Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Лета
| ← Ластаўкі | Лета Абразок Аўтар: Якуб Колас 1909 год |
Летні поўдзень → |
| Іншыя публікацыі гэтага твора: Лета (Колас). |
Прышло і лета. Куды ні глянь — ўсюды зе́лена, ўсё расце, ўсё наліваецца. Лісцця на дрэвах вырасла ва ўвесь рост свой і весела трапечацца на сонцэ. Весела пазірае стары лес, што разросся за сялом і цягнецца па краёх поля, як рэзак, пастаўлены зубамі ў гору. Кусты арэшніка, рабіны, чаромхі густа разрасліся ўнізу і далёка параскідалі свае зялёные галіны. Так зе́лена, так густа, што, здаецца, не пралезеш ў лес! Птушкі аж глушаць сваімі галаса́мі, сваім шчэбетам. Некатарые, ранніе, ўжо вывелі
дзетак і клапатліва шчабечуць каля сваіх гняздзечак, як нянькі каля калыскі. Колькі кветак, колькі ўселякіх матылёчкаў, мошак і пчолак! Ў воздусі стаіць без конца шум і звон ад іх крыльлеў.
Поле пакрылося зеленью. Ўжо выплыў авёс, ячмень; цягнуцца палоскі гароху с харошэнькімі, чырвоненькімі і бледненькімі кветачкамі. Там відаць зялёненькіе стужкі лёну с сіненькімі галоўкамі; бялее грэчка, наліваецца жыта і ціха шарасціць ў полі сваімі сярэбранымі каласкамі. Як слаўна глядзець на гэтые вузкіе стужкі-палоскі крэсцьянскаго збожа! як свежы ветрык калышэ, вядзе з імі невядомые, спакойные
рэчы! Жаваранкі рассыпаюцца над імі песнямі, кружачыся ў небе.
Зялёнаю, шырокаю паласою, заросшаю местамі лазою, круглымі зараслямі маладога дубняку, каторых завуць астраўцамі, раскінуўся луг паабапол рэчкі. Густая, высокая трава, як мора, калышацца на ветру. А кветак, кветак! Якога толькі колеру не найдзеш тут кветак! Мільёны пчолак, чмялёў ўюцца над імі са звонам і шумам. Так і цягне на прывольны луг, гдзе так многа кветак, птушак, ўсякіх конікаў і матылёчкаў, песень, шуму і звону, гдзе так прахладна падыхае чысты, свежы ветрык.
Шчыраю рукою убрала лета ўвесь Божы свет.