Два бакі беларускага руху
Два бакі беларускага руху Артыкул Аўтар: Цішка Гартны 1923 Крыніца: Полымя, 1923. - №3-4 |
Гісторыя беларускага нацыянальнага руху цесна сплецена з гісторыяй беларускай культуры. Калі-б хто не дакрануўся апошняй, ён ня можа абыйсьці першага. Ды й гэта зразумела: у нацыі, якая доўгія вякі ня знала сябе, ня жыла для сябе, а толькі выпаўняла бесканечную павіннасьць прыгону то на адных то на другіх захопнікаў, іначай і не магло скласьціся. Гістарычны закон разьвіцьця народаў захапіў беларускую нацыю на аднакавым узроўні яе культурнага й нацыянальнага асьведамленьня. Гэтаму, пэўна, пасобіла шмат тое, што сама беларуская нацыя моцаю розных варункаў на працягу доўгіх вякоў хавала свае сокі ў адным монолітным стане—стане малазямельнага сялянства і часткаю ў стане беднага местачковага рамесьніцтва. Гэтыя дзьве катэгорыі беларускай нацыі выпаўнялі абавязкі нявольнікаў і ім ня было калі думаць аб тых ці іншых патрэбах душы. Багацьцем, як матар‘яльным, гэтак і духоўным, валадалі ў Беларусі багатыя станы ды к таму яшчэ чужых народаў.
Вось, дзякуючы гэткім варункам, беларуская культура, хоць і рухалася патрошку наперад працаю рэдкіх адзінак з беларускай шляхты, але ўсе-ж яна не магла прабівацца ў народныя гушчы і, тым болей, не магла іх кратаць. Наогул— умовы прыгонна-окупацыйнага жыцьця ня толькі не дапамагалі развою беларускай, мясцовай культуры, а нават перашкаджалі разьвіцьцю культуры і тых народаў, якія пазьменна прыграбалі да сябе Беларусь, пакідаючы на яе целе плойму дармаедаў-крывасосаў з памешчыкаў, шляхты й чыноўнікаў. Да самых апошніх часоў Беларусь была захована ад усякай культуры. Беларускага селяніна й беларускага рамесьніка, ад каго залежала, трымалі ў нявылазнай цемні.
Але, калі мусіла гэта становішча падацца, каб уступіць месца новым формам сацыяльна-політычнага ўкладу жыцьця, тады яно пачалося тым, што зьвязала поступ беларускае культуры з нацыянальным рухам. Звычайна ў гісторыі іншых народаў, хоць-бы латышоў, літоўцаў ці другіх, гэту сытуацыю выкарыстоўвалі не працоўныя гушчы, а інтэлігенцыя, дробная буржуазія ды розначынцы. У беларусаў, к нашай выгадзе, склаліся сацыяльнымі стасункамі іншыя ўмовы. Атрымалася так, што нямінучы ў гісторыі кожнай нацыі тэрмін нацыянальнага ўздыму паў на працоўныя слаі беларускага народу. Гэта ў свой чарод прывяло да таго, што беларускі нацыянальна-культурны рух зьліўся з соцыялістычным рухам і сумесна з ім захапіў беларускую сялянскую й рамесьніцкую інтэлігенцыю. Рэдкія ядынкі дробна-буржуйнай беларускай інтэлігенцыі, якія прынялі ідэю адраджэньня беларускага народу, яго культуры, ня гралі значнае ролі. У 1905— 6 г.г., калі бурліў вызваленчы рух, які прайшоў па ўсёй царскай Расіі, нязначны лік беларускай дробна-буржуазнай культурніцкай інтэлігенцыі зусім растаў у грамадзе перадавой сялянскай і местачковай моладзі. Апошняя шырока захапілася беларускім нацыянальна-соцыялістычным рухам і паступова пачала падбіраць яго пад свой уплыў. Свае поэты, свае культурна-асьветныя гурткі, аматарска-тэатральныя таварыствы, гібель корэспандэнтаў, ясна сьведчылі за тое, што беларускі вызваленчы рух датыкае галоўным чынам самыя нізы і ў той самы час самую базу беларускага народу— сялянства й рамесьніцтва з сельскай інтэлігенцыяй у асобе сельскага настаўніка, паштовага чыноўніка, лясьніка ды інш.
