Дзевяноста трэці (1937)/3/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Частка другая. Кніга трэцяя Частка трэцяя. Кніга першая
Раман
Аўтар: Віктор Гюго
1937 год
Арыгінальная назва: Quatrevingt-treize (1874)
Пераклад: Янка Маўр
Кніга трэцяя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




КНІГА ПЕРШАЯ


ВАНДЭЯ

ЛЯСЫ

У тыя часы ў Брэтані было сем страшных лясоў. Вандэя — гэта бунт папоў. Памочнікам гэтага папоўскага мецяжа быў лес. Адна цемра дапамагае другой.

Гісторыя брэтонскіх лясоў ад 1792 да 1800 года магла-б скласці асобую кнігу; яна ўплятаецца, як легенда ў гісторыю, у шырокую вандэйскую авантуру.

У гісторыі ёсць свая праўда, у легенды — свая.

Вандэйскае паўстанне можа мець поўнае тлумачэнне толькі ў тым выпадку, калі гісторыю дапаўняе легенда. Гісторыя патрэбна для цэлага, легенда — для дэталей. І скажам проста: Вандэя варта такой працы.

Гэтая вайна цёмнага народу — такая недарэчная і велічная, жудасная і надзвычайная — спустошыла Францыю і дала ёй славу.

Каб зразумець вандэйскае паўстанне, трэба ясна ўявіць сабе гэты непрымірымы антаганізм: з аднаго боку, французская рэволюцыя, з другога — брэтонскі селянін. Побач з грозным ходам цывілізацыі, якую з усіх бакоў абступаюць ворагі, — урачыста-сур'ёзны дзікун, доўгавалосы, светлавокі, які жыве малаком і каштанамі. Ён прыкаваны да свайго поля, да свайго двара, да сваёй саламянай страхі. Ён адрознівае па гуку звана ўсе ваколічныя сёлы. Ён карыстаецца вадой толькі для піцця. Ён апрануты ў скураную куртку, расшытую шаўковымі арабескамі, татуіруе сваё адзенне, як яго продкі, кельты, татуіравалі свой твар. У асобе свайго ката ён шануе свайго пана. Ён гаворыць на мёртвай мове. Ён умее толькі падганяць сваіх быкоў, тачыць касу, сяк-так апрацоўваць зямлю, пячы грачаныя перапечкі. Ён перш за ўсё шануе сваю саху, потым сваю бабку, верыць у святую дзеву і ў Белую жанчыну, становіцца на калені і перад алтаром і перад таямнічым высокім каменем, што вытыркаецца сярод ландаў[1]. Гэта араты, рыбак, бракан'ёр, які любіць сваіх каралёў, сваіх паноў, сваіх папоў, сваіх вошай.

Ён можа гадзінамі стаяць у панурым раздуме на нізкім, пустынным, пясчаным беразе, прыслухоўваючыся да шуму мора. Пастаўце побач гэтага чалавека і французскую рэволюцыю і спытайце сябе, ці можа гэты сляпец убачыць яе святло.

ЛЮДЗІ

У селяніна два пункты апоры: поле, што яго корміць, і лес, дзе ён хаваецца.

Нялёгка сабе ўявіць, чым былі брэтонскія лясы. Гэта былі заселеныя гарады. Гушчар, пушчы, бязлюддзе, магільны пакой, маўчанне пустыні — такімі здаваліся непралазныя нетры галля і калючых хмызнякоў. Але ў сапраўднасці ў гэтым змроку капашыліся, як у мурашніку, людзі.

Вузкія крутыя студні, прыкрытыя зверху плоскімі каменнямі і ламаччам, пашыраныя пад зямлёй і злучаныя з цёмнымі пячорамі, былі месцам іх прытулку. У падземных пячорах Брэтані былі жывыя істоты. Адна з самых глухіх прагалін Медонскага лесу, уся зрытая падземнымі ходамі, па якіх сноўдалі таямнічыя чалавечыя істоты, называлася «Вялікім горадам». Другая прагаліна, такая самая бязлюдная на паверхні і таксама густа заселеная пад зямлёй, мела назву «Каралеўскай плошчы».

