Перайсці да зместу

Другое чытанне для дзяцей беларусаў (1909)/Ў грыбох

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Летняя ноч Ў грыбох
Абразок
Аўтар: Якуб Колас
1909 год
За што пабіліся хлапцы

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Ў грыбох.

Два браты, Алесь і Пятрусь, с каторых аднаму было восім гадоў, а другому дзесяць, папрасілі сваю матку, каб заўтра пабудзіла іх рана-рана, як чуць толькі стане на сьвет займацца, каб да сонца зайсьці ў лес. Хлопцы надумаліся пайсьці ў грыбы. Яшчэ з вечэра загатавалі яны сабе лапці, кошыкі, замест ножыкоў залезцы — адрэзаць карэнчыкі баравіком. Нажоў не набярэшся, ды і на лясніка можна налучыцца. Прыгатаваўшы ўсё, як мае быць, хлопцы павячэралі і ляглі спаць. Спаць не хацелася. Чорные баравікі так і стаялі ў іх вачох. А на заўтра, чуць толькі пабляднелі на небе зоркі, хлопцы ужо вышлі з дому.
Да лесу было вярстоў чатыры. Сьвежы, чысты воздух раніцы запраўляў хлопцаў надбавіць кроку; ім такжэ хацелася скарэй зайсьці ў лес, ад людзей.
А слаўна такі ўстаць да сонца, як прырода толькі што пачне прачыхацца ад кароткага летняго сну, выйсці на прастор і прайці неколькі вярстоў па расе на чыстым воздусі! Дзень чуць-чуць занімаецца. Над лесам і полем яшчэ ляжыць цемната. Тонкая посьцілка белаватаго тумана ціха ўздымаецца над лугам. Неба на ўсходзі чырванее. Ранніе жаваранкі затрэпеталі ў небе крыльцамі, і льецца іх вясёленькая песьня. Тым часам хлопцы вайшлі ў лес. Верхавіны высокіх хвой ужо залаціліся першымі лучамі сонца, ціха стаялі, не варушыліся. Негдзе высока над імі ці на іх верхавінах звінелі мошкі, і здавалася, што лес маліўся Богу ў ціхі час раніцы. Птушкі шчабечуць на ўсе лады. Спевае дрозд, пераклікаюцца сойкі, крычыць жаўна, стукае дзяцел па дрэві сваім крэпкім дзюбам. Далёка-далёка, ў гушчары яловаго леса, варкуе (брукуе) галуб.
Па дарозі нашым хлопцам пападаліся ўсякіе грыбы: казлякі, асавікі, лісіцы, сыраежкі і другіе. Але хлапцы не глядзелі на іх: іх цягнулі баравікі, або добрые грыбы, як іх называюць. Вось хлапцы прышлі ў палянкі, малады хваёвы лес, гдзе летам бывае так многа грыбоў. У лесі яшчэ нікога не было, і хлапцы былі рады, што яны прышлі першые. Перэд тым, як разысціся, яны абрадзілі ўсё: куды ісьці, не гукаць моцна, каб не пачуў іх ляснік, а толькі ціхінька сьвістаць, і старацца не спускаць адзін аднаго з вачэй. Але ўсё гэта забылася, як толькі сталі хлопцам пападацца баравікі. Вясёлы крык у іх сам вырываўся. „Пятрусь! вось хіба слаўнаго найшоў баравіка!“. Пятрусь бег да Алеся, і баравіка клалі ў кош. Потым баравікі сталі пападацца цэлымі кучамі. Сідзіць адзін, як капыт, на сярэдзіні, а вакруг яго штук дзесяць малых. Іншые зусім былі ў зямлі, накрытые пясочкам і калюшкамі, і толькі чуць-чуць значные горкі зямлі, каторые ўздымаў маленькі баравічок, давалі знаць, што там — грыбы. Часам каторы-нібудзь с хлапцоў наўперэд знаходзіў маленькаго баравічка і толькі як ставіў на зямлю кош, каб узяць яго, тагды ўглядаў другога, большаго. Хлапцы сьмеяліся і бралі наўперэд „бацьку“, як называлі яны самаго большаго баравіка потым меньшых.
Яшчэ сонцэ было нізка, чуць толькі успело падняцца над лесам, а ў хлапцоў ужо былі поўные кошы баравікоў.
— Бачыш ты іх, — казалі жонкі: — якіе малые, а колькі набралі грыбоў! Добра было хлапцом слухаць такіе рэчы, і яны, вясёлые і шчаслівые, паняслі да дому грыбы.