Перайсці да зместу

Дзея маей мысьлі, сэрца і волі (1992)/X

З пляцоўкі Вікікрыніцы
IX. Пад клёнам X. На другім вікарыяце. У зачараваным коле
Успаміны
Аўтар: Казімір Сваяк
1992 год
XI. Сьцежкаю сьмерці

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




X. На другім вікарыяце — у блудным коле
(Карыцін 1916-1917)

Клюшчаны, 2.XI.1916. Бывай здарова родная старонка! Глыбокая, моцная сувязь злучыла мяне з табой. Тут я нашоў сілу да жыцьця, тут пазнаў ясныя хвіліны супакою; тут нашоў новыя намэты працы хаўруснай, тут спазнаў, як сумна жывецца гаротнаму селяніну ў цемры, грэху і блудзе забітасьці… Мой родны куточак! Будзь здароў! Дасьць Бог, увідзімся. А калі ў чужыне зімнай застуджу я свае сілы жыцьцёвыя, ты прымі мяне ізноў, каб нашоў я ў табе добрую крыху патолі… Бывайце заўсёды дужы і здаровы вы ўсе, каго сэрцы біліся ў такт з маім! Капайце ў цьвёрдай грудзе сабе дарогу на прывольле і не забывайце, што мэта наша горная: вясёла ідзіце за сьветлай зарніцай Праўды: “з народам для Бога”.

Другі мой вікарыят па Камаях. У Вільні быў колькі гадзін праездам. У колах польскіх — салідарнасьць з Варшаваю. Апавешчана “Каралеўства Польскае” незалежным… Якія мы нешчасьліўцы, што ня можам падобна як Палякі ўзяць лёс свой у свае рукі!
У парафіі Карыцін большасьць беларусаў, гавораць чуць ня ўсе пабеларуску. Гутарка мала рожніцца і ад нашай надвялейскай. Ідэя маладой Беларусі тутака нязнана; цікаўна, што тутэйшыя “шкаце” ставяць сябе куды вышэй ад суседніх мазуроў за Беразовай. Беларусы-ж з-пад Янава і Карыціна кажуць, што яны нешта лепшае, як запушчанскія “шкаце”. Польшч тут палітыку можа вясьці ўдачна на сваю карысьць, бо: каталік усё роўна, што і Паляк…

*

3 трывогай бяруся да кіраўніцтва цэлай грамады дэвоткаў. Здароўе мала, а работы шмат. У такой сфэры сьмешна было-б падымаць думку аб Беларусі. Калі знайду якую, інтэлігентную душу, пастараюся пазнаёміць яе з справай, каторая ляжыць на сэрцы мне. Веру, што: “Жыве Беларусь”. Работа мая тымчасам чыста касьцельная і культурная. Мо‘ вазьмуся за хор, бо страшэнна запушчаны. А тымчасам: “Бог памож!”

25.XII.16. Божа, Божа! Так, здаецца, заплакаў-бы ціха і балесна, каб аж страпянуліся ўсе струны душы: можа-б гэта разагнала тую журбу, што зьядае ізноў мяне. Неадлучна ты ад мяне, ліхая мая сумнасьць, бо і я сам сабе нейкую трагедыю строю: складаецца яна мо‘ сама, а мо‘ і я творца яе, а канчатак яе будзе загубай маей, хоць несуцэльнай… Я не здаволен з самога сябе. Я кажды шаг свой пачынаю ставіць бяз тэй пэўнасьці, каторую дае сіла з Бога: з пакоры і малітвы. Што-раз мне сумней, а нямаш душы зроднай: я слабы і ня маю каму спавядаць “простую” душу маю…

2.II.1917. Сумую як заўсёды. Прылучылася слабасьць з сільнае застуды. Не магу ні гаварыць наголас, ні пяяць. А работы шмат.
Праца над самым сабой мае многа разьбіцьця — што выводзе мяне ўжо няраз з роўнасьці духоўнай. Баюся, каб не растроіцца. Як тут удзяржаць і разбудзіць жыцьцё глыбейшае ў другіх, калі сам павольна на мель асядаю…
Аб‘яжджаю крыху парафію з калядой: сьлёзы, больш нішто. Усьмеху рэдка спаткаць. Людзцы прыбіты нядоляй вайны — а шмат прымірае з голаду.

20.II. …Рэдка спаткаць душу з верай жывой, што відзіць ясна тайніцы быту людзкога, бо прывыкла мысьль затапляць у сьвятле Божай развагі. Вось адзін прыклад. Дзяўчо на ложу сьмерці, у сухотах. Вочы гараць ня толькі полымем з палу: відаць у іх нейкі праблеск засьвету і спакой з пэўнасьці жыцьця вечнага. “Мне не патрэба лекаў ніякіх людзкіх, чакала толькі Лекара Боскага. Усё роўна мне жыць, ці памерці, нават большая ахвота да сьмерці, бо ад жыцьця тутэйшага нічога не спадзяюся. Умру ахвотна, баюся толькі, ці Хрыстос прыйме мяне грэшніцу”.

