Да юбілею беларускага кнігадруку (гістарычная даведка)
Да юбілею беларускага кнігадруку (гістарычная даведка) Артыкул Аўтар: Мітрафан Доўнар-Запольскі 1927 Крыніца: Гістарычна-архэолёгічны зборнік / Ін-т бел. культуры. – Менск : 1927. – № 1 : (Даклады і рэфераты 1926-1927 году). – С. 83–95. |
Беларусь у сваім гістарычным мінулым была краінай,
зьвязанай у культурных і экономічных адносінах з Заходняй
Эўропай. Яна займала ўсходнія рубяжы заходняе культуры.
Дзеля гэтага яна адчувала на сабе культурныя і экономічныя
зьмены, якія адбіваліся ў іншай частцы Эўропейскага сьвету.
Канец XV і ўсё XVI сталецьце ёсьць эпоха вялікае перабудоўкі заходня-эўропейскага сьвету. Перабудоўваліся экнономічныя суадносіны, а за імі і іх надбудоўка—суадносіны культурныя. Адбывалася зьмена вытворчых формаў. Сярэднявечная гаспадарка раскладалася. Замест яе выступала новая форма раньняга накапленьня капіталу, гандаль і прамысловасьць прымалі новыя формы і знаходзілі новыя шляхі. Знадворнаю праявай гэтага перавароту было адчыненьне новых стран сьвету, новых шляхоў, новых тавараў, новых крыніц накапленьня. Ня толькі Ангельшчына, але нават Гішпанія і Італія пусьцілі свае палі пад сенажаці, каб атрымаць авечую воўну. У местах пачалі гуртавацца рабочыя. На рынку зьявілася патрэба ў новых таварах для здавальненьня прамысловасьці, якая нараджалася, і для здавальненьня патрэб гарадзкое клясы.
Новыя тавары знайшліся ў межах Польшчы, Літвы і Беларусі. Гэтыя краіны безадкладна былі ўцягнуты ў агульны вір новага экономічнага жыцьця.
У гаспадарцы Беларусі адзначаецца новая эра. Старыя формы натуральнае гаспадаркі аджылі, рыначныя адносіны праз месты пранікалі ў глухія вясковыя куткі.
Гандлёвы рух робіцца вельмі ажыўленым, і беларуска-літоўскія мытніцы добра адзначаюць гэтае ажыўленьне. Існавала тады некалькі кірункаў гандлёвых шляхоў. Перш за ўсё наглядаецца стары паўднёвы кірунак гандлю. Кіеў ужо ў XV сталецьці меў вельмі нязначнае дачыненьне да беларускага гандлю. Праз яго праходзілі толькі тавары з Турцыі і Грэцыі па ўскраі беларускае тэрыторыі на Маскву. Наадварот , Берасьцейская мытніца была вельмі важным прапускным пунктам, праз які праходзілі тавары ўсходнія і сярэдня-эўропейскія. Значэньне Берасьця ў гэты час павялічваецца, бо на Гданск ужо праз Берасьце накіроўваецца хлеб і іншыя важкія вясковыя тавары. Важкімі таварамі, вывазам хлебу і ўвозам селядцоў і солі Берасьце зьвязвалася з Гданскам. Лёгкім крамным таварам Берасьце зьвязвала Беларусь з Люблінам і яго славутным кірмашом, з Гнезнам, Познаньню, а праз іх з Нямеччынай. Адсюль ішоў на Беларусь розны тавар: жалеза і лёгкія жалезныя вырабы, косы, тапары і інш. Гэтым-жа шляхам праходзілі сукны нямецкае, італьлянскае і фляндрскае працы, шаўковыя і дывановыя вырабы далёкага ўсходу, спэцыі, шэраг галянтарэйных і аптэкарскіх тавараў, фарбы і інш. Беларускія гандляры везьлі ў Люблін транспорты хутраў беларускіх і маскоўскіх, юхць і іншыя скуры і цэлы шэраг вырабаў: хамуціны, каліты, рамяні, аброці, цябелькі, рукавіцы, ігольнікі, страмёны, мыла простае, чаравікі, войлакі і інш. Усе найважнейшыя месты Беларусі, апроч верхняга Падзьвіньня, былі зьвязаны з берасьцейскай мытніцай. Гандляры Менску, Бабруйску, Прыпрыпяцьця, Вільні, Магілеву і інш. праяжджаюць праз мытніцу. Асабліва адзначаецца ўдзел Слуцкіх гандляроў. Іхнія тавары займаюць значнае месца ў вывазе. Яны так і называюцца таварамі Слуцкага вырабу, напэўна таму, што мелі асобныя адзнакі.
