Перайсці да зместу

Дзея маей мысьлі, сэрца і волі (1992)/I

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзея маёй мыслі, сэрца і волі
Успаміны
Аўтар: Казімір Сваяк
1992 год
II. У павятковай школе

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




I. Пачаткі

Далёка ты, родная старонка, ад мяне…
На крыльлях хмарных ляціць мысьль мая туды, дзе я ўбачыў сьвет, дзе айцец мой дарагі, дзе маці мілая, дзе сястрыца родная. Родзяцца во думкі: то сьветлыя, як вясеньнае сонца над роднаю вёскай, то сумныя, як ночка цёмная, сьлязьлівая, восенная…
Прад вачамі стаіць уся прошласьць, што мінула як блыскі сьвятла, на векі згаснутага… Ня вернецца ніколі… Што-дзень, што-момэнт далучаецца да яе новая хваля і… прападае вечна. Ах, шчасьлівы той, што збудаваў сабе стройную, горную мінуўшчыну… Чаму я неспакойны, чаму бязвольны?!…
Дарагі! Сабяры сілы духа… Стаў прад сабой усё, што прайшло… Будуй новае, што-раз высшае жыцьцё…

Шуміць цёмны лес навокал Гаруноў, малой вёскі беларускае. Кругом ні жывой душы. Зрэдка толькі адзавецца зьвяга сабак вясковых, што чуюць ваўкоў. Людзцы сьпяць адны, другія кончаць вячэру. У хаце апошняй, пры самым лесе, мігціць праз акно агоньчык.
Дзеткі акружылі навокал бабулю і слухаюць пільна казкі. Усе ўжо расходзяцца спаць. Ім толькі не да сну, бо якраз байка ідзець аб самым цікаўным! „…Крыся абярнулася ў вадзянку і жывець у азярку. Што-дзень чуе яна голас жалосны з берагу — Крыся, Крыся, маладзян плачыць… Што-дзень адзываецца яна з жвіраватага дна — іду-бягу, раса вочкі залівае, жвірок ножкі падбівае…“
Слухалі дзеткі казкі-песьні. Аж заміралі з ахвоты даведацца, чым гэта кончылася, аж блішчэлі іх вочы. І ўначы пасьля пяялі яны ціхутка праз сон: „Крыся — Крыся! — Іду-бягу“… Шчасьлівае дзяцінства! Як жа яно жыва запісалася ў маей памяці. Няма ўжо тэй бабулі. Зьмяніла яе новае пакаленьне. Забыліся аб ёй чуць ня ўсе. Ах, вечны табе спакой, родная! Прыдзі хоць у сьне йшчэ да мяне…

Помню ноч. Сям‘я наша тады была падзелена. Часьць жыла ў Гарунох, а часьць у глухім засьценку Загінца. У засьценку жыла старушка, 6рат і я. Брат пасьвіў. Прыгналі раз дамоў. Прышла жывёла — брата ня было: прапаў негдзе. Бабуля ня спала і плакала поўна неспакою. Лес быў кругом вялікі, з балотамі, гушчарамі, хмызьнякамі. Вадзілася многа ваўкоў. Што-ноч чуваць было іх завываньне; навадзіла яно і адважнаму дрыжачку на плечы… Цёмна. Поўнач. Алеся няма…

“Найсьвятша Матка да касьцёла хадзіла,
Сваё дзіцятка за ручку вадзіла” —

мовіла бабуля свае пацеры голасам плачлівым і безнадзейным. Мне было страшна. Утуліўся глыбока, закрыў вочы і вушы і… заснуў здаровым дзіцячым сном. Назаўтра з зарой брат вярнуўся. Начаваў пры агні ў лесе, не баючыся ні ваўкоў,

ні благіх людзей…
Незваротны час! Як жа я тады блізкі быў прыроды, як зжыўся з шаптуном-борам, з зялёным гаем, кветным лугам! Быць любіў і пад навальніцай-громам і пад гарачым сонцам і на балючым марозе. Якое здароўе біла з майго твару!.. А цяпер!..

*

Цэлую ноч гудзела мяцеліца, гонячы сыпкі сьнег і насыпаючы гурбы. Цяжка дзеткам ісьці ў школку, завеена дарога не блізкая, а і мароз шчыпае вушы. Але мы ў поце, з румянымі тварамі бяжом праз насыпы, лезем праз гурбы — сьмешна неяк і лёгка. Радосная пара! Як доўга помніцца верш, навучаны на памяць! Як доўга стаіць у вачах вучыцель суровы, што мерыў злосна ўдары лінейкай “бяз дай прычыны!” У імгле мінуўшчыны ён здаецца лепшым і болей людзкім. Мімавольна забываесься, што ён быў п‘яніца горкі і маскаль наравісты… А які вясёлы быў паварот з школы! Далёка сьлізгаліся па гладзенькім лядку; прыжмурыўшы адно вочка, паказывалі язык дзяўчынкам, чапалі шалуцькавата кожнага сустрэчнага, празывалі і сьмяяліся з боўдзелаў і злых сяброў. Дзе ж было дзець тую жывасьць і энэргію дзіцячую, што як ручай рвалася разьліцца. Напрасна хацелі судзяржаць нас старшыя, называючы “распусьнікамі”". Мы сваё права мелі…