Гэтае падземнае жыццё пачалося ў Брэтані з даўнейшых часоў. Тут чалавек заўсёды вымушаны быў ад каго-небудзь хавацца. Таму ў тутэйшых лясах і трапляецца столькі чалавечых нор, выкапаных пад карэннямі дрэў. У пятнаццатым стагоддзі выразалі «паноў», у шаснаццатым і семнаццатым былі рэлігійныя войны, у восемнаццатым — трыццаць тысяч сабак, выдрасіраваных для палявання на людзей, — вось прычыны, з якіх народ палічыў за лепшае схавацца. Усе па чарзе хаваліся спачатку ў лясах, затым пад зямлёй. Так робяць звяры. Вось да чаго тыранія даводзіць народы. На працягу двух тысяч гадоў усе віды дэспатызма — заваёва, феадалізм, фанатызм, дзяржаўны фіск — праследавалі, як паляўнічыя звера, няшчасную, запалоханую, але ўпартую Брэтань, якая спыняла барацьбу ў адной форме толькі затым, каб пачаць яе ў другой. І людзі хаваліся ў нетрах зямлі.

У душы гэтых людзей заўсёды быў напагатове страх, які мяжуецца з гневам. У лясах былі падрыхтаваныя для іх норы, калі была абвешчана Французская рэспубліка. Брэтань паўстала супроць прымусовага вызвалення, як супроць уціску. Нявольнікам уласцівы такія памылкі.

ЖЫЦЦЁ ПАД ЗЯМЛЁЙ

Трагічныя брэтонскія лясы зноў зрабіліся памочнікамі мецяжа: яны прышлі на дапамогу вандэйскаму паўстанню, як і ў даўнейшыя часы.

Падглеба гэтых лясоў была падобная на разгалінены карал — так яна была зрытая па ўсіх кірунках бясконцай нябачнай сеткай падземных ходаў, нор і галерэй. У кожнай такой нары тулілася па пяць-шэсць чалавек. Галоўны недахоп гэтых падземных памяшканняў быў у тым, што ў іх цяжка было дыхаць. Але арганізацыя гэтага сялянскага мецяжа была вялікай і магутнай.

У Іль-э-Вілэн, у Пертрскім лесе, які быў прытулкам для прынца Тальмонскага, не было чуваць чалавечага голаса, не было відаць ніякіх слядоў чалавека, а між тым там хаваўся шасцітысячны атрад пад камандай Фокара. У Морбігане, у Мелакскім лесе, дзе, здавалася, не было ні душы, налічвалася восем тысяч узброеных людзей. І абодва гэтыя лясы, Пертрскі і Мелакскі, не належаць да ліку вялікіх брэтонскіх лясоў.

Страшна было ворагу ўступаць у гэтыя нетры. Здрадлівыя пушчы, напоўненыя схаванымі ў падземных лабірынтах байцамі, былі падобны на вялізныя нябачныя губкі, з якіх, пад ціскам гіганцкай ступы рэволюцыі, фантанам пырскала грамадзянская вайна.

Нябачныя батальёны пільнавалі ворага. Пад нагамі рэспубліканскіх атрадаў хадзілі невядомыя арміі, раптам вырастаючы з-пад зямлі і зноў уваходзячы ў зямлю, выскокваючы цэлымі натоўпамі і ў адзін момант знікаючы, волаты ў бойцы і карлікі, калі трэба было схавацца. Ягуары, пераняўшыя нораў кратоў.

Апрача вялікіх лясоў былі яшчэ пералескі і хмызнйкі. Як вакол гарадоў узнікаюць вёскі, таксама і вакол вялікіх лясоў плодзіцца дробны параснік. Лясы злучаліся паміж сабой усюды параскіданымі лабірынтамі такога дробнага лесу. Старадаўнія замкі, якія былі разам з тым і цытадэлямі; пасёлкі, ператвораныя ва ўмацаваныя лагеры; фермы з агароджанымі дварамі, якія служылі пасткамі; мызы, абнесеныя равамі і высокім частаколам, — усё гэта былі петлі той сеткі, у якой заблытваліся рэспубліканскія войскі.

Усё разам — увесь гэты дробны лес з хмызнякамі і пасёлкамі — мела агульную назву «Гай».

У некаторых з гэтых лясоў і ляскоў былі не толькі падземныя вёскі, якія групаваліся вакол бярлогі правадыра, але і сапраўдныя пасёлкі з нізенькіх халуп, затуленых пад дрэвамі. Іх было часам так многа, што імі быў запоўнены ўвесь лес. Часта іх выдаваў дым, што ішоў з комінаў.