У Вільню ідуць вялікія транспорты віна, жалеза, жалезных вырабаў, асабліва кос. Магілеўцы вывозяць юхць, а ўвозяць самы рознастайны тавар. Вільня ўвозіла тавараў рознага роду, 1/3 мануфактуры і 90% усяго віна. Увесь гадавы ўвоз праз Берасьце дасягаў каштоўнасьці 1.200 тысяч пудоў жыта. Але Берасьце ўжо ў XVI сталецьці траціць сваё значэньне. Балтыцкія порты зьяўляюцца галоўнай артэрыяй для гандлёвых зносін. Гэта і зразумела, бо да іх найвыгадней было падвазіць важкія беларускія тавары. Узрастае кірунак на Кралявец. Ковенская мытніца адзначае ўзрост вывазу. Грубая сыравіна, хлеб у зерні і муцэ, паташ, попел, лён, ільнянае семя, гарэхі, дубляваныя і сырыя скуры, смала, шмальцовы лой складаюць галоўны прадмет вывазу. Побач з ім ідзе некаторая колькасьць рамесьніцкіх вырабаў, але болей грубога і прымітыўнага характару: драўляныя талеркі, лыжкі, рыбалоўныя прылады, боты, шапкі, простае мыла, вырабы з скуры, грубое палатно, юхць, хутры пушных зьвяроў. І тут віленскія, менскія, горадзенскія, слуцкія, несьвіскія гандляры прымаюць значны ўдзел у гандлі. І тут слуцкіх гандляроў мы бачым з сваімі таварамі слуцкага вырабу. Увоз з Краляўца досыць аднастайны: апроч солі і селядцоў на Беларусь ідуць мэталы і мэталічныя вырабы, трапляюцца ўжо амэрыканскія тавары, як перац, паўднёвыя фрукты, нямецкае сукно. Значную ролю пачынае граць Падзьвіньне, Рыскі порт, а разам з тым Полацак і Віцебск. У Рыз е быў вялікі склад гандлярскіх тавараў. Як узімку, так і ўлетку сюды падвозяць усялякага роду хлеб і іншыя тавары. Па Дзьвіне, з далёкай Расіі, вязуць на плытох, у чаўнох і стругох шмат вялізарных бярвеньняў, будаўнічы лес і дровы, попел, смалу, збожжа, каноплі, лён, скуру, воск, сала, канапляны алей, канаплянае семя, і іншыя тавары. Сюды-ж вязуць тавары з Літвы, Курляндыі і Лівоніі. Усе гэтыя тавары прадаюцца ў Рызе, а адсюль ідуць па-за мора. Шмат караблёў прывозяць з розных месц у Рыгу соль, селядцоў, каштоўныя палотны, шаўковыя тканіны, розныя мэталічныя дробныя тавары, віно, піва, ядальныя запасы, бакалею, усялякія спэцыі, жалеза, чырвоную медзь, волава, адным словам, усё, „што толькі патрэбна людзям, усяго прывозяць даволі". Штогод многія сотні суднаў нагружаюць скурамі і іншымі таварамі. Гэта быў пэрыод росквіту порта. Гандаль і наогул экономічны ўздым адбіваюцца на ўзросьце местаў. Нават політыка ўраду будуе свае грашовыя пляны на разьвіцьці гандлёвае дзейнасьці местаў. Урад выдае цэлы шэраг прывілеяў селішчам, робячы іх местамі, засноўвае новыя месты, шырака раздае прывілеі на Майдэборскае права, надаючы гэткім чынам вялікае значэньне разьвіцьцю грамадзкасьці і самакіраўніцтва, раздае цэлы шэраг прывілеяў гандлёвага характару, утварае кірмашовыя пункты з прывілеямі на зборы мыта, і да т. п.
Месты запраўды падымаюцца. На чале іх стаіць Вільня, якая мела цэлы шэраг прывілеяў на бязмытны гандаль. Гістарычныя крыніцы кажуць аб цэлым шэрагу таварных складаў, сьвіранаў, склепаў і крам на рынках Вільні. Мы сустракаем буйныя гандлёвыя ўстановы, як Віленскія гельды (гільдыі). Гельды мелі будынкі з вялікімі складамі і склепамі пры іх. Частка гельд належала вядомаму друкару і выдаўцу Лукашу Мамонічу. Потым гэтая частка гельд перайшла да таварыства з 10-х чалавек. Адна вялікая гельда належала таксама вядомаму віленскаму гандляру С. І. Азарычу. Гандлёвы ўзрост места выявіўся і ў тым, што тут зьяўляецца першая ўстанова банкаўскага характеру, з лёмбардным крэдытам. На гэта быў выданы двум яўрэям у 1551 годзе асобны прывілей.
