Дзея маей мысьлі, сэрца і волі (1992)/VI
| ← V. Дыяканат. Пачаткі хваробы | VI. У Закапаным. Пачатак вайны. Канец дыяканату Успаміны Аўтар: Казімір Сваяк 1992 год |
VII. Першыя гады сьвяшчэнства. Клюшчаны → |
(1912-1915)
Сьнежань 1912. Закапанае. Час сходзе быстра. Сілаў прыбывае. Таварыства тым добрае, што скора зьменнае: адны выяжджаюць, другія наяжджаюць. Тыпы цікаўныя людзей. Поле для абсэрвацыі характэраў добрае.
Зацікавілі мяне законы, каторых у нас не асталося пад гаспадаркай расейскай ані духу. Бліжэй пазнаў я рэгулу законьнікаў Марыянаў, добрай славы ў нас, хоць нешырокай. Гісторыя іх чыстая, констытуцыі простыя, хоць суровыя. Да іх загарэлася найсільней мая сымпатыя. Чаму? Ня ведаю. Можа гэта па тэй прычыне, што ўжо гэты закон належыць да гісторыі — а рэгула магла-б быць дастасаванай і да нашых часаў, каб нашліся такія людзі.
Май 1913. Еду дамоўкі з запасам адноўленых сіл. Пакідаю харошы куточак сьвету, багаты ў пышныя повіды. Не забудуся ніколі даліны Косьцеліскай, куды езьдзіў у таварыстве двух ксяндзоў. Была цудоўная ноч. Месяц усплываў на неба і што хвіліну хаваў свой твар між блядавых хмаркаў, як воўна. Пры гэтай частай зьмене сьвятла што-раз мяняліся повіды, даючы жыўную страву для выабражэньня. Цудны булькот ручайкоў,
дзіўныя контуры скальных абрываў, тайнічныя шэпты “смрэкаў” — усё гэта складала абраз, поўны спакою і маестату
ночы.
Кракава я не бяруся апісаць. Што ў ім найбольш мяне кранула — гэта дух прошласьці, што выглядае да цябе з кожнага мейсца.
Жнівень 1913. Ад даўнага часу чую да цябе, маці Беларусь, асаблівую прывязнасьць — і болей чым прывязнасьць: надта гэта адчуцьцё глыбока зарылася ў сэрцы — пэўна гэта міласьць, каханьне з сэрца. Люблю я цябе і сільна люблю. Аб‘ехаў я нямала ўжо сьвету, шукаючы красы і праўды, а найбольш бачу тэй і другой у сваім родным краі, у сваей мілай зямельцы. Стройны горы і даліны ў Татрах, прыемны малюнкі
ў зямлі Кракаўскай, а ўсё-ж цуднейшы наш бор вяльможны, пякнейшыя роўні і гаі нашы: страйнейшыя, бо гавораць проста да душы тваей, а мова іх пранікае цябе цэлага, лечыць раны сэрца твайго. О, хараство тут неапісанае, бо роднае, простае — як душа русьняка. Ты, браце Беларусе, выдаешся мне лепшьым ад другіх народаў. Ты пакрыўджаны і нешчасьлівы, пакінены праз многа сваіх родных сыноў і дочкаў, аддадзены на зьдзек чужынцаў — і то здаўна — ты бедны, гаротны. І тут пэўна ляжыць прычына, чаму ты так блізкі сэрцу і душы маей. Цябе ня сказіў фальш, не ляжыць на тваіх плячах крыўда чужая: свая толькі ўрэзалася крывава на іх і хіліць цябе да зямлі. Праўда і шчырасьць жыве йшчэ ў душы тваей — недарма-ж называюць цябе “простым”, даючы спазнаць, што другія народы здаўна ўжо скрывіліся. Пазнай толькі добра, хто ты, гарніся да
прасьветы, а станеш сільным: а гэта сіла дасьць волю духу твайму, так цяжка загнанаму і пакрыўджанаму…
Не хачу я пакінуць цябе, маці Беларусь, хоць хутка мус скажа ізноў разьвітацца з табой. Хачу служыць табе, аддаць сябе для дабра душы тваей. А яна душа твая — чакае афяраў. Патрэбны афяры, калі мае прысьці выбаўленьне. Я не пайду
шырокім разгонам людзкога рахунку. Я хачу толькі служыць тваім духоўным патрэбам, Беларусе. А яны аграмадны. Сапраўды сказаць трэба: “Жніво вялізнае, а працаўнікоў мала”. Божа, дай мне зразумець і ўпэўніцца, якой жадаеш ад
мяне службы. Аддаючыся найбліжэйшым братом маім, я хачу споўніць волю Тваю, шукаць праўды і нясьці знайдзеную другім.
