Перайсці да зместу

Домбі і сын/58

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел LVII. Яшчэ адно вяселле Раздзел LVIII. Праз некаторы час
Раман
Аўтар: Чарльз Дыкенс
1848 (пераклад 1938)
Раздзел LІХ. Адплата

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ LVIII

Праз некаторы час.

Прылівы і адлівы чаргаваліся на моры на працягу цэлага года. На працягу цэлага года праслаўленая фірма Домбі і Сын змагалася не на жыццё, а на смерць з сумнымі нечаканасцямі, з няпэўнымі чуткамі, з няўдачамі, рызыкоўнымі здзелкамі, з неспрыяючымі часамі і, у першую чаргу, з асляпленнем свайго гаспадара, які ні на волас не хацеў скараціць яе аперацый і не слухаў, калі яго перасцерагалі аб тым, што судно, якое ён прымушаў ісці насустрач шторму, недастаткова моцнае і не можа гэтага вытрымаць.

Год прайшоў, і праслаўленая фірма абвалілася.

У летні дзень, амаль праз год пасля вяселля ў адной з цэркваў Сіці, на біржы пачалі гудзець і шаптацца аб буйным краху. Халодны, ганарлівы чалавек, якога тут добра ведалі, пры гэтым не прысутнічаў, не было тут і яго прадстаўніка. У наступны дзень шырока разыйшліся чуткі, што Домбі і Сын спыніў плацяжы, а вечарам гэта фірма ўзначальвала апублікаваны спіс банкротаў.

Для маёра Бегстока банкроцтва было сапраўдным няшчасцем. Маёр быў не з тых, хто ўмеў спачуваць, — уся яго ўвага сканцэнтравалася на Дж. Б., але ён столькі балбатаў у клубе аб сваім сябры Домбі, так узвялічваў яго перад членамі клуба і так зневажаў іх, пахваляючыся яго багаццем, што члены клуба — усяго толькі людзі — былі ў захапленні і помсцілі маёру, прыкідваючыся надзвычай заклапочанымі і пытаючыся ў яго, ці можна было прадбачыць такое жахлівае спусташэнне і як да гэтага ставіцца яго сябра Домбі. На такія пытанні маёр, вельмі чырванеючы, адказваў, што мы, сэр, жывем у надта дрэнным свеце; што Джой сёе-тое разумее, але яго ашукалі, сэр, як маленькае дзіця; што калі-б вы, сэр, прадраклі гэта Дж. Бегстоку, калі ён ехаў з Домбі за граніцу і ганяўся за гэтай валацугай Каркерам па ўсёй Францыі, Дж. Бегсток высмеяў-бы вас — далібог, ён-бы вас высмеяў, сэр! Што Джо быў ашуканы, сэр, абдураны, захоплены знянацку і аслеплены, але цяпер ён не спіць і зноў пільны, і калі-б бацька Джо ўстаў заўтра з магілы, ён, Джо, не даў-бы старому ніводнага пені ў крэдыт, а сказаў-бы яму, што яго сын Джо занадта стары ваяка, каб яго можна было яшчэ раз ашукаць, сэр!

У місіс Чык з'явіліся тры думкі адносна гэтай жахлівай зменлівасці лёсу. Першая зводзілася да таго, што місіс Чык не можа гэтага зразумець. Другая — што яе брат не зрабіў належнага намагання. Трэцяя — што, калі-б яе запрасілі на абед ў дзень святкавання наваселля, гэтага ніколі-б не здарылася, а яна тады-ж аб гэтым заявіла.

Якія-б думкі ні выказваліся адносна катастрофы, яны не маглі яе папярэдзіць, павялічыць цяжкасць або палегчыць. Стала вядома, што фірма ліквідуе свае справы з найбольшай выгадай для ўсіх, а містэр Домбі добраахвотна адмаўляецца ад усёй сваёй маёмасці і ні ў каго не просіць спагадлівасці.

Клеркі рассеяліся ва ўсе бакі пасля маленькага абеду, наладжанага ў знак спачування, які ажыўляўся вясёлымі песнямі і быў надта ўдачным. Адны прыстроіліся за граніцай, іншыя знайшлі службу на радзіме, некаторыя, раптам успомніўшы аб горача любімых сваяках, што жывуць у вёсцы, накіраваліся да іх, а сёй-той змяшчаў аб'явы ў газеце.