Відавочна, Вільня была ня толькі гандлёвым, але і значным прамысловым асяродкам для свайго часу і параўнальна з надта слабым прамысловым разьвіцьцём іншых местаў. Прамысловыя прадпрыемствы належалі ў большасьці самому месту, як напрыклад, плітніца (каменаломня), млын, цагельні, бровары, пушкарскі, г. зн. ліцейны, завод. У ваколіцах места былі і некаторыя прыватныя заводы, напрыклад, шкляны завод Пілецкага.
Гандаль і прамысловасьць, якая нараджалася, вабілі да Вільні чужаземных гандляроў. Апроч іншых чужаземцаў, асабліва ангельцаў і шотлянцаў, мы сустракаем тут нямала маскоўцаў, якія мелі свой асобны гасьціны двор, дзе было шматхутраных тавараў. Сярод буйных віленскіх фірмаў мы сустракаем некалькі нямецкіх фамілій. Прамысловасьць Вільні прыцягвала да сябе людзей, якія шукалі працы. У 1547 годзе мы знаходзім тут біржу працы, якая была ўтворана гарадзкім магістратам для найму прышлых рабочых.
Згуртаваньне пакупнікоў і прадаўцоў выклікала дзейнасьць спэкулянтаў, з якімі павінен быў змагацца магістрат.
Мы меней ведаем аб іншых местах, але усё-ж такі магчыма было-б прывесьці шэраг даных, якія сьведчаць аб іх узросьце і росквіце. Сярод іх быў і Полацак. У палове XVI сталецьця гэта было места ў 1½ тысячы будынкаў. Берасьце мела каля 1000 двароў, Пінск і Горадня болей за 700. На жаль, мы мала ведаем аб ліку насельніцтва ў нашых местах, але гэтыя лічбы кажуць аб тым, што ўсё-ткі мы маем справу з асяродкамі досыць залюднёнымі ў сярэднявечным маштабе. Напрыклад, Полацак па сваёй люднасьці набліжаўся мабыць да Франкфурта на Майне (7—10 тысяч) альбо да Рэймсу (1½ т.) і быў удвойчы меншы за Аўгсбург.
Здаецца, гэтага кароткага нарысу досыць для характарыстыкі ўздыму. Але гэты ўздым кажа нам аб тым, што па ўсёй краіне ішла праца па вырабе патрэбных для гандлю тавараў. Урад і прыватныя зямляўласьнікі праводзяць складаную зямельную рэформу, якая грунтавалася часткова на нямецкай экономіцы, часткова на знаёмстве з італьлянскімі вучэньнямі. Высякаюцца вялізарныя лясы. Сялянская гаспадарка перабудоўваецца, і прымусова ўводзіцца трехпольная сыстэма. Задача абшарніцкае гаспадаркі замыкаецца ў вырабе як-мага большае колькасьці тавараў для рынку. Яна клапоціцца аб тым, каб найболей рацыянальна выкарыстаць працу сялян. Зразумела, сялянам ад гэтага было ня лёгка. Пракладаюцца шляхі, будуюцца маеты, млыны, абсушваюцца нізіны, распрацоўваецца жалезная руда. Ня толькі ў местах, але нават і па вёсках імкнуцца разьвіць рамёствы. Галоўнаю мэтаю сельскае гаспадаркі быў выпуск продуктаў у Гданск, Кралявец альбо ў Рыгу. Сялянства ўцягваецца ў рыначны зварот. Лён, жывёла, мёд, бабры і некаторыя іншыя рэчы ідуць на рынак з сялянскае гаспадаркі, прадаюцца самімі сялянамі ў суседніх мястэчках, альбо купляюцца асобнымі скупнікамі па вёсках.