13.VIII. Сягоньня, слухаючы звон наш цудны касьцельны, раблю пробу аддаць уражаньне вершам. Па польску пішуць усе. Беларус — сірата: сьмяюцца з яго мовы. Я люблю бедных, апушчаных… Буду пісаць па беларуску. Мова беларуская ёсьць гладкай і згучнай: можа служыць і да паэзыі (але сам сябе я да паэтаў залічыць ня важуся). Пастараюся выгладзіць стыль свой беларускі. Згодзіцца ў будучыне.
20.X. Да маці над магілкай! Не гаруй ты, маці, і не забівайся, калі дзіцятка роднае, дарагонькае, як краску без пары зьвянутую, кладзе і ў магілку… Ах, праўда — цяжка разлучыцца з каханьнем тваім, што грудзямі ўскарміла, сьлязамі абмыла, сэрцам служыла. Смутак нязьмерны шчэміць яго. Але-ж ты, маці, — Хрысьціянка! Дзе вера твая і спадзея жыцьця вечнага? Ці-ж тут у магілцы вясковай канец усяму? Не, не! Там у сьвеце вышэйшым, дзе сьлёзы гінуць, дзе радасьць бяз меры, — убачыш сваё дзіця, калі заслужыць тэй ласкі захочаш. Уцяміш ясна, што дарма забівалася над яго магілкай, зьдзівішся, што не разумела шчасьця, скрытага ў маладой, на пачатку, або ў квеце веку, сьмерці…
6.XI. Скуль бярэцца гэта нізкая пагарда да нашай роднай мовы? Ці сапраўды яна ня будзе здатнай да выражэньня праўды вышэйшага парадку, як гэта было калісьці? Ніколі! Я веру ў духоўную творчасьць беларуса. Ён сваю мову агладзіць і лік слоў зьвялічыць. Ад зьмены такой веры маей я буду бараніцца як змога. Сумлівасьць і маладушнасьць — набок!…
7.XI. Вось я не такі хварлівы, як думаў… Я ня ўмру яшчэ. Хоць, узяўшы на розум, ня ведаю, ці гэта будзе лепей. Мо‘ быў бы шчасьлівейшым на тым сьвеце. Павіннасьць духоўных цяжкая. Слабасьць мая аграмадная, лянівасьць дужая. Мысьлі гэтыя трывожаць мяне… Пакіну іх. Пацеха мая адзіная — гэта Бог. Мэта ясная, а помач ад Яго ласкі — пэўная.
8.XI. Ня рань свайго трывожнага сэрца: ня бойся нікога.
Усё прамінае — усё, апроч Бога…
Еду ізноў заграніцу.
Закапанае, 29.XI.1913. Стан здароўя, паводле слоў дохтара, слабы. Але пэўна мыліцца эскуляп. Я чую ў сабе дужа-многа сілы жыцьцёвай.
Трохі марозіць. Учора быў сьнег. Санная дарога пышная. Уночы зоркі іскрацца і паляцца на небе пад музыку ручайкоў горных і шум хвойкаў. “Гасьцей” многа незнаёмых. Кожнага псыхолёгія цікаўная. Трэба спазнаць.
2.XII. Атрымаў ліст ад аднэй пабожнай законьніцы. Намаўляе мяне да жыцьця законнага. Усё мяне кліча да жыцьця афярнага і цярплівага. Што-ж — Я на ўсё гатоў. Толькі цяпер я — чэрап разьбіты, нікому няварты. Яшчэ не прышла гадзіна мая, а мо‘ і зусім ня прыдзе.
