Перайсці да зместу

Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Куцьця

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Два марозы Куцьця
Апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1909 год
Канец зімы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Куцьця
(Колядны вечэр).

Вось і Коляды недалёка. Чакаюць дзеці гэтаго сьвята, а найбольш — першае куцьці. Прышла і куцьця. За дзень да куцьці ў хатах прыбіраюць, мыюць сталы, лавы, вокны. Куцьця — важны дзень, адзін раз у год бывае, трэбаж сустрэць яго добра. Хлопцы яшчэ за тыдзень да Каляд пачынаюць рабіць гвязды.
Самы важны момэнт у Колядные сьвяты, гэта — куцьця, або колядны вечэр. Ўся семья стараецца сабрацца ў хату ў гэты вечэр. Мыюцца цёплаю вадою ў ночвах старые і малые: трэба ж ахаяцца хоць раз у год ад гразі і сустрэць важны дзень, як мае быць. Ў хаці нема клапотаў буднаго жыцьця. Ўсё, што не патрэбна ў хаці ў сьвята, выносіцца вон, у сені або ў камору, каб не занімала мейсца. Нават на комінку не разлажылі агню, як у будные дні, а запалілі лямпу. Гаспадыня ўходжваецца каля печы. Старшая дачка або братава памагае ёй. Ўся лава каля дзьвярэй завалена ўсякімі прыпасамі. Тут стаяць і тараны[1], і селядцы, і мак, каторы пяць месяцеў вісеў нагарэ, завязаны ў торбачку, і сухіе грыбы. Яшчэ з вечэра запалілі ў печы. Бранчаюць сквароды (патэльні) аб прыпек, пішчыць цеста на гарачэй сквародзе, і аладкі, як грушы, кідаюцца на зэдлік, засланы чыстым белым настольнікам (абрусом).
— Ну, гатова ў цябе вячэра, ці не? — пытае гаспадар жонку.
— Можна засьцілаць стол, садзіцеся, атказвае гасдыня.
З усіх вуглоў хаты пашлі да стала. Покуць займае самы старшы ў хаці — дзед ці бацька. С краю стала садзіцца сам гаспадар; каля яго ляжыць хлеб, каторы ён кроіць тонкімі лустамі.
На покуці пад абразамі, на мягкім сене, даўно ўжо стаіць гаршчок с куцьцёю. Дзеці бяруць с покуці па жменьцы сена і цярушаць яго па стале, а на сена засьцілаюць чысьценькі белы настольнік (абрус). Неколькі мінут у хаці наступае цішыня. Гаспадар хрысьціцца шырока і шэпчэ малітву, абярнуўшыся да абразоў тварам. А цэлы рад сьвятых важна і строга пазірае на стол. А тым часам той, хто сядзіць бліжэй каля аладак, кладзе кожнаму па аладцы, каб было чым закусіць. Па сярэдзіне стала стаіць пляшка гарэлкі. К пляшцы прытуліўся кілішэк — адзін на ўсю кампанію.
Вось гаспадар бярэ бутэльку, зьдзірае печаць і выкалупвае корак шылам ці відэльцам. Гарэлку пьюць па парадку: перш старшые, потым малодшые. Кожны вялікі лічыць сваёю павіннасьцю сказаць перад тым, як выпіць, неколькі слоў, каб даў Бог здароўя і шчасьця.
— Дай Божэ! — атказ’вае той, да каго пьюць гарэлку. На закуску ставіцца смажэная (пражэная) рыба, потым падаецца верашчака з грыбамі, таранамі і селядцамі. За мачаньнем ідзе квас, за квасам ягады з разынкамі і сьлівамі; далей аладачкі на салодкай вадзе, за імі кісель с сытаю, за кіселём пірог, або сьліжы, размочэные ў макавай вадзе, а там і куцьця. Хоць пасля гэтаго і ня хочэцца куцьці, але закон дзедоўскі вымагае, каб хоць лыжку, а з’есьці куцьці.
— Ну, дзеці, пашукаеце заўтра ў сене зернят, якіх будзе больш; калі многа жыта — ўродзіцца жыта, многа ячменю — будзе ячмень, аўса — авёс.
— От хіба наеўся!.. не выцярпіць хто нібудзь з малых пасьля вячэры, каб не пахваліцца — мо’, каб хто палажыў жыватом на стале, то закруціў бы на пупі!
Старшые сьмяюцца на такую штуку малога сьмешніка.


  1. Рыба такая.