Гэткі нарыс ясна маляваў кірункі беларускага нацыянальна-культурнага руху ў бліжэйшыя часы яго разьвіцьця. Ня было чаго й да чаго заўважаць тых дробных кропелек на яго цэлі, якія пакладалі сабою рэдкія „прыходжыя зьверху", бач—дробна-буржуйныя інтэлігэнты. Тым болей ня трэ' было думаць аб адмежаваньні іх яшчэ й таму, што блізкая будучыня для беларускага руху і яго шляхі былі дужа крохкімі й цьмянымі да часоў рэволюцыі. А па колькі ўцалку ўвесь беларускі рух меў гостра-опозыцыйны і, нават, радыкальна-соцыялістычны характар, то ён прыдаваў сабою значную сілу агульна-соцыялістычнаму руху ў Беларусі і граў у дудку працоўнага стану. Кніжкі й адозвы «Беларускай Сацыялістычнай Грамады», якая з 1906 г. абагульніла беларускі нацыянальна-соцыялістычна-культурны рух, зрабілі вялізную працу для распаўсюджваньня рэволюцыйна-соцыялістычных ідэй сярод беларускага сялянства й, нават, сарод местачковых рамесьнікаў. Ды беларуская газэта «Наша Ніва» пад выглядам культурнай газэты зьяўлялася самай радыкальнай газэтай ня толькі ў Беларусі, а і ўва ўсёй Расіі, ня лічачы соцыялістычных газэт, ужо ў 1907 годзе кончыўшых сваё жыцьцё ажно да 1912 г. Літоўскія газэты й газэты ўкраінскія, як газэта «Рада», «Діло»— тыя гуртавалі вакол сябе зусім іншага колеру людзей, чым то было з беларускаю «Нашай Ніваю».
Пры гэткіх умовах беларускі нацыянальна-культурны рух, атрымаўшы моцны стымул у 90 г. г., раздымаў свае сьценкі ўсе глыбей і глыбей у бок беларускіх сялянска-рамесьніцкіх гушчаў. Якавы-б былі яго далейшыя шляхі й якую-бы афарбоўку ён атрымаў, каб не вайна й рэвалюцыя — гэта загадка... ды да таго—ужо для нас—мала цікавая.
Царская вайна, а пасьля рэволюцыя — гэты два вялікія трухі ў жыцьці народаў, насяляючых Расію, перавярнулі ход разьвіцьця яе гісторыі. Гэтыя-ж гістарычныя чыннасьці зьмянілі характар і беларускага нацыянальна-культурнага руху. Царская вайна разбурыла віленскі цэнтр яго й разагнала беларускіх культурнікаў па ўсёй Расіі. Замест культурна-нашлянальна-вызваленчага руху, які меў мэтаю даць чалавечы воблік беларускаму селяніну, па палёх Беларусі йзноў загрукацелі гарматы й панёсься дым пажараў, гонячы перад сабою грамады ўцекачоў «куды вочы глядзяць». Беларуская краіна стала на беразе зьнішчэньня...
Але на выручку прыйшла рэволюцыя. Яна стукнула па вайне, стукнула па паднявольным парадку й адчыніла шырокія мажлівасьці свабоднага жыцьця для працоўнага народу ўсіх нацыяў Расіі. Для беларускага нацыянальна-культурнага руху адкрыўся неабмерны сьветагляд. Да яго даляў, злучыўшыся шчыльна з рэволюцыяй, і сягнуў беларускі рух. З гэтага моманту, згодна з поступам ды пашырэньнем рэволюцыі, пайшло й яго пашырэньне... Хуткімі, сямімільнымі крокамі. Вось у гэтым яго пашырэньні, зразумела, і сталі цеснымі ранейшыя рамкі. Тым болей, што пэнт новага жыцьця не гадзіўся ні з чым старым. Гарачка разьвіцьця рэволюцыйных здарэньняў перамятусіла карты. І пад шаты беларускага нацыянальна-культурнага руху пачало ўплываць шмат чужога, варожага яму. Гэтае чужое разьлічвала нажыць на беларускім руху ня толькі імя й славу, а і ўладу над тымі, хто выхаваў сваёю няволяю глебу для свайго руху, бач—для беларускага сялянства й працаўнікоў.