Містэр Морфін, халасцяк з карымі вачыма, з валасамі і бакенбардамі, кранёнымі сівізной, быў, бадай, адзіным чалавекам, блізкім фірме, — вядома, за выключэннем яе галавы, — які шчыра і глыбока сумаваў з прычыны няшчасця, якое на яе навалілася. Ён працаваў ад раніцы да ночы, каб разблытаць усё, што здавалася няясным, або складаным у справаздачах аб аперацыях фірмы; заўсёды быў на месцы, калі патрэбна было што-небудзь растлумачыць; іншы раз заседжваўся ў ранейшым сваім пакоі да позняй ночы, каб вызваліць містэра Домбі ад неабходнасці даваць асабіста пакутлівыя тлумачэнні, пасля ішоў дадому, у Іслінгтон, і, перш чым легчы спаць, супакойваў сваю душу безнадзейна-тужлівымі гукамі віяланчэлі.

Аднойчы вечарам ён пацяшаўся пры дапамозе гэтага меладычнага бурчлівага інструмента, калі яго кватэрная гаспадыня далажыла яму, што прышла нейкая лэдзі.

— Яна ў трауры, — сказала гаспадыня.

Віяланчэль умомант змоўкла, а музыкант, з найвялікшай далікатнасцю і клопатамі, паклаў яе на канапу, даў знак, каб упусцілі лэдзі. Пасля ён паспяшаўся выйсці з пакоя і на пляцоўцы лесвіцы сустрэў Херыет Каркер.

— Вы адна! — усклікнуў ён. — А Джон быў тут сёння раніцой! Што-небудзь здарылася, дарагая мая?

Ён падаў ёй крэсла і сам сеў насупраць, а віяланчэль была змешчана паміж імі на канапе.

— Не здзіўляйцеся з таго, што я прышла адна і Джон не папярэдзіў вас аб маім прыходзе. Вы мне паверыце, калі я растлумачу, чаму я прышла, — сказала Херыет. — Расказаць вам аб гэтым цяпер?

— Гэта было-б лепш за ўсё.

— Цяпер вы не працавалі?

Ён паказаў на віяланчэль і сказаў:

— Я працаваў цэлы дзень. Вось сведка. Ёй я давяраў усе мае клопаты. Добра, калі-б, апрача маіх уласных клопатаў, мне не было больш чаго давяраць.

— Фірма пацярпела банкроцтва? — вельмі сур'ёзна запыталася Херыет.

— Поўнае банкроцтва.

— Ёй ужо не адрадзіцца?

— Ніколі.

Ясны твар яе не засмуціўся, калі яна, бязгучна варушачы губамі, паўтарыла гэтыя словы. Здавалася, ён сачыў за ёй з мімавольным здзіўленнем, а пасля паўтарыў:

— Ніколі. Вы памятайце, што я вам казаў. На працягу ўсяго гэтага часу нельга было пераканаць яго; немагчыма было размаўляць з ім; немагчыма было нават падступіцца да яго. Здарылася самае горшае: фірма абанкроцілася, і ёй ужо не адрадзіцца.

— А містэр Домбі таксама разарыўся?

— Разарыўся.

— У яго не астаецца ніякай асабістай маёмасці? Нічога?

Нейкая нецярплівасць, што адчувалася ў яе голасе, і амаль нярадасны выраз твара, здавалася, здзіўлялі яго ўсё больш і больш, але разам з тым выклікалі ў ім расчараванне і рэзка супярэчылі яго ўласным пачуццям. Задуменна пазіраючы на яе, ён забарабаніў пальцамі па стале, і, памаўчаўшы, сказаў, сумна ківаючы галавой.

— Якія сродкі містэра Домбі, мне дакладна не вядома; вядома, яны вялікія, але і абавязкі ў яго велізарныя. Ён чалавек сумленны і прыстойны. Усякі іншы на яго месцы мог-бы выратаваць сябе, заключыўшы згоду, дзякуючы якой страты тых, хто вёў з ім справы, павялічыліся-б нязначна, амаль неадчувальна, а ў яго асталося-б на пражыццё. Многія гэтак-бы і зрабілі на яго месцы. Але ён вырашыў аддаць усё да апошняга фартынга[1].

Калі містэр Морфін змоўк, яна хутка запыталася ў яго:

— Вы нядаўна яго бачылі?