Жанчыны жылі ў халупах, а мужчыны — у падзямеллях. У часе вайны яны карысталіся і прыроднымі пячорамі і старадаўнімі падземнымі ходамі кельтаў. Схаваным у зямлі мужчынам жанчыны прыносілі ежу. Здаралася, што людзі, забытыя пад зямлёй, паміралі ад голаду. Гэта былі тыя, у каго нехапала кемлівасці на тое, каб адчыніць накрыўку жылля-студні. Звычайна такія накрыўкі, замаскаваныя галлём і мохам, былі прыладжаны так майстэрскі, што знадворку пад травой зусім не былі відаць, а з сярэдзіны адчыняліся і зачыняліся вельмі лёгка. Земляныя работы вяліся вельмі асцярожна; выкапаную зямлю кідалі куды-небудзь у бліжэйшую сажалку. Сцены і падлогу падзямелляў высцілалі папараццю і мохам. Такія падземныя камеры называліся «ложамі». Там можна было ўсталявацца добра, але, вядома, трэба было абыходзіцца без святла, без агню, без паветра, а часам і без харчоў.

Вылазіць з-пад зямлі без асобых перасцярог было рызыкоўна: можна было напароцца на атрад рэспубліканцаў. Страшныя гэта былі лясы: падвойныя пасткі. Сінія баяліся ў іх уваходзіць, белыя не адважваліся высунуць з іх носа.

Людзі, што сядзелі ў гэтых звярыных норах, нудзіліся. Часам уначы яны, не гледзячы на небяспеку, выпаўзалі і ішлі паскакаць дзе-небудзь на лясной палянцы, або маліліся богу, каб скараціць час. «Жан-Шуан па цэлых днях прымушае нас перабіраць пацеркі», — пісаў Бурдуазо.

Улетку, калі надыходзіла свята жніва, жыхароў Ніжняга Мэда амаль немагчыма было затрымаць пад зямлёй. У некаторых быў свой асаблівы густ. Дэніс, напрыклад, пераапранаўся за жанчыну і ў такім выглядзе хадзіў у тэатр, а потым вяртаўся ў сваю нару.

Здаралася, што людзі не вытрымлівалі такога жыцця і ішлі прама на смерць, каб толькі не сядзець у такой турме.

Часам можна было бачыць, як накрыўкі падзямелляў трошкі падымаліся: гэта людзі ў сярэдзіне прыслухоўваліся, ці не страляюць дзе, і па гуках стрэлаў сачылі за ходам бойкі. Яны ведалі, што рэспубліканцы страляюць залпамі, а раялісты — паасобку. Калі страляніна залпамі раптам спынялася, гэта азначала, што раялістаў разбілі; калі паасобныя стрэлы паступова аддаляліся, гэта азначала, што раялісты атрымлівалі перамогу. Белыя заўсёды праследавалі разбітага ворага; сінія — ніколі, бо край быў супроць іх.

Гэтыя падземныя воіны надзвычай добра ведалі ўсё, што адбываецца знадворку. Цяжка сабе ўявіць як шпарка зносіліся яны між сабой і ў якім сакрэце гэта рабілася. Яны разбурылі ўсе масты, паразбівалі ўсе павозкі і ўсё-такі знаходзілі спосабы аб усіх паведамляць і папераджаць адзін аднаго. Па ўсёй краіне ад лесу да лесу, ад вёскі да вёскі, ад фермы да фермы, ад халупы да халупы, ад куста да куста, былі тастаўлены ўмоўныя зменныя пасты дазорцаў і разведчыкаў. Які-небудзь шэры мужык з тупым абыякім тварам, не выклікаючым ніякіх падазрэнняў, прыносіў дэпешы ў сярэдзіне свайго кія.

Былы член Устаноўчага схода Боэтыду дастаўляў такім разведчыкам новыя рэспубліканскія пашпарты, у якіх заставалася толькі напісаць імя. У гэтага здрадніка былі цэлыя пачкі такіх пашпартоў, з якімі гэтыя людзі і хадзілі сабе па ўсёй Брэтані. За імі нельга было прасачыць.