Чым далей, наўсьцяж ад сакавіка на кастрычнік, як і рух другіх народаў, насельнікаў царскае Расіі, беларускі рух раўняўся водлуг расслаеньня рэволюцыйнага разьвіцьця па ўсёй Расіі цалком. З аднаго суцэльнага ён распаўся на некалькі расслойкаў, згодна клясавай падзельнасьці захопленых і далучаных да яго кадраў. У гэтым стане якраз апынуліся гэткія «беларускія культурнікі», як абшарнік Скірмунт, княгіня Радзівіл, генэрал Кандратовіч і да іх падобныя. Лёзунгі беларускае незалежнасьці гладка пралазілі праз іх горла. А хітрая іх гамонка лёгка зачароўвала «прасьцецкіх» сяброў тых ці іншых беларускіх соцыялістычных кірункаў, якія перадаваліся ў лягер тых, хто з беларускага нацыянальна-вызваленчага руху меўся зрабіць рух прыгнячэньня беларускіх грамадаў.
Дзякуючы моцнаму напору з боку буржуазных незалежнікаў, у тэрмін між сакавіком і кастрычнікам 1917 г., беларускі рух перажываў крызыс сваёй рэволюцыйнасьці. Над ім вісела небясьпека падпасьці цалком пад уплыў варожых яму рэакцыйных элемэнтаў. Аднак ход разьвіцьця гісторыі Беларусі да гэтага не дапусьціў. Ужо Ўсебеларускі Зьезд у Менску ў лістападзе 1917 году яскрава адмеціў, што беларускі нацыянальна-культурны рух мае ў сябе досыць раволюцыйна-пролетарскага духу, якому прадназначаны шлях да верхаводзтва. Невякікая, але моцная грамадка дэлегатаў зьезду з рабочых і сялянскай салдацкай масы выразна праводзіла ў сваіх выступленьнях савецкія прынцыпы; гэта грамадка мела вялікую вагу, і на працягу ўсяго зьезду ня кідала гострага кірунку на фэдэрацыю з маладою ў той час і яшчэ слабаю Савецкаю Расіяй, а таксама на згоджанасьць працы с Комуністычнай партыяй. Ня будзь-бы іншых умоў, якія скончылі беларускі зьезд, згодна вымаганьням моманту, дык нельга сумнявацца, што левае крыло таксама прывяло-бы да прыемнага з погляду Савецкай ўлады канчатку.
З гэтага моманту, з моманту беларускага зьезду ў 1917 г., беларускі рух фактычна прыняў два кірункі. З аднаго боку асталіся незалежнікі, якія прытулілі пад сваё крыльле ўсё агіднае, наноснае, чужое й варожае беларускаму працоўнаму народу, з другога — згуртаваліся пакуль малыя, але моральна і ідэёва крэпкія беларускія савецкія элемэнты. Контынгэнт гэтага зьяднаньня выстачылі Пецярбурская беларуская соцыял-дэмакратычная органівацыя, зьяднаўшая сабою выключна беларусаў-рабочых і левае крыло Беларускай Соцыялістычнай Грамады. На сходах абудвых гэтых організацый скора-ж пасьля зьезду былі прыняты рэзолюцыі, у якіх выказвалася адкрыта нязгоднасьць іх з працаю й пастановамі беларускага зьезду. Вось што кажа рэзолюцыя Пецярбурскай оргапізацыі Беларускай Сацыялістычнай Грамады, прынятая агульным сходам 11 сакавіка 1918 г. па пытаньню аб адносінах да беларускай рады, выбранай гэтым зьездам:
«Беларуская Соцыялістычная Грамада, як партыя рэволюцыйнага соцыялізму, першая пачала працу на ніве нацыянальнага адраджэньня беларускага працоўнага народу і павяла гэту працу той пуцінай, якая не перашкодзінь клясавай барацьбе і вызваленьню ад зкономічнага гнёту працоўных людзей... Пецярбурская організацыя Беларускай Соцыялістычнай Грамады, абураная політыкаю самазваных беларускіх радаў, рэзка адлучаючы іх ад сябе і абвяшчаючы ім няшчадную барацьбу, зьвяртаецца да рэволюцыйных работнікаў і сялян Велікарасіі і ўсіх нацыяў, якія ў ёй жывуць— з агалашэньнем, што яна (Пецярбурская організацыя Беларускай Сацыялістычнай Грамады) настолькі прымае ў сваёй праграме нацыянальны рух, на колькі ён не парушае еднасьці рэволюцыйнага фронту і памагае хутчэйшаму вызваленьню працоўнага народу ад усякага ўціску. Няхай жыве работніча-сялянскі інтэрнацыянал!»
