Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Каля возера ў ночы
| ← Ручай | Каля возера ў ночы Абразок Аўтар: Якуб Колас 1909 год |
Чужы сад → |
Ціхі сон ночы вее над зямлёю. Заснула поле пад чорнаю посцілкаю цьмы. Стары лес перэстаў хістацца і махаць касматымі лапамі, стаіць, як заварожаны, на краёх поля і дрэмле на месяцы. Хаты зліліся пад адзін чорны плех і патанулі ў цемнаце. Ціха і спакойна!..
Люблю я ў гэтакую ночку выйці адзін на берэг возера, стаць на грэблі каля млына і прыгледзіцца да хораства летняе ночы, прыслухацца да яе цішы. Круглы, блішчасты месяц высока стаіць на небе і лье свой бледны, маркотны свет на сонную зямлю і глядзіцца ў спакойнай вадзе возера. А гладкае, блішчастае возера люстром зіяе на месяцы, і ціха — спакойна чуць чуць дрыжаць яго маршчынкі, ма-
ленькіе хвалі, на бледным бляску месяца. Тысячы зорак
любуюцца ў ім, дрыжаць, перэліваюцца, як каплі расы
пры ўсходзе сонца. Па краёх возера разрасліся высокіе
балотные травы, аір, чарот, асака. За імі чуць-чуць вырэзаюцца с цемнаты чорные фігуры алешын і старых дуплістых верб. Роўны, спакойны ўсю ноч не сціхаючы шум вады, каторая сочыцца праз шчыліны заставаў, навевае пакой на душу. Стары млын с цяжкімі ко́лами, здаецца, заслухаўся шумам незлічэных капель і адзінока стаіць над вадою і блішчыць на месяцы сваімі маленькімі ваконцамі, запыленымі мукою. Ціха! Толькі часамі плюхне рыбка, і маленькіе хвількі пабягуць адна за адною маленькімі
абручыкамі і расплывуцца па возеры, не дашоўшы да
берэга…
Ёсць нешта дзіўнае і важнае ў гэтым спакою летней ночы, чаго высказаць ня можэ беднае слова чалавека. Толькі сэрцэ бьецца лёгка и спакойна, и нема ў ім мейсца для трывогі, для клапатлівых думак буднаго жыцця…