— Ніхто яго не бачыць. Калі ў сувязі з гэтай катастрофай яму неабходна бывае выйсці з дому, ён выходзіць, а пасля варочаецца дадому, замыкаецца ў сваіх пакоях і нікога не хоча бачыць. Ён напісаў мне пісьмо, у якім дзякуе мне за мінулую маю службу, якую, дарэчы, ён ацэньвае вышэй, чым яна таго заслугоўвае, і развітваецца са мною. Я сароміўся надаядаць яму цяпер, тым больш, што і ў лепшыя часы я мала меў з ім справы, але ўсё-ж я спрабаваў да яго заходзіць. Я пісаў, хадзіў туды, упрашаў. Усё было дарэмным.

Ён назіраў за ёй, нібы спадзяючыся, што яна праявіць больш спагады, і гаварыў сур'ёзна і з надзвычайным пачуццём, каб зрабіць на яе ўражанне, але ніякай змены ў ёй ён не заўважыў.

— Ну, што-ж, міс Херыет, — сказаў ён з расчараваным выглядам, — аб гэтым не варта гаварыць. Вы сюды прышлі не для таго, каб гэта слухаць. У вас у галаве нейкая іншая і больш прыемная тэма. Падзяліцеся ёю са мной, і тады мы будзем гутарыць больш згодна. Такім чынам!

— Не, гэта тая самая тэма, — са шчырым здзіўленнем запярэчыла Херыет. — Ці можа быць інакш? Хіба гэта не натуральна, што апошні час мы з Джонам шмат думалі і гаварылі аб гэтых велізарных зменах? Містэр Домбі, якому ён служыў столькі год — вам вядома, на якіх мовах, — містэр Домбі, кажаце вы, разораны, а мы такія багатыя!

Яе добры, сумленны твар спадабаўся яму, містэру Морфіну, халасцяку з карымі вачыма, з той хвіліны, калі ён упершыню яго ўбачыў, але цяпер гэты твар, які ззяў радасцю, падабаўся яму менш, чым калі-б там ні было.

— Мне няма чаго напамінаць вам, — сказала Херыет, кінуўшы позірк на сваё чорнае плацце, — якім чынам змянілася наша становішча. Вы не забыліся, што наш брат Джэймз, які загінуў такой жахлівай смерцю, не пакінуў завяшчання, а, апрача нас, у яго не было сваякоў.

Цяпер яе твар больш яму спадабаўся, хоць ён быў больш бледны і смутны, чым за хвіліну да гэтага. Здавалася, ён уздыхнуў з палёгкай.

— Вы ведаеце нашу гісторыю, — прадаўжала яна, — гісторыю абодвух маіх братоў, якая мае дачыненне да гэтага злашчаснага, і няшчаснага джэнтльмена, аб якім вы гаварылі з такой адданасцю. Вы ведаеце, якія невялікія ў нас патрэбы — у Джона і ў мяне — і як мала нам патрэбна грошай пасля таго як мы на працягу шмат гадоў жылі такім чынам, а цяпер, дзякуючы вашай дабраце, ён зарабляе дастаткова для нас абудвух. Аб маім памёршым браце я не скажу ні слова, аб браце, які астаўся жывым, я магла-б сказаць шмат. Але ці патрэбна дадаваць што-небудзь да таго, што ён хоча выканаць свой абавязак, — вось таму я і прышла да вас па дапамогу, без якой мы не можам абыйсціся, — і ён не супакоіцца, пакуль гэты абавязак не будзе выканан?

Яна падняла вочы, і яе ззяючы радасцю твар здаўся надзвычай прыгожым таму, хто сачыў за ёй пільным позіркам.

— Дарагі сэр, — прадаўжала яна, — гэта павінна быць зроблена асцярожна і сакрэтна. Вы з вашым вопытам і ведамі пакажаце належны спосаб. Містэра Домбі, магчыма, удасца запэўніць, што, не гледзячы на банкроцтва, нейкая сума ўцалела, або тыя, з кім ён вёў буйныя справы, добраахвотна выплачваюць даніну, пракланяючыся перад яго сумленнасцю і благародствам, або што гэта нейкі стары доўг, да гэтага часу нявыплачаны. Я прышла прасіць вас аб гэтай ласцы, якую, я спадзяюся, вы акажаце нам з уласцівымі вам дабратой, велікадушшам і разважлівасцю.

— Дарагая мая Херыет, — памаўчаўшы, сказаў містэр Морфін, — да гэтага я быў не падрыхтаваны. Ці варта разумець вас так, што на гэту добрую справу павінна пайсці ваша частка спадчыны, таксама як і частка Джона?