Здавалася, што вялізны чатырохкутнік меў адну агульную нервовую сістэму, так што ўздрыг у кожным пункце зямлі ў межах гэтага чатырохкутніка адчуваўся па ўсёй яго працягласці. У адно імгненне вока весткі з Нуармут'е даляталі ў Люсон, і лагер Луэ заўсёды ведаў, што рабілася ў лагеры Круа-Марыно. Можна было падумаць, што справа не абыходзіцца без удзелу птушак. 7 месідора ІІІ года Гош пісаў: «Падобна на тое, што ў іх ёсць тэлеграф».

Уся краіна была падзелена на кланы[2]. У кожнай парафіі быў свой правадыр. Бацька мой удзельнічаў у гэтай вайне; я маю права гаварыць аб ёй са слоў удзельніка.

ІХ ЖЫЦЦЁ НА ВАЙНЕ

Многія былі ўзброены толькі коп'ямі. Але нямала было і добрых паляўнічых карабінаў. Мала знайшлося-б такіх майстэрскіх стралкоў, як бракан'еры з Гая і кантрабандысты з Лору. Гэта былі сапраўдныя байцы, лютыя і адважныя. Дэкрэт аб наборы апалчэння ў трыста тысяч чалавек выклікаў набат у шасцістах вёсках. Пажар пачаўся ва ўсіх канцах адразу. Першы грукат грому пачуўся яшчэ ў 1792 годзе, 8 ліпеня, на Кербадэрскім пустыры. Пагражаючы карай смерцю, раялісты прымушалі выступаць усіх, хто мог насіць зброю, забіралі павозкі, збрую, прадукты. Прымусіць усе гэтыя натоўпы людзей узяцца за зброю было няцяжка. На алтары ў якога-небудзь прысягнуўшага Рэспубліцы ксяндза хавалі чорнага ката, які нечакана выскокваў у час абедні. «Д'ябал! Д'ябал!» — крычалі сяляне, і ўся акруга падымалася, як адзін чалавек. Спавядальні ператварыліся ў ачагі пажару.

Кожны мяцежнік меў пры сабе вялікі, футаў пятнаццаць даўжынёю, шост, якім ён карыстаўся і ў часе бойкі, для нападу на сініх, і для пераскоквання праз равы ў час уцякання. Калі на месцы бойкі, хоць-бы ў самым разгары яе, ці ў час атакі на рэспубліканцаў, сялянам трапляліся крыж або капліца, усе яны станавіліся на калені, чыталі малітву пад карцеччу, і, толькі памаліўшыся, тыя, што засталіся жывымі, уставалі і кідаліся на ворага. Стрэльбы зараджалі ў час бегу, выяўляючы пры гэтым вялікую спрытнасць.

Іх можна было запэўніць у чым хочаш. Які-небудзь ксёндз паказваў ім другога ксяндза з чырвонай паласой на шыі (якую той загаддзя нацёр сабе вяроўкай) і казаў: «Вось уваскрос зарэзаны гільятынай», і яны верылі.

Бывалі ў іх часам і рыцарскія ўчынкі. Так, яны пахавалі з пашанай Феска, рэспубліканскага сцяганосца, які загінуў пад ударамі шабляў, не выпусціўшы з рук свайго сцяга. Гэтыя сяляне ўмелі і насміхацца; яны называлі жанатых ксяндзоў-рэспубліканцаў: «бескуфейнікі, якія зрабіліся бясштаннікамі». Спачатку яны баяліся гармат, а потым смела кідаліся наіх з дубінамі, і здаралася, што адбівалі іх. Першым іх трафеем была дасканалая бронзавая гармата, якую яны ахрысцілі «Прапаведнікам». Потым яны ўзялі другую, што засталася яшчэ ад рэлігійных войн, з выразаным на ёй гербам Рышэлье і фігурай маткі боскай; гэтую гармату яны назвалі «Марыяй-Аннай». Калі іх выгналі з Фонтэнэ, у іх была адбіта і «Марыя-Анна», вакол якой смела загінула шэсцьсот чалавек сялян. Пазней яны зноў узялі Фонтэнэ, зноў адабралі «Марыю-Анну» і павезлі яе ў свой лагер пад сцягам з гербавымі ліліямі, усю ўпрыгожаную кветкамі, прымушаючы па дарозе ўсіх сустрэчных жанчын цалаваць яе. Два іншыя правадыры надумаліся яшчэ лепш: яны панарабілі гармат з бярвенняў, заместа кананіраў паставілі ля іх манекены і з гэтай артылерыяй, з якой самі шчыра смяяліся, прымусілі сініх адступіць. То быў іх лепшы час — час поспехаў. Пазней яны, уцякаючы, ганебна пакінулі трыццаць дзве гарматы з англійскім кляймом. У той час Англія выдавала субсідыі французскім прынцам. «Хай жывуць англічане!» — такі быў кліч мяцежнікаў.

