Перайсці да зместу

Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Прэд навальніцэю ў ночы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Першые асенніе ночы Прэд навальніцэю ў ночы
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1909 год
Захад сонца

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прэд навальніцэю ў ночы.

Меж Ільлёю і Спасам пачынаюцца чуць ня кожны год дажджлівые дні. І дажджы з громам і маланкамі найчасьцей выпадаюць у ночы. Цэлы дзень парыць, клоніць ка сну. Ўсё значыць на дождж, хоць неба і чыста, і ярка сьвеціць сонцэ. А як толькі яно зайдзе, на краю неба з’яўляюцца хмаркі; скора растуць яны і вылазяць з за лесу. Грозные хмары с чырвонымі краямі, агромнымі клубкамі ціха і важна націскаюцца на неба. Як толькі сьцямнее, пачынае бліскаць маланка, але грому яшчэ не чутно. А хмара ўсё паўзе і паўзе, усё большую і большую займае часць неба.
Ў ночы маланка мае свой асобны образ, свае хо́раства і цікавасць; у ночы і голас грома мае свою асобную грозную музыку, поўную нейкаго няведомаго страху, каторы трудна перэказаць сло́вамі, каторы толькі можна чуці душою, каторым бьецца сэрцэ ў некім салодкім заміраньні і чэканьні.
Укруг так ціха: ні ветру, ні шуму, ні гоману трывожнаго дня. Спакой і цішыня ночы даюць можнасць прасьледзіць грозную і дзіўную музыку грома, як ён родзіцца ў далёкім небе, як крэпне паволі, разліваецца грукатам ва ўсіх куткох соннаго сьвету, над лесам і полем, у горах і далінах, у безграничным прасторы высокаго неба; як адзываецца яму на зямлі эха сотнямі галасоў; як страшнымі хвалямі садрыгнецца воздух, і забражджыць дробным бражджаннем кепска апкітованая абалонка (шыба) мужычае хаты, забражджыць жалабна-жалабна, як горкіе слёзы нядолі; як важна пракоціцца ён над зямлёю і памаленьку заціхне негдзе ў хмарах…
А маланкі ўсё бліскаюць і бліскаюць. Самы слабы сьвет яе, каторы не ўбачыш у дзень, ясна відаць у цёмную ноч: Вось чаму і навальніца ў ночы мае болей грозны образ, як у дзень. Прыгледзьцеся! Бледна-чырвоные поласы агню ўспыхіваюць тут і там то аддзельнымі стужкамі, то зьліваючыся ў вадну шырокую рэку агню. Бляск страшна і борзда разальецца на небе то роўнаю паласою, то крывою вогненнаю рэкою, то шырока, размашыста і сьмела блісьне ва ўсе староны, ўсё роўна як разарвецца там, у хмарах, вялікая, грозная лявіна[1] агню. І на адзін момэнт вынікаюць с цемені ночы і купчастые пярэдніе клубы хмар і сівые кучкі раскіданых па небе, як крыгі па вадзе, хмурак. Цьма разрываецца — выскачыць далёкі лес, гляне круглае поле на ўсю даль, марскануць хаты і гумна, блісьне высокая цэрква разам з вянком ліп, клёнаў і бяроз, яе акружаючых, і мільёны лістоў адальюць золатам і дзіўна хо́раша абрысуецца зялёны яблык цэркоўнае вежы высока ў небе.


  1. У высокіх гарах у снежну зімку бывае, што сьнег таючы ў адлігу пачынае каціцца з гары ў даліну. Чым далей, тым больш зьбіраецца сьнегу і бывае, што коціцца кумяк сьнегу, большы за вялікі касцёл. Гета называецца лявіна. А за тым і ўсё вялікая, што, здаецца, можэ заваліць, заціснуць ўсё сабою называюць — так сама лявіна.