— О, так, — адказала яна. — Калі мы столькі часу рабілі ўсё і ў нас з ім былі аднолькавыя клопаты, надзеі і мэты, ці магу я думаць, каб мяне адхілілі ад удзелу ў гэтай справе? Хіба я не маю права астацца да самага канца таварышом і памочнікам брата.

— Божа збаў, каб я гэта аспрэчваў! — адказаў ён.

Яна працягнула яму руку і радасна, ад душы падзякавала яму.

— Вы едзеце дадому? — запытаўся ён. — Дазвольце мне праводзіць вас.

— Не, толькі не сёння. Цяпер я не паеду дадому; спачатку я павінна адна наведаць сяго-таго. Заўтра вы прыдзеце?

— Так, так! — сказаў ён. — Заўтра я прыду. Тым часам я падумаю аб тым, як належыць нам дзейнічаць. Магчыма, і вы, дарагая Херыет, аб гэтым падумаеце, і… і… падумайце крыху аба мне ў сувязі з гэтым.

Ён праводзіў яе да карэты, якая чакала ля пад'езда, і, каб не была яго кватэрная гаспадыня глухой, яна-б пачула, як ён мармытаў, калі карэта ад'ехала, а ён падымаўся па лесвіцы, што ўсе мы нявольнікі прывычкі і што гэта сумная прывычка — аставацца старым халасцяком.

Калі Херыет села ў наёмную карэту, фурман, накіроўваючыся ў дарогу, як відаць, добра яму знаёмую, перасек гэту частку прадмесця, выбіраючы бязлюдныя дарогі і, нарэшце, выехаў на адкрытае месца, дзе было раскідана некалькі скромных домікаў, акружаных садамі. Ля адной з калітак карэта спынілася і Херыет вышла.

У адказ на яе ціхі званок з'явілася жанчына са смутнай, бледнай фізіяноміяй, са схіленай на бок галавой і з прыпаднятымі брывамі. Убачыўшы Херыет, яна прысела і павяла яе праз сад да дому.

— Сядзелка, як сябе адчувае сёння ваша хворая? — запыталася Херыет.

— Баюся, што дрэнна, міс. О, як яна мне іншы раз нагадвае дачку майго дзядзі, Бетсі Джэйн! — з нейкай сумнай узрушальнасцю ўсклікнула жанчына з бледным тварам.

— У якіх адносінах? — запыталася Херыет.

— Ва ўсіх адносінах, міс, — адказала тая. — Розніца толькі ў тым, што гэта дарослая жанчына, а Бетсі Джэйн была дзіцем, калі стаяла ля парога смерці.

— Але вы мне гаварылі, што яна паправілася, — смірна запярэчыла Херыет, — тым больш, значыцца, падстаў спадзявацца, місіс Уікем.

— Ах, міс, надзея — цудоўная рэч для тых, у каго хапае жыццерадаснасці жывіць яе! — сказала місіс Уікем, ківаючы галавой. Маёй жыццерадаснасці нехапае, але я на гэта не наракаю. Зайздрошчу тым, каму даступна такое шчасце!

— Вы-б пастараліся быць больш бадзёрай, — заўважыла Херыет.

— Вельмі вам дзякую, міс, — панура сказала місіс Уікем. — Тую жыццерадаснасць, якая была ў мяне, я страціла некалькі год назад у Брайтоне, і, здаецца, ад гэтага мне зрабілася толькі лепш.

Сапраўды, гэта была тая самая місіс Уікем, якая, замяніўшы місіс Рычардс, зрабілася нянькай маленькага Поля і лічыла сябе ў выйграшы ад спамянутай страты, што здарылася пад дахам ласкавай Піпчын.

Місіс Уікем, з прыпаднятымі брывамі і схіленай на бок галавой, паднялася са свечкай наверх, у чысты, прыбраны пакой, сумежны з другім, цмяна асветленым пакоем, дзе стаяў ложак. У першым пакоі сядзела ля адчыненага акна старая, тупа паглядаючы ў цемру. У другім ляжаў расцягнуўшыся на ложку цень той, якая калісьці ў зімні вечар ішла, не зважаючы на вецер і дождж; цяпер яе можна было пазнаць толькі па доўгіх чорных валасах, якія здаваліся яшчэ чарнейшымі па кантрасту з бяскроўным тварам і белай бялізнай.

— Эліс, — ласкава сказала наведвальніца, — я не спазнілася сёння?

— Мне заўсёды здаецца, што вы спазняецеся, хоць вы заўсёды прыходзіце рана.

Херыет прысела ля ложка і узяла схудзелую руку ў сваю.