Сялянства ў першай палове XVI сталецьця ў агульнай масе яшчэ складала клясу насельніцтва, якая не знаходзілася пад прыгонам. Праўда, яно ня было аднародным і сярод яго былі ўжо несвабодныя элемэнты („тяглые непохожие люди"), нават некаторы лік рабоў („челядь невольная"). Але ўсё-ткі значная частка сялянства знаходзілася ў стане вольных арандатараў („данники, люди похожие"). Зразумела, зямельная рэформа і пагоня абшарнікаў за павялічэньнем прыбыткаў з сваіх маёнткаў у рэшце рэшт прывялі да прымацаваньня ўсяго сялянства. Але гэта быў ужо канец таго пэрыоду, які мы вывучаем, і пачатак яго заняпаду. У часы, што мы вывучаем, пры вялікай зямельнай прасторы, сялянская гаспарка магла быць матар'яльна забясьпечана ў залежнасьці ад велічыні рабочага складу сям'і. Пераважвалі сялянскія надзелы ў валоку і ў поўвалоку (валока—каля 20 дзесяцін). Падлікі забясьпечанасьці гаспадаркі рабочаю жывёлай даюць здавальняючыя вынікі. Нашы даныя ня досыць поўныя, але ўсё-ткі Падляхія, Піншчына і центральны Менскі раён добра высьветлены. Падлікі па выбарках далі наступныя памеры забясьпечанасьці сялянскага двара рабочай жывёлай. Дваро ў без рабочае жывёлы зарэгістравана 6% . Значыцца, уся іншая маса сялянства мела рабочую жывёлу ў большым ці меншым ліку. Бясконных ( пры валох) 13,3% і тых, што ня мелі валоў пры конях—10%. Значыцца, каля 70% двароў мелі і валоў і коняй. Сярод іх многаконных (ад 3 да 10 коняй, але ад 4-х коняй ідуць ужо выпадковыя адзінкі)—каля 10%, тых, што мелі болей за 5 валоў, нямнога, усяго 4,5%. Пераважваюць двары з 2 коньмі (26%) і параю валоў (36%) альбо 2 парамі валоў (21%). Мелі і каня—44% двароў і па 1 вале— усяго 17% двароў. Каля паловы двароў мелі злучэньне 2 валоў і 1 каня. Гэткім чынам, пераважвала ўзорваньне валамі, а конь зьяўляўся толькі падмогай у гаспадарцы.
Наша становішча значна трудней, калі мы ставім пытаньне аб забясьпечанасьці двара малочнай і дробнай жывёлай, бо для гэтага ў нас мала даных. Як здаецца, трэба прыпусьціць, што рашуча пераважвалі дзьвюхкароўныя двары. У тых даных, якія мы вывучылі, зусім няма бескароўных двароў. Запас маладняку вагаецца ў сярэднім па 2-3 штукі на двор.
Авец ня многа,—3-4 штукі на двор, сьвіней і за тое менш—2-3 штукі на двор. Бяз сьвіней сялянскія гаспадаркі сустракаюцца досыць часта, без авец вельмі рэдка. Козы зусім рэдкае зьявішча ў гаспадарцы.
Каб скончыць нашу характарыстыку экономічнае структуры данага пэрыоду, трэба адзначыць, што тады ўжо Беларусь набывала той характар краіны буйных лятыфундый, які яна мела ўвесь далейшы час.
Даўгі папярэдні гістарычны процэс прывёў да таго, што пануючая шляхоцкая кляса, з аднаго боку, складалася з уласьнікаў буйных маёнткаў, цэлых княстваў, а з другог а боку, яна паступова зьніжалася і канчалася шэрагамі такой шляхты, якая ў істоце нічым не адрозьнівалася ад болей забясьпечанага сялянства. Па нашых падліках, 0,5 усяго шляхоцтва (26 чалавек) уладала 31,4 ўсіх сялянскіх служб, г. зн. 3-ю часткаю сялянскіх двароў і, значыцца, гэткай-жа часткай усяе прыватнаўласьніцкае маемасьці. Але тэта былі ўласьнікі, сярод якіх кожны меў болей, як 400 сялянскіх служб (служба—3-8 сялянскіх двароў). У заходняй Эўропе мала было гэрцогаў, якія маглі-б пахваліцца такімі маемасьцямі.
Амаль 19% сялянства належала таксама да невялічкай групы ўласьнікаў, якія мелі ад 80 да 400 служб. Далей шэрагі ўласьнікаў быстра зьніжаюцца. Досыць сказаць, што 98% Мельніцкае і Дарагіцкае шляхты зьніжалася да становішча сялянства і г. д. Гэта паказвае нам на надзвычайнае расслаеньне шляхоцкага грамадзянства і на тое, што ўлада фактычна знаходзілася ў руках невялічкае купкі паноў. Тады ўжо ўсталявалася олігархічная верхавіна, якая фактычна кіравала дзяржавай пад відам шляхоцкае дэмократыі. Яе хцівасьць і нізкавокасьць і згубілі росквіт экономічнага жыцьця, які толькі распачаўся. Але высьвятленьне гэтага факту не ўваходзіць у нашыя заданьні.