Выразьней кажучы, гэта рззолюцыя ахоўвала ранейшыя рэволюцыйныя традыцыі і прынцып пахілу да працоўнага народу ў беларускім руху і разам ставіла яму вехі таго кірунку, які, фактычна, адзначыўся ў політыцы Савецкай улады па нацыянальнаму пытаньню. Сэнс гэтага кірунку выказваў гэткія думкі: «Беларускі працоўны народ— адсталы ўва ўсіх адносінах ад суседніх народаў, культурна-найцямнейшы. Віною таму—векавы заняпад яго нацыянальнай культуры, зьвязаны да апошніх часоў з вялікшым, дубальтовым прыгонам політычным, экономічным і нацыянальным. З-пад гэтага заняпаду, сілаю гістарычных умоў задоўга да рэволюцыі ён пачаў вызваляцца праз нацыянальна-культурнае адраджэньне.
У культурны рух беларускі працаўнік улажыў усю сілу протэсту супроціў усякага выгляду прыгнёту над сабою. Дзякуючы гэтаму, к часу заснаваньня Савецкай улады беларускі рух захапіў сабою шырокія гушчы беларускіх рабочых, сялян і рабоча-сялянскай інтэлігенцыі, як у Беларусі, гэтак і па-за межамі.
Пакінуць гэту грамаду на самую сябе — то значыла даць поўную мажлівасьць беларускай радзе й беларускай незалежніцкай ідоолёгіі падабраць пад сябе пакуль няўтрывалыя кадры беларускіх працаўнікоў. Занядбаць гэта— было роўна праступку. Патрабавалася захапіць кіраўніцтва над імі тым шчыра-соцыялістычным элемэнтам, якія-б вялі гэта іх разьвіцьцё паводлуг разьвіцьця пролетарска-савецкай ідзі, паводлуг вымаганьняў комунізму.
Вось за гэтую справу і ўзяліся беларускія левыя організацыі— Соцыял-дэмократычная (бальшавікоў) і левае крыло Соцыялістычнай Грамады (інтэрнацыяналістыя). 24 лютага 1918 г. абедзьве гэтыя організацыі, згрупаваўшы сваю работу ў Беларускім Нацыяльным Комісарыяце, сталі ўзнаўляць беларускі нацыянальна-культурны рух у яго супроць-незалежніцкай, савецкай галіне.
Комісарыят разьвярнуў працу політычную й культурную. Політычная праца аддавала шмат увагі пытаньням вызваленьня Беларусі з-пад нямецкай окупацыі, і організацыі беларускай грамадзянскай савецкай думкі, якая-бы стале перашкаджаць беларускай незалежніцкай белагвардзейшчыне выступаць ад імя беларускіх працоўных грамадаў. Культурная праца налягла на тое, каб з яе дапамогай увясьці беларускі рух у рамкі савецкага культурна-пролетарскага напрамку. На працягу часу ад красавіка да жніўня 1918 году пастаўленыя комісарыятам заданьні прыпасьлі багаты плён: культурная беларуская праца заняла галоўнейшае месца ў комісарыяце, а політычную яе частку ўзяла праводзіць заложаная к гэтаму часу беларуская сэкцыя маскоўскай організацыі комуністычнай партыі, якая хутка прыняла сілу і аўтарытэт прадстаўніцы беларускага савецкага працоўнага грамадзянства. Гэта дало сэкцыі поўныя правы і магчымасьць выступаць ад яго ўсюды, усягды й перад усіма, паралізуючы гэтым провокацыйна-прадаўніцкую працу ў окупаванай Беларусі з боку беларускай рады й абляпіўшых яе контррэволюцыянэраў рознае афарбоўкі. Да Беларускага нацыянальнага комісарыяту, як да установы, абараняючай правы беларускага працаўніка й селяніна, зварочваліся організацыі і грамады беларускага сялянства, рабочых і бежанцаў. У рэзалюцыі, прынятай 7 кветня 1918 г. на валасным сходзе, наданай у комісарыят, сяляне Чарнейскай воласьці Себежскага павету Вітабшчыны аднагалосна заяўляюць: „Мы рашылі зьвярнуцца да Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту і да правіцельства Вялікай Фэдэрацкай Расійскай Рэспублікі з паведамленьнем аб тым, што мы протэ стуем супроціў жаданьняў нямецкіх гвалтоўнікаў, якія жадаюць праз абман і абяцанкі абярнуць нас і нашых братоў у сваіх нявольнікаў.