3.XII. Дзень прайшоў бяз творчасьці духовай: мысьлі дрэмяць, сэрца зімнае…
Жнівень 1914. Разгарэлася вайна вялізарная… Мой Божа! Гэта рэч так сумная і так праціўная маей натуры, што лепей аб ей зусім ня пісаць. Мусіць адбыцца якісь пераварот у сьвеце. А кожны сьвятовы пераварот каштуе мільёны людзей. Як гэта сумна, што чалавек, істота разумная, ня можа змагчы найвялікшага зла на сьвеце — вайны. Бясьсільны ён тут, а лепей скажам подлы. Жыцьцё людзкое ёсьць найцаньнейшым дарам божым. Да жыцьця, як пэўнай формы быту кіруюцца ўсе творы. Мусім шанаваць жыцьцё навет малога жучка, бо права да яго згубы мы ня маем. Адабраць жыцьцё чалавеку гэта праступак, каторы толькі Бог помсьціць можа дастойна. Вайна ёсьць згуртаваньнем усіх праступкаў. Яна ёсьць ганьбай чалавечасьці. Яна матка ўсялякай нядолі. Няма нічога на сьвеце так паніжаючага чалавека, як вайна. Роўнай пагібелі, што нясе яна людзкасьці, не знаходзім у зьвяроў. Бог дапушчае такое зло на сьвет, каб зьніжыць пыху людзкую. Ня Бог прычына вайны — злосьць людзкая, завісьць і пыха. Што Бог дазволіў, каб кроў лілася — ня дзіва. Вольнай волі чалавека Ён не касуе. А між людзкой злосьці і ненавісьці патрафіць аказаць сваю найвышэйшую ўладу і справядлівасьць…
5.V.1915. “Ой цяжка, цяжка: не сярмяжка цяжка, але доля цяжка”. Канчаю ўжо час свайго дыяконату трыгадовага, а сумнасьць цяжкая залягае трывожнае сэрца маё. Сумнасьць тая, што родзіць цярпеньне глыбокае, крыжавое. Гнаны зманнасьцяй сьвету і людзкой спадзеі, я думаў найсьці пацеху і шчасьце ў рэлігіі і аддаўся Богу без разьдзелу. Я чуў іскру Божую ў сабе да засеву на ніве людзкой праўды Божай. Але баяўся чапіць гэты скарб свой, ведаючы, што калі аддацца ксяндзоўству, то трэба гэта зрабіць усей істотай сваей: з крывавай афярай самога сябе. Верыў я, што гэта мог-бы зрабіць, бо ласка Божая для мяне была падана, гатова. І быў момэнт, калі я гэта зрабіў, залажыўшы сабе вечны ідэал — праз цярпеньне.
Мой Божа, ці я ўстаю цьвёрдай ступнёй на выбранай дарозе? Ах, ніколі не адбяры ад мяне гэтай надзеі, бо згіну! Дай мне цярпеньне, хоць бы як мора глыбокае, але і сілу дай зьнясьці і вытрываць. Ласка Твая прымус нада мной учыніла — не пакідай мяне! Я сын таго народу, што найбольш цярпеў, цярпіць і цярпець будзе. Цярпеньня хачу, але такога, каторае з мяне зрабіла-б чалавека стальнога характару. Народ наш вялікі, а лічыцца найменшым. Няхай і я — сын яго — такім буду. Народ наш нешчасьлівы, без сучаснасьці пэўнай, бяз будучыны яснай — але глыбокі ў жыцьці сваім ціхім, скрытым, сьпеўным. Няхай і з маім так будзе жыцьцём: глыбокасьць духа, шырокасьць сэрца, агонь мовы і песьня, песьня тайнічная, бязьмерна сумная, хоць вечнай спадзеяй жывая.
6.V. Няма большага суму, як абмануцца ў сіле сваей. Смутак такі, калі яго не ўмяркуе моц вышэйшая, даходзіць да роспачы. Сумна кончыцца час майго дыяканату, пачынаецца прэсбітэрат маладога ідэалісты. Прызнаюся — чуцьцё перажытае ў мінуты, калі даведаўся я, што зара буду ксяндзом, было так спакойнае і патольнае, што сапраўды болей яго цаню, чым усё дазнанае ў часах апошніх. Аджыла ў мяне вера ў жывучасьць таго голасу, каторы зьвінеў калісьці ў вушах маіх: “Ідзі за мной!” І болей яшчэ: ня чуў я голасу адпору натуральнага, што мяне хватаў і адцягаваў ад ідэі Хрыстовага сьвяшчэнства, манячы да сьвету, каторы прымаў мяне і прымае дагэтуль з шырокім усьціскам. Але дарэмна! — Яму ня даўся і ня дамся!
7.V. Трэці дзень рэколекцыяў. Божа мой, як малым выдаюся я прад тым, чаго вымагае з мяне наш Касьцёл сьвяты. Што-ж я праз гэтых колькі дзён зраблю, каб стаць на вышыню свайго пазнаньня? Духа трэба, духа Божага. Ён у адзін момэнт здольны перарадзіць чалавека, абы толькі той прыгатаваў ральлю чыстую. Божа, Божа! Я гатоў на ўсё, бо зьмерыў цэлую глыбіню сваей немачы… Бедны я, бедны… Дыяканат мой канчаецца…