У кожным разе гэты схэматычны агляд гаспадарчых умоў краіны дае нам магчымасьць зрабіць некаторыя вывады. Мы, бясспрэчна, наглядаем зьмену вытворчых формаў, нараджэньне гандлёвага капіталізму. Але з другога боку гэта ёсьць пэрыод, у якім мы бачым шпаркі ўзрост клясавых супярэчнасьцяй. Жыцьцёвыя пытаньні сялянства, мяшчанства і шляхты спатыкаліся між сабою, прычым сама шляхта ня была адзіным цэлым. Усе гэтыя ўмовы яскрава адбіліся на тых культурных суадносінах, якімі так багата гэтая эпоха. Культурны ўздым гэтае эпохі з поўнай выразнасьцю сьцьвярджае тое асноўнае палажэньне, што матар'яльныя ўмовы ўплываюць на ўмовы ідэолёгічнага парадку, што ідэолёгія таго ці іншага грамадзянства ёсьць надбудова над матар'яльнымі суадносінамі. І запраўды, перабудова ў галіне экономічнай зрабіла магутны ўплыў на культуру тэй эпохі.
З знадворнага боку гэта выявілася ў прагавітых шуканьнях вед, імкненьнях выпрацаваць новыя падставы сьветапагляду, прычым у гэтых спробах мы можам прыкмеціць пачатак барацьбы супроць клясавых супярэчнасьцяй, што пачалі ўжо складацца.
XVI сталецьце—гэта сталецьце паломніцтва беларусаў у Кракаўскі Унівэрсытэт, а таксама да унівэрсытэтаў Італіі і Нямеччыны. Скарына быў адным з першых. Далей мы бачым вядомага Міхайлу Глінскага, Сапегу, А. Свірскага, Міхайлу Агінскага, Пётру Фельчэўскага, Фёдара Скуміна, Язэпа Валовіча і шмат іншых. Надышоў час навуковага і грамадзянскага ажыўленьня. У вапошнім мы перш за ўсе наглядаем рэвізію сьветапагляду, які ўсталіўся здаўна. Вядома, што тэты сьветапагляд быў царкоўным вучэньнем. Але старая тэолёгія не магла задаволіць дапытлівасьці розумаў эпохі Адраджэньня. Царкоўныя кнігі былі напісаны ў малазразумелай царкоўна-славянскай мове. Найвялікшы супраціўнік праваслаўя, віленскі казальнік, езуіт Пётра Скарга, са зласьлівасьцю пісаў, што гэтая мова ня мае ані граматыкі, ані рыторыкі, і што яе кепска разумеюць нават праваслаўяыя сьвяшчэньнікі. Што гэтая мова была мала зразумелай — з гэтым згаджаліся і беларускія пісьменьнікі: Ф. Скарына, В. Цяпінскі і іншыя. Прадстаўнікі старое царкоўнае адукацыі адзначаліся няпісьменнасьцю, распуснасьцю, усялякага роду свавольствамі, на што скардзіліся нават царкоўныя саборы. Усе акты сьведчаць аб моральным заняпадзе сярод духавенства. Біскупы адкрыта трымалі палюбоўніц, манахі і папы п'янствавалі. Біскупаў у тыя часы, па словах аднаго пісьменьніка, малявалі так: „ризы, носящие светлы и блещеющиеся, расширяюще воскрылья, шеи же яко у тельцов, иже на заколение упитанных; ученик много, паче же поворов множество, а другая же студ и глаголати". Гэтыя характарыстыкі адносіліся ня толькі да праваслаўнага духавенства, але і да каталіцкага, якое працавала побач з першым. Пралаты і канонікі вялі сьвецкае жыцьцё. Як кажа адзін сьвецкі пісьменьнік, на біскупскіх катэдрах сядзелі п'яніцы, распусьнікі, барышнікі, забойцы, дурні і гарэтыкі. Гэткім чынам старая навука і яе прадстаўнікі карысталіся зусім дрэннай славай.