13.III. Улез я ў блуднае кола… Запяяў я “тутэйшым” колькі шчырых песьняў беларускіх, сказаў пару казкаў, задэклямаваў “Званара” і даў прачытаць “Пчалінку”. Паказываецца, што тут многа хто мог бы палюбіць Беларусь, а прынамсі яе людовую паэзыю — духа глыбейшага яе. Бо відзеў я на гэтых успробах, што “вочкі іх гарэлі”. Але тут пачынаецца гэты блудны круг. Сяньня мой пробашч пры абедзе зьнячэўку пытаў: “Хто гэта даў да чытаньня беларускую кніжыцу, што чытаюць у мястэчку, сабраўшыся вечарам?” Адказаў я, што гэта мая работа. — “Няхай ксёндз не заводзіць тутака ніякай новасьці. Прашу ня шырыць ані песьняў, ані казкаў, ані дэклямацыяў беларускіх!” Я даў сваю згоду(!). Чаму?.. Пробашч пасьля выясьніў, што гэтага вымагае касьцельная палітыка з Вільні (!). Гэтага хоча касьцельны ўрад. Ёсьць-бо небясьпека, што ад умілаваньня роднай мовы, Беларус пачне дамагацца нават рэформы ў касьцеле. Хай жыцьцё плыве сваім карытам. Ня трэба будзіць духа самабытнасьці, бо гэта тымчасам небясьпечна для еднасьці Касьцёла… Што тут справядліва, а што не?… Пакінь!… Пакінь, браце, свае думкі! Ты любіш Беларусь! Міласьць твая нешчасьлівая. Крыйся ты з ею. Бойся яе аказаць, бо гэта можа даць урон для нейкай палітыкі, ведзенай у імя праўды(!). Я мусіць зблудзіў. Што-ж я зраблю, калі люблю так душу Беларуса. А віджу яе і пазнаю ў іншым шмат сьвятле, чым другія. Я мушу пакінуць тое, што ўелася ўжо ў маё сэрца!
Ну, буду біцца цяпер з… сваімі думкамі. Мо‘ беларуская муза ізноў будзе са мной. Зачну пісаць.
Каб як вылезьці з гэтага блуднага колца, стаўлю сабе такі парадак: 1) Слухаць пробашча ў тым, што датыча чыста нацыянальнай прапаганды — значыць пакінуць байкі, песьні і нават гаворкі аб беларушчыне… Ці я вытрываю?! 2) Трэба зараіцца з другімі сябрамі. 3) Пісаць на-нова дзеньнік, каб было дзе думку пакінуць. Маўчаць і больш думаць.

17.IV. Час плыве… Між мной і пробашчам тымчасам зносіны нібыто добрыя, але чуецца нешта анормальнае. Маё блуднае кола яшчэ больш сьціснулася. Ці-ж мне можна вытрываць: ані слоўца нікому?… Але-ж я слова даў не гаварыць аб Беларусі, ня вучыць новых песьняў, каб ня збудзіць руху. А тут мяне пытаюць, — што рабіць? Кажу проста: “Мне забаронена гаварыць аб гэтым”. Такая гаворка йзноў уводзіць у той круг, каторы завязаўся. А як тут не запяяць роднай песьні, калі просяць?! І сьмех і грэх… Аж во‘ нашоў я зьнячэўку выхад з блуднага кругу. Як хто загамоніць са мной аб “гэтым” — я і пытаю: “Ці ты лічыш сябе Беларусам?” Калі: “так” — добра, будзем аб “гэтым” гаварыць, калі: “не” — дай спакой, мне аб гэтым нявольна з табой талкаваць! — А што, ці-ж ня добры выхад? І воўк сыты і каза цэлая… Ха, ха!
Сяньня маю нос спушчаны на квінту, як кажуць сьпевакі: пробашч сказаў, што мала спавядаю. А бадай ты скіс (ня пробашч, але я): гэта-ж ты са сьпевамі апушчаешся… Але-ж гэта ня праўда! У сумленьні я спакойны. Я нездароў, а спавядаю ня менш “яго”. Мог бы сказаць “яму”, што ад Каляд у Карыціне крывёй плюю. Але “сыты галоднаму не спагадае”.