— Вам лепш?

Місіс Уікем, стоячы, як несуцешная здань, у нагах пасцелі, вельмі рашуча і энергічна паківала галавой, адкідваючы падобнае меркаванне.

— Гэта мае надта мала значэння! — слаба ўсміхнуўшыся, адказала Эліс. — Лепш мне сёння ці горш — усёроўна справа ідзе аб некалькіх днях. Магчыма, і таго менш.

Місіс Уікем выказала сваю згоду працяглым уздыхам.

— Іншы раз я ляжу тут і думаю, што мне хацелася-б пажыць яшчэ крышачку, каб у мяне быў час паказаць, як я вам дзякую! Але гэта слабасць, і яна хутка праходзіць. Так, як яно ёсць, лепш для вас. Так лепш для мяне!

Місіс Уікем, у ахвоту названіўшыся слоікамі, падала мікстуру. Місіс Уікем зырка паглядзела на сваю хворую, пакуль тая піла, моцна сціснула губы, нахмурыла бровы і паківала галавой, нібы даючы зразумець, што нават пад пагрозай катавання не скажа, наколькі безнадзейны гэты выпадак. Пасля місіс Уікем папырскала ў пакоі нейкай асвяжальнай вадкасцю і пайшла.

— Колькі прайшло ад таго часу, як я прышла да вас і расказала, што я зрабіла, — запыталася Эліс, — а вас запэўнілі, што ўжо позна пасылаць каго-небудзь услед?

— Прайшло больш года, — сказала Херыет.

— Больш года, — паўтарыла Эліс, задуменна ўглядаючыся ў яе твар. — І многа месяцаў прайшло з таго часу, як вы прывезлі мяне сюды!

Херыет адказала: «Так».

— Прывезлі мяне сюды дзякуючы вашай ціхамірнасці і дабраце! Мяне! — усклікнула Эліс, скурчыўшыся і закрыўшы твар рукой.

Херыет, нахіліўшыся да яе, усцяшала яе і супакойвала. Нарэшце, Эліс, усё яшчэ прыкрываючы твар рукою, папрасіла, каб яна паклікала яе матку.

Херыет клікала яе некалькі разоў, але старая, седзячы ля адчыненага акна, так пільна ўглядалася ў цемру, што нічога не чула. Толькі пасля таго, як Херыет падышла і дакранулася да яе, яна схамянулася і пайшла.

— Матуля, — сказала Эліс, зноў узяўшы за руку сваю госцю і з любоўю пазіраючы на яе ззяючымі вачыма, — раскажыце ёй усё, што вы ведаеце.

— Сёння, любачка?

— Так, матуля, — ціхім, урачыстым голасам праказала Эліс, — сёння!

Старая, у якой як быццам у галаве памутнела ад трывогі, раскаяння або гора, цішком наблізілася да ложка з боку, супроцьлегламу таму, дзе сядзела Херыет, і, апусціўшыся на калені, каб маршчыністы яе твар быў на адным узроўні з коўдрай, і працягнуўшы руку, каб дакрануцца да рукі дачкі, пачала:

— Мая красуня дачка…

— Яна даўным даўно змянілася, матуля! Даўным даўно завяла, — не пазіраючы на яе, сказала Эліс. — Цяпер не варта бедаваць аб гэтым.

— … Мая дачка, — заікаючыся, сказала старая, — мая дачка, якая хутка паправіцца і наробіць сораму ім усім сваёй прыгажосцю…

Эліс сумна ўсміхнулася Херыет, ласкава прыцягнула да сябе яе руку, але не праказала пры гэтым ні слова.

— Якая, кажу я, хутка паправіцца, — паўтарыла старая, патрасаючы зморшчаным кулаком, — і наробіць сораму ім усім сваёй прыгажосцю! Так! Я кажу, што яна гэта зробіць, і так будзе! — Здавалася, яна пачала горача спрачацца з нейкім праціўнікам, што быў ля ложка. — Мая дачка была адрынута і выкінута, але, калі-б яна захацела, яна магла-б пахваліцца сваім сваяцтвам з ганарліўцамі. Так! З ганарліўцамі! Гэта сваяцтва не мае ніякіх адносін да вашых свяшчэннікаў і абручальных пярсцёнкаў, але ў маёй дачкі добрая радня. Пакажыце мне місіс Домбі, а я вам пакажу маю Эліс — яе дваюрадную сястру!