Новае грамадзянства, якое нараджалася, пачало шукаць як крыніц новых навуковых вед, так і новых спосабаў выяўленьня навуковае думкі. Нарэшце, яно пачынае ўсьведамляць сабе, што навуковыя веды ня ёсьць прывілей невялічкае групы. Кніга зьяўляецца магутнай зброяй у руках новатараў. Да другой паловы XV сталецьця ўсюды ў Эўропе кніжныя веды, нават богаслоўскія, лічыліся прывілеем вышэйшае групы асоб, якія займалі вышэйшыя-ж духоўныя пасады. Мовамі гэтых вед былі мёртвыя мовы. Замілаваньне да клясыцызму, да антычнага сьвету, якое нараджалася, таксама было ўласьцівасьцю сьвецкіх і духоўных магнатаў. І гэтыя веды таксама грунтаваліся на мёртвых мовах.
Беларускія пісьменьнікі ў XVI сталецьці шырэй, чымся ў іншых краінах, асабліва ў параўнаньні з суседняю Польшчай, паставілі пытаньні аднаўленьня культурнага жыцьця. Незалежна ад рэлігійных пераконаньняў, — бо многія праваслаўныя тады пераходзілі ў протэстанцтва,—усе яны, праваслаўныя і протэстанты, хацелі, каб грамадзянства ўбачыла, што духоўная іерархія ня можа кіраваць сваёю паствай. Ня маючы, пэўна, надзеі ўвесьці шырокія масы ў філёзофію антычнага сьвету, яны імкнуцца тлумачыць старыя богаслоўскія кнігі і адшукаць у іх крыніцы сьвецкіх вед. У біблійных кнігах яны шукалі правіл моралі, прыгодных для грамадзянства і практычных вед. Гэта былі вельмі орыгінальныя адносіны да сьвятога гіісьма. Апроч таго, яны паставілі пытаньне так, што кніга і веды павінны належаць да ўсіх „посполитых" людзей, г. зн. да ўсяго грамадзянства аж да яго ніжэйшых пластоў уключна. Пры гэткіх умовах, зразумела, і самая кніга павінна быдь напісана ў зразумелай для ўсіх беларускай мове. А дзеля таго, што беларуская нацыянальйасьць пачала ўжо тады падлягаць націску польскае культуры, дык думка аб тым, каб зрабіць беларускую мову літаратурнай, злучаецца з нацыянальнай ідэяй, з ідэяй абароны беларускае нацыянальнасьці і ўздыму нацыянальнае самасьвядомасьці.
Гэтая шырыня паглядаў беларускіх пісьменьнікаў выдзяляе іх сярод сучасьнікаў, бо яна перавышае нават чэскі і сэрбскі рух.
І вось, заслуга гаго першага друкара і пісьменьніка, чатырохсотлетні юбілей дзейнасьці якога нядаўна сьвяткавала Беларусь,—Францішка Скрарыны,—і выяўляеццаў тым, што ён быў першым такім беларускім пісьменьнікам, і ня толькі першым у сэнсе часу, але і ў першым шэрагу сярод тых, хто пісаў у гэтую эпоху ўжо пасьля яго, першым сярод сваіх малодшых сучасьнікаў.
Вось некалькі слоў аб ім самім.
Гэта быў скромны дзеяч і разам з тым пракананьг фанатык кніжнае асьветы, асьветы для шырокіх народных мас. У ім цяплілася нейкая дзіўная вера ў кнігу, у яе асьветныя мэты і разам з тым вялікае замілаваньне да беларускага народу.
Доктар навук вольных і лекарскіх, Францішак Юры Скарына паходзіў хутчэй за ўсё з мяшчан аднаго з найболей жывых па гандлі беларускіх местаў, з Полацку, але не належаў да асабліва багатай групы мяшчанства. Як на тыя часы, ён атрымаў выдатную адукацыю. Ён вучыўся ў Кракаве, а потым у Падуі. Мусіць быць, у часе свайго навучаньня ён быў у беднасьці, бо ў Падуі ён з прычыны гэтай беднасьці ня мог заплаціць нават за свой дыплём. У Чэскай Празе ён распачаў друкаваньне кніг у беларускай мове, потым перанёс яго ў Вільню. Відаць, асабістых сродкаў у яго не хапала, і матар'яльна ў Вільні дапамагаў яму Віленскі бурмістар Бабіч. Шэраг кніг быў выпушчаны Скарынай між 1517 і 1525 годам. Па характары — гэта кнігі царкоўнага зьместу,—апостал, біблійныя. кнігі, Малая Падарожная Кніжыца.