7.V. Выпала пяро мне з рук, не магу ўжо прымусіць яго да паслухмянасьці. А тут такое адзіноцтва, такая душная атмосфэра. Я шукаю, перад кім мог бы выліць крыху тэй пякоты з сэрца і не знаходжу. Ізноў вярнуўся да дзеньніка, але пяро ня слухае… паржавела.
Сумна мне, хоць ты вазьмі ляж ды і ўмры. Але як тут уміраць, нічога добрага не зрабіўшы? А мо‘ і не зраблю?… От біся, чалавеча, як рыба аб лёд! Калісь трапіш у прорубі…
Баліць мне сэрца за народ, каторага няшчасьце не змагу апісаць.
Пячэ нутро маё сум з бясьсільнасьці сваей да направы перш сябе, потым бліжніх маіх…
Плача сэрца маё над нядоляй, над упадкам духа тых, што звалі сябе дужымі…
Скалыхнуліся ўсе думкі мае, спуджаныя сумам ліхім і вялікай трывогай.
Я тут у гэтым Карыціне да часу. Добра тут. Мне пэўна будзе шкода пакінуць яго. Нашоў тут крыху сэрц, каторыя б‘юць у такт з маім, шукаючы Бога. Але на мяне зваліўся цяжар такі, каторы выпраўляе мяне адгэтуль. Дай-жа Божа канец гэтай вайне! Ах, Божанька, хутчэй! бо людцы ня вытрываюць і будуць разам з бязьверцамі клясьці Огляд Твой. Я-ж чакаю канца яе, каб папрацаваць яшчэ на ніве Божай і народнай, а тады памерці. Ах, лёгка гэта сказаць! Як-жа трэ‘ будзе перажыць гэты момэнт нарадзін да вечнасьці! Прызнаюся шчыра, я ўміраць баюся. Але трэба. Божанька! памажы мне споўніць наказы Твае і зразумець волю Тваю сьвятую. Вось, так хацелася-б збудаваць нешта нейкае для хвалы Тваей. Адну душу выратуеш з балота грэху, — колькі-ж радасьці! А каб-жа з такіх душ збудаваць цэлы касьцёлак, або прынамсі залажыць фундамант… Што-ж за шчасьце! Колькі-ж радасьці ў небе… Асушы адно вочка з сьлёзцаў — і так сэрца расьце! А каб жа гэтымі сьлёзцамі паліць “нядолю нашу беларускую” — колькі-ж было-б сьвятла і патолі?

18.VI. Жыцьцё ня ладзіцца. Найгорш з здароўем. Даю я гэтай парафіі праўдзівую кроў сваю. Ужо колькі разоў меў сільны ўплаў крыві з горла. Цікаўна мне, што мой пробашч ня верыць відаць у маю хварлівасьць і калі я часам скарачу сваё заняцьце, зара бывае чырвоны і надуты.
Нядаўна прыходзіць адна асоба і перасьцерагае сакрэтна, каб я сыскаў беларускія кніжыцы, калі каму пазычыў. Ад часу гутаркі з пробашчам я не даваў нікому чытаць ніякай брашуры, апроч вучыцеля, бо ён сябе палічыў Беларусам. А тут разшырылася вестка, што я сьпевакоў частую кніжкай беларускай. Вось што яна мне сказала: “Я чула, што з ксяндза вельмі нездаволены ў клябаніі за шырэньне думкаў беларускіх. Хай ксёндз будзе асьцярожны. Яны лічуць нас такімі дурнямі, што нам забараняюць на‘т чытаць беларускія кніжкі”. За гэту перасьцярогу я вельмі падзякаваў, насьмяяўся і падумаў: — Жыве Беларусь і тут. “Іншыя — кажа, — ксяндзы давалі чытаць гэтыя кніжыцы”: “адну — кажа, — я дагэтуль трымаю”… Значыць, думка аб роднай старонцы так жыва, што сочыцца праз ледзь значныя ходы. Тут неяк даведаліся, што я Беларус і не адзін прасіў ужо ў мяне “вершыкаў”. Што-ж? Трэба на жаданьне іх адказаць паводле тэй нормы, “каб воўк быў сыты і каза цэлая”. Блудны круг мой разьвязаўся, а зьвязваецца для ворагаў Беларусі.

19.VI. Сяньня я шчыра гаварыў з пробашчам аб маіх адносінах да людзей і да яго самога. Паказалася, што лучыць нас сільная толькі ідэя каталіцызму. Такую пропасьць убачыў між сабою а ім, што трудна будзе жыць. Нараіў мне ўступіць. Добра. Я пастанавіў адлучыцца. Дзе толькі падзенуся?! Нездаволены найгорш, што зрадзілася тут думка аб Беларусі не без майго ўдзелу.

3.VII.17. Сьцены тутака маюць вушы. Парафія ўжо гамоніць аб маім выезьдзе. А мо‘ прачуваюць? Ну, і сапраўды палажэньне незавіднае. “Хору вучыць ня можна”. Атрымаўшы такі прыказ, я закінуў работу над ім. Кожнае маё слова, кожны рух нават у касьцеле нехта наглядае. Я зусім замкнуўся.

12.VII. Справа з хорам вось які прымае кірунак. Я пакінуў працу на жаданьне пробашча, каторы ў арганізацыі маей дагледзіў небясьпечнасьць раздваеньня. Адна паненка даказала пробашчу, што я сею думкі беларускага нацыяналізму. Той паверыў бяз доказаў. Прызнаўся мне такжа, што меў даручэньне ад кс. Любянца наглядаць мае паступкі (“mieć око”). Я згадзіўся кінуць работу.