Мы, беларускія сяляне, ня хочам падарункаў нямецкіх кулакоў, а жадаем самі вырашаць лес Вялікае Роднае Беларусі».[1]
Бежанцы з Царыцыну зьвярталіся ў Комісарыят з гэткай заяваю: «Мы, беларусы, жывучыя ў Царыцыне, заяўляем протэст супроціў нямецкага захапленьня Беларусі, бо апека немцаў вядзе да таго, каб задушыць рэволюцыю і аддаць у няволю беларускі працоўны народ. Нашы заданьні — атрымаць самавызначэньне ў саюзе з Расійскай Фэдэратыўнай Савецкай Рэспублікай».[2]
Апроч прыведзеных тут, цэлы шэраг пастаноў і рэзолюцый сялянства Вітабшчыны (Дамінікаўская воласьць Невельскага павету, Старапольская воласьць Вітабскага павету, Курынская воласьць і інш.) зьвярталіся ў Беларускі Нацыянальны Комісарыят з просьбаю не дапусьціць захопу немцамі ўсей Беларусі і абараніць яе ад самавызначэньня пад шатамі Беларускай Рады. Тое-ж пастанавіў і бежанскі зьезд у Маскве, організаваны нацыянальным комісарыятам. «Самавызначэньне Беларусі мажліва толькі пад Савецкай уладай і ў фэдэрацыі з Савецкай Расіяй», заключалі беларускія сяляне свае рэзолюцыі, якія пасылалі на імя Беларускага Нацыянальнага Камісарыяту. Аднак, зразумела, што праца Комісарыяту не магла не дапусьціць падграбаньня беларускага руху пад уплыў беларускіх раднікаў, прытуленых да сябе окупантамі, і іх буржуйна-рэакцыйнай ідэолёгіі, якое быў сэнс: праз беларускую культуру да беларускай буржуйна-белагвардзейскай дзяржаўнасьці, праз незалежнасьць Беларусі да прыгону над беларускім працаўніком і селянінам.
І дзякуючы таму, што перш нямецкія, а затым польскія окупанты бачылі ў ідэях незалежніцтва прыемны й выгадны для сябе скутак, дык ажыцьцяўленьню іх ня толькі ня ставілася ніякіх перашкодаў, а нават давалася шырокае падтрыманьне для іх распаўсюджваньня й замацаваньня. Ня дзіва, што пры гэткіх умовах росквіт незалежніцка-буржуйнай ідэолёгіі ў беларускім руху йшоў з поўным посьпехам, прыгортваючы яго да сябе і ўносячы ў яго жывыя супярэчнасьці.
