Дзень сканаў за гарой

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Ціхім гоманам гордых вяршын *** Дзень сканаў за гарой…
Верш
Аўтар: Канстанцыя Буйло
Звон


Дзень сканаў за гарой, а над соннай зямлёй
Выплыў месяц пурпурна-крывавы;
Над разлогамі ніў хутка-шыбка ён плыў,
Прытрымаўся над соннай дубравай.

Між адвечных дубоў асьвяціў рой крыжоў,
У высокай траве прытаіўся;
Плямай яснаю поўз па курганах, як смоўж,
То малюнкам на небе лажыўся.

Ціш усюды—спакой… Над званіцай старой
Звон зыклівы раптоўна раздаўся;
Разам з ім—пад дубом—над старым курганом
Трэснуў камень і з гукам распаўся.

І ад дзіваў такіх вецер змёршы заціх,
Месяц хмаркаю ў небе закрыўся;
С-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі,—
Во адзін з іх к крыжу прысланіўся.

У мазолях рука — верны знак мужыка,
Сьвецяць дзіўным агнём яго вочы;
І з грудзей гукнуў кліч: «Брацьця! ўсе, хто тут сьпіць!
«Брацьця, ўстаньма усе гэтай ночы!

«Сярод ніў ды палёў хараводаў-кругоў
«Мы натворым, успомнім былое;
«Песьню так завядзём, як тады, як агнём
«Ў нас кіпела жыцьцё маладое.

«Хай-жэ песьня ляціць, хай жэ песьня гудзіць,
«Разальецца па долах, па нівах!

«Нашай песьні такой не чутно с пары той,
«Як ляглі мы у цёмных магілах,

«Прахадзілі гады, заціралі сьляды,
«Заціралі сьляды нашых сьпеваў;
«Над разлогамі ніў іншы голас паплыў,—
«Сьпеў чужы плыў над нашым засевам.

«Брацьця! Ўсе, чым хутчэй хай з магілы сваей,—
«Брацьця, кожны на сьвет з вас выходзе!
«Мы ім песьню сьпяём, песьню зычну, як гром;
«Ў ёй раскажэм аб нашым народзе.

«Ў ёй пець будзем аб тым, што было, ды, як дым,
«Расплылося у віхравай хвалі, —
«Тую славу-пачот, якой слыў наш народ,
«Ды ўсё злыдні яму паскрывалі.

«Каб ніводзін із іх не чураўся сваіх
«Рук пакрытых карой мазалістай;
«Мовы дзедаў, бацькоў для гаворкі паноў
«Не чураўся ў хацінцэ айчыстай.

«Хто зямлі гэтай сын, ўстаньце ўсе, як адзін!
«Гэй, раздайся ты, песьня ўдалая!
«Хай твой зык паплыве, дзе народ наш жыве,
«Долю-мачыху дзе праклінае.

«Як забыўся пеяць, ўмее толькі стагнаць;
«Песьні болем яго налітые.
«Хай-жэ зычны наш сьпеў ўспомне ўраз, неўспадзеў
«Яму прошласьці дні залатые».

Чуць могутны прызыў да магілаў даплыў,
Разамкнуліся мігам магілы;

С-пад раскопаў зямлі цені шпарка ішлі
Хараводам між крыжаў пахілых.

Зычны родны напеў з іх грудзей паляцеў,
Словы радасьцю дзіўнай пеялі;
К волі, к шчасьцю прызыў гдэесь над сёламі плыў
Рассыпаючысь рэхам у далі.

І замоўк дзіўны хор. Плыла песьня ў прастор,
Тоны доўга ў паветры зьвінелі;
Прадзядоўскі напеў над палямі ляцеў,
После сосны аб ім ліш шумелі.