Херыет адвяла позірк ад старой, глянула ў ззяючыя вочы, што не адрываліся ад яе твара, і убачыла ў іх пацверджанне.

— Так! — закрычала старая, падняўшы дрыготную галаву і пераможаная нейкай страшнай фанабэрыстасцю. — Хоць я цяпер старая і ўродлівая — састарылі мяне не столькі гады, колькі цяжкое жыццё, але калісьці я была маладая. Там, у маёй вёсцы, бацька місіс Домбі і яго брат былі надта вясёлымі джэнтльменамі, і ўсім яны спадабаліся, калі прыязджалі да нас з Лондана… Абодва ўжо даўно памерлі! Божа мой, як даўно гэта было! Адзін з двух братоў, бацька маёй Элі, памёр першым.

Яна падняла галаву і заглянула ў твар дачцэ: успомніўшы аб сваёй маладосці, яна, здавалася, аднавіла ў памяці маладосць свайго дзіцяці. Пасля яна раптам уткнулася тварам у пасцель і сударгава абхапіла галаву рукамі.

— Яны былі падобны адзін на аднаго, як толькі могуць быць падобны два браты, амаль равеснікі, — прадаўжала старая, не падымаючы галавы, — наколькі я прыпамінаю, розніца ва ўзросце была не больш года; і калі-б бачылі маю дачку так, як я бачыла яе аднойчы, побач з дачкою таго, другога, вы-б заўважылі, што, не гледзячы на розніцу ў вопратцы, яны падобны адна да другой. О, няўжо падабенства знікла, і маёй дачцэ — толькі маёй дачцэ — выпала на долю так змяніцца?

— Усе мы змяняемся ў свой час, матуля, — дадала Эліс.

— У свой час! — закрычала старая. — Але чаму гэты час прышоў для маёй дачкі, а не для яе? Яе маці, вядома, змянілася — яна састарэлася таксама, як і я, і здавалася такою самаю маршчыністай, не гледзячы на румяны, — але тая асталася прыгожай. Што-ж такое зрабіла я, у чым я правінілася больш, чым яна, і чаму толькі мая дачка ляжыць тут і чэзне?

Зноў дзіка закрычаўшы, яна выбегла ў той пакой, з якога прышла, хутка вярнулася і падкралася да ложка.

— Вось аб чым Эліс прасіла расказаць, любачка. Я ўсё сказала. Неяк летам, ва Уорыкшыры, я аб гэтым даведалася, калі пачала распытваць і збіраць весткі. У той час мне не было чаго чакаць ад такіх сваякоў. Яны–б мяне не прызналі і нічога-б мне не далі. Бадай, праз некаторы час я і папрасіла-б у іх маленькую суму грошай, калі-б не мая Эліс. Мне здаецца, яна магла-б мяне забіць, калі-б я гэта зрабіла. Яна была па-свойму такой самай гордай, як і тая, другая, — сказала старая, палахліва дакрануўшыся да твара дачкі і хутка адхапіўшы руку, хоць цяпер тая лежала так спакойна. — Але яна яшчэ пасароміць іх сваёй прыгажосцю! Ха-ха! Яна іх пасароміць, мая красуня-дачка!

Яе смех, калі яна выходзіла з пакоя, быў больш страшны, чым яе плач. Увесь гэты час Эліс не спускала вачэй з Херыет і трымала яе за руку. Пасля яна сказала:

— Лежачы тут, я адчула, што мне было-б лягчэй, калі-б вы аб гэтым даведаліся. Мне здавалася, гэта растлумачыць вам тое, што дапамагала маёй разлютаванасці. Усё гэта прайшло. Гэта падобна на сон, які я дрэнна памятаю і не зусім разумею. Вы не пакінеце маёй маткі? Я ёй дарую, калі ёсць за што ёй дараваць. Я ведаю, што яна мне даравала і ў глыбіні душы плача па мне. Вы яе не пакінеце?

— Я ніколі не пакіну яе, Эліс. Заўтра я прыеду раненька, — сказала Херыет.

Ззяючыя вочы, якія не адрываліся ад яе твара, на момант заплюшчыліся, пасля зноў адкрыліся; Эліс пацалавала яе.

Ззяючыя вочы праводзілі яе да дзвярэй; у іх ззянні і на спакойным твары была ўсмешка, калі дзверы зачыніліся.

Вочы не адрываліся ад дзвярэй, яна паклала руку на грудзі, і жыццё згасла на яе твары, нібы патушылі свечку.

  1. Фартынг — дробная манета ў 1/4 пені.