Вось кароткія формальныя весткі аб першым беларускім друкару. Гэтыя весткі формальнага характару далека яшчэ не абрысоўваюць нам фігуры Скарыны. Да гэтага можна дадаць яшчэ нешта. Кнігі, якія перакладзены на беларускую мову, маюць увагі і прадмовы. Скарына меў пачуцьцё мастацтва. Ён выпрацаваў прыгожы тып шрыфту і аздобіў свае выданьні застаўкамі і малюнкамі.
Але ўсе гэтыя асаблівасьці яшчэ не выдзялялі-б Скарыну надта рэзка з ліку іншых перакладчыкаў на нацыянальныя мовы кніг царкоўнае мудрасьці.
Каб зразумець ідэолёгію Скарыны, трэба ўявіць сабе тую абстаноўку, у якой складаўся яго сьветапагляд. Бязумоўна, жыцьцё у Чэскай Празе, знаёмства з тамашнімі першымі друкарамі не магло не аформіць некаторых бакоў гэтае ідэолёгіі. Але трэба таксама памятаць і аб тым, што Скарына паходзіў з места, дзе грамадзкае жыцьцё яшчэ ў канцы XV сталецьця, г. зн. у гады моладасьці Скарыны, кіпела, дзе вечавы звон склікаў на веча да грамадзкіх спраў баяр, мяшчан і „простых" людзей, дзе грамадзкія перагародкі і забабоны яшчэ ня былі такія моцныя, як у наступныя часы. Усе гэтыя ўмовы дапамагалі, бясспрэчна, выпрацоўцы ў Скарыны шырокага пачуцьця грамадзкасьці з нахілам у бок „простых" людзей. Экономічныя ўмовы, частыя зносіны з чужаземцамі зрабілі ўплыў на полацкае мяшчанства ў сэнсе яго аднаўленьня. Мы ня ведаем дакладна, з якое клясы паходзіў Скарына. Ведаем толькі, што ён быў бедны, што яго жонка мела, відавочна, нейкія сродкі, а па яго ідэолёгіі, па яго замілаваньні да „простага" люду можна сьмела вывесьці, што ён належаў да яго альбо прынамсі быў да яго вельмі блізкі.
Для Скарыны біблійныя кнігі—гэта крыніца рознага роду вед, але далёка не царкоўнага характару. Дзеля гэтага ня дзіва, што яго доўгі час лічылі протэстантам.
Для Скарыны старая біблійная кніга ёсьць крыніца моралі і вед. Там ёсьць прыклады, як чалавек павінен весьці сябе, зразумела ня ў сэнсе „богабаязьні", там ёсьць крыніца вед гістарычных, бытавых, астрономічных і мэдычных. Зразумела, усё гэта вельмі наіўна, але Скарына быў сынам свайго часу. Да таго-ж ён марыць ужо аб пашырэньні вед, аб разьвіцьці сямі вольных навук у нас на Беларусі.
Але для нас зьяўляецца важнай ня гэтая наіўная вера ў магчымасьць знайсьці філёзофію ў бібліі. Для нас важна тая ідэя, дзеля якой працуе Скарына. Гэта — перш за ўсё ідэя пашырэньня навукі на Беларусі. Яшчэ важней тое асяродзьдзе, сярод якога павінна пашырацца навука. Гэты энтузіяст навукі лічыць сваім абавязкам бескарысна працаваць на яе шляху. Падобна да таго, як той бядак, што прыносіў богу малый афяры, Скарына піша ў прадмове да кнігі Левіт: „и мы, братия, не можем ли во великих послужити посполитому люду руского языка, але малые книжки працы нашея приносимо им". Адзначым, што Скарына, як і ўсе пісьменьнікі таго часу, пад назоваю „рускі" разумеў беларускую мову, і дзяржава офіцыйна называлася літоўская і руская, чым яна адрозьнівалася ад маскоўскае дзяржавы, з маскоўскім народам і маскоўскаю моваю. Гэткім чынам, друкаваць кнігі—гэта ёсьць перш за ўсё служэньне вялікай справе. І гэтае служэньне павінна быць чыстае, якое не шкадуе асабістых інтарэсаў: усе мужы павінны браць прыклад з Эстэры і павінны так служыць, каб „всякого тружания и скарбов для посполитого доброго и для отчизны своей не лютовалі".