Пры захопе непрыяцельскіх гарадоў справа не абыходзілася без грабежніцтва. Сяляне-багамолы зрабіліся злодзеямі. У дзікуноў таксама бываюць заганы. Вандэйцы абрабавалі Шалэ, разграмілі Шалан. Пацярпеўшы няўдачу ў Гранвіле, яны разнеслі Віль-Д'ё. Сялян, што далучыліся да сініх, яны называлі «якабінскай чэляддзю» і катавалі іх з асаблівай лютасцю. Яны любілі бой, як салдаты, і разаніну, як разбойнікі. Ім было прыемна расстрэльваць «тоўстапузых», гэта значыць, гарадскіх буржуа; у іх гэта называлася «разгаўляцца». Пры Фонтэнэ іхні ксёндз, кюрэ Барботэн, ударам шаблі палажыў на месцы аднаго старыка, У Сен-Жэрмэн-сюр-іль адзін з правадыроў, дваранін, застрэліў са стрэльбы пракурора сельскай абшчыны і ўзяў сабе яго гадзіннік. У Машкуле рэспубліканцаў катавалі сістэматычна, па трыццаць чалавек на дзень, на працягу пяці тыдняў. Кожная такая партыя з трыццаці чалавек называлася «пацеркамі». Іх ставілі спіной да вялікай ямы і расстрэльвалі. Расстраляныя валіліся ў яму часам яшчэ жывыя, іх закопвалі без разбору. На тэрор адказвалі тэрорам.

У вандэйскай арміі налічвалася сто пяцьдзесят чатыры дывізіі. Гэтае войска вяло правільныя аблогі. У адзін дзень яны ўхітрыліся разбурыць чатырнаццаць рэспубліканскіх лагераў.

Патрон для стрэльбы быў гэтым людзям даражэй за чырвонец. А калі яны трацілі з вачэй званіцу свайго сяла, то плакалі, як дзеці. Яны не лічылі ганебным уцякаць з поля бітвы. У такіх выпадках іхнія правадыры крычалі ім: «Скідайце чаравікі, але захоўвайце стрэльбы!» Калі ў іх нехапала зарадаў, яны чыталі малітву і адпраўляліся адбіраць зарадныя скрынкі ў рэспубліканскай артылерыі. Калі набліжаўся вораг, яны хавалі сваіх раненых у высокім збожжы ці ў папараці, а калі бой канчаўся, прыходзілі па іх. Ніякай вайсковай формы яны не мелі, Многія хадзілі абадранцамі. Усе — і сяляне і дваране — адзяваліся ў абы што. На ўсіх былі белыя паясы і белыя шалікі з бантамі. Па колеру бантаў пазнавалі чыны. Ваенныя начальнікі часта былі такімі самымі невукамі, як і салдаты. Правадыры ненавідзелі адзін аднаго. Начальнікі з раўніны крычалі: «Далоў начальнікаў горцаў!» Кавалерыі ў іх было мала, і яе цяжка было арганізаваць. Пюізэ пісаў: «Іншы з іх ахвотна аддае мне сваіх сыноў, але робіцца непрыступным, як толькі я патрабую ў яго коней». Шасты, вілы, косы, старыя і новыя стрэльбы, паляўнічыя нажы, жалязнякі, дубіны з жалезнымі наканечнікамі — такая была ў іх зброя. Некаторыя насілі на шыі крыжы з чалавечых касцей. Нападалі яны з гучным крыкам, раптам выскокваючы адусюль — з лесу, з-за ўзгоркаў, з равоў, — абкружалі непрыяцеля, стралялі, калолі, секлі і, знішчыўшы яго, разбягаліся ў розныя бакі.

