужкаю. Прызёмістые хаты, накрытые саломаю, гдзе-не-гдзе адгароджаные ад вуліцы частаколам, або просто, плотам, тоўніліся па абапал вуліцы. Хлеўчыкі, сьвіронкі, варывенькі, клеці, клуні часта ляпіліся над адною стрэхою. На іншых гумнох і хлевох сядзелі бусловы гнёзды, як чорные шапкі. Шырокая, роўная вуліца, чорная ад гразі, як сажа, была ўся завалена па краёх кучамі гнілога бярвеньня, жэрдзей і ўсякім ломам. Па вуліцы час ат часу праежджае цялежка, у каторую ўпрэжаны два худые валы-рагалі. Бабы ў кароткіх спадніцах прахадзілі часам с хаты ў хату. Мужчыны-палешукі з расхлістанымі грудзямі, з доўгімі, як у папа, валасамі снавалі па вуліцах. Было сьвята. На вуліцы пападаліся п’яные палешукі. У вочы кідалася іх опратка. Палешукі рэдка меняюць зімовую адзежу нават у летку: той жэ доўгі кажух, падперазаны шырокім, як шалік, поясам с кутасамі; тая ж облавухая шапка-кучомка; доўгая, белая кашуля, напушчэная на згрэбные порткі; тые ж лазовые лапці, патпляцёные лыкам замеж рэменя. Цераз плечы былі перакінуты рэменные торбачкі — „каліты“, прыбраные блішчастымі гузікамі, капшучкі, ў каторых палешукі носяць і тутун, і крэсіва, і грошы. Гаворка іх такжэ адметная, хоць і падобная да гаворкі іх братоў беларусаў.
Па вуліцы, як мурашкі, бегалі дзеці с чорнымі ад гразі нагамі, у благенькой адежцы, замазанай гразьзю, чуць прыкрываўшэй іх худзенькае цела.
Нудна ў гэтых глухіх, гразкіх палескіх вёсках, раскіданых па лесі, меж бесканечнаго гнілога балота!