Такім чынам у спадчыну Савецкай Беларусі беларускі культурна-нацыянальны рух уліўся двума джараламі—рэвалюцыйна-пролетарскім і буржуйна-незалежніцкім. Савецкая ўлада, пры сваім абсталяваньні на Беларусі, дала шырачэзныя мажлівасьці разьвіцьцю беларускае культуры, падлажыўшы пад яе дзяржаўна-прававы фундамавт. Але, робячы гэта, ні яна, ні комуністычная партыя Беларусі, з-за многіх прычын, якія наогул перашкодзілі ўдзяляць увагу культурнаму жыцьцю, не маглі разьвіцьця беларускага культурнага руху рэгуляваць паводлуг камуністычных ідэяў. Дзякуючы гэтаму (і яшчэ таму, што абмылкова беларускі культурна-нацыянальны рух лічыўся ня сур’ёзным зьявішчам), ён разьвіваўся стыхійна, маючы вакол сябе нязьменныя ўмовы варожасьці з боку сваіх няпрыяцеляў і адхіляючыся ў бок шовіністычнасьці. Чым далей, тым параўнаўча выходзіла, што буржуйна-незалежніцкі бок яго пашыраўся, паглыбляўся і, вядома, пераважваў бок пролетарска-рэволюцыйны. Прыхільнікі апошніх яго адценьняў, як і наогул усе беларускія культурнікі і іх праца, сустракалі моцную й зьяднаную опозыцыю (калі ня больш), як ад захаваных пад крыльле Савецкае ўлады розных чорнасотнікаў і контр-рэволюцыянараў, так часта і ад зьбітых імі з панталыкў многіх адпаведных і неадпаведных кіраўнікоў савецкае ўлады. У апошніх складаўся зусім абмылены погляд на беларускі нацыянальна-культурны рух, што быццам-бы ён ідзе супроціў пролетарскай культуры й супроціў рэволюцыі. Але, маючы пад сабою гістарычна-няпрыменную падставу, беларускі культурна-нацыянальны рух ня мог спыніцца і пашыраючыся браў розныя выгляды і рухаў рознымі выхілясамі, каб абыйсьці й абмінуць сустрэчныя перашкоды.
Пэўна, гэткія ўмовы застаўлялі беларускі нацыянальна-культурны рух ухіляцца ў адзін бок, зьбірацца ў адно джарало— бач, у тое, якое лілося на млын буржуйна-незалежніцкіх элемэнтаў, у бок варожы комуністычным ідэям.
Гэткім чынам, увачавідкі перад намі, адбылося здарэньне, якое прайшло без належнага дагляду і атрымала непажаданы выгляд. Гэты непажаданы выгляд у беларускім нацыянальна-культурным руху— бязумоўна нарасьць з прычын ненормальных, неадпавядаючых яго сутнасьці— час-адчасу будзе памяншацца. Ён праз сілу рэчаў мусіць звужваць сваё ўлоньне, пераліваючыся ў джарало пролетарскай яго часткі. Але гэта звужваньне буржуйна-незалежніцкіх элемэнтаў вымагае аднаго—зьнішчэньня тых умоў, якія ўдобрываюць ім глебу... Пакуль гэтых умоў—задужа багата. І на шкоду, яны не зьменшваюцца, а як-бы, наадварот, замацоўваюцца, апіраючыся на рознага выгляду зьменавехаўскія ды эўразійскія ідэі і... на нядбайнасьць з боку комуністычнай партыі.
Бязумоўна, што ўсе гэтыя ўмовы зразу могуць згінуць, калі выявіцца адно—гэта чынныя адносіны да беларускага культурнага руху з боку комуністычнай партыі Беларусі. Апошняя ні ў якім чыне не павінна (ды ўжо ня можа) глядзець нядбайна ды ня лічыцца з тым зьявішчам, якое фактычна ёсьць плён гістарычнага разьвіцьця.
Апрацаваньне выразнага й цьвёрдага погляду на беларускі нацыянальна-культурны рух з боку комуністычнай партыі зробіць аддушыну, ў сьпёртым вакол яго паветры і ў хуткім часе магчыме зьяднаць яго далейшае разьвіцьцё ў адным, адпаведным рэволюцыі напрамку.
Тым болей лёгка вырашыць гэта заданьне, што выяўленьне пролетарска-сялянскай сутнасьці ў ім ужо досыць насьпела і пачынае выразна прабівацца, у асобку, у важнейшай яго галіне — літаратуры.
У дзядзіне яе на вачох растуць і шырацца пролетарскія мотывы, глушачы нацыянальны сантымэнталізм і плаксівае народніцтва. Устае й гуртуецца крэпкая сямейка маладых, загартаваных песьняроў-ваяк...
Але што далей літаратуры— там яшчэ шырокія пласты іншае якасьці. І пласты дужа крэпкія. Іх і мажліва павярнуць у патрэбны бок, у бок рэволюцыйнасьці, толькі чынным удзелам у кіраўніцтве беларускім культурным рухам з боку беларускіх комуністых пры выяўленьні да яго сваіх выразных і цьвёрдых адносін з боку комуністычнай партыі Беларусі.
З. Жылуновіч.