Праходзячы праз рэспубліканскія гарады, яны ў першую чаргу ссякалі дрэва Волі, запальвалі яго і, узяўшыся за рукі, скакалі вакол кастра. Усе іхнія звычкі былі звычкамі начных драпежнікаў. Яны трымаліся правіла — заўсёды з'яўляцца нечакана. Яны маглі прайсці пятнаццаць лье ў поўным маўчанні, зусім без шуму, не зачапіўшы ніводнай галінкі, не прыціснуўшы травы. Калі надыходзіў вечар, правадыры збіраліся на ваенную нараду, каб дамовіцца на заўтра, у якім месцы напасці на рэспубліканскія пасты, і, калі ўсё было абгаворана і дагаворана, увесь атрад зараджаў стрэльбы, мармытаў малітвы, потым здымаў чаравікі і, ступаючы босымі нагамі па вераску і моху, чарадой прабіраўся праз лясы і пералескі, не гаворачы ні слова, затрымліваючы дыханне, без гуку, як кошка, што выследжвае здабычу ў цемры.

Паўстаўшая Вандэя налічвала не меней поўмільёна чалавек з жанчынамі і дзяцьмі.

Сапраўдная Вандэя — гэта Вандэя ў сябе дома; там яна непаражальная, нязлоўная.

Вандэец у сябе — і земляроб, і кантрабандыст, і пастух, і салдат, і бракан'ер, і вольны стралок, і свінапас, і званар, і мірны селянін, і шпіён, і забойца, і царкоўнік, і звер лясны.

Родная вёска і бацькаўшчына — у гэтых словах рэзюміруецца ўся вандэйская вайна; варожасць двух ідэй — мясцовай і універсальнай. Сяляне супроць патрыётаў, сыны сяла супроць сыноў бацькаўшчыны.

ВАНДЭЯ ПРЫКОНЧЫЛА БРЭТАНЬ

Брэтань — старая бунтарка. На працягу двух тысячагоддзяў яна паўставала некалькі разоў, і ва ўсіх яе паўстаннях, апрача апошняга, права было на яе баку, але ў апошні раз яна была няправая. А між тым, ці змагалася яна з рэволюцыяй або з манархіяй, з упаўнаважанымі дэлегатамі Рэспублікі ці з герцагамі і пэрамі, правіцелямі каралёў, з выпускам асігнацый ці з саляным падаткам, ці падымалася яна супроць караля або за караля, — гэта была ўсё тая самая брэтонская вайна, вайна мясцовага духу з цэнтральным.

Старыя брэтонскія правінцыі можна параўнаць са стаячай сажалкай: гэтая стаячая вада зусім адмаўлялася цячы; вецер, які праносіўся над ёй, не асвяжаў яе, а толькі каламуціў. Кожны раз, калі цэнтр — Парыж — даваў штуршок, — ці выходзіў гэты штуршок ад каралеўскай або рэспубліканскай улады, ці быў ён накіраваны супроць волі ці супроць дэспатызма, — Брэтань адчувала ў ім нешта новае і натапырвалася. Дайце нам спакой! Чаго вам ад нас трэба?.. І вось жыхар раўніны хапаецца за вілы, жыхар пералеску за карабін.

Жудасная глухата.

Такую глухату нічым не прабярэш.

Вандэйскае паўстанне — прыкрае непаразуменне.

Каласальная па сваім размаху, смелая да дзёрзкасці авантура, шырока задуманы мяцеж, якому суджана было пакінуць у гісторыі назву Вандэі, — славутую, але не добрай памяці назву; Вандэя губіла сябе дзеля адсутных, шчыра аддавала сваю мужнасць для паслугі трусам, без выгоды, без стратэгіі, без тактыкі, без плана, без мэты, без адказнасці, без галавы; яна спрабавала паставіць глухую сцяну цемры, каб адгарадзіць сябе ад святла; Вандэя — гэта васьмігадовая пагроза Францыі; чатырнаццаць зруйнаваных дэпартаментаў, спустошаныя палі, знішчаныя ўраджаі, спаленыя вёскі, разбураныя гарады, аграбленыя дамы, забітыя жанчыны і дзеці, палаючы факел у саламяных стрэхах, меч у сэрцах, пудзіла для цывілізацыі, — вось чым была гэтая вайна, гэты несвядомы замах на забойства бацькі.

Але ўвогуле, даказаўшы неабходнасць рассеяць ва ўсе бакі адвечную цемру, якая агортвала Брэтань і пусціць у гэтую непраходную брэтонскую пушчу ўсе стрэлы святла, Вандэя паслужыла справе прагрэса. Катастрофы смутным спосабам наладжваюць усё к лепшаму.


  1. Ланды — пустыры і балоты з зыбучымі пяскамі.
  2. Клан — родавая абшчына.