Наша праца, нашае служэньне павінны ісьці на карысьць айчыны. Усякі чалавек зьвязаны з ёю самым актам нараджэньня. Гэтая сувязь—фізыолёгічная, якой падлягаюць нават жывёлы: зьвяры, якія бродзяць па пустыні, ведаюць свае ямы, птахі ведаюць свае гнёзды, рыбы ведаюць свае плёсы, пчолы бароняць свае вульлі. І людзі павінны мець вялікае каханьне да таго месца, дзе яны радзіліся і ўзгадаваліся. Вось з прычыны гэтае фізыолёгічнае сувязі чалавек і павінен працаваць на карысьць свае айчыны.
Абавязак кожнага чалавека, азначаны актам нараджэньня, ёсьць праца на карысьць народу: мы нараджаемся не для сябе, г. зн. не для эгоістычнага жыцьця, але для служэньня на карысьць „посполитого доброго", для шырокае грамадзкае працы. У шмат якіх мясцох сваіх прадмоў і ўваг Скарына старанна разьвівае думку аб тым, што трэба разумець пад служэньнем „посполитому доброму". Трэба так працаваць, каб была карысьць людзям „простым посполитым", а карысьць выяўляецца ў пашырэньні дабра, г. зн. у падвышэньні нашае моральнае годнасьці і навучэньні мудрасьці, г. зн. у пашырэньні нашых вед альбо, як ён кажа ў іншым месцы, ў прадмове да кнігі „Эстэр": „прирожденному рускому языку к науце всего доброго", г. зн. з прычын раней высьветленых кожны павінен служыць свайму народу. І Скарына лічыць сваім абавязкам служыць беларускаму народу („рускому языку", г. зн. беларускаму народу).
Той народ, якому ён служыць, ёсьць ня ўвесь народ, ня ўсе клясы грамадзянства, але „простые люди руского языка". Пад „простымі" людзямі Скарына бязумоўна разумее тую частку жыхарства, якая ў тыя часы вядома была пад гэтаю назовай. У Полацку—гэта ніжэйшыя элемэнты грамадзянства. Вось ім на дапамогу і павінна прыходзіць навука. З гэтай прычыны і навуковыя веды павінны выкладацца ў простай беларускай мове, бо ня ўсе разумеюць славянскую мову, а навука патрэбна ня толькі дактаром навук, але і простым паспалітым людзям. Так разумее сваю задачу Скарына. Усякі чалавек павінен працаваць на карысьць свайго народу, і калі чалавек зрабіўся доктарам, дык ён павінен сваю навуку перадаваць людзям простым паспалітым.
Вось тыя высокія задачы, якія Скарына ставіць кнігадруку і тэй навуцы, якая павінна выкладацца ў кнігах. Калі прыгледзімся да гэтае ідэолёгіі першага беларускага друкара, дык мы ня можам не аднесьціся з належнай пашанай да тых высокіх прынцыпаў, якія ставіў сабе Скарына. Гэта быў энтузыяст навукі, энтузыяст кнігі, энтузыяст пашырэньня вед сярод грамадзянства, уласна—сярод шырокіх мас, якія стаяць на нізе грамадзкае лесьніцы. Зразумела, такія думкі робяць эпоху ў гісторыі народу, і беларускае грамдзянства, сьвяткуючы юбілей Скарыны, сьвяткавала тым самым ня столькі юбілей зьяўленьня кнігі, сколькі юбілей пачаткаў новае адукацыі, адраджэньня і ўгрунтаваньня нацыянальнае ідэі.
Скарына быў першым і самым раньнім пробліскам гэтых ідэй.
Эпоха XVI сталецьця надзвычайна багата пісьменьнікамі і дзеячамі, якія з розных бакоў падымалі тыя-ж самыя пытаньні, пытаньні мовы, нацыянальнасьці, адукацыі. Дзесяткі дзеячоў пайшлі па шляху Скарыны, — трэба толькі ўспомніць Базыля Цяпінскага, Сымона Буднага, Льва Сапегу, Грыгорыя Хадкевіча і шмат іншых. Зьяўляецца беларуская публіцыстыка, зьяўляюцца беларускія школы, зьяўляюцца аўтары дзеньнікаў, нават сьвецкая прыгожая літаратура.
Так сакавіта зацьвятае беларуская думка на глебе ажыўленага экономічнага ўздыму. Праўда, гэта быў кароткатэрміновы росквіт, які загінуў потым у XVII сталецьці ў умовах клясавае барацьбы.
Скарына быў у гэтую эпоху росквіту ня толькі першым, але і найболей выдатным дзеячом эпохі, які вызначаў яе лсноўныя вехі. І ў гэтым вялікая заслуга яго, і ў гэтым галоўны сэнс юбілею, які сьвяткаваўся